Мсціслаўшчына, Астравец, Мазыр, Узда

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Захаванне і развіццё народных традыцый ды абрадаў — адзін з кірункаў дзейнасці Капачоўскага сельскага дома культуры. У клубнай установе створаны этнаграфічны куток "Спадчына", працуе фальклорнае аб’яднанне "Скарбніца", удзельнікі яго ведаюць шмат старадаўніх песень, абрадаў. Адрадзілі такія абрады, як Каляды, Багач, Троіца, вясельны абрад Заяц.

/i/content/pi/cult/572/12570/11-1.jpgМсціслаўшчына/А што там у куфры?

Цікавасць да мясцовага фальклору ўзнікла і з боку студэнтаў ды выкладчыкаў Гнесінскай акадэміі музыкі Масквы. Імі былі сабраны матэрыялы, якія ўключаюць апісанне мясцовых звычаяў, абрадаў, тэксты песень, а таксама рэцэпты беларускай кухні.

Нядаўна ў Капачах прайшлі Каляды. Мастак Сяргей Акеньшын, выпускнік Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, член Саюза мастакоў Расіі стварыў карціну “Каляды”. Калядоўшчыкі Капачоўскага СДК сталі вобразамі герояў палатна.

Знакавай падзеяй для Дома культуры стане правядзенне справаздачнага канцэрта, на якім пройдуць вячоркі "Бабулін куфар", звязаныя з адраджэннем традыцый старажытнага ткацтва. Удзельнікі "Скарбніцы" дастануць з куфра старадаўнія вопратку і ручнікі, распавядуць моладзі пра гісторыю іх стварэння і выкарыстання.

Капачоўскі СДК Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Мсціслаўскага раёна стаў пераможцам сярод аналагічных устаноў (народная творчасць, фальклор, традыцыйная культура), а таксама цэнтраў культуры і узнагароджаны Дыпломам Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за лепшую арганізацыю работы па захаванні і развіцці культуры Магілёўскай вобласці. А дом культуры стаў пераможцам раённага спаборніцтва па выніках працы 2014 года.

Наталля ГАНЧАРОВА, дырэктар Капачоўскага СДК

 

Астравец / Шамякіна ведаюць усе

Імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна добра ведаюць і любяць чытачы. Яго творы складаюць шматтомны летапіс мінулай эпохі, ярка і ўсебакова раскрываюць лёс беларускага народа ў XX стагоддзі. Нездарма 95-гадовы юбілей пісьменніка шырока адзначаецца ў рамках абвешчанага Года культуры.

У Астравецкай раённай бібліятэцы да гэтай даты падрыхтавана кніжная выстава-прагляд пад назвай “Вядомы ўсёй краіне”, дзе прадстаўлены кнігі аўтара, матэрыялы аб яго жыцці і творчасці.

Юбілей Івана Шамякіна сельскія бібліятэкі раёна ўшанавалі напрыканцы студзеня. Супрацоўнікі бібліятэчных устаноў правялі літаратурныя імпрэзы, гадзіны, вечары, агляды твораў, абмеркаванні кніг, відэаўрокі. Да прыкладу, мерапрыемства “Сейбіт дабра і прыгажосці” прайшло ў Альхоўскай сельскай бібліятэцы, “Чалавек вялікай душы і таленту” — у Дайлідскай, Гервяцкай, Падольскай сельскіх бібліятэках, "Талент, дадзены богам" — у бібліятэцы вёскі Кямелішкі, “Сын свайго часу” і “Майстар нацыянальнай прозы” — у Гудагайскай і Рытаньскай сельскіх бібліятэках, “Жыццё і дзейнасць Івана Шамякіна” — у бібліятэцы вёскі Малі.

Чытачы здзейснілі цікавае падарожжа па кнігах пісьменніка, даведаліся аб фактах яго біяграфіі, падзяліліся ўражаннямі ад прачытаных кніг майстра роднага слова.

Галіна ФРАНЦКЕВІЧ, метадыст аддзела бібіятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі

 

Мазыр / Букет памяці

Той, хто наведаў у выставачнай зале Мазыра выставу-памяць жывапісу “Букет” Наталлі Чырковай (Кісловай), члена Беларускага саюза мастакоў, выкладчыка кафедры выяўленчага мастацтва і графікі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, убачыў свет гармоніі і хараства.

Сінякрылыя валошкі, малочныя, з жоўтымі вочкамі рамонкі, ружовыя флёксы, белыя і чырвоныя ружы, рознакаляровыя цюльпаны. Якая гама колераў, якая выразнасць і непаўторнасць!

“Пятнаццаць гадоў мы працавалі разам, — падзялілася сваімі ўспамінамі пра Наталлю Рыгораўну педагог-мастак, кандыдат педагагічных навук Валянціна Заброцкая. — Мастачка любіла прыроду, любіла праводзіць свой вольны час сярод кветак. Таму кветкі — у цэнтры многіх работ, таму столькі любові ў кожным пейзажы. Колеравая палітра — някідкая. Але ж як яна падкрэслівае прыгажосць формы і прасторы прадметаў, адлюстраваных на карцінах!”

Нацюрморты, партрэты, пейзажы… І ў кожным — свая выразная дэталь, свая гармонія колераў і іх адценняў. Вось, напрыклад, карціна “Юлечка”: дзяўчынка ў лёгкай белай сукенцы, пад белым капялюшыкам на белым фоне. А ў позірку — дзіцячая непасрэднасць, вера ў людзей, дабрыня. У другім партрэце — “Ягор” — гэтыя якасці цудоўна перадаюцца праз усмешку хлопчыка, падкрэсліваюцца цёплым фонам.

У пейзажах адлюстраваны куточкі роднай прыроды ў розныя поры года. Але ўсе яны нясуць у сабе зарад шчырасці, жыццёвай і эстэтычнай пазітыўнасці. Так, на дальнім плане карціны “Зіма. Бярозы” — бярозавы гай, што нібы хаваецца ў яры, а перад ім — пагорак, усыпаны белізной снегу, на які выбегла купкай маладых дзяўчат чародка стройных бяроз, што, пэўна, хочуць і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. А на карціне “Зіма” — свята зімы — снегапад. Наваколле як у тумане. Урачыстая мінута зімовага абнаўлення!

Аляксей СОЛАХАЎ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Івана Шамякіна

 

Узда / Дзівосы Крапівы

Дзесяць гадоў таму Бібліятэка-музей Слова знаходзілася на радзіме Кандрата Крапівы, у вёсцы Нізок. Тады я працавала загадчыкам установы. Сёлета мы адлічваем ужо 120 гадоў ад часу нараджэння класіка.

“Ён пакінуў нам розум і смех…” — такую назву я калісьці давала стэнду, які падаравала бібліятэцы-музею пляменніца Крапівы Людміла Спірыдовіч. Там былі цікавыя фотаздымкі. Пад такой жа назвай праходзіла ў 2006 годзе мерапрыемства, прысвечанае юбілею пісьменніка. Тады ж у вёсцы Нізок адбыўся абласны фестываль сатыры і гумару “Я — пякучка-Крапіва”.

На парозе новай даты супрацоўнікі Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса зноў актыўнічаюць. Трэба намаляваць шмат аркушаў з выявай вядомай лекавай расліны, што стала пісьменніцкім псеўданімам. Малюнкі будуць размешчаны на кніжных паліцах. А як быць з героямі баек? Баран, конь, вол, жаба, асёл, вожык, дзед і баба. Вырашана было прынесці з дому мяккія цацкі для адмысловай выставы.

Пляменніца Кандрата Кандратавіча сябравала са мной і прыносіла шмат цікавых дакументаў. Гэта лісты Крапівы да родных, фотаздымкі сына і дачкі, іншыя матэрыялы. Я сканавала іх і перадавала ў Цэнтральную бібліятэку. Усё гэта захавалася і таксама будзе выкарыстана ў кніжна-ілюстраванай выставе-экспазіцыі “Крапівінскі скарб”. Прэзентацыя яе адбудзецца ў пачатку лютага.

Ёсць сведкі з блізкіх людзей Кандрата Крапівы, якія сцвярджаюць, што ён меў незвычайныя здольнасці. На Купалле малады пісьменнік выходзіў у луг, выцягваў руку, на раскрытай далоні якой ляжалі крошкі, і да яго зляталіся птушкі. Без дотыку рукі, сілай позірку, Кандрат Кандратавіч мог прыўзняць над падлогай невялікі ўслончык, а затым апусціць яго. Калі пыталіся: “Як ты гэта робіш?”, пісьменнік адказваў: “Не ведаю.” Вось такія дзівосы!

Ліяна ТАПАДЗЭ, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ імя Паўлюка Труса