Ні выніку, ні перспектыў?..

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Ці акажацца прыбытковай дыскатэка з беларускамоўных песень?
З года ў год назіраецца тэндэнцыя змяншэння колькасці ўстаноў культуры, якія праводзяць дыскатэкі — у свой час ці не найбольш прыбытковая і запатрабаваная паслуга для сельскіх устаноў культуры. Прычын таго — мноства. Гэта і міграцыя насельніцтва ў раённыя і абласныя цэнтры з вёсак, і абмежаванне часу знаходжання там непаўнагадовых наведвальнікаў, і шмат дзе састарэлая тэхніка і рэпертуар. Тым не менш сёння фармат дыскатэкі яшчэ жывы. Вось толькі пачуць музыку беларускіх выканаўцаў, не кажучы ўжо пра спевы на беларускай мове, праблема яшчэ тая. Пасля наведвання адной з дыскатэк у Шчучынскім раёне ў галоўнага рэдактара газеты “Культура” Сяргея ТРАФІЛАВА і спецыяльнага карэспандэнта Кастуся АНТАНОВІЧА з’явіліся пэўныя думкі, як гэтую справу скрануць з мёртвай кропкі.

С.Т.: — Думаю, мы пераканаліся: не бачна чаргі ахвотных ладзіць беларускамоўныя дыскатэкі ці нават дыскатэкі з уключэннем беларускамоўных трэкаў як у гарадах, так і ў вёсцы. Ні пад крылом дзяржавы, ні з боку прыватнікаў. Пад гэткія імпрэзы патрабуецца адмысловая публіка: для шырокага наведвальніка ні “Старога Ольсу”, ні “Крамбамбулю”, ні нават Тэа з ягоным “Чызкейкам” не ўключыш. Не зразумеюць…

К.А.: — А яшчэ нельга спадзявацца, што адразу ж, толькі пачаўшы справу, заробіш грошы... Але калі ўзнікае пэўная ініцыятыва, то гэта сведчанне таго, што цікавасць да яе ў грамадстве ёсць. І варта тую ініцыятыву выяўляць.

С.Т.: — Дык адна з найважнейшых праблем актыўнасці ў кірунку прасоўвання чаго б там ні было культурнага і беларускамоўнага, асабліва калі твая актыўнасць не выклікана нейкім меркантыльным інтарэсам апрыёры, як правіла, такая: у нейкі цудоўны момант пачынаеш разумець, што гэта папулярызатарская праца займае практычна ўвесь час, але не прыносіць на аматарскім узроўні ні пажаданага выніку, ні грашовых перспектыў. А выйсці на прафесійную прыступку бракуе ці то ведаў, ці то сродкаў. Не скажу нават, чаго больш. Як пішуць на платформах па зборы грошай на пэўныя праекты, краўндфаўндзінгу не патрэбны вашы “лайкі” — яму патрэбна ваша падтрымка.

К.А.: — Ствараючы пэўным праектам, тымі ж беларускарэпертуарнымі дыскатэкамі, супольнасць, і можна чакаць ад яе падтрымкі. Маю на ўвазе не спажыўцоў дыскатэчнага прадукту, а яго распрацоўшчыкаў. Мэтанакіравана абменьваючыся тымі ж дыскатэчнымі трэкамі, аналізуючы рэакцыю публікі, можна стварыць сваю мясцовую школу.

С.Т.: — Маю досвед супрацы з беларускаарыентаваным праектам, дзе нават мелася спярша падобная супольнасць, пад увагу якой ствараўся сайт, вялася дзейнасць у сацыяльных сетках. І ведаеш, запалу актыўнасці з нагоды новых форм працы хапіла ў групы энтузіястаў прыкладна на паўгода. Я да таго, што задаўшы планку ў дыскатэцы, ты пачынаеш самаўдасканальвацца і разумець: каб якасна развівацца, табе патрэбна адпаведнае абсталяванне, іншыя тэхнічныя рэчы. А вось твая публіка можа і не вытрымаць такога падыходу (ці абыходу) яе інтарэсаў.

К.А.: — Немагчыма сабе ўявіць, што беларускамоўныя дыскатэкі, як і ўсё новае, публіка адразу прыме “на ўра!”. Вядома ж, спачатку наступіць перыяд насцярожанага прыслухоўвання. Але чаму б дзі-джэю з Гродна, апроч выканання сваёй асноўнай працы па забеспячэнні якаснага ўзроўню правядзення танцавальнага вечара, не рабіць нейкі аўтарскі мікс (мо і з выкарыстаннем беларускіх кампазіцый) і не прэзентаваць яго публіцы? Гэта і эксклюзіў пэўнай дыскатэкі, і, уласна, ненавязлівая методыка ўкаранення навізны! А калі я дзі-джэй з іншага горада, дык я ж eхаплюся за такую навінку і пастаўлю яе для сваёй публікі!

С.Т.: — І аўтаматычна парушыш аўтарскія правы. Мяркую, гэта праблема ўсіх беларускіх дыскатэк у СДК і РДК, бо наўрад ці імі выкарыстоўваюцца адмысловыя версіі трэкаў з дыскаў для публічнага праслухоўвання.

К.А.: — Згодны, але ж гэта праблема тычыцца не толькі беларускай музыкі, але і сусветных хітоў. І тут толькі на дзяржаўным узроўні можна стварыць пэўную празрыстую схему з сістэмай аўтарскіх адлічэнняў. Тым больш, ужо распаўсюджана практыка пералічэння ганарараў за выкарыстанне музыкі падчас канцэртаў раённымі аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Паўтаруся, ствараючы цікавы праект, не варта спадзявацца на тое, што гэта ўмомант прынясе вялізныя грошы. Спачатку чалавек глядзіць кліпы Лэдзі Гага на тэлеканалах бясплатна, а ўжо пасля за грошы ідзе на яе канцэрт ці ў клуб, дзе тыя ж песні гучаць у танцавальнай апрацоўцы. Іншая справа, што рабіць нераскручаным беларускім выканаўцам, якія, тым не менш, валодаюць вялікім патэнцыялам?

С.Т.: — Для мяне паказальны прыклад “Песняроў”. Яны пачалі яшчэ безыменным складам у 1967-м і за тры-чатыры гады сталі вельмі папулярнымі. Беларускія праекты такі тэрмін у нашых рэаліях могуць і не працягнуць. Думаю, калі праект адразу не змог раскруцціцца, нічога з яго не атрымаецца і ў будучыні.

К.А.: — Але ж былі ў гісторыі тыя ж “АВВА”, “Queen”. Каб стаць знакамітымі, ім давялося працаваць куды больш. Не аднойчы яны былі на мяжы распаду. Тым не менш сёння іх ведаюць мільёны. Ды размова не пра тое. Мяркую, няма нічога заганнага пачынаць якраз з дыскатэк. І варыянт, калі беларускія музыканты прадастаўляюць трэкі на бескаштоўнай аснове дзі-джэям, зусім не ўтапічны. Зараз на айчынных радыёстанцыях устаноўлена пэўнае абмежаванне: творы беларускіх аўтараў і выканаўцаў павінны займаць не менш за 75 працэнтаў ад агульнага часу гучання музыкі. А ці ёсць такія ўмовы для дыскатэк?

С.Т.: — Вядома, няма. З улікам таго, што дыскатэкі і так наведвае не так шмат людзей, з рознага кшталту абмежаваннямі іх увогуле перастануць наведваць.

К.А.: — Я ж не кажу, што сёння трэба любымі сродкамі зрабіць так, каб на дыскатэках гучала выключна беларуская музыка. Але ўстанаўленне пэўнага, спачатку невялікага, працэнта абавязковага гучання айчыннага музычнага прадукту магло б стаць стымулам для развіцця.

С.Т.: — Добра, тады давай уявім, песні якога з айчынных выканаўцаў у танцавальнай апрацоўцы будуць пасаваць дыскатэцы? Большасць нашых песень маюць моцнае патрыятычнае гучанне, а для дыскатэкі трэба нешта вясёлае, з тэмай кахання, нейкім прыколам.

К.А.: — Літаральна пару гадоў таму расійскія “Буранаўскія бабулі” са сваёй аўтэнтыкай былі надзвычай папулярнымі, у тым ліку на дыскатэках.

С.Т.: — Менавіта таму, што ў іх быў той самы прыкол.

К.А.: — А што перашкаджае апрацаваць у адпаведным рэчышчы песні любанскіх ці столінскіх бабуль? І няхай сабе гэта будзе эксперыментальнай творчасцю — мяркую, толькі так можна даведацца пра сапраўдную рэакцыю публікі. Прыгадаем тую ж песню “Турысты” — яна гучала і ў сталічных клубах, і на сельскіх дыскатэках.

С.Т.: — У любой песні мусіць быць “фішка”, “хук”. З адносна свежых прыкладаў вылучу “Чызкейк” Тэа. Такую песню можна з поспехам круціць і на дыскатэках. Згадваецца і рэмікс на песню “Верасоў” “Белы снег” — вельмі добрая праца. Яго б яшчэ трохі дапрацаваць “на месцы”, на жаль, прыхаваўшы беларускасць, і будзе надзвычай папулярны прадукт. Так-так, на жаль, сёння беларускасць у песнях даводзіцца перасоўваць на другі план, ці, скажам так, не выпячваць, бо многія маюць пэўныя стэрэатыпы адносна якасці айчыннага музычнага прадукту. Вось чаму трэба змагацца з сітуацыяй, калі музыка на беларускай мове з’яўляецца не глабальнай, а, так бы мовіць, “сегментарнай”. “Сябры” Ярмоленкі, прыкладам, практыкуюць стварэнне двух варыянтаў адной песні — на беларускай і рускай мовах. Мо варта і іншым выканаўцам асвоіць такую практыку?

К.А.: — Ёсць прыватная ініцыятыва, той жа праект “Тузін. Перазагрузка”, калі папулярныя песні беларускіх і нават замежных выканаўцаў, у тым ліку ўдзельнікаў “Еўрабачання” перакладаюцца на беларускую мову. Песні набываюць новае гучанне і ў большасці выпадкаў пачынаюць нават лепш успрымацца.

С.Т.: — Праблема ў тым, што гэтыя песні практычна не выкарыстоўваюцца айчыннымі FM-радыёстанцыямі. Магчыма, таму, што іх перакладаюць літаратары, а не самі выканаўцы. У выніку паэтычнасць пераважае над зместам і музыкай. Іншы прыклад — песня “Глядзі” гурта “J:Морс": яна стала больш папулярнай за ўласны рускамоўны варыянт. Яшчэ адзін нюанс — больш-менш вядомыя айчынныя спевакі, якія маюць рэпертуар на беларускай мове, у сваёй большасці не жадаюць падстройвацца пад нейкія там дыскатэчныя фарматы. Яны маюць публіку, і гэтага ім цалкам дастаткова.

К.А.: — У такім выпадку, мяркую, мае быць зваротная сувязь. Калі айчынныя спевакі адчуюць, што могуць скласці канкурэнцыю замежным выканаўцам, дык неўзабаве ўключацца ў барацьбу за ратацыю на дыскатэках. Павінна з’явіцца мода не толькі на вышыванкі, але і на беларускую клубную музыку.

С.Т.: — Кожны год у нас у краіне рэалізуюцца разнастайныя маладзёжныя праекты, у тым ліку, намаганнямі БРСМ. Чаму б гэтай арганізацыі з найшырокімі прадстаўніцтвамі па ўсёй краіне не абвесціць агульнарэспубліканскі конкурс на лепшы рэмікс для дыскатэкі, створаны на аснове песні на беларускай мове? А пераможцы атрымаюць магчымасць адыграць свой сэт на вялікай сталічнай пляцоўцы.

К.А.: — А, скажам, 15 трэкаў пераможцаў запісваюцца на кампакт-дыск, які рассылаецца па ўсіх раёнах краіны. Паралельна можна б і абласным метадычным цэнтрам зладзіць павышэнне кваліфікацыі дзі-джэяў.

С.Т.: — Цікава было б для эксперыменту паспрабаваць далучаць да дыскатэк саміх выканаўцаў сапраўдных хітоў — песень “Турысты”, “Тры чарапахі” ці нават “Касіў Ясь канюшыну”. Можна арганізаваць канцэрт з фрагментамі дыскатэкі.

К.А.: — Мы маем выдатны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Арганізатары маглі б зладзіць адмысловыя выступленні выканаўцаў у сельскіх установах культуры  — у фармаце дыскатэк. Адзіная ўмова — спевакі мусяць падрыхтаваць па аднаму рэміксу на сваю песню.

Атрымліваецца, што варыянтаў выкарыстання беларускай музыкі на дыскатэках маецца не так і мала. Галоўнае, мяркуем, каб не было гвалту ды прымусу ў адносінах да дзі-джэяў і зацікаўленасць з боку аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама метадычных устаноў. Яскравы прыклад, на які звярнулі ўвагу пры падрыхтоўцы матэрыяла: выданне Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, які ў свой час выпусціў дапаможнік “Беларуская музыка ў праграмах дыскатэк і клубных вечароў”…