Пачынаючы з фотавыставы…

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Год культуры Гомельскі абласны драматычны тэатр распачаў фотавыставай “Палітра вобразаў выдатных” да юбілею народнай артысткі Беларусі Людмілы Корхавай. Прэзентацыя адбылася ў абласным музеі фатаграфіі.

/i/content/pi/cult/572/12562/3-1.jpgЛюдміла Корхава на адкрыцці выставы.

У экспазіцыі прадстаўлены здымкі з уласнага архіва артысткі, сярод якіх — ейныя партрэты школьных і студэнцкіх гадоў, кадры са знакамітых спектакляў з удзелам актрысы, сямейная хроніка і яркія моманты жыцця. Акрамя здымкаў, наведвальнікі ўбачылі сцэнічныя касцюмы Людмілы Канстанцінаўны.

Нарадзілася яна ў Чачэрску. Па заканчэнні Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута працавала дыктарам на Беларускім тэлебачанні. Аднак жыццёвыя дарогі вялі Корхаву на сцэну. Таму ў 1968-м Людміла вяртаецца ў Гомель, каб пачаць працу ў Рускім драматычным тэатры (зараз — Гомельскі абласны драматычны). Першая роля — студэнтка ў п’есе “Дзесяць дзён за каханне”. А за ёй — больш за сорак гадоў служэння драматычнаму мастацтву, любоў і захапленне гледачоў, стаўленне да яе як да музы з боку рэжысёраў, уганараванне шматлікімі тэтральнымі прэміямі, дзясяткі дыпломаў, званне народнай артысткі Беларусі. Таксама Людміла Канстанцінаўна — ганаровы жыхар Чачэрска і ўладальніца медаля Гомельскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы за захаванне духоўных традыцый горада.

Фотавыстава “Палітра вобразаў выдатных” — першае з мерапрыемстваў, якімі драмтэатр будзе здзіўляць гамяльчан ў Год культуры. У хуткім часе адбудзецца прэм’ера спектакля “Дзядзькаў сон” у пастаноўцы Лідзіі Манаковай. У галоўнай ролі, дарэчы, Людміла Корхава.

Агата СОЛЬСКАЯ

Фота Дзмітрыя НЕБЯРАВА