Тэндэнцыі і перспектывы ўдасканалення

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Сёння мы працягваем публікацыю матэрыялаў з пасяджэння выніковай калегіі Міністэрства культуры, што прайшло 5 лютага ў Маладзечне. Што аб’ядноўвае выступленні ўдзельнікаў пасяджэння? Напэўна, неабыякавасць. У кожнай прамове — крытычны аналіз зробленага, дакладнае бачанне перспектыў, канкрэтныя прапановы па павышэнні прэстыжу прафесіі.

/i/content/pi/cult/574/12596/1-1.jpgЦі любіце вы тэатр?

Даклад генеральнага дырэктара — мастацкага кіраўніка Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Козака называўся "Беларускі тэатр у кантэксце сучасных культурных запатрабаванняў грамадства і сацыяльна-эканамічных умоў".

За час незалежнасці нашай дзяржавы, зазначыў прамоўца, нам удалося не толькі захаваць тэатры, створаныя ў часы СССР, але і адкрыць новыя, якія сёння актыўна прыцягваюць гледачоў на свае пастаноўкі, у тым ліку і паводле нацыянальнай драматургіі, праводзяць гастрольна-фестывальную дзейнасць і на роўных з іншымі тэатрамі ўдзельнічаюць у культурным жыцці грамадства. Пастаяннай стала пастаноўка новых спектакляў, якія выклікаюць шырокі рэзананс грамадскасці. Тое ж можна сказаць пра актыўныя гастролі па Беларусі і за мяжой, пра знакавыя міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі.

А Нацыянальная тэатральная прэмія, на думку Козака, — не толькі чаканая з’ява, але і тая творчая платформа, дзе дэманструюцца лепшыя дасягненні тэатральнага мастацтва, праводзяцца абмеркаванні, даецца крытычны аналіз стану беларускага тэатра.

Аляксандр Козак падкрэсліў, што летась было адноўлена правядзенне Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Фэст закліканы стаць лабараторыяй сучаснай беларускай драмы і адкрываць новыя імёны нашых таленавітых драматургаў.

Тэатральны працэс актыўна развіваўся ў 2015 годзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. На Брэстчыне, да прыкладу, ажыццяўляюць сваю дзейнасць тры прафесійныя ўстановы: Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, Брэсцкі тэатр лялек, Палескі драматычны ў Пiнску. У мінулым годзе яны агулам паставілі 18 новых спектакляў, правялі амаль 955 паказаў, якія наведалі 226 700 гледачоў. Актыўна ажыццяўляецца ў вобласці і фестывальны рух. На пляцоўцы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы вось ужо 20 гадоў ладзіцца найстарэйшы тэатральны фестываль Беларусі “Белая Вежа” і на ім выхаваны цэлыя пакаленні гледачоў, якія любяць і з задавальненнем наведваюць тэатр.

Мы ўпэўненыя, працягнуў выступоўца, што бягучы Год культуры паспрыяе павышэнню маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці у выніках тэатральнай справы, а таксама — вырашэнню шэрагу праблем. Адна з іх, па меркаванні Аляксандра Козака, — разумнае планаванне дзейнасці тэатральных калектываў.

Паколькі аўдыторыя пастаянна абнаўляецца, растуць культурныя і мастацкія патрэбы гледачоў, з’яўляюцца новыя сучасныя формы і віды тэатральнага мастацтва. Словам, працэс неабходна няспынна ўдасканальваць. Але хацелася б, каб паказчык агульнай колькасці спектакляў у год, які даводзяць вышэйстаячыя органы дзяржаўнага кіравання, вызначаўся больш узважана і на падставе скрупулёзнага аналізу, каб у пагоні за колькасцю не страціць якасць. Пры плане паказу 400 — 500 спектакляў у год (гэта за вылікам выхадных, святочных і адпускных дзён) мяркуецца, што тэатр павінен паказаць больш чым два спектаклі за дзень. У спробах выканаць гэты план іншым разам губляецца ўзровень, асабліва ў рэгіянальным тэатры. Для падрыхтоўкі якаснага прадукту неабходны час, маральныя і матэрыяльныя выдаткі. Як толькі пачне расці якасць, будзе павялічвацца, несумненна, і колькасць.

Таму, сцвярджае выступоўца, пры планаванні павелічэння колькасці спектакляў трэба падыходзіць да кожнага тэатральнага калектыву індывідуальна, з улікам яго спецыфікі, і ўстанаўліваць дадзеныя паказчыкі ў рамках аб’ектыўных магчымасцяў кожнага. Тады больш актыўна будуць выкарыстоўвацца магчымасці выязной дзейнасці. Пры аб’ектыўным падыходзе да гэтага пытання ў тэатры заўсёды застануцца галоўнымі рост прафесійнага ўзроўню, павышэнне імкнення гледача трапіць на спектакль.

Чарговае праблемнае пытанне — выпрацоўка адзіных падыходаў да фарміравання штатнага раскладу тэатраў. Гэта пазбавіла б нас ад спрэчак пра тое, якая колькасць супрацоўнікаў з’яўляецца аптымальнай, і дало б магчымасць увесці ў штат пасады, запатрабаваныя часам. Хацелася б таксама мець гарантыі з боку заснавальніка хаця б мінімальнага фінансавання на пакрыццё расходаў, звязаных, у першую чаргу, з пастановачнай дзейнасцю. Пры наяўнасці такіх кіраўніку было б прасцей палепшыць якасць прадукцыі, што выпускаецца.

Кадры — наступная праблема рэгіянальных тэатраў. «Апошні выпускнік стацыянарнага аддзялення акцёрскага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, — распавёў Аляксандр Козак, — ашчаслівіў наш тэатр сваім прыездам больш за 20 гадоў таму. Я ведаю, што і ў іншых рэгіянальных тэатрах сітуацыя ненашмат лепшая. І калі застанецца такое становішча, то пра які прафесійны рост калектыву можа быць гаворка?”.

Такая ж праблема і з тэхнічным персаналам. Век інфармацыйных тэхналогій, а ў тэатры — да 90% самавукаў, і прыцягнуць спецыялістаў з такім рэжымам працы і яе аплатай не ўяўляецца магчымым. Неабходна ствараць умовы маладым спецыялістам, адшукваць магчымасці іх забеспячэння арэндным жыллём, заахвочвання па ўнёску ў працу.

Кадры тэхнічнага персаналу тэатраў, для пачатку, можна ўдасканальваць шляхам навучальных кароткатэрміновых курсаў на базе аднаго з тэхнічна забяспечаных тэатраў рэспублікі з прыцягненнем спецыялістаў, у тым ліку з-за мяжы. Гэта сэканоміць і фінансавыя выдаткі.

Спыніўся прамоўца і на міжнароднай дзейнасці: "Наш тэатр за апошнія 20 гадоў прыняў удзел у 45 міжнародных фестывалях за мяжой, але пры гэтым мы не ўзялі ні рубля бюджэтных грошай. Вопыт паказаў, што такія паездкі вельмі карысныя, па-першае, для творчага росту артыстаў, па-другое, для атмасферы тэатра ў цэлым".

За 20 гадоў працы “Белая Вежа” прэзентавала Беларусь 55 краінам свету. Удзел у фестывалі прадугледжвае шырокую культурную праграму з наведваннем Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, музеяў горада, шматлікім гасцям арганізоўваем паездку ў Мінск. Усё гэта стварае станоўчы імідж нашай дзяржавы і яе народа. Многія калектывы з задавальненнем хочуць прыехаць яшчэ раз. А доля бюджэтнага фінансавання ХХ МТФ “Белая Вежа” склала ўсяго толькі 16 %.

Між тым, тэатр сумесна з турыстычнай фірмай арганізоўвае першы міжнародны фестываль дзіцячай творчасці, які пройдзе ў канцы чэрвеня гэтага года ў Брэсце. Акрамя агляду-конкурсу прадугледжана шырокая экскурсійна-пазнавальная праграма. Плануемая перыядычнасць фэсту — два разы на год: улетку і ўзімку — без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

/i/content/pi/cult/574/12596/1-7.jpgКлуб — публічная прастора

Пра ўдасканаленне дзейнасці клубных устаноў распавяла дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская. Клубная ўстанова, сказала яна, — гэта публічная прастора, дзе магчымы змястоўны, стваральны адпачынак для ўсіх узроставых катэгорый насельніцтва, дзе падтрымліваюцца культурная традыцыя малых гарадоў і вёсак, дзіцячая і маладзёжная творчасць, сямейны адпачынак, рэалізуюцца сацыяльна-культурныя праекты.

Летась у сферы культуры працавала 2769 клубных устаноў. У працэсе аптымізацыі і рэфармавання за апошнія тры гады іх колькасць знізілася на 357 адзінак. У цэлым па рэспубліцы сетка ўстаноў культуры цягам трох гадоў скарочана на 27 % (частка з іх рэарганізавана). У сувязі з гэтым эканомія бюджэтных сродкаў склала амаль 8 мільярдаў рублёў.

Колькасць клубных мерапрыемстваў удалося захаваць. Летась іх было звыш 500 тысяч, у тым ліку для сельскага насельніцтва — больш за 400 тысяч, што адпавядае ўзроўню 2014 года.

На сённяшні дзень сетка устаноў культуры клубнага тыпу складаецца з разнастайных па віду ўстаноў. Разам з традыцыйнымі функцыянуюць дамы традыцыйнай культуры, народнай творчасці, традыцыйных рамёстваў, майстра, цэнтры ганчарства, ткацтва, этнаграфічныя цэнтры і гэтак далей. Гэтыя аднапрофільныя ўстановы аказваюць насельніцтву культурныя паслугі на аснове канкрэтнага віду арганізацыі культурнага адпачынку. Як правіла, стварэнне таго ці іншага віду такой аднапрофільнай установы абумоўлена канкрэтнымі мясцовымі традыцыямі, развіццём таго ці іншага віду рамёстваў, патрэбамі насельніцтва…

Па словах Раісы Вайцяхоўскай, станоўча зарэкамендавалі сябе шматпрофільныя ўстановы. У іх сістэму можна ўключыць цэнтры культуры і зносін, гісторыка-культурныя, эколага-культурныя, культурна-турыстычныя, канцэртна-дасугавыя цэнтры і гэтак далей.

У якасці прыкладаў станоўчай дзейнасці падобных цэнтраў можна прывесці культурна-забаўляльны і эколага-культурны цэнтры ў Гомельскай вобласці, культурна-спартыўныя цэнтры на Магілёўшчыне і Брэстчыне, культурна-турыстычны ў Віцебскай вобласці, культурна-краязнаўчы цэнтр і цэнтр нацыянальных культур на Гродзеншчыне. Гэта сучасныя тыпы клубных устаноў з развітай інфраструктурай і шырокім спектрам платных паслуг для дарослых і дзяцей. Безумоўна, стварэнне новых шматпрофільных устаноў прадугледжвае не толькі пашырэнне накірункаў работы, але і рэканструкцыю будынка, клубных памяшканняў. У Мінскай вобласці да новай сучаснай тыпалогіі можна аднесці дзіцячы цэнтр культуры “Расток” у Маладзечне. Заслугоўвае ўвагі і дзейнасць вядучай клубнай установы Міншчыны — Палаца культуры Маладзечна, які на платных паслугах зарабіў летась больш за чатыры мільярды рублёў.

Пошук аптымальных форм і мадэляў устаноў клубнага тыпу актыўна працягваецца. Распаўсюджваецца і практыка аб’яднання ў рамках аднаго тэрытарыяльна-прасторавага або архітэктурнага комплексу клубных устаноў з установамі, якія ажыццяўляюць іншыя віды культурнай дзейнасці. Адзін з прыкладаў — вёска Станькава Дзяржынскага раёна, дзе ў адным будынку аб’яднаны Дзяржынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Станькаўскія ДК, ДШМ і аддзел рамесніцкай дзейнасці “Станькаўскі Дом майстроў”.

Наступным шляхам рэарганізацыі і пераўтварэння, пераканана выступоўца, з’яўляецца аб’яднанне клубных устаноў з установамі, якія займаюцца бібліятэчным абслугоўваннем, кінаабслугоўваннем, эстэтычнай адукацыяй дзяцей і падлеткаў, а таксама аказаннем сацыяльна-бытавых паслуг. Сёння арганізацыі культуры могуць займацца не толькі працэсамі творчага самавыяўлення насельніцтва, але і несці адказнасць за вырашэнне іншых пытанняў сацыяльнага жыцця.

Адно з вострых пытанняў сённяшняга дня — абслугоўванне аддаленых і маланаселеных вёсак. Перспектыўным кірункам дзейнасці можа стаць развіццё мабільных, перасоўных устаноў культуры як структурных падраздзяленняў “цэнтральных” раённых устаноў. Запатрабаваны аўтаклубы, што працуюць як комплексныя сацыяльна-культурныя цэнтры.

Наяўныя 99 аўтаклубаў рэспублікі павінны стаць не проста аўтатранспартам для дастаўкі калектываў народнай творчасці або кніжнай прадукцыі, а перасоўнымі шматфункцыянальнымі цэнтрамі культуры, якія аказваюць разнапланавыя паслугі і працуюць па прынцыпе “аднаго акна”. Пры гэтым можна эфектыўна акумуляваць матэрыяльныя, фінансавыя, кадравыя рэсурсы і рацыянальна іх выкарыстоўваць. Безумоўна, рэалізацыя падобнага перасоўнага цэнтра шмат у чым залежыць ад абсталявання перасоўнай установы культуры высокатэхналагічнай апаратурай, якой, на жаль, нашы аўтаклубы пакуль не маюць. У перспектыве нам спатрэбяцца і перасоўныя мабільныя сцэны, прызначаныя для правядзення самага шырокага спектра масавых мерапрыемстваў.

Падкрэслена, што сёння ў клубных установах рэспублікі працуе 11 тысяч спецыялістаў, якія закліканы весці пошук аптымальных форм і мадэляў устаноў клубнага тыпу, распрацоўваць і рэалізоўваць інавацыйныя творчыя праекты, захоўваць святочна-фестывальныя традыцыі, падтрымліваць сучасны імідж установы культуры. Але па-ранейшаму клубныя ўстановы адчуваюць недахоп дасведчаных, адукаваных менеджараў, харэографаў, тэатральных рэжысёраў, акампаніятараў, фалькларыстаў, этнографаў.

Структурная рэарганізацыя і аптымізацыя ў розных галінах народнай гаспадаркі — прыкмета нашага часу. У сетцы клубных устаноў у выніку рэарганізацыі перыяду 2013 — 2015 гадоў створаны 196 арганізацый культуры са статусам юрыдычнай асобы, 37 з іх аб’ядноўваюць клубныя ўстановы ўсяго раёна. Па меркаванні практыкаў, такое аб’яднанне дае магчымасць павысіць эфектыўнасць кіравання. А за кошт таго, што кіраўніцтва культурным абслугоўваннем насельніцтва асобна ўзятага раёна канцэнтруецца і плануецца ў адным кіруючым цэнтры — раённым, можна палепшыць якасць абслугоўвання, зрабіць яго больш сістэмным і разнастайным.

Раіса Вайцяхоўская ўпэўнена, што выбар жыццяздольных форм функцыянавання устаноў культуры кожны рэгіён павінен ажыццяўляць самастойна, улічваючы спецыфіку мясцовых рэалій і папярэдні вопыт клубнай практыкі.

/i/content/pi/cult/574/12596/1-6.jpgБрэнд-стратэгія будучыні

Пра актуальныя аспекты арганізацыі канцэртнай i гастрольнай дзейнасці беларускіх выканаўцаў на сучасным этапе казаў дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандр Далжэўскі. Важным кірункам развіцця нацыянальнага прафесійнага мастацтва, зазначыў выступоўца, з’яўляецца далейшае ўдасканаленне канцэртнай i гастрольнай дзейнасці, якую ў рэспубліцы ажыццяўляюць 21 дзяржаўная канцэртная арганізацыя (6 — рэспубліканскага падпарадкавання і 15 — мясцовага). Неабходна адзначыць няўхільны рост асноўных паказчыкаў, якія даводзіліся канцэртным арганізацыям Дзяржпраграмай "Культура Беларусі". У адпаведнасці з дадзенымі прагнозных паказчыкаў 2015 года, больш чым на 30% у параўнанні з пазалеташняй павялічылася колькасць наведвальнікаў. Праведзена на 898 канцэртаў больш, чым ў 2014 годзе. Заснаваны рэспубліканскі конкурс "Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі "Ліра", штогод праводзіцца акцыя "Культурная сталіца Беларусі".

Сёння для паспяховага развіцця неабходны падыходы, адаптаваныя да рынкавага асяроддзя. Канцэртную дзейнасць трэба накіроўваць на прасоўванне якасных, высокапрафесійных і канкурэнтаздольных твораў. За апошнія 5 гадоў у тэатрах рэспублікі было пастаўлена каля 695 новых спектакляў, створана больш за 1200 новых канцэртных праграм. Важную ролю тут адыгрываюць як фінансавыя сродкі і матэрыяльна-тэхнічная база, так і кадравы патэнцыял арганізацый. Трэба шукаць і актыўна прыцягваць маладых таленавітых сцэнарыстаў, рэжысёраў, іншых спецыялістаў у галіне арганізацыі канцэртнай дзейнасці з ліку выпускнікоў, студэнтаў-старшакурснікаў творчых устаноў адукацыі. Гэтая праца павінна праводзіцца комплексна ўсімі зацікаўленымі — ад Міністэрства культуры, профільных навучальных устаноў да кожнай канцэртнай, тэатральна-відовішчнай установы.

У перыяд з 2011 па 2015 гады тэатральна-відовішчныя арганізацыі правялі больш за 16 тысяч гастрольных канцэртаў (спектакляў) па Беларусі і за яе межамі. Але апошнім часам замінае не толькі скарачэнне фінансавання, але і паслабленне творчых стасункаў паміж абласнымі і рэспубліканскімі ўстановамі культуры.

Летась колькасць наведванняў склала 2 027 000 чалавек. Статыстыка паказвае, што ў перыяд з 2011 па 2015 гады гэты паказчык павялічыўся, аднак пытанне прыцягнення гледача ў новых эканамічных умовах, пры рэальна існуючым падзенні агульнай пакупніцкай здольнасці насельніцтва, на сённяшні дзень з’яўляецца праблематычным для ўсіх канцэртных і тэатральна-відовішчных устаноў, у тым ліку — і для Маладзёжнага тэатра эстрады. “Мы, — зазначыў Аляксандр Далжэўскі, — упершыню распрацавалі канцэпцыю яго развіцця на 2015 — 2017 гады, якая накіравана на ўдасканаленне творчай, канцэртнай дзейнасці, працу з таленавітай моладдзю, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравага патэнцыялу тэатра”.

Сёння для выніковага функцыянавання неабходна ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даход. За апошні год у тэатры створаны майстэрні эстраднага танца пад кіраўніцтвам Віталя Молчана і вакалу пад кіраўніцтвам Вольгі Вронскай. На платную аснову былі пераведзены заняткі ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, аднак да гэтага часу выручка не пакрывае выдаткі на арэнду, камунальныя плацяжы і ў цэлым на ўтрыманне Цэнтра.

Мы імкнемся да таго, каб Цэнтр выйшаў на самаакупнасць, каб і іншыя таленавітыя артысты тэатра выкладалі ў творчых майстэрнях і перадавалі свой досвед маладым. Канцэптуальнымі кірункамі атрымання пазабюджэтных сродкаў могуць стаць гнуткасць і аператыўнасць у цэнаўтварэнні, вывучэнне кан’юнктуры рынку, маніторынг цэн на культурна-відовішчныя мерапрыемствы, сістэматычнае правядзенне выбарачных апытанняў насельніцтва, зніжэнне выдаткаў за кошт укаранення новых інфармацыйных тэхналогій, шырокамаштабная арганізацыя клубнай дзейнасці на платнай аснове, прыцягненне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі.

Для паспяховай рэалізацыі “брэнд-стратэгіі” неабходна распрацаваць і рэалізаваць метадалагічную і канцэптуальную асновы, мастацкае ўвасабленне фірмовага стылю. Тэатр эстрады ажыццявіў летась рэбрэндынг: распрацаваны і ўкаранёны новы і ўжо добра вядомы лагатып, у адзінай стылістыцы вырабляецца ўся промапрадукцыя, цяпер афармляюцца рэцэпцыя і прыкасавая зона тэатра, распрацоўваецца дызайн уніформы персаналу.

Актыўна працуем у інтэрнэт-прасторы, мадэрнізуем працу афіцыйнага сайта. Тэатр прадстаўлены ў папулярных сацыяльных сетках, наладжана шчыльнае супрацоўніцтва з інтэрнэт-парталамі і рэсурсамі, СМІ. Артысты тэатра з’яўляюцца ўдзельнікамі шматлікіх тэлевізійных і радыёпраграм. Разам з брэнд-стратэгіяй неабходна ўдасканальваць рэпертуарную палітыку і канцэртную дзейнасць. Неабходна пашыраць сферы ўдзелу канцэртных, тэатральна-відовішчных устаноў у жыцці грамадства: удзельнічаць у грамадска-значных праектах, супрацоўнічаць з канструктыўнымі грамадскімі арганізацыямі. Гэта могуць быць тэматычныя прэс-канферэнцыі, сустрэчы, круглыя сталы, дні адчыненых дзвярэй…

Сёлета тэатр сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі распрацаваў новы праект: эстрадная экспедыцыя “Беларусь — краіна талентаў”. Праект уключаны ў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года культуры. Мы паедзем, распавёў выступоўца, па рэгіёнах краіны з канцэртнымі праграмамі, будзем шукаць і падтрымліваць маладых таленавітых людзей, якiя спрабуюць сябе ў эстрадным мастацтве.

/i/content/pi/cult/574/12596/1-5.jpgСітуацыя "нечытання"

Пра стан бібліятэчнай справы распавяла дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Уладзіміра Леніна Марына Рафеева. Сучасная бібліятэка, распачала яна, выконвае інфармацыйную, адукацыйную, сацыякультурную, рэкрэацыйную і шматлікія іншыя функцыі.

Паслугамі публічных бібліятэк у 2015 годзе карысталіся каля трох мільёнаў ста сямідзесяці тысяч чалавек, што складае 33,4 % насельніцтва рэспублікі. Значэнне гэтага паказчыка знаходзіцца побач з аналагічнымі паказчыкамі краін-суседзяў, што, на думку выступоўцы, дазваляе казаць аб тым, што ён фарміруецца карэктна і аб’ектыўна адлюстроўвае працэсы, якія праходзяць у нашым грамадстве і бібліятэчнай галіне. Так, за 2014 год ахоп насельніцтва бібліятэчным абслугоўваннем у Расійскай Федэрацыі склаў 35,5 %.

Сапраўды, ахоп насельніцтва скарачаецца. Безумоўна, сітуацыя “нечытання”, адтоку чытачоў з кожным годам пагаршае становішча бібліятэк ва ўсім свеце. Што ж неабходна рабіць нам, каб захаваць чытача?

Па-першае, патрэбны якасны бібліятэчны фонд. Умовай для яго наяўнасці з’яўляецца своечасовае і дастатковае яго абнаўленне. Гэтай задачы спрыяе нарматыў па камплектаванні, даведзены даручэннем Кіраўніка дзяржавы.

Выкананне гэтага нарматыву на прыкладзе Гомельшчыны гарантуе стабільнасць паступлення новых крыніц інфармацыі ў бібліятэчныя фонды, дапаможа прадухіліць утварэнне інфармацыйных лакун і забяспечыць рэалізацыю правоў грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі.

Другім складнікам захавання сучаснага чытача з’яўляецца поўная камп’ютарызацыя і своечасовае абнаўленне камп’ютарнага парку. Але паказчык Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады ў гэтай частцы выканалі ці максімальна наблізіліся да выканання (больш за 90 %) у Мінску, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. Віцебская (69,8 %), Гомельская (63,1 %) вобласці паказчык не выканалі (менш за 70 %) па прычыне недастатковага фінансавання. У адпаведнасці з пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 2011 г. № 161 нарматыўны тэрмін службы персанальнай электронна-вылічальнай машыны складае 5 гадоў. Праведзены аналіз сведчыць, што больш як палова камп’ютарнага парку бібліятэк краіны патрабуе мадэрнізацыі. Недастатковае забеспячэнне бібліятэк камп’ютарамі, адсутнасць сайтаў у большасці ўстаноў не дазваляюць у поўнай меры прыцягнуць увагу віртуальных карыстальнікаў.

Для таго, каб адпавядаць патрабаванням сучасных чытачоў, патрэбны высокі ўзровень карпаратыўнага ўзаемадзеяння. У гэтым кірунку ў межах Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады ствараўся зводны электронны інфармацыйны рэсурс нацыянальнай бібліяграфіі Беларусі, а таксама — зводны электронны каталог перыядычных выданняў, спецыяльных відаў дакументаў бібліятэк Беларусі. Гэта вельмі перспектыўны шлях да скарачэння выдаткаў і павышэння зручнасці карыстання бібліятэкамі.

Шукаючы належную альтэрнатыву “ўцёкам” чытача ў Інтэрнэт, многія бібліятэкі ўзмоцнена развіваюць самыя розныя сацыяльныя функцыі. Прыярытэты істотна мяняюцца: кнігі і інфармацыйныя рэсурсы пачынаюць існаваць у асяроддзі лекцый, выстаў, тэатральных інсцэніровак, гурткоў развіцця, мерапрыемстваў для вольнага часу, а часта і прамых сацыяльных паслуг.

Марына Рафеева ўпэўнена, што праблему з прыцягненнем наведвальнікаў ў бібліятэкі можна вырашыць з дапамогай выкарыстання інавацыйных форм і метадаў работы, праектнай дзейнасці. Прыкладаў таму шмат. На базе дзіцячага філіяла Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” на 2007 — 2013 гады створаны першы інтэрактыўны цэнтр навукі і тэхналогій на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У Гомельскай абласной бібліятэцы рэалізаваны прымеркаваны да Года моладзі праект “Пакаленне Мы”, які ахоплівае розныя кірункі бібліятэчнай работы са студэнцкай моладдзю горада: папулярызацыя чытання, інфармацыйная і прававая асвета, валанцёрскі рух, развіццё творчых здольнасцей, фарміраванне здаровага ладу жыцця і літаратурна-мастацкі краязнаўчы праект “Жывая памяць маёй сям’і”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі.

Рэалізацыя гэтых і іншых акцый дазволіла названым бібліятэкам павялічыць колькасць рэальных наведванняў у 2015 годзе адносна 2014-га на 15,3 тысячы (Гомельская абласная) і 2,9 тысячы (Гродзенская абласная). Гэтыя і шматлікія іншыя мерапрыемствы бібліятэк краіны сведчаць аб тым, што бібліятэкі працягваюць сваё развіццё як інфармацыйныя і культурныя цэнтры рэгіёну, яны — адкрытыя для ўсіх катэгорый насельніцтва. А супрацоўнікі бібліятэк вылучаюцца творчым падыходам да працы і крэатыўнасцю.

Змены ў дзейнасці бібліятэк не закранулі важны яе элемент — наяўную сетку бібліятэк. Структура падпарадкавання, якая дазваляе цэнтралізавана выконваць цэлы шэраг бібліятэчных працэсаў, з’яўляецца значным дасягненнем, якое засталося з часоў Савецкага Саюза. Але штогадовае скарачэнне жыхароў сельскай мясцовасці (у сярэднім на 2 %) робіць апраўданым і заканамерным працэс аптымізацыі бібліятэк у маланаселеных пунктах з колькасцю жыхароў менш за 100. За апошнія пяць гадоў сетка публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры скарацілася на 26 % і складае на 01.01.2016 года 2837 устаноў. З іх 226 — змяшанага тыпу.

Бібліятэчная супольнасць сёння падрыхтавана да змен, але гэтыя змены будуць ажыццяўляць цяперашнія кадры. У адпаведнасці з сацыяльна-дэмаграфічнымі працэсамі, якія адбываюцца ў краіне, агульная колькасць работнікаў бібліятэк таксама скарачаецца. Тым не менш, у бібліятэках застаецца пэўная колькасць вакансій, якая на цяперашні час складае 4,3 % ад агульнай штатнай колькасці.

Ёсць праблема прыцягнення і замацавання маладых спіецыялістаў. Выступоўца лічыць, што галоўная прычына наяўнасці вакансій і цякучасці кадраў — нізкі ўзровень заработнай платы. Сярэднямесячны заробак работнікаў бібліятэк у 2015 годзе — самы нізкі ў галіне.

/i/content/pi/cult/574/12596/1-4.jpgПатэнцыял адукацыі

"Сістэма адукацыі ў сферы культуры: пошук шляхоў павышэння эфектыўнасці функцыянавання" — тэма выступлення начальніка аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алены Гуляевай. Яна пераканана, што сістэма адукацыі — неад’емная частка сферы культуры, бо забяспечвае пераемнасць культурнай традыцыі, інавацыйнае развіццё і з’яўляецца залогам жыццяздольнасці ўсіх кірункаў культурнай дзейнасці. Менавіта таму ў 2015 годзе пытанням адукацыі і падрыхтоўкі кадраў надавалася асаблівая ўвага і была прысвечана спецыяльная калегія Міністэрства культуры.

Трывалы падмурак сістэмы адукацыі ў сферы культуры — дзіцячыя школы мастацтваў. Сённяшняя сетка такіх устаноў — удалы прыклад аптымізацыі. За апошнія гады колькасць школ скарацілася больш чым на 80 адзінак, пры гэтым не толькі быў цалкам захаваны, але і значна павялічыўся агульны кантынгент навучэнцаў. Пэўным дасягненнем стала тое, што ў 2015 годзе колькасць навучэнцаў школ мастацтваў перавысіла 13 % ад агульнай колькасці дзяцей школьнага ўзросту.

Для найбольш поўнага задавальнення адукацыйных патрэб дзяцей і моладзі працягваецца работа па павелічэнні колькасці шматпрофільных школ мастацтваў. Іх доля дасягнула летась 70 %.

У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, дзіцячыя школы мастацтваў з’яўляюцца ўстановамі дадатковай адукацыі. Разам з тым, яны выконваюць важную ролю пачатковай ступені прафесійнай адукацыі ў сферы культуры. Аднак заканадаўствам гэта сёння не прадугледжана, таму асобныя кіраўнікі надаюць недастатковую ўвагу пытанням прафесійнай арыентацыі. У выніку — штогадовае скарачэнне колькасці выпускнікоў, якія працягнулі навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі: у 2014 годзе — 9,6 працэнта, у 2015 — 9,5 працэнта.

Але сярод навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў шмат прадстаўнікоў таленавітай моладзі, прыцягненне якіх да навучання ў каледжы магло б змяніць якасны склад абітурыентаў. Толькі ў 2015 годзе 87 навучэнцаў школ атрымалі заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У параўнанні з папярэднім годам іх колькасць павялічылася больш чым на 80 %.

Адна з прычын, якая перашкаджае прыцягненню таленавітых выпускнікоў да навучання ў каледжы — разрыў паміж тэрмінамі атрымання агульнай базавай і дадатковай адукацыі. Завяршыўшы курс навучання ў школе мастацтваў, патэнцыйны абітурыент часта вымушаны чакаць адзін ці два гады, каб ажыццявіць свае планы па паступленні ў каледж. Аднак, пераканана Алена Гуляева, у падлеткавым узросце два гады — вельмі вялікі тэрмін, на працягу якога матывацыя можа змяніцца кардынальным чынам. Трэба ўважліва прааналізаваць магчымасці выкарыстання індывідуальных праграм дадатковай адукацыі, у тым ліку з мэтай устанаўлення варыятыўных тэрмінаў атрымання дадатковай адукацыі для таленавітых навучэнцаў.

Цягам 2015 года адбывалася грунтоўнае вывучэнне актуальнага стану сістэмы прафесійнай адукацыі. Ва ўмовах даволі складанай дэмаграфічнай сітуацыі ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі выканалі кантрольныя паказчыкі прыёму. Часткова палепшылася конкурсная сітуацыя, аднак яе сярэднія паказчыкі застаюцца па-ранейшаму даволі невысокімі: 1,6 чалавека на месца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і 2 — вышэйшай адукацыі.

Агульны паказчык размеркавання выпускнікоў крыху не дасягае 100 %. У той жа час толькі траціна выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі размеркаваны на работу ў рэгіёны. Кадравыя патрэбы рэгіянальных арганізацый культуры ў асноўным забяспечваюцца за кошт выпускнікоў рэгіянальных каледжаў.

Па-ранейшаму вострай застаецца праблема задавальнення заявак на спецыялістаў. Ва ўмовах, калі доля работнікаў культуры, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, складае звыш 25 %, у сярэднім задавальняецца крыху больш за 60 працэнтаў заявак на спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй. Напрыклад, у 2015 годзе заяўкі на спецыялістаў бібліятэчнай справы задаволены Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным каледжам імя Аляксандра Пушкіна менш, чым на 50 %. Адкрытая перападрыхтоўка па вострадэфіцытных спецыяльнасцях (“Гукарэжысура”, “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”), на жаль, не вырашае праблемы.

Даволі вострымі застаюцца пытанні замацавання маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах. Напрыклад, менш за 60 % з іх застаюцца пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі ў арганізацыях культуры рэспубліканскага падпарадкавання.

Праблемай сістэмнага кшалту з’яўляецца міжведамаснае дубляванне падрыхтоўкі па шэрагу спецыяльнасцей. У бягучы момант па профілі адукацыі “Мастацтва і дызайн” падрыхтоўка вядзецца ўстановамі адукацыі ў сферы культуры, у сферы адукацыі, а таксама прыватнымі ўстановамі. Дублюецца падрыхтоўка дызайнераў, спецыялістаў у сферы народнай творчасці, харэаграфічнага мастацтва і іншых. Гэта выклікае складанасці з дакладным вызначэннем патрэбы ў кадрах, а таксама ступені яе забеспячэння. Сітуацыя патрабуе сістэмнага падыходу да планавання, падрыхтоўкі і размеркавання кадраў. Мэтазгоднай уяўляецца паступовая канцэнтрацыя падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў ва ўстановах адукацыі ў сферы культуры.

Наспеў час пошуку механізмаў аптымізацыі, якія сутнасна адпавядаюць адукацыйнай спецыфіцы. На сённяшні момант амаль вычарпаны рэсурс скарачэння сеткі ўстаноў. Магчымасці скарачэння колькасці работнікаў абмежаваны патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў, вучэбных планаў і праграм. На наш погляд, найбольшы патэнцыял сёння маюць разнастайныя формы інтэграцыі і, перш за ўсё, — шырокае выкарыстанне інтэграваных праграм на розных узроўнях і ступенях адукацыі.

Неабходна інтэнсіфікаваць працэсы адкрыцця новых спецыяльнасцей, якія забяспечваюць інавацыйнае развіццё сферы культуры. На ўзроўні вышэйшай адукацыі ўжо зроблены першыя крокі ў гэтым кірунку. У той жа час на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі новыя па сутнасці спецыяльнасці былі адкрыты больш дзесяці гадоў таму.

Механізмам, які дазваляе аператыўна рэагаваць на змены сацыякультурнай сітуацыі, у кароткі тэрмін забяспечыць выпуск запатрабаваных спецыялістаў, з’яўляецца сістэма перападрыхтоўкі. Аднак за 2015 год адпаведныя праграмы былі асвоены менш чым адным працэнтам ад агульнай колькасці работнікаў культуры. Цяжка зразумець, чаму патэнцыял такога эфектыўнага механізма выкарыстоўваецца не цалкам. На наш погляд, адзначыла выступоўца, гэта сведчыць аб незацікаўленасці кіраўнікоў ва ўдасканаленні кадравага рэсурсу.

Алена Гуляева зрабіла выснову: сістэма адукацыі мае не толькі патэнцыял для задавальнення патрэб галіны, але і пэўныя рэзервы для далейшага развіцця. Іх выкарыстанне — не толькі патрабаванне часу. Гэта ўмова жыццяздольнасці самой сістэмы, і, як вынік, — сферы культуры ў цэлым.

/i/content/pi/cult/574/12596/1-3.jpgКанцэпцыя кінарэпертуару

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ігар Поршнеў прамаўляў аб рабоце кінастудыі, праблемах развіцця кінавытворчасці і шляхах іх вырашэня. Кінастудыяй распрацаваны, па словах выступоўцы, асноўныя паказчыкі развіцця на 2016 год з улікам выхаду на бясстратную дзейнасць у першым паўгоддзі 2016 года.

Для выканання прагнозных паказчыкаў, зніжэння затрат на вытворчасць распрацаваны і праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўдасканаленне кіравання і арганізацыі творча-вытворчага працэсу і фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

Распрацаваны аптымальная новая структура кінастудыі і адпаведны штатны расклад, што дасць магчымасць пакінуць колькасць работнікаў, неабходных для выканання запланаваных аб’ёмаў работ. З мастацка-вытворчым персаналам, не задзейнічаным у вытворчасці фільмаў 2015 — 2016 гадоў, працоўныя кантракты не падаўжаюцца, але пры гэтым улічваецца неабходнасць захавання ўнікальных кінаспецыялістаў.

Для выключэння выдаткаў на ўтрыманне пазаведамаснай аховы ў пасёлку Калодзішчы, дзе размяшчаецца аўтабаза кінастудыі, праведзены мерапрыемствы па атрыманні ліцэнзіі на ўласную ведамасную ахову, якая пачала працаваць ужо з 1 лютага 2016 года, што дазволіла зэканоміць больш за 15 мільёнаў рублёў за месяц. Пасля завяршэння рэканструкцыі мяркуецца цалкам адмовіцца ад паслуг пазаведамаснай аховы, стварыўшы ўласную службу бяспекі, што прывядзе да эканоміі больш за 900 мільёнаў рублёў у год.

Укараняюцца меры па зніжэнні аперацыйных і банкаўскіх выдаткаў. Праводзіцца аналіз мэтазгоднасці перадачы функцый дапаможных падраздзяленняў на аўтсорсінг у мэтах аптымізацыі выдаткаў на адміністрацыйна-гаспадарчыя патрэбы, утрыманне будынкаў і збудаванняў.

Распрацоўваецца план мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні ўсіх плошчаў кінастудыі. З 1 лютага 2016 года здадзены ў арэнду больш за 1100 кв.м. плошчаў вытворчага комплексу “Аўтабаза” у Калодзішчах, якія ўдалося вызваліць у выніку зліцця з аўтацэхам кінастудыі.

Імкнемся, зазначыў Ігар Поршнеў, павелічыць аб’ём рэалізацыі правоў на паказы фільмапрадукцыі. Праводзяцца перамовы па рэалізацыі пакета фільмаў з цыклаў “Дзяржаўная мяжа” і “Участак лейтэнанта Качура” на цэнтральных тэлеканалах Расійскай Федэрацыі. Асаблівая ўвага надаецца рэалізацыі анімацыйных і негульнявых фільмаў — гэтыя кірункі не атрымлівалі належнага развіцця ў папярэднія гады. Цяпер ствараецца кінаверсія тэлефільма “Ілжывая мэта” з цыкла “Дзяржаўная мяжа”, агульнарэспубліканская прэм’ера і наступны кінапракат якога прымеркаваны да 23 лютага.

У сувязі з пераходам расійскага і замежнага тэлебачання на лічбавае вяшчанне адбываецца замена тэлевізійнага абсталявання і павышаюцца патрабаванні да зыходных матэрыялаў. Бягучы стан носьбітаў з фільмамі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, вырабленых з 1929 па 1990 гады, не дазваляе ажыццяўляць эфектыўны продаж на расійскія і замежныя тэлеканалы.

Пачаць паэтапнае рашэнне дадзенага пытання Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” прапануе з вырабу копій камплектаў зыходных матэрыялаў фільмаў вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у перыяд з 1929 па 1990 гады, якія знаходзяцца на дзяржаўным захоўванні ў расійскіх архівах.

Вырабленыя копіі будуць выкарыстаны для рэалізацыі правоў паказу на тэлеканалах і перадачы на пастаяннае дзяржаўнае захоўванне ў Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. У выніку мы захаваем нацыянальны здабытак; забяспечым дэманстрацыю беларускага кіно на тэлевізійных каналах Беларусі, Расіі, блізкага і далёкага замежжа; павялічым экспартную выручку за кошт продажу тэлевізійных ліцэнзій замежным тэлеканалам.

Для стварэння прывабных умоў для заказчыкаў кінастудыя ўкараніла гнуткую сістэму скідак, якая дзейнічае з першага студзеня і забяспечвае канкурэнтаздольнасць на айчынным і замежным рынку.

Дадатковыя паслугі ўведзены і ўводзяцца на аўтабазе. На натурнай пляцоўцы запланаваны мерапрыемствы па прыцягненні новых заказчыкаў фільмавытворчасці, а таксама — увядзенне ў эксплуатацыю уласнай піларамы. Разглядаецца і пытанне аб будаўніцтве пастаянна дзеючых дэкарацый, што дазволіць значна скараціць выдаткі за кошт універсальнасці будынкаў — іх лёгкай трансфармацыі для патрэб здымачных груп.

У мэтах прыцягнення пазабюджэтных сродкаў праводзяцца мерапрыемствы па пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне сумеснай фільмавытворчасці з наступнай рэалізацыяй фільмапрадукцыі на тэрыторыі Расіі, Казахстана, Індыі, Кітая, Францыі, Ізраіля, Балгарыі, Германіі...

Пры ацэнцы праекта і выбары партнёраў па сумеснай фільмавытворчасці кінастудыя кіруецца наступнымі крытэрыямі: аналіз сцэнарыя кінапраекта з пункту гледжання ідэйна-мастацкага ўзроўню зместа і адлюстраванне ў ім беларускага складніка (падзеі гісторыі, культуры і іншае); эканамічная прывабнасць (тэрміны і працэнт планаванага вяртання, аб’ём грашовых сродкаў, якія ўкладаюцца ў вытворчасць беларускім бокам); фінансавая заможнасць кампаніі-партнёра і наяўнасць раней паспяхова рэалізаваных кінапраектаў; удзел у кінапраекце беларускага мастацка-творчага патэнцыялу (рэжысёр, аўтар сцэнарыя, акцёры, аператар і іншыя); выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічнай базы кінастудыі: павільёнаў і натурнай пляцоўкі; планавы ўдзел у кінапраекце папулярных замежных акцёраў...

Асаблівая ўвага, падкрэсліў выступоўца, надаецца рэпертуарнай палітыцы. Абноўлены склад мастацка-вытворчага савета кінастудыі. Распрацавана рэпертуарная канцэпцыя кінастудыі з тэматычнымі прыярытэтамі стварэння фільмаў на 2016 — 2017 гады. Сфарміраваны сцэнарны партфель кінапраектаў для ўдзелу ў адкрытых рэспубліканскіх конкурсах.

/i/content/pi/cult/574/12596/1-2.jpgЗахаваць, каб ганарыцца

“Актуальныя праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і канцэпцыі іх вырашэння” — так называўся даклад начальніка ўпраўлення мастацтва, культурна-асветных устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алены Клімовіч.

Гісторыка-культурная спадчына як частка матэрыяльнай і духоўнай культуры, створаная, захаваная і перададзеная сучаснікам, з’яўляецца самым аб’ектыўным сведчаннем мінулага. Умовы зберажэння аб’ектаў спадчыны наступныя: належнае іх выкарыстанне, своечасовыя распрацоўка навукова-праектнай дакументацыі і ажыццяўленне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ.

Летась рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы праведзены на многіх знакавых аб’ектах рэспублікі. Сярод іх — Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку і Свята-Пакроўскі сабор у Талачыне, палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, Стары замак у Гродне. У Гомельскім палацава-паркавым комплексе адкрыта для наведвальнікаў назіральная вышка ў парку, праведзена частковая рэканструкцыя Кіеўскага спуску, выканана рэстаўрацыя капліцы-пахавальні. На Брэстчыне праводзіліся работы па рэстаўрацыі Косаўскага і Ружанскага палацаў, у Магілёўскай — палаца ў вёсцы Жылічы, Пакроўскай царквы з брацкім корпусам у вёсцы Пустынкі.

У год святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчынай вайне пачалася маштабная рэканструкцыя Мемарыяльнага комплексу “Прарыў” у Віцебскай вобласці, ажыццёўлена рэканструкцыя Курганаў Славы на шашы Мінск — Масква і ў горадзе Гродна, праведзены рамонт воінскіх пахаванняў, мемарыялаў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай абласцей.

Летась працягвалася інвентарызацыя помнікаў археалогіі, яна праведзена ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Кантроль за станам аб’ектаў спадчыны ажыцяўляецца падчас маніторынгу. У 2015 годзе гэта праца праводзілася ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі сумесна з работнікамі пракуратуры. Пры выяўленні парушэнняў складаліся прадпісанні і пратаколы.

Станоўчы вынік работы па ахове аб’ектаў спадчыны наўпрост залежыць ад эфектыўнай каардынацыі дзейнасці ўсіх зацікаўленных, якую ажыццяўляюць мясцовыя органы кіравання. Так, у Гродзенскай вобласці прынята рашэнне кожны квартал праводзіць нарады ў старшыні аблвыканкама па пытаннях правядзення рамонтных работ і ўключэння ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў у гістарычным цэнтры Гродна. Такія нарады праходзяць з удзелам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, пракурора вобласці, уласнікаў аб’ектаў, работы на якіх набылі зацяжны характар.

За 2015 год з удзелам старшыні аблвыканкама пытанне правядзенння работ у гістарычным цэнтры Гродна заслухоўвалася чатыры разы. І як вынік — адрамантаваныя аб’екты, якія доўгі час стаялі закансерваванымі.

На пасяджэнні грамадскага савета пры пракуратуры Гродзенскай вобласці разглядалася пытанне “Аб ролі мясцовых выканаўчых органаў і грамадскіх арганізацый у аднаўленні і захаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і адказнасці іх уласнікаў”. Асаблівая ўвага звернута на захаванне сядзіб.

У кастрычніку адбылася сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў з удзелам старшыні аблвыканкама, намесніка пракурора Гродзенскай вобласці. Рашэннем сесіі дадзены канкрэтныя даручэнні Гродзенскаму гарадскому, раённым выканаўчым камітэтам па арганізацыі эфектыўнай аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама Магілёўскаму гарадскому камунальнаму прадпрыемству даручана ў тэрмін да 1 красавіка 2016 года завяршыць работы па зацвярджэнні пашпартаў вонкавага аздаблення з дэталёвай прапрацоўкай фасадаў жылых будынкаў, уключаных у Дзяржаўны спіс. Упраўленню архітэктуры і будаўніцтва гарвыканкама даручана ўзмацніць кантроль за размяшчэннем вонкавай рэкламы, індывідуальных антэн і іншых канструкцый на аб’ектах спадчыны.

У адпаведнасці з рашэннем Мінскага гарвыканкама ў адміністрацыях сталічных раёнаў і ўнітарнага прадпрыемства ЖРЭА вызначаны службовыя асобы, адказныя за выкананне заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. На сайтах адміністрацый і УП ЖРЭА размешчаны спісы ахоўваемых аб’ектаў, інфармацыя пра адпаведныя заканадаўчыя дакументы.

Больш за 45 гадоў “Белрэстаўрацыя” выконвае рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы, застаецца адзіным спецыялізаваным прадпрыемствам у сваім родзе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Апошняя рэарганізацыя “Белрэстаўрацыі” адбылася згодна з даручэннем Кіраўніка дзяржавы ў мэтах узмацнення рэстаўрацыйнай галіны.

Цяпер на рынку рэстаўрацыйных работ з’явіліся спецыялісты іншых прадпрыемстваў, якія не заўсёды маюць адпаведныя вопыт і кваліфікацыю. У большасці выпадкаў іх дзейнасць не забяспечвае фізічнай захаванасці аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны пры ажыццяўленні рэстаўрацыйных работ, кансервацыі, рамонце, прыстасаванні аб’екта для сучаснага выкарыстання. Гэта прасочваецца як на стадыі навукова-даследчых, пошукавых, праектных работ, так і на этапе вытворчасці.

У якасці прэвентыўнай меры “Белрэстаўрацыя” прапануе стварыць экспертна-кансультацыйны савет. У яго могуць быць уключаны высокакваліфікаваныя спецыялісты: архітэктары, даследчыкі, мастакі-рэстаўратары гэтага прадпрыемства, а таксама прадстаўнікі з іншых рэгіёнаў краіны. Асноўнай дзейнасцю савета павінны быць ацэнка ступені адпаведнасці праектнай дакументацыі і вытворчых работ рэстаўрацыйным патрабаванням, распрацоўка методыкі і ўзгадненне тэхналогій, унясенне прапаноў па ўдакладненні характару работ для недапушчэння шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям.

Якасць работ і навуковае захаванне аб’ектаў дазваляюць рыхтаваць прапановы па іх уключэнні ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны UNESCO. Ужо створаны рабочыя группы ў Віцебскай, Брэсцкай, Гродзенскай абласцях. Вядзецца навукова-даследчая работа па зборы матэрыялаў і складанні дасье.

Напрыканцы верасня ў Гродне адбылося пасяджэнне спецыялістаў Польшчы і Беларусі па падрыхтоўцы прапановы аб уключэнні Аўгустоўскага канала ў Спіс сусветнай спадчыны. Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам 28 кастрычніка 2015 года накіравана заяўка ў UNESCO на арганізацыю кансультатыўнай місіі з удзелам міжнародных экспертаў па культурных і прыродных аб’ектах.

Ідзе падрыхтоўка матэрыялаў для ўнясення ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны UNESCO Будслаўскага фэсту — урачыстасці ў гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай. У Магілёўскай вобласці рыхтуюцца дасье на майстэрства дрыбінскіх шапавалаў, якія валодаюць унікальнай тэхналогіяй вытворчасці вырабаў з воўны, а таксама — на традыцыю паломніцтва і пакланення Блакітнай крыніцы каля вёскі Клін Слаўгарадскага раёна.

Выступоўца назвала найбольш актуальныя задачы ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны на 2016 год. Гэта працяг рамонтна-аднаўленчых работ на аб’ектах спадчыны; правядзенне маніторынгу стану гісторыка-культурных каштоўнасцяў і планавай інвентарызацыі помнікаў археалогіі, недапушчэнне пагаршэння стану аб’ектаў; павышэнне эфектыўнасці сістэмы ўліку і захавання гісторыка-культурнай спадчыны з выкарыстаннем базы дадзеных банка звестак аб нашай гісторыка-культурнай спадчыне праз сетку Інтэрнэт; падрыхтоўка намінацыйных дасье для ўключэння нацыянальных і трансгранічных аб’ектаў у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO і элементаў нематэрыяльнай спадчыны ў спісы нематэрыяльнай спадчыны.

Фота Аліны САЎЧАНКА