Усе дарогі вядуць да работніка культуры

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Шклоўшчына: калі першыя не адстаюць ад другіх
Сённяшняя публікацыя пра стан культуры Шклоўскага раёна — заключная ў цыкле артыкулаў апошняга леташняга аўтатура. Час ужо ў сёлетні збірацца… Дык вось Шклоўшчына. Асноўная адметнасць яе культуры ў тым, як нам падаецца, што намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Валозіна ведае поле ўласнай дзейнасці да драбніц, не першы дзясятак гадоў упэўнена вядзе і накіроўвае развіццё сферы, ведае яе рэзервы ды перспектывы. Нават у жорсткіх умовах аптымізацыі ды складанай эканамічнай сітуацыі.

/i/content/pi/cult/572/12569/10-1.jpgУ выніку бібліятэчная і клубная справы ўдасканальваюцца паралельна, але адначасова. Прынамсі, няма такой сітуацыі, што бібліятэкары, скажам, крэатывяць ва ўсю, а клубнікі, да прыкладу, чакаюць лепшых часін. Далёка не ў кожным раёне можна пабачыць падобную еднасць. Пастараемся перадаць яе атмасферу…

Установа, якая здзівіла

Бібліятэка ў вёсцы Чарнаручча здзівіла не толькі бясконцай колькасцю нечаканых па змесце памяшканняў, але і сваім, так бы мовіць, ідэйным зместам. Уявіце, вось паказвае нам гаспадыня ўстановы Аліна Салаўёва абанемент, а ён і на абанемент не падобны. Хутчэй на музей. Адна паліца са старадаўнімі выданнямі чаго толькі вартая! Усяго гэтага цалкам хапіла б, каб вельмі станоўча ацаніць дзейнасць дасведчанай спецыялісткі. Але ж ёсць тут і іншыя залы, не менш цікавыя, і не адна.

Але будзем паслядоўнымі. Прыгледзімся ўважліва да першай. А лепш, прыслухаемся. Менавіта так, бо пабачыць патэфон ці не з пазамінулага стагоддзя і не паслухаць яго было б вялікім недаглядам. Тым больш, што ёсць у бібліятэцы і калекцыя кружэлак. Акрамя іх музейная прастора бібліятэкі налічвае не адзін дзясятак гліняных збаноў, гадзіннікаў, старых магутных замкоў, газовак і нават асобныя прадметы цяслярскага рыштунку. Большасць прадметаў знойдзена падчас этнаграфічных экспедыцый па навакольных вёсках, гэтаксама, як і ткацкі станок, дзякуючы якому ў бібліятэцы цяпер ладзяцца ўрокі прадзення, якія наведвае 12 чалавек. Багата рэчаў і падораных. Да прыкладу, у апошнім папаўненні старадрукамі — кніга з творамі Жукоўскага 1885 года выдання. Яе падарылі карыстальнікі бібліятэкі. Не прадалі, не выкінулі, а менавіта добраахвотна перадалі. Ці ж гэта не сведчыць пра выдатную працу ўстановы, уменне знайсці падыход да кожнага?

Але чаго здзіўляцца. Аліна Салаўёва працуе ва ўстанове ўжо 30 гадоў. За гэты час бібліятэка зведала неаднаразовыя пераезды і тым не менш захавала свой эколага-краязнаўчы профіль. Мо таму і сёння мясцовыя падлеткі, большасць з якіх уваходзіць у аб’яднанне “Крынічка”, з задавальненнем дапамагаюць Аліне Віктараўне ў краязнаўчай працы, удзельнічаюць у экскурсіях па ваколіцах вёскі, у тым ліку на веласіпедах. Сумесна з дзецьмі абслугоўвае бібліятэка і людзей сталага веку. Прычым поруч з гэтым запісваюцца іх успаміны, збіраюцца экспанаты для музея бібліятэкі.

Звярнулі ўвагу яшчэ на адзін незвычайны момант: адно з памяшканняў бібліятэкі аддадзена пад відэазалу. Што праўда, зроблена тая зала (можа і не адмыслова) у стылі рэтра...

...Той жа тэлевізар хоць і значна маладзейшы за патэфон, тым не менш, можа здзівіць сучаснага карыстальніка найноўшых тэхналогій. Тэлебачанне транслюе толькі адзін канал — для большага патрэбна адпаведная прыстаўка і антэна. Маецца тут і касетны відэамагнітафон, на якім праглядаюцца зноў жа рарытэтныя цяпер дакументальныя стужкі, сямейныя відэахронікі. Двойчы на месяц прыязджае сюды кінаўстаноўка са Шклова.

Але не толькі старасветчынай жыве бібліятэка. Тут — чатыры камп’ютары. Такі вялікі арсенал тлумачыцца не толькі своечасовым набыццём новага абсталявання, але і папаўненнем за кошт тэхнікі з зачыненай установы культуры ў адной з суседніх вёсак. Адзін з камп’ютараў — гульнявы. Каштуе такое задавальненне для мясцовых жыхароў  — 4 тысячы рублёў у гадзіну, а таму карыстаецца нязменным попытам. Тым больш бібліятэка працуе штодня без абеду — дзякуючы таму, што праз аптымізацыю ва ўстанове працуюць два чалавекі.

Пацікавіліся супрацоўніцтвам з сельскім клубам. Як аказалася, у Чарнаруччы, нягледзячы на статус аграгарадка, яго няма. Наколькі мы зразумелі, Чарнаручча разам з суседняй вёскай Клімавічы (там і размяшчаецца Чарнаруцкі сельскі клуб) утвараюць адзін аграгарадок. Адлегласць паміж установамі ў адзін кіламетр не замінае іх супольнай плённай працы — усе вялікія мерапрыемствы праводзяцца сумесна.

Пагутарылі і пра статыстыку. У Чарнаруччы жыве 288 чалавек, пры гэтым карыстальнікаў бібліятэкі афіцыйна налічваецца 570. Можна падумаць, што гэта прыпіскі. Але ж не: у зоне абслугоўвання ўстановы пражывае 637 чалавек, большасць з якіх не абмінае бібліятэкі. З гэтай нагоды ад Аліны Салаўёвай пачулі цікавае меркаванне: “Калі сельскі савет адсутнічае, то менавіта бібліятэка выконвае функцыі цэнтра вёскі”. Цяжка з гэтым не пагадзіцца.

Заўвага, бадай, адна. Пасля агляду пэўнай колькасці беларускамоўных выданняў пераканаліся: чытацкім попытам карыстаюцца далёка не лепшыя іх узоры. Таму можна крыху паўшчуваць Аліну Віктараўну за тое, што не так шмат надае ўвагі папулярызацыі і беларускай класікі, і сучаснай нашай паэзіі і прозы.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мне вельмі спадабалася ў бібліятэцы Чарнаручча. І не толькі з-за "гідралагічнага" краязнаўчага праекта "Блакітныя стужкі Чарнаручча". Было цікава рушыць па бібліятэчнай спіралі памяшканняў. Абанемент, чытальная зала, відэасалон, пакой дзіцячай кнігі. Усе чатыры памяшканні аформлены з густам і інтрыгай. Дзіцячы абанемент напоўнены не толькі стракатымі яркімі кнігамі (ад іх выбару я ў дзяцінстве, напэўна, знепрытомнеў бы!), але і цікавымі лялькамі-цацкамі. Сярод стужак у відэасалоне не толькі экранізацыі, але і ўспаміны сведак пра жорсткія баі ля тутэйшых вёсак Палыкавічы і Трылесіна пры вызваленні Шклоўскага раёна ад фашысцкай навалы. Усё гэта не можа не ўзрушыць. Дый аўра ў бібліятэцы для мяне вельмі спрыяльная. Далёка не паўсюль мне бывае так камфортна сярод бібліятэчных кніг. У бібліятэцы Чарнаручча я яшчэ затрымаўся б, але час ужо прыспешваў…

Спадар Гурок і іншыя

І вось мы ў сталіцы гуркоў. Ля мясцовага РДК. Ягонае месцазнаходжанне ў Шклове — лёсавызначальнае. Тут сыходзяцца ўсе дарогі і шляхі. І не толькі таму, што побач — аўтастанцыя. Дом культуры нібыта прыцягвае ўсе станоўчыя памкненні: дабрыню, талент, натхненне. На будынку — не толькі шыльда, што ўстанова культуры — узорная. Ёсць яшчэ на фасадзе вялізны бігборд, дзе ў якасці казачных герояў Лысай гары (пра творчы і фінансавы складнікі гэтага клубнага праекта мы пісалі напрыканцы мінулага года) прадстаўлены ці не ўсе супрацоўнікі РДК. Заслужаны і персаніфікаваны піяр мясцовай культуры, ды яшчэ і мясцовага вырабу. Такога мы таксама нідзе не бачылі. Вопыт — варты пераймання. Героі — яны не ў суседняй вобласці, яны побач, сярод нас…

Тут жа — скульптурная выява Гурка, побач з якой — заўжды купка цікаўных. А яшчэ праз колькі крокаў — помнік кінаакцёру і земляку Пятру Алейнікаву. Усё зроблена з любоўю і густам. Словам, ля РДК — цікава і ўтульна. Любая акалічнасць ландшафту нібыта намякае: і ў самім Доме культуры — не горш. І гэта сапраўды так.

Галіна Валозіна частуе кавай і распавядае пра сваіх улюбёнцаў — клубнікаў ды бібліятэкараў. Яшчэ на Лысай гары мы пераканаліся, што першыя не адстаюць ад другіх. Адзінаццаць мэтавікаў вучацца, шэсць у мінулым годзе адвучыліся і прыступілі да працы. Прыступілі з ахвотай, бо стаўленне да "пачаткоўцаў" самае належнае. Прымаюць гасцінна, старанна дапамагаюць адаптавацца. Вельмі красамоўны прыклад Валозіна прывяла. Адпрацавалі два маладыя спецыялісты калісьці, з’ехалі былі, паблукалі па свеце, пакаштавалі іншага хлеба і… вярнуліся. Адчуваюць сябе цудоўна. Жыллё ў інтэрнаце для такіх у Шклове — гарантаванае.

Шмат аналагічных прыкладаў і на раёне, што дакладна перадае агульную карціну ўзаемаадносін у сферы шклоўскай культуры. Усе — асобы, усе — творцы. У аграгарадок "Ордаць" прыехала малады спецыяліст Вольга Недапытальская. Далі ёй пакой у інтэрнаце. Праз час прапанавалі перайсці ў цэнтр сельсавета, у Гарадзішча, а яна адмовілася: да людзей прывыкла і не хоча развітвацца. А дзяўчына, заўважце, з Магілёва.…

Больш за тое, каб і іншыя адчулі смак самарэалізацыі, у аддзеле быў прыдуманы раённы конкурс "Кіраўнік — асоба творчая". З яго дапамогай усе даведаліся, да прыкладу, што дырэктар "Абллёна" Юрый Скараход — цудоўны спявак.

Пра кіраўнікоў-спонсараў — гаворка асобная. Галіна Алегаўна распавядае пра Рыгора Кавалёва — дырэктара СВК аграгарадка "Заходы". Ён — вялікі аматар мастацтваў, і вельмі паспрыяў у свой час, каб установы культуры былі ў раёне ў прыстойным стане. Гэта словы Кавалёва: "Хачу, каб песня над сялом лунала". У свой час паспрыяў таму, каб патрапіла ў ягоную вёску спеўная сям’я работнікаў культуры, бо гралі яны і спявалі. Дык дырэктар у першую чаргу не механізатарам дом даў, а тым работнікам культуры. Каментарыі, як кажуць, пазалішнія…

Дырэктар РДК Віялета Маськова правяла нас у глядзельную залу. Мы прайшлі па калідоры праз партрэтную галерэю мясцовых работнікаў культуры. Таксама эксклюзіў. І такой жывой сцэны мы нідзе не бачылі. Зараз усё патлумачым. Маляўнічых яркіх заднікаў, звязаных з гісторыяй раёна і прыдатных для наладжвання самых розных урачыстых дзей, на сцэне аж некалькі. І ўзнімаюцца-мяняюцца яны механічна. Такое таксама рэдка дзе пабычыш. Для афармлення сцэны ў штаце РДК — асобныя пасады. Дарэчы, гэтыя спецыялісты — і аўтары бігборда на клубным фасадзе.

Мы маглі б бясконца распавядаць і пра райбібліятэку. Пра ветлівых бібліятэкараў, пра безліч камп’ютарнай тэхнікі і фітабар, пра шматлікія праекты, звернутыя на сяло. Установа ў Чарнаруччы — хоць і адзіны, але вельмі яркі таму доказ. Маглі б. Але і так зразумела, што культура на Шклоўшчыне дзейнічае як адладжаны гадзіннік. І час на ім — самы спрыяльны для разняволенай творчасці.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Падчас кожнай вандроўкі як па Беларусі, так і за яе межамі заўсёды імкнуся наведаць мясцовыя цікавосткі, у першую чаргу, адметныя музеі — сямейныя, тэматычныя, словам, тыя, якія зроблены з душой і крэатыўнай думкай. Рыхтуючыся да камандзіроўкі па Шклоўскім раёне, для сябе пазначыў абавязкова наведаць Музей сельскагаспадарчай тэхнікі, які з’яўляецца філіялам раённага гісторыка-краязнаўчага. Даведацца пра ягоны адрас змаглі толькі ў райвыканкаме, дзе нас папярэдзілі, што ўстанова ў той дзень не працуе. А шкада! Вельмі цікава было б прасачыць за традыцыямі беларускага земляробства — ад сахі да сучаснага трактара. Застаецца спадзявацца, што гэты музей будзе мець годную рэкламу, а самае галоўнае, не аптымізуецца ці не ліквідуецца.

Будзень Гарадца

Гэтай добраўпарадкаванай вёсцы, зразумела, можа пазайздросціць іншы райцэнтр. Адмысловая вежа Цэнтра культуры, што красуецца насупраць мясцовай школкі, бачная здалёк. Гэтая ўстанова ў Гарадцы — шматпрофільная. Тут месцяцца Дом культуры, раённы Дом рамёстваў, філіял ДШМ, бібліятэка і маленькі, але багаты на аўтэнтычныя экспанаты музейчык, што фіксуе і адсочвае гісторыю вёскі ды мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, якой калісьці кіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка… Усе названыя структуры на момант нашага візіту ў аграгарадок працавалі. Мы здзівіліся б, каб было інакш.

Ды які ён, культурны будзень Гарадца? Спачатку — пра развіццё мясцовых рамёстваў. Пра гэта нам распавяла галоўная майстрыха РДР Галіна Ціханава. Аказваецца, вядучымі тут з’яўляюцца саломкапляценне, тэкстыль і выраб цацак. Галіна Іванаўна — аўтар аздаблення сукенак, што складаюць калекцыю "Зямля мая родная". Сукенкі шые метадыст установы Людміла Грачова. У калекцыі сем гатовых вырабаў, восьмая сукенка  — у працы.

Праект — эксклюзіўны і варты папулярызацыі. Кожны выраб штосьці ды сімвалізуе. Вось узыход сонейка, а вось — прыгажосць валошак. На наступных сукенках — буянне каласоў на ніве ці зараджэнне кахання ў душы. Прыгажосць, словам, — рэдкая. Не дзіва, што ўзорная студыя "Залатая саломка" вельмі запатрабаваная ў мясцовай дзятвы. Задзейнічаны тут дзясятак школьнікаў. Вырабы метадыстаў і юных рамеснікаў прадаюцца ў сувенірнай краме, прыносячы дывідэнды і майстрам, і раёну.

Хочацца адзначыць шматлюднасць у Цэнтры культуры. У час нашага візіту ў мясцовай сельскай бібліятэцы з дзясятак падлеткаў актыўна займаліся рукачыннай сувенірнай справай. У харэаграфічнай зале з тузін дзяцей — на занятках аэробікай. Пры гэтым мы нікога не папярэджвалі пра свой візіт. Вывад: гэтыя ўстановы надзвычай запатрабаваны мясцовай супольнасцю. А таму дзейнасць іх сапраўды варта пераймання. Пераймання варты і прыклад мясцовай гаспадаркі, якая актыўна дапамагае Цэнтру культуры — без гэтага ў сённяшніх рэаліях ніяк.

Пагадзіцеся, будзень Гарадца вельмі падобны на свята. Яркае ды запамінальнае. Хочацца, каб такімі святамі жылі і іншыя ўстановы культуры краіны.

(Не)лірычнае агульнае завяршэнне

З часу змены статусу аддзелаў культуры прайшло ўжо ладна часу. Можна і пэўныя вынікі падвесці. Не паўсюль яшчэ паміж новым начальнікам-ідэолагам і яго вопытным намеснікам са сферы культуры наладжаны кантакт, які агульнай справе, натуральна, — на карысць. Не заўжды мікраклімат у калектыве спрыяе таму, каб нялёгкая праца прыносіла задавальненне ды плён. Хапае і прыкладаў абыякавага стаўлення да маладых спецыялістаў. Не выключэннем застаецца і абыякавасць патэнцыйных спонсараў.

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"