Ад львінай долі да працэнта спонсара

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Юбілей як нагода падзяліцца вопытам
Ці ўяўлялі сабе тыя два энтузіясты, што на месцы створанага імі маленькага культурнага аб’яднання ў горадзе на Заходняй Дзвіне праз 65 год будзе дзейнічаць наймагутная сістэма — “Цэнтр культуры “Віцебск”. Карэспандэнт “К” пацікавіўся ў генеральнага дырэктара ўстановы Аляксандра СІДАРЭНКІ.

/i/content/pi/cult/573/12594/7-1.jpg

Статус

— Статус, які мае “Цэнтр культуры “Віцебск”, у прынцыпе, блізкі таму, якім надзелены Палац Рэспублікі. Але калі ацэньваць менавіта кірунак дзейнасці і спектр работы ўстановы, я параўнанняў у нашай краіне не знаходжу, таму што наша дзейнасць разнапланавая. З галоўнага — развіццём самадзейнай творчасці, а гэта работа калектываў, аб’яднанняў, якіх у нас больш за 30 — рознаўзроставых, разнажанравых. А таксама правядзеннем масавых мерапрыемстваў, пачынаючы ад рэгіянальных і заканчваючы міжнароднымі. Праекты, якімі займаецца Цэнтр культуры “Віцебск”, вядомыя кожнаму беларусу і далёка за межамі нашай краіны: дзякуючы таму ж Міжнароднаму фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ці Міжнароднаму фестывалю сучаснай харэаграфіі, Міжнароднаму конкурсу спартыўных бальных танцаў “Віцебская сняжынка” і іншых. Тысячы праектаў, мерапрыемстваў, канцэртаў. Тысячы ўдзельнікаў, якія прайшлі праз калектывы Цэнтра культуры “Віцебск”. Іх настаўнікі за гэтыя гады — сотні высокапрафесійных супрацоўнікаў. Вось што такое Цэнтр культуры “Віцебск”!

Кадры

— Сёння наш штат — 260 чалавек, сярод іх — пэўная частка бюджэтнікаў, але ёсць і пазабюджэтнікі. Гэта не адзін дзясятак ставак, якія мы трымаем за свае ўласныя сродкі, заробленыя ад пазабюджэтнай дзейнасці. Калі мы лічым, што нам неабходны пэўны спецыяліст, то наймаем яго, дзякуючы дзейнасці платных калектываў, спектру платных паслуг, у тым ліку па арганізацыі дзейнасці самадзейных калектываў.

Стратэгія

— Я заўсёды казаў, што ўніверсальнаць — гэта шлях у нікуды. Таму мы маем сваю ўласную мадэль паводзін, стратэгію. Сваімі сіламі, без старонняй падтрымкі можам правесці любое мерапрыемства, пачынаючы ад вырашэння самых празаічных пытанняў: матэрыяльнай базы, транспарту, сцэнаграфіі, паліграфіі, сувенірнай прадукцыі. У гэтым выпадку мы ў меншай ступені ад кагосьці залежым. Дапамагаюць пазабюджэтныя сродкі, за іх кошт мы імкнемся развівацца, падтрымліваць тэхнічнае забеспячэнне на належным узроўні. І дадатковыя нашы функцыі, восем філіялаў, вельмі дапамагаюць нам працаваць. Яны ўмоўна падзяляюцца на камерцыйныя і сацыяльна арыентаваныя. Інтэрнэт-цэнтр ажыццяўляе набор платных паслуг, салон-магазін прапаноўвае мастацкія і сувенірныя вырабы. Парк Мазурына, пры сваёй сацыяльнай накіраванасці, мае пункт пракату і комплекс атракцыёнаў. Зноў жа, нават калі не закранаць філіялы, а звярнуцца да структурных падраздзяленняў, то аддзел рэкламы на экранах таксама прыносіць прыбытак. У нас ёсць мэта — самаразвіццё. Тое, што наша структура дазваляе нам гэта рабіць, красамоўнае сведчанне.

Не толькі гучныя праекты

— Мяркую, што мы і ствараем культуру, і займаемся яе папулярызацыяй. Імкнемся знаходзіць новыя формы і быць цікавымі для шырокага кола гледачоў, але перш за ўсё скіраваны на работу з моладдзю. Як прыклад — калектывы, што маюць шасцідзесяцігадовую гісторыю — “Лявоніха” ці “Зорька”. Па шчырасці, мы можам узяць туды далёка не кожнага. У клубе кветкаводаў ці ансамблі “Віцебскія дзяўчаты” ў нас удзельнічаюць людзі больш сталага веку. Цэнтр задзейнічае ўсе ўзроставыя катэгорыі, пачынаючы ад трох-чатырохгадовых дзяцей і заканчваючы ўдзельнікамі па 80 — 90 гадоў. З рэпертуараў гэтых калектываў мы здольныя сабраць любую праграму. Таму работа Цэнтра культуры “Віцебск” — гэта не толькі гучныя праекты кшталту “Славянскага базара”, але і штодзённая праца ў дамах людзей сталага веку, у дзіцячых і медыцынскіх установах, на прадпрыемствах; артысты выязджаюць у раёны вобласці, ладзяць уласныя мерапрыемствы, справаздачныя канцэрты. Прычым частка з такіх выступленняў — дабрачынныя. Мяркую, платнымі могуць быць толькі мерапрыемствы для прадпрыемстваў, выпускнікоў...

Пашырэнне да новай даты

— Самая вялікая цяжкасць, што ўзнікае ў Цэнтра культуры “Віцебск” — гэта недахоп часу і плошчаў: ахвотных так шмат, што мы не можам іх прыняць. У нас распісана усё да хвіліны. Часта на базе адной залы займаюцца некалькі калектываў. Нават галоўны будынак з сярэдзіны дня запоўнены бацькамі і дзецьмі. Тое ж і ў канцэртнай зале “Віцебск”. Мы нават неаднойчы грымёркі Летняга амфітэатра адводзілі пад рэпетыцыйныя прасторы. Зараз, магчыма, не самы зручны час для рэалізацыі перспектыўных праектаў з эканамічнага пункту гледжання. Але Віцебск заслугоўвае больш увагі, хаця б наша харэаграфічная плынь. Столькі калектываў: і тых, што ўпэўнена развіваюцца, і тых, чыя творчая біяграфія налічвае некалькі пакаленняў удзельнікаў, — яны вартыя нармальнага цэнтра харэаграфіі, абсталяванага і прыстасаванага. Я добра разумею тую сітуацыю, якая склалася: пакуль што ёсць час дашліфаваць і дапрацаваць тое, што мы ўжо маем. Спадзяюся, да наступнай значнай даты зробім сабе падарунак у выглядзе пашырэння. А пакуль і ў платных калектывах не хапае месцаў: і там адбіраем людзей на конкурснай аснове. Такая запатрабаванасць адбываецца дзякуючы таму, што мы знайшлі дакладны кірунак. Ды і імідж вырашае многае: “Лявоніха”, “Зорька” заўсёды на слыху, яны бачныя, вельмі прэстыжна займацца менавіта там.

Спонсарскі працэнт

— У нас стае партнёраў і сяброў з розных гарадоў і краін свету. Мы вельмі шануем нашых спонсараў, але і бюджэты свае не хаваем ад грамадскасці: акупляльнасць таго ж фестывалю “Славянскі базар” амаль 90 % у 2015 годзе. І спонсарская доля ў бюджэце фестывалю — не больш за 16 %. Усё астатняе мы імкнёмся зарабіць самі. Ёсць арганізацыі, партнёры, з якімі мы заключаем дагаворы і за кошт рэкламных паслуг зарабляем грошы. Львіная доля — паступленні ад продажу білетаў. Гэта фактычна 70 %. У нас сфарміравалася кола надзейных партнёраў, але з’яўляюцца і новыя, таму што сёння ўвага з боку мецэнатаў да сферы культуры гранічна неабходная. І вельмі радуе, што яны гэта разумеюць. Ну і, канешне, няма ў нас гульні ў адні вароты: калі мы сябруем, то робім гэта па-сапраўднаму. Заўсёды знойдуцца кропкі судакранання. Калі гэта не партнёрскія дагаворы, то — нармальныя сяброўскія зносіны. Нас у меншай ступені цікавіць разавая дапамога і падтрымка: арыентуемся на доўгатэрміновае супрацоўніцтва.

Змяненні-2016

— Было б няправільна не згадаць той факт, што гэты год для нас унікальны. Ён складаецца з двух юбілеяў. У рамках 65-годдзя Цэнтра культуры “Віцебск” мы імкнуліся зрабіць не свята, а паказаць шматграннасць нашай работы і прэзентаваць калектывы, у першую чаргу — са званнямі, а такіх — 18. Для гэтага мы спецыяльна прыдумалі новую форму работы — выставу-прэзентацыю. Да юбілею Цэнтра культуры ў нас насамрэч цэлы шэраг мерапрыемстваў. Але пра тое — асобна.

Зараз вельмі шчыльна працуем і над “Славянскім базарам”, якому сёлета споўніцца 25 год з дня заснавання. У лютым распачнем продаж білетаў, а гэта — пэўны аб’ём работы, таму што ён уключае ў сябе заключэнне дагавораў. На дапрацоўцы ўжо ляжаць тры дамовы з артыстамі на ўдзел у форуме. Я ўпэўнены, днямі мы будзем іх падпісваць і пачынаць праплачваць авансы, чаго раней ніколі не рабілі. Зараз білеты прадаюцца не толькі ў касах горада і не толькі з мая. Карацей, пачынаем працаваць на аперажэнне. Мы будзем мець абаротныя сродкі на ранніх этапах, заключэнне больш выгодных дамоў, абвесцім сваю праграму загадзя. Гэта няправільна, што амаль усе праекты пачынаюць рэалізацыю білетаў толькі за месяц да падзеі. Яшчэ мы зараз праз электронных аператараў прадаем білеты па ўсім свеце: толькі летась праз Інтэрнэт было набыта 13 % білетаў.

Часам падаецца, што фэст у нейкай ступені пераўзыходзіць сам горад і яго інфраструктуру. Нам вельмі патрэбныя новыя гатэлі, бо іх не стае. Мы нават будзем сяліць некаторых удзельнікаў у Мінску. Не хапае і нумароў павышанага камфорту. У мінулым годзе была ўнікальная сітуацыя, калі “…Базар” наведалі 42 краіны-ўдзельніцы. Артысты, канкурсанты, журналісты, арганізатары, прадзюсары. Гарадскія і абласныя ўлады бачаць і разумеюць сітуацыю, робяць пэўныя крокі ў гэтым кірунку, але мне падаецца, што тут трэба думаць далёка наперад. Канешне, “Славянскі базар…”, які праходзіць раз на год, не здольны потым акупіць усю пабудаваную для яго інфраструктуру. Але ў момант фестывалю адчуваецца гэты недахоп.

Мы яшчэ многаму вучымся: балазе, нічога не стаіць на месцы — тая ж музычная індустрыя. З’яўляюцца новыя цікавыя праекты, артысты. Нам і самім трэба трымаць руку на пульсе. Тым не менш, імідж фестывалю ўжо дазваляе нам працаваць больш упэўнена. Зноў жа, абапіраючыся на нашых партнёраў і сяброў, на нашых калег.

Мы пачалі работу ў Сусветнай асацыяцыі фестываляў з мінулага года. І хай сабе зараз яна нешматлікая, сэнс у іншым: каб мы аб’ядналі ў яе шэрагах блізкіх нам па дзейнасці і па духу людзей. У кожнай краіне ёсць свае міжнародныя фестывалі, дзесьці маленькія, дзесьці буйныя. Але, тым не менш, у кожнага свой досвед, свае метады работы. З мінулага года мы зрабілі такую спробу — першую міжнародную канферэнцыю “Фестывальны рух у свеце: традыцыі і навацыі”, і было вельмі цікава. Многія прыехалі ў тым ліку для таго, каб стварыць новыя творчыя сувязі з безліччу артыстаў, кампазітараў, прадзюсараў, арганізатараў і іншымі. Мы прапанавалі аснову для ўпарадкавання зносін, і цяпер наш фестываль стаў своеасаблівай міжнароднай бізнес-пляцоўкай у сферы культуры. У рамках асацыяцыі ў нас прадстаўлена паўтары дзясяткі фестываляў. Зараз мы атрымліваем новыя заяўкі на ўваходжанне, аб’яднанне будзе расці. Я ўпэўнены, з кожным годам нас будзе ўсё больш. А мы яе ўзначальваем, гэта нам даверылі ў мінулым годзе. Калі працаваць і імкнуцца, то не будзе прычыны здаваць пазіцыі!

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст