Эксперыменты з часам

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

У Баранавічах паспяхова эксперыментуюць з часам. Год культуры тут распачаўся, але Год моладзі не скончыўся. Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі горад абвешчаны 30 студзеня першай Маладзёжнай сталіцай Рэспублікі Беларусь. Натуральна, немалую нагрузку ў сувязі з гэтым узяў на сябе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага гарвыканкама.

Начальнік згаданага аддзела Святлана Паўловіч паведаміла "К", што рэспубліканскае свята "Баранавічы — маладзёжная сталіца" праходзіла з 29 па 30 студзеня. Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі атрымаў сімвалічны ключ ад сталічнай “брамы”. У свяце бралі ўдзел не толькі кіраўнікі Міністэрства адукацыі, але і лідары маладзёжных суполак, кіраўнікі органаў студэнцкага самакіравання, маладыя спецыялісты, пераможцы спартыўных спаборніцтваў, маладыя навукоўцы, лаўрэаты міжнародных творчых конкурсаў…

На студэнцкі форум "Моладзь — надзея і будучыня Беларусі" сабраліся прадстаўнікі ці не ўсіх вядучых ВНУ краіны. Такім чынам быў дадзены старт рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта "Збяры Беларусь у сваім сэрцы" і рэспубліканскай выставы "Свет творчасці дзяцей і моладзі".

Горад напоўніўся культурна-асветніцкімі, эколага-турыстычнымі і спартыўнымі акцыямі. Прайшлі маладзёжны танцавальны флэшмоб "Мы з табой разам", фотаконкурс мабільнай фатаграфіі, спаборніцтвы па камп’ютарных гульнях, інтэрактыўны бліц-праект "Рэцытацыя. Багдановіч"…

Па словах Святланы Паўловіч, двухдзённым святам справа не скончыцца. Днямі складзены тэматычны план гадавых мерапрыемстваў Маладзёжнай сталіцы. Адна са знакавых акцый — майскае святкаванне 145-годдзя Баранавічаў. Маладзёжная тэматыка ўрычыстасцяў стане адной з вядучых. Запланавана правядзенне Міжнароднага фестывалю "Моладзь Беларусі і Расіі ў XXI стагоддзі".

Мяркуецца, што падчас Дня горада пройдзе чарговы Міжнародны фестываль духавой музыкі "Беларускія фанфары". Гэты адмысловы фэст даўно стаў творчай візітоўкай Баранавічаў. А вось праявы стрыт-субкультуры толькі набіраюць моцы. Летась, да Дня працы ў горадзе быў адкрыты Маладзёжны парк з горкай для скейтбордынгу, не горшай за сталічную. Таму не выключана магчымасць, што сёлета Баранавічы прыцягнуць увагу скейтбардыстаў ды іншых нефармалаў з усёй Беларусі і не толькі. Безумоўна, "сталічным" зместам будуць насычаць год не толькі гарадскія работнікі культуры. Натуральна і тое, што ўсе адзінаццаць устаноў культуры Баранавічаў стануць пляцоўкамі павышанай творчай актыўнасці. А сярод гэтых устаноў — дзіцячыя школы, у тым ліку  харавая, харэаграфічная і мастацкая, музей, кінатэатр, два дамы культуры, бібліятэка…

Цягам года мы будзем паведамляць чытачам "К", чым і як жыве Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь-2016. Але ўжо цяпер несумненна тое, што сумна ў Баранавічах не будзе.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"