Паэма на ростанях

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Аўтарская інтанацыя з сапраўднай паэзіяй
Любое кіно знаходзіцца ў вечных пошуках Героя. Беларускае ў прыватнасці. Калі паглядзець тэматычны план Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” на бліжэйшы час, то становіцца заўважна: аўтары патэнцыйных праектаў больш за ўсё паважаюць ваенныя і гістарычныя тэмы. Урэшце, здымаць ваенны гераізм куды больш звыкла і, скажам так, зразумела, чым шукаць гэтага персанажа побач з сабой. Можа, таму сапраўдныя сучасныя героі часцей за ўсё з’яўляюцца ў дакументальным кіно?

/i/content/pi/cult/573/12591/9-6.jpg

Перад праглядам фільма Віктара Аслюка "Педагагічная паэма" меў хваляванні. Адна з дзвюх 52-хвілінных карцін, знятых на студыі дакументальнага кіно "Летапіс" у мінулым годзе, — можна сказаць тое, чым мы багатыя на дадзены момант. Героі фільма — маладыя настаўнікі, якія дзеля эксперыменту выпраўляюцца выкладаць у звычайную сельскую школу. Для публікацыі ў газеце тэма цікавая. А як атрымаецца на экране? Наколькі будзе кінагенічнай простая вясковая школа і яе “насельнікі”?

Дзмітрый Маратавіч і Сяргей Сяргеевіч, настаўнікі беларускай і рускай мовы адпаведна, апынуліся самымі сапраўднымі героямі нашага часу. Ідэальнымі і для экрана, і для рэчаіснасці, з якой ім давялося сутыкнуцца. З неверагодным, непадробнам энтузіязмам яны працуюць са сваімі вучнямі: не толькі прапануюць ім веды ў інавацыйнай, незвычайнай для традыцыйнай школы форме, але, фактычна, жывуць жыццём вучняў. Акрамя таго, абодва педагога, дарэчы, сябры з дзяцінства, — гараджане, і вясковае жыццё для іх таксама своеасаблівы ўрок жыцця. Перш чым патрапіць на кінаэкран, героі фільма ўжо паспелі стаць своеасаблівымі знакамітасцямі: вялі блог у інтэрнэце. Аб маладых спецыялістах, якія едуць працаваць настаўнікамі ў вёску, а не наадварот, у горад, напісалі газеты і інтэрнэт-парталы. І толькі пасля гэтага сцэнар аб сучасных Лабановічах перамог на адкрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў.

/i/content/pi/cult/573/12591/9-7.jpg

Кадры з фільма "Педагагічная паэма".

"Педагагічная паэма" распавядае аб двух перыядах жыцця настаўнікаў і іх школы — майскіх тыднях перад Апошнім званком і пачатку навучальнага года ў верасні. Фільм уяўляе з сябе шэраг эпізодаў, фрагментаў рэальнасці: дзея разгортваецца ў класах, школьных калідорах, настаўніцкай, вуліцах гарадскога пасёлка, доме, дзе прадастаўлена жыллё "маладым спецыялістам". Аўтары стужкі, рэжысёр Віктар Аслюк і аўтар сцэнарыя Вольга Дашук, відавочна не імкнуліся займацца публіцыстыкай і бытапісаннем. Іх фільм — сапраўднае мастацкае кіно, дзе адчуваецца дыханне часу, прадстаўлены калектыўны партрэт і сучасных маладых беларусаў, і іх настаўнікаў.

Галоўнае ў фільмах Віктара Аслюка — аўтарская інтанацыя. Рэжысёр вельмі беражліва звяртаецца да рэальнасці. Глядач не заўважае "швоў", такіх звычайных у многіх іншых дакументалістаў — рэакцыі герояў на камеру, скаванасці або, наадварот, развязнасці ў кадры. Шмат у чым гэта ўдаецца дзякуючы пастаянным спадарожнікам Віктара Аслюка на здымачнай пляцоўцы — аператару Анатолю Казазаеву і гукааператару Уладзіміру Мірашнічэнку — прафесіяналам высокага ўзроўню.

“Педагагічная паэма" магла атрымаецца зусім іншай, больш шырокай і поўнай. Але жорсткія ўмовы сучаснай кінавытворчасці вымусілі правесці здымкі ў вельмі сціслыя тэрміны. За кадрам застаўся і канфлікт, пасля якога адзін з настаўнікаў быў вымушаны змяніць месца працы і пераехаў у суседнюю школу. Але самае ж галоўнае не гэта: у сучаснай "Педагагічнай паэме" ёсць сапраўдная паэзія, вобразная, якая выдатна рыфмуецца з сённяшнім днём. Паэзія будняў і святаў несталічнай, але такой блізкай усёй нашай кінематаграфічнай і літаратурнай традыцыі рэчаіснасці. Гледзячы на герояў фільма Віктара Аслюка, у галаву прыходзіць параўнанне з героямі хрэстаматыйнай трылогіі класіка нашай літаратуры. Як і ў творы Якуба Коласа, маладыя беларускія настаўнікі знаходзяцца адначасова і ў прыпаднята-захопленым, і ў трывожным стане. Так і мае аказацца на світанні жыцця і кар’еры. На ростанях.