Так мені, як вечірній зорі,
Яка золотом сяє із неба,
Так мені на землі
Засвітити пером,
Капнуть золотом треба!..
Гэтыя радкі на ўкраінскай мове належаць выдатнаму беларускаму жывапісцу, паэту-пейзажысту, украінцу па нацыянальнасці, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, кавалеру ордэна Украіны “За заслугі” Івану Сямёнавічу Дмухайлу.
Прайшоў год, як ён пайшоў з жыцця, але яго як таленавітага мастака і цудоўнага чалавека добра памятаюць і на Беларусі, другой яго радзіме, дзе ён пражыў апошнія 60 гадоў свайго жыцця, і на Украіне, дзе нарадзіўся ў 1914 годзе і якую ніколі не забываў.
І вось — цудоўная чарговая выстаўка яго твораў, якая адкрылася 3 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
І.Дмухайла. “Нацюрморт”. |
Iван Дмухайла па натуры сваёй заўсёды быў летуценным паэтам-лірыкам, вечным аптымістам з нейкай іскрынкай лёгкай журбы па “малой радзіме”, па бурнай і агністай маладосці...
Мне даводзілася бачыць Івана Сямёнавіча за працай у розныя перыяды яго жыцця. Дзесяткі разоў блукаў з ім на эцюдах па Гродзеншчыне, назіраў яго ў майстэрнях Гродна і Мінска, калі ён “ператвараў” натурныя эцюды ў закончаныя карціны-пейзажы і ўдзельнічаў у вернісажах сваіх персанальных выставак.
Ён быў выдатным пейзажыстам лірычнага настрою, “Ясеніным у жывапісе” — па ўражанні, эмацыйнай глыбіні, далікатных адценнях пачуццяў, па музыцы колеру; пранікнёным песняром беларускіх азёраў і палёў, лясоў і рэк, досвіткаў і захадаў сонца, трапятлівай вясны і маўклівай зімы, барвянай восені і спякотнага лета.
Пра гэта і выстаўка — пра любоў мастака да беларускай зямлі, якая прынесла яму гонар і славу аднаго з лепшых творцаў нашага часу.
Калісьці Іван Сямёнавіч так сказаў: “Жыццё і мастацтва — гэта як наканаванасць лёсу, гэта ад Бога, калі нейкая невядомая сіла цягне цябе да пэндзля, да чыстага палатна, і ты проста не можаш жыць без фарбаў, іх паху, без таго, каб не выплёскваць на палатно свае пачуцці і эмоцыі...”
І яшчэ ён сказаў: “Я шчаслівы, што па меры сіл змог паказаць у сваіх карцінах любімыя куточкі сінявокай Беларусі, а такой Беларусі, можа, і ва ўсім Сусвеце не знайсці”.
Выстаўка будзе працаваць да 21 красавіка.
Барыс КРЭПАК