Прэмія за “дзюбку” і за Сеціва

№ 7 (1237) 13.02.2016 - 20.02.2016 г

Адзін мой калега-журналіст з іншага выдання нядаўна жаліўся на тое, што яму “парэзалі прэмію”. Маўляў, спачатку матэрыял не здаў своечасова, а пасля яшчэ і не праверыў паведамленне суразмоўцы, і ў друк пайшла памылковая інфармацыя. Што ж, справа зразумелая: прэмію сваю ён страціў цалкам заслужана. Добра, хоць давер у кіраўніцтва не згубіў. Я гэта да таго, што зарплата без прэміі ў любой прафесіі — штука сур’ёзная. І смутак з гэтай нагоды сёння цалкам апраўданы: падобная даплата можа дасягаць істотнай часткі заробку. Чаго, пагадзіцеся, страчваць ніколі і нікому не хочацца. Ні журналісту, ні культработніку.

/i/content/pi/cult/573/12581/4-22.jpgПра работнікаў культуры — гаворка асаблівая. Бо калі ўлічыць, што ў сферы сярэдні заробак складае прыкладна 60 % ад сярэдняга па краіне, дык розныя даплаты дапамагаюць некаторым з іх не толькі жыць, але і выжываць. Праўда, тыя прэміі трэба, канечне, спачатку зарабіць.

Робяць гэта культработнікі па-рознаму. Скажам, хтосьці “шчыруе” над планам платных паслуг, а нехта ўдзельнічае ў самых розных культурных мерапрыемствах. Напрыклад, у Лельчыцкай раённай дзіцячай бібліятэцы супрацоўнікі, акрамя працы ў “храме кнігі”, бяруць удзел у народным хоры работнікаў культуры “Зараніца”. Як распавяла мне дырэктар установы культуры Алена Ляхавец, бібліятэкары спяваюць у хоры не толькі з-за любові да музыкі, але і з-за матэрыяльных выгодаў: кожнаму “заранчаніну” дадаецца за гэта ў заробак 25 працэнтаў ад акладу… Ёсць, натуральна, і звычайныя прэміі, і даплаты супрацоўнікам, але ад падобнага “лішняга” рубля бібліятэкары, вядома ж, ніколі не адмаўляюцца…

Яшчэ адна магчымасць займець прэмію — браць удзел у самых розных бібліятэчных конкурсах, якія ладзяцца на ўзроўні раёна ці рэспублікі. А яшчэ можна распрацаваць цікавы бібліятэчны праект або выканаць ці перавыканаць даведзеныя паказчыкі — па кнігавыдачы, наведвальнасці аддзела і гэтак далей…

Да таго ж, як я пераканаўся, у справе дадатковых выплат кіраўнікі бібліятэчных устаноў Беларусі кіруюцца, у першую чаргу, крэатыўнасцю сваіх супрацоўнікаў, іх працай на перспектыву, скіраванасцю на поспех у той або іншай справе. Але і гэта, як аказалася, — не галоўнае. Скажам, дырэктар бібліятэкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Лілія Гарбунова лічыць, што важна не толькі дасягнуць нейкага выніку ў працы, але і правільна падаць гэты вынік:

— Як кажуць беларусы, “хто б ведаў бусла, каб не яго дзюбка”, — кажа Лілія Гарбунова. — А вельмі часта менавіта так і бывае ў нашай працы. Бібліятэка праз бібліятэкараў павінна пра сябе заяўляць, нагадваць, а лепш за ўсё — быць усюды і заўсёды. Тады, натуральна, і з’явіцца магчымасць для даплат і прэмій паспяховым супрацоўнікам, бо дзейнасць бібліятэкі будзе навідавоку, будзе бачная ўсім...

Да слова, сёння ва ўстанове культуры створаны для гэтага ўсе ўмовы. Так, супрацоўнікі атрымліваюць штомесячную прэмію, памер якой залежыць ад вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці ўніверсітэта і вар’іруецца ад 80 да 450 тысяч рублёў. Прэміраванне таксама ажыццяўляецца за канкрэтныя вынікі працы ў розных галінах дзейнасці, скажам, за інфармацыйнае забеспячэнне навуковых канферэнцый і семінараў ці падрыхтоўку і выданне бібліяграфічных даведнікаў...

Падобная ж сістэма працуе і ў Барысаве. Так, па словах дырэктара мясцовай ЦБС Галіны Слесарэнкі, прэміі яе супрацоўнікі атрымліваюць рэгулярна. Акрамя таго, даплаты ад 5 да 50 працэнтаў ад акладу прапісваюцца адразу ж пры заключэнні кантракта. Натуральна, з улікам складанасці і выніковасці працы таго ці іншага супрацоўніка.

— У працы бібліятэкара я ўлічваю многія акалічнасці: як ён працуе, якія новыя ідэі прапануе да рэалізацыі, ці ўдзельнічае ў семінарах і канферэнцыях, ці друкуецца ў спецыялізаваных выданнях, у тым ліку — і ў газеце “Культура”, — кажа Галіна Слесарэнка. — Таксама цікаўлюся, наколькі інфармацыйна разнастайна вядзецца гэтым супрацоўнікам бібліятэчны блог ці бібліятэчны сайт, наколькі чалавек актыўна прысутнічае ў сацыяльных сетках і “піярыць” сваю бібліятэчную дзейнасць. Натуральна, усё пералічанае ўлічваецца пры прэміраванні супрацоўніка.

Яшчэ павялічваць свой заробак барысаўскія бібліятэкары могуць за кошт сумяшчэння вакантных пасад, хаця іх не так ужо і многа: у ЦБС сёння даволі добры склад супрацоўнікаў, прычым прыкладна 20 працэнтаў з іх — маладога веку. А яшчэ — удзельнічаючы ў міжнародных бібліятэчных праектах і акцыях, як у Беларусі, так і далёка па-за яе межамі.

Што ж, агульная карціна, як кажуць, у цэлым зразумелая. Падсумуем: каб мець заробак з прэміяй, бібліятэкару сёння трэба быць крэатыўным і “раскручаным” як на сваім рабочым месцы, так і ў бібліятэчным асяродку ды ў Сеціве. Але для таго, каб такім стаць, трэба спачатку, зразумела, шмат і шмат папрацаваць. Бо, як слушна заўважыла Лілія Гарбунова, “хто ж пазнае бусла, каб не яго дзюбка?”

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"