Майстар-клас ад Зураба Цэрэтэлі

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

У сакавіку група з дзесяці лепшых студэнтаў, што спасцігаюць жывапіс у беларускіх навучальных установах, патрапіла ў майстэрню да адной з самых неадназначных, прыцягальных і легендарных асоб сучаснага расійскага мастацтва — скульптара і жывапісца, прэзідэнта Расійскай акадэміі мастацтваў і ўладальніка многіх рэгалій і ўзнагарод Зураба Цэрэтэлі. Аказаліся там пачаткоўцы, вядома, не выпадкова, а дзякуючы арганізаванаму майстар-класу, які стаў тэмай нашай гутаркі з кіраўніком студэнцкай групы, загадчыкам кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, скульптарам Уладзімірам СЛАБОДЧЫКАВЫМ.

 /i/content/pi/cult/156/1259/Cereteli1.jpg

Зураб Цэрэтэлі разам з групай маладых беларускіх жывапісцаў.

— Па-першае, — адразу заўважае Уладзімір Іванавіч, — майстар-клас быў арганізаваны і адбыўся дзякуючы нядаўняй сустрэчы нашага міністра культуры Уладзіміра Матвейчука з Зурабам Цэрэтэлі ў маскоўскай галерэі мастака. Спачатку думалі аб скульптурнай тэме, але высветлілася, што маэстра праводзіць майстар-класы толькі па жывапісе. Такім чынам, у Маскву паехала група жывапісцаў: шасцёра студэнтаў з мастацкага факультэта нашай акадэміі, два навучэнцы з Гомельскага мастацкага вучылішча і два — з Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава. У Маскве мы адчулі найлепшае стаўленне да сябе. Прыкладам, жылі ў гасцініцы пры Пасольстве Беларусі, харчаваліся ў рэстаране, аформленым, сярод іншых, і самім Цэрэтэлі.

— Беларуская група была ў Маскве тры дні, а сам майстар-клас Зураба Канстанцінавіча, я ведаю, доўжыўся толькі дзве з паловай гадзіны. Чым быў насычаны астатні час?
— Для нас былі арганізаваны мастацтвазнаўчыя экскурсіі: аглядныя і архітэктурныя, наведванні Траццякоўскай галерэі, Галерэі мастацтваў Цэрэтэлі. Вельмі спадабаўся падыход экскурсаводаў Траццякоўкі, якія спецыяльна для нас правялі не агульны, а прафесійны, мастацтвазнаўчы разгляд твораў: яны не расказвалі нам біяграфіі мастакоў, іх творчыя вехі, гісторыю знакамітых палотнаў, — усё гэта нашы студэнты і так ведаюць; акцэнтавалі ўвагу на тым, чаго ў падручніках не напісана. Для студэнтаў, калі яны знаходзяцца ў пошуку адказаў на свае творчыя і тэхнічныя пытанні, гэта вельмі карысна і неацэнна важна. Прыкладам, мы ніколі не звярталі ўвагі на тое, што злева на палатне Аляксандра Іванава “З’яўленне Хрыста народу” блікі на целах двух персанажаў, што выходзяць з вады, — чырвоныя. “Слушнымі” былі б, адпаведна рэальнасці, блакітнаватыя, зеленаватыя, але ніяк не чырвоныя. Аказваецца, гэты колер Іванаў перанёс на палатно са сваіх эцюдаў, забыўшыся яго змяніць. Падобныя нюансы, а таксама мастацкія, тэхнічныя і тэхналагічныя тонкасці, асаблівасці колеру, кампазіцыі і сталі цудоўнымі акцэнтамі нашай экскурсіі.
— Уласна майстар-клас адбыўся ў апошні дзень маскоўскага гасцявання — пасля аглядаў твораў мастацтва і архітэктуры. Таму на яго, можна меркаваць, група прыйшла “ўзброеная” арсеналам новых ведаў, уражанняў, сіл?

— Сапраўды, калі мы прыйшлі ў майстэрню Зураба Канстанцінавіча, то былі поўныя натхнення і новай рухомай энергетыкі. Напярэдадні майстар-класа мы пабывалі ў галерэі майстра, дзе пабачылі яго жывапіс, скульптуру, таму перад сустрэчай з Цэрэтэлі былі ў своеасаблівым шоку ад манументальнасці, значнасці легендарнага мастака-касмапаліта, з якім нам давядзецца вось-вось сустрэцца. Пра Цэрэтэлі ўсе ведаюць на “побытавым” узроўні, у кожнага ёсць пэўнае стаўленне да яго асобы і творчасці, аднак судакрананне з ім напрасткі — гэта, думаю, значная падзея ў жыцці любога мастака. І вось мы прыйшлі ў майстэрню Зураба Канстанцінавіча...

— А вось з гэтага моманту падрабязней, калі ласка.

— Гэта вялікае памяшканне, у якім для нас ужо былі падрыхтаваны мальберты, палітры з фарбамі, пэндзлі, кардон для працы, стаялі нацюрморты, гіпсы... Ну, і ў гэтым падрыхтаваным, нібыта абрусам-самабранкай, асяроддзі мы распачалі працу. Пакуль усе ўладкоўваліся, выбіралі месцы, да нас выйшаў сам маэстра. Скажу шчыра, увесь час працы вельмі нязвыкла было бачыць яго побач, адкрытага, прыязнага ў стасунках, было відавочна, што ён любіць гутарыць з моладдзю, шчыра адносіцца да людзей. Калі ён выйшаў, адразу сказаў: рабіце тое, што вам зараз хочацца, да чаго ў дадзены момант цягнецца душа — да партрэта, нацюрморта, гіпсу, да прыдуманай кампазіцыі. Так мы ўзяліся за пэндзлі, у тым ліку і Цэрэтэлі, які ў перапынках абыходзіў студэнтаў і кожнаму выказваў свае меркаванні адносна работы, некаму даваў парады, накіроўваў, папраўляў. Потым зноў пачыналася праца і ўсе вярталіся на свае месцы.

— А над чым працаваў сам спадар Цэрэтэлі?

— Яму паставілі палатно, вялікае, прыкладна два на паўтара метра, загрунтаванае і падрыхтаванае да працы, і па ім шырокім пэндзлем ён нешта пісаў. Назіраць за ім, за яго працай было не менш цікава, чым працаваць самім. Дарэчы, любому мастаку заўсёды хочацца патрапіць на творчую “кухню” знаных мастакоў і паглядзець на ўласныя вочы, як тыя працуюць, якім чынам нараджаюцца творы, якімі потым будуць захапляцца нашчадкі ў галерэйнай цішы. Вось мы са студэнтамі і апынуліся на такой “кухні”. Было відаць, што Цэрэтэлі абсалютна не камплексуе, не пазіруе, і ты можаш падысці да яго, пастаяць за яго спіной і паназіраць за тэхнікай, паглядзець, як ён змешвае і кладзе фарбу.

— Кажуць, што працэс творчасці ў Зураба Канстанцінавіча — гэта сапраўдны перформанс. У вас было такое адчуванне?

— Было. І пачаўся гэты перформанс, калі ён толькі ўвайшоў у майстэрню і ўключыў музыку. Загучаў нейкі ўсходні матыў, падпяваючы якому Цэрэтэлі ўзяўся за пэндзаль. Вакол яго пастаянна нешта адбывалася, нехта шчоўкаў фотаапаратам, асістэнты падносілі дакументы, ён размаўляў па тэлефоне і адначасова пісаў. Усё гэта адбывалася спакойна, арганічна і рухава. Для нас са студэнтамі гэта быў нязвыклы рытм працы, якому мы шчыра пазайздросцілі, — такому ўменню не траціць час. Гэткай арганізацыі свайго працоўнага часу, сабранасці, добраму настрою яшчэ трэба павучыцца!

 /i/content/pi/cult/156/1259/Cereteli2.jpg

Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі
Вольга Мельнік.

— Пасля практычнай часткі было нейкае абмеркаванне, ці на гэта ўжо не заставалася часу?

— Усе каментарыі адносна студэнцкіх работ Цэрэтэлі даваў на перапынках, падыходзячы да кожнага індывідуальна. Ён раіў быць больш раскаванымі, вольнымі ў сваіх пачуццях, адкрыцца перад палатном. Многім ён казаў: “Выдатна!”, “Цудоўна!”, што для маладых мастакоў азначала нямала. Нехта паказваў фота сваіх работ, пытаючыся парады, і Зураб Канстанцінавіч глядзеў, ацэньваў іх... Пасля майстар-класа з ім адбылася гутарка, у якой ён шмат узгадваў Шагала.

— Як бы вы ацанілі важнасць гэтай паездкі для беларускай групы і, мабыць, беларускага сучаснага мастацтва?

— Для нас, мастакоў, вельмі важна для ўласнай творчасці, прафесіяналізму патрапіць на “кухню” іншага творцы, тым больш такога значнага, як Цэрэтэлі. Паглядзець, з якіх этапаў, тэхнік складаецца яго майстэрства, як нараджаюцца палотны, бо ў кожнага мастака гэты працэс вельмі індывідуальны.

Знаёмячыся з ім, мы ўзбагачаем адзін аднаго. Давялося апынуцца ў новай, нязвыклай для нашай ментальнасці энергетыцы, якая дае іншае светаўспрыманне і, адпаведна, вынік ва ўласных творах. У гутарцы пасля майстар-класа мы закранулі і праблемныя пытанні беларускага сучаснага мастацтва, выказаўшы спадзяванні на далейшыя абменныя сустрэчы, майстар-класы, а таксама на жаданне супрацоўніцтва нашых акадэмій і падтрымку беларускага мастацтва, на магчымасць больш шчыльных і плённых кантактаў беларускіх і расійскіх мастакоў. Думаю, што гэтая паездка — адзін з этапаў умацавання беларуска-расійскіх культурных сувязей, што неабходна як Расіі, так і Беларусі.

Гутарыла Святлана ЖУРАЎСКАЯ

Гавораць студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: 

Віктар Данільчык:
— Гэты майстар-клас стаў сапраўднай вяхой для мяне. Я вельмі хацеў пабачыць, як працуе Зураб Цэрэтэлі, навучыцца таму, пра што не пішуць у кнігах і што можна здабыць толькі на ўласным вопыце ці гледзячы на працу такіх знакавых асоб. Я чытаю біяграфіі, аўтабіяграфіі прызнаных мастакоў мінулага, каб абраць свой уласны вектар развіцця. А яшчэ — упэўніцца: творчы поспех, прызнанне — гэта вынік апантанай працы, поўнай адданасці сваёй мэце, самаарганізацыі. Я меў магчымасць не толькі папрацаваць побач з маэстра, атрымаць ад яго парады, ацэнкі сваёй творчасці, але і паказаць фота сваіх работ — партрэтаў, што прывёз з сабой у Маскву. Адкрытасць, свабода Цэрэтэлі ў паводзінах і творчасці падчас знаёмства з яго творамі, а потым і з ім самім, надалі мне новай энергетыкі. Думаю, гэтае новае карыснае адчуванне я прывёз з сабой дамоў.

 Ганна Конанава:

— Мяне вельмі ўразіла тая атмасфера, у якой працуе Зураб Канстанцінавіч, дзе давялося папрацаваць і мне. Гэта атмасфера творчай дзіцячай гульні, якая вярнула мяне да вытокаў свайго “Я”, і мне вельмі захацелася напісаць... іспанскую танцорку. Цэрэтэлі падышоў да мяне і спытаў: “Гэта цыганка, іспанка? Вельмі добра.” Дзякуючы менавіта такому рытму, які задаў маэстра сваім падыходам да працы, я ўзгадала, што мастацтва — гэта сапраўды дзяцінства, смеласць, натхнёнасць, свабода фантазіі, свежасць, адыход ад прывычных догмаў і штампаў. У нашых акадэмічных майстэрнях зусім іншы рытм — больш стрыманы, дысцыплінаваны, абмежаваны класічнымі канонамі, што мэтазгодна, але за правільнасцю форм неўпрыкмет прытупляецца прага творчасці, дзеля якой мы, уласна, і ўзялі пэндзлі ў рукі. Майстар-клас у Цэрэтэлі вярнуў нас да сябе, сваіх пачуццяў, запатрабаваў быць самім сабой, максімальна раскрыцца, выліць сваю энергію на палатно.

 
Вольга Мельнік:

— Безумоўна, маё ўражанне ад майстар-класа і Цэрэтэлі яскравае. Калі глядзіш на яго мастацтва і як ён працуе, пачынаеш верыць, што чалавек здольны на многае, і што я таксама магу быць шмат на што здатная. З’явілася новае для мяне пачуццё смеласці ў творчасці, і цяпер, вярнуўшыся дамоў, я інакш гляджу на свае работы: цяпер я пачала б іх зусім іначай.

Акрамя гэтага, мне падалася вельмі карыснай парада Зураба Канстанцінавіча ўсім нам прапрацоўваць фон і галоўны прадмет адначасова, а не па чарзе, не забывацца на ўсё палатно: пішучы адну яго частку — бачыць усё цалкам.