Дыскусійна?

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Сёння людзі прагнуць жыцця не толькі зручнага, але і прыгожага. Каб не толькі функцыянальна арганізавана, але і эстэтычна аздоблена ўсё было. І тычыцца гэта не толькі прыватнай прасторы, жытла, але і грамадскага абшару: вуліцы, горада, краіны. А вось ці адпавядае эстэтыка навакольнага асяроддзя нашым патрэбам? І як яно, гэта асяроддзе, фарміруецца?

/i/content/pi/cult/572/12564/4-28.jpgУлады горада на 1000-гадовы юбілей абласной сталіцы вырашылі ўпрыгожыць ягоны цэнтр мастацкім кавальствам, не скарыстаўшы пры гэтым ні капейкі з гарадскога бюджэту.

Пра гэта я задумаўся ў Брэсце. Прадпрыемствам, установам і прыватным асобам было прапанавана зрабіць падарунак роднаму гораду — усталяваць за свае сродкі іменныя каваныя ліхтарні — адначасова дэкаратыўна-паркавыя скульптуры і асвятляльныя прылады. Акрамя таго, яны з’яўляліся б своеасаблівай рэкламай, занатаванымі ў метале згадкамі пра дабрачыннасць дарыцеля. Грамада адгукнулася на ўладную ініцыятыву. За некалькі апошніх гадоў на брэсцкіх вуліцах з’явіліся дзясяткі гэтых твораў. Ёсць сярод іх рэчы вельмі густоўныя, ёсць так сабе. Не вонкава, але сутнасна ліхтарні нагадваюць папулярныя ў мінулых стагоддзях камінныя гадзіннікі — настольнага фармату самадастаковыя скульптурныя кампазіцыі, часам даволі складаныя, у якія ўплішчваўся круглы цыферблат. Брэсцкія каваныя ліхтарні — гэта найперш скульптурная пластыка, да якой у немалой колькасці выпадкаў асвятляльная функцыя “прышпілена” механічна. Часам гармонія, сінтэз не атрымаліся. Гэта адваротны бок адыходу дзяржавы ад фінансавання задуманага мясцовымі ўладамі праекта, бо, як кажуць, даранаму каню ў зубы глядзець не прынята.

Мяркуючы па тым, што пішуць пра тыя ліхтарні ў Сеціве, брэстчане імі ганарацца, ды і госці горада ўспрымаюць станоўча. Маўляў, доўгі час горад знаходзіўся ў цэню славутай крэпасці, а вось у Брэсце з’явілася нешта новае — адметнае. Збольшага з гэтай тэзай згодны і я. Але, як кажуць, лепшае — вораг добрага. Зноў жа, няма мяжы дасканаласці.

На маю думку, зараз варта было б правесці ў нашых гарадах прафесійную экспертызу ўсяго мастацкага кавальства, што з’явілася апошнім часам, і выпрацаваць эстэтычныя крытэрыі на перспектыву. Каб не было такога, што аздабляць пэўны горад на свой капыл можа кожны, хто мае грошы.

Тое, што патрэба ў такой экспертызе наспела, мяне пераканала манументальных памераў кампазіцыя з металу на пероне вакзала, убачаная ў час нядаўняга наведвання Брэста. Яна складаецца з указальніка кірункаў, з цягніка, які спаўзае з закругленай дарогі, самотнага паравоза, што нібыта спыніўся ля краю, з фігуры дзяўчыны, выкананай у стылістыцы, не надта адпаведнай вобразу вытанчанай паненкі памежжа мінулага і пазамінулага стагоддзяў, яе багажа і лаўкі, чыю большую частку дзяўчына і займае. Мне падумалася, што такім мог бы быць помнік пасажырам, якім з нейкіх прычын не давялося даехаць з пункта “А” ў пункт “В”…

У нечым агрэсіўная пластыка кампазіцыі рэзка кантрастуе з класіцысцкай архітэктурай вакзала. А вакзал гэты — адзін з лепшых узораў пабудоў такога роду у савецкім дойлідстве, шэдэўр сталінскага ампіру і, фактычна, яшчэ адзін сімвал горада. Для кожнага скульптара было б за гонар “засвяціцца” на такім тле! А мо гэта той выпадак, калі не варта быць “паліткарэктным”? Калі-нікалі трэба ўмець казаць “Не!” Урэшце, усё дыскусійна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"