“Алімпійская зборная” па-музычнаму

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Сёння ў выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — размеркаванне. У Прэзідэнцкі аркестр Беларусі накіраваны пяцёра музыкантаў на чале з... цяперашнім дырыжорам Віктарам Бабарыкіным — ён таксама заканчвае сёлета БДАМ, праўда, ужо ў другі раз. Скончыўшы ў 2002 годзе аркестравы факультэт, а праз год — магістратуру і атрымаўшы кваліфікацыі выканаўцы, выкладчыка, дырыжора, зараз ён завяршае навучанне па спецыяльнасці оперна-сімфанічнага дырыжыравання.

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — размеркаванне. Паводле статыстыкі, гэтую вышэйшую навучальную ўстанову заканчваюць сёлета 208 чалавек, прычым з улікам філіялаў ва ўсіх абласцях. Філіялы забяспечваюць свае рэгіёны кадрамі “на месцах”, рыхтуюць іх спакваля, пачынаючы з малодшага і сярэдняга звёнаў: “чужы” праз два гады можа і з’ехаць, а свой — застанецца назаўсёды. У Мінску ж рыхтуюць папраўдзе музычную эліту. І тым самым праводзяць, гаворачы на мове эканомікі, палітыку “імпартазамяшчэння”: найперш сваімі выпускнікамі, а не запрошанымі з-за мяжы музыкантамі, падтрымліваюць і развіваюць надалей прызнаны ў свеце высокі ўзровень нацыянальнай акадэмічнай культуры.

Пра запатрабаванасць нашых музыкантаў красамоўней за ўсё гавораць лічбы. У тры вядучыя дзяржаўныя аркестры Беларусі размеркавана пятнаццаць выпускнікоў: у Прэзідэнцкі, Нацыянальны канцэртны і сімфанічны Беларускай оперы. Яшчэ шасцёра — у аркестр Белтэлерадыёкампаніі і духавы аркестр “Няміга”. Двое запрошаны салістамі ў Беларускую оперу, адзін— у філармонію. Пагадзіцеся, для такіх месцаў працы проста дыплома — замала: балазе, за плячыма ў кожнага з гэтых і многіх іншых выпускнікоў БДАМ — званні лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных конкурсаў, багатая канцэртная практыка і... непасрэдная праца ў калектывах, куды яны і размяркоўваюцца.

Размеркаваная ў Беларускую оперу Алена Золава-Гаўрыльчык (клас дацэнта Ірыны Шыкуновай) днямі гастралявала ў Польшчы, некалькі месяцаў таму— у Расіі, у тым ліку ў Маскве, прычым з асветніцкай праграмай “Чатыры стагоддзі беларускай музыкі”. У Беларускую оперу размеркаваны і дырыжор Андрэй Іваноў (клас дацэнта Пятра Вандзілоўскага), які стажыраваўся там ужо некалькі гадоў (дарэчы, менавіта ён выступаў дырыжорам-пастаноўшчыкам нядаўняй эксперыментальнай прэм’еры “Бах… Кава… Джаз…”). У Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Беларусі імя І.Жыновіча працягне працу яшчэ адзін сёлетні выпускнік-дырыжор Аляксандр Высоцкі (клас дацэнта Мікалая Калядкі), які ўжо падрыхтаваў з гэтым калектывам некалькі самастойных праграм.

Выдатны піяніст Павел Кашчэва (клас прафесара Валерыя Шацкага) будзе выкладаць у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.Глінкі, знакаміты гітарыст Павел Кухта (клас дацэнта Яўгена Грыдзюшкі) — у каледжы мастацтваў. Спіс можна доўжыць і доўжыць, бо імя літаральна кожнага выпускніка БДАМ даўно ўжо на слыху аматараў музыкі.

Мінуў той час, калі слова “размеркаванне” азначала для музыкантаў крок у невядомасць: пра месца будучай працы большасць даведвалася толькі непасрэдна пад час сустрэчы з камісіяй, і да кожнага, хто ўжо зрабіў выбар, чарга пад дзвярыма кідалася з двума пытаннямі: “Ну, куды?” і “Якія месцы засталіся?”. Цяперашнія выпускнікі робяць выбар куды больш асэнсавана. Дый установы культуры маюць магчымасць не атрымліваць “ката ў мяшку”: усё ж вучнёўства і самастойная творчасць — рэчы розныя. Абодва бакі прыглядаюцца адно да аднаго часта на працягу некалькіх гадоў.

Увогуле ж да таленавітых музыкантаў гэтая прыглядка пачынаецца яшчэ з дзяцінства. Дапамагаюць гэтаму і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, і супрацоўніцтва навучальных устаноў з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй, на сцэне якой пастаянна выступаюць лепшыя юныя музыканты. Ды не толькі выступаюць, але і саліруюць з выдатнымі аркестрамі, з маленства ўсур’ёз засвойваючы складнікі сваёй прафесіі. Да прыкладу, сярод леташніх выпускнікоў БДАМ, якія сёлета ўжо заканчваюць магістратуру,— такія вядомыя ў нас і ў далёкім замежжы зоркі, як піяніст Аляксандр Музыкантаў (клас прафесара Зоі Качарскай), скрыпач Арцём Шышкоў (клас дацэнта Эдуарда Кучынскага). Яны яшчэ пад час свайго навучання ў Рэспубліканскім каледжы пры БДАМ давалі фору на конкурсах куды больш старэйшым за сябе музыкантам. Летась А.Музыкантаў быў размеркаваны салістам сталічнай філармоніі, А.Шышкоў — выкладчыкам згаданага каледжа, абодва сумяшчалі працу з навучаннем у магістратуры, пастаянна выступалі на самых розных канцэртных пляцоўках.

29 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі чарговы раз выступіць размеркаваны сёлета ў гэтую канцэртную ўстанову лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Аляксандр ПАЛЯКОЎ. Ён пакажа сябе і як саліст, і як удзельнік фартэпіяннага дуэта (з Юліяй Архангельскай), і як канцэртмайстар (з альтысткай Аленай Канапелькай), і як аўтар уласнага пералажэння “Рапсодыі ў стылі блюз” Дж.Гершвіна.

Усё гэта стане своеасаблівым “музычным дарам”, бо канцэрт прысвечаны памяці цудоўнай выкладчыцы Ірыны Цвятаевай і адбудзецца акурат у дзень яе нараджэння. Аляксандр можа лічыцца яе “творчым унукам”, нашчадкам яе “педагагічнай дынастыі”, бо вучыцца ў класе прафесара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Юрыя Гільдзюка, які ў сваю чаргу быў вучнем І.Цвятаевай.

— Усіх выхаванцаў Юрыя Мікалаевіча, — кажа Аляксандр,— яднае знакамітая школа найвыдатнага расійскага піяніста Канстанціна Ігумнава, перанесеная на беларускую глебу праз Ірыну Цвятаеву. І гэты канцэрт — толькі маленечкая часцінка таго, што мы павінны былі б зрабіць у яе гонар.

— Пра Ірыну Цвятаеву вам расказваў выкладчык?

— Так, мы шмат размаўляем з ім пра гісторыю музыкі, выдатных музыкантаў, у тым ліку з замежжа. Тым больш, што многіх яму, як мастацкаму кіраўніку Беларускай дзяржаўнай філармоніі, давялося ведаць асабіста. Юрый Мікалаевіч цікавы найперш як творчая асоба. Здараецца, заходжу да яго ў філармонію позна ўвечары, а ён найновыя запісы слухае,— пачынаем слухаць разам, абмяркоўваем. І не толькі ўласна выкананне, але і самі кампазіцыі, часта эксперыментальныя. Дый падчас заняткаў ён умее стварыць добрую атмасферу, настроіць на пазітыў. І не проста перадае веды, а вядзе раскаваны дыялог на роўных, бо ставіцца да студэнтаў не як да вучняў, а як да сваіх калег, хай і малодшых. Ну, а “старэйшай суразмоўніцай” заўсёды аказваецца музыка — нават тая, што напісана літаральна сёння. Юрый Мікалаевіч вучыць шукаць разгадкі ў ёй самой — у залежнасці ад эпохі, стылю, асаблівасцей кампазітарскага мыслення. А для гэтага патрэбна не толькі піяністычная тэхніка, але і той глабальны досвед у сусветнай мастацкай культуры, якім ён валодае. Пра ўсё гэта, дарэчы, я пішу ў сваёй дыпломнай працы, прысвечанай творчай і педагагічнай дзейнасці Юрыя Гільдзюка…

Выкананне Аляксандра Палякова, як можна было заўважыць па яго шматлікіх выступленнях, уключаючы нядаўні студзеньскі канцэрт у філармоніі, вылучаецца нейкім асаблівым услухоўваннем у кожную нотку — мабыць, тым, што называецца культурай гучання. Дарэчы, менавіта прыгажосць гукавой ауры зачароўвала і ў ігры Андрэя Паначэўнага — таксама выхаванца Ю.Гільдзюка, які стаў лаўрэатам найпрэстыжнага конкурсу імя П.Чайкоўскага. Юрый Мікалаевіч і дасюль перажывае, што калі ў будынку філармоніі ішоў рамонт, не было магчымасці прадаставіць піяністу сусветнага ўзроўню годныя ўмовы працы, і той з’ехаў за мяжу. Але ў апошні час сітуацыя змянілася: за тры мінулыя гады ў адноўленую Беларускую дзяржаўную філармонію было размеркавана больш чым 40 маладых музыкантаў, у тым ліку дамрыстка Наталля Корсак, баяніст Павел Неўмяржыцкі.

Значна “памаладзела” і трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. Сёлета яе папоўніць тэнар Ілля ГОЎЗІЧ, які сумяшчаў навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі са стажорствам у тэатры. Яго дыпломным спектаклем стане “Пікавая дама” П.Чайкоўскага ў опернай студыі БДАМ, дзе ў другой палове мая ён выканае найскладаную партыю Германа. Летась у “Кармэн” Ж.Бізэ, пастаўленай у той жа опернай студыі, яго можна было чуць у партыі Хазэ. У яго творчым партфелі таксама — Альфрэд з “Травіяты” Дж.Вердзі. А яшчэ — тры лаўрэацтвы на прэстыжных міжнародных конкурсах: “Bella voce” (Масква, 2006), “Iuventus Canti” (Славакія, 2007), “Karlovy Vary” імя А.Дворжака (Чэхія, 2007). І гэта прытым, што сольнымі спевамі ён пачаў займацца зусім нядаўна. Як харавік скончыў Рэспубліканскі музычны каледж пры БДАМ, потым чатыры курсы самой Акадэміі музыкі — таксама па класе харавога дырыжыравання. І толькі потым перавёўся на аддзяленне сольных спеваў — у клас да народнага артыста Беларусі, прафесара Пятра Рыдзігера.

— Зараз ва ўсім свеце назіраецца такая тэндэнцыя, — аспрэчыў Ілля мае назіранні наконт “унікальнасці” яго творчага лёсу. — У вакал прыходзяць людзі, так бы мовіць, не “ад сахі”, а тыя, хто ўжо мае добрую музычную адукацыю. Мой выкладчык, дарэчы, заканчваў знакаміты інстытут імя Гнесіных у Маскве па дзвюх спецыяльнасцях: не толькі як вакаліст, але і як піяніст. І быў, між іншым, лаўрэатам Міжнароднага фартэпіяннага конкурсу імя Шапэна. Дый і цяперашнія нашы салісты Таццяна Траццяк і Таццяна Гаўрылава былі піяністамі, пэўны час нават працавалі канцэртмайстрамі ў нашым тэатры, паралельна займаючыся вакалам. Людміла Лазарчык-Сахацкая скончыла нашу Акадэмію музыкі як музыказнаўца і толькі потым — як вакалістка. На харавым дырыжыраванні спачатку вучыўся Ілля Сільчукоў.

— А перавучвацца не даводзіцца? Усё ж спевы ў хоры і сольнае выкананне цэнтральных оперных партый патрабуюць зусім рознага гучання: там трэба злівацца ў адзін голас з астатнімі, а тут — выходзіць на першы план.— Пётр Васільевіч якраз звяртае на гэта вялікую ўвагу, выхоўвае псіхалагічныя якасці саліста, вучыць быць упэўненым на сцэне. І на ўласным прыкладзе паказвае, што цяперашнім вакалістам, як і прадстаўнікам іншых спецыяльнасцей, трэба мець не толькі добрую школу, але і шырокую агульную эрудыцыю. Гэта дапамагае не толькі хутка завучваць новы музычны матэрыял (ці можна ўявіць, каб тыя ж драматычныя акцёры вывучвалі свае ролі выключна “на слых”, не могучы самастойна прачытаць усю п’есу?). Гэта дае магчымасць шукаць сваю ўласную інтэрпрэтацыю. Нельга ж усё жыццё абапірацца адно на падказкі педагога, рэжысёра, дырыжора, канцэртмайстра — трэба шукаць і свае падыходы, разумець стылістыку твора, гісторыю яго напісання, ведаць эпоху, іншыя асаблівасці. Таму я вельмі ўдзячны каледжу і акадэміі, што змог атрымаць у іх увесь гэты неацэнны досвед. У нас жа што ні выкладчык — унікальная творчая асоба! У каледжы асабліва шмат мне даў Уладзімір Валер’евіч Глушакоў— выключны дырыжор і педагог, выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, патомны музыкант, бацька якога быў салістам Беларускай оперы. У Акадэміі музыкі я сутыкнуўся з Ганнай Паўлаўнай Зелянковай— выхаванкай ленінградскай школы, якая яшчэ да знакамітага Віктара Роўды 8 гадоў кіравала Хорам радыё і тэлебачання, а потым паўстагоддзя выкладала ў кансерваторыі. Сярод яе самых “зорных” вучняў — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча Міхась Дрынеўскі, былы і цяперашні галоўныя хормайстры Беларускай оперы Аляксей Кагадзееў і Ніна Ламановіч, безліч хормайстраў і выкладчыкаў па ўсёй рэспубліцы. Між іншым, яна паводле сваёй першай адукацыі — музыказнаўца, таму, мабыць, і дае надзвычай грунтоўныя, максімальна сістэматызаваныя веды, навучае самастойна думаць і прымяняць усё гэта на практыцы. А колькі мне далі рэжысёр опернай студыі Ігар Леанідавіч Берынаў, канцэртмайстар Ала Міхайлаўна Галкіна — пералічваць трэба ўсіх!..Размеркаванне, абмеркаванне, меркаванне, памяркоўны… Сама этымалогія гэтых слоў у беларускай мове сведчыць не пра хуткі падзел, а пра няспешны працэс абдумвання. Менавіта па такім шляху рухаецца сёння дзяржаўнае размеркаванне.

Лёс маладых спецыялістаў, а разам з імі і нацыянальнай культуры вырашаецца не спантанным росчыркам пяра, а пастаянным дзяржаўным клопатам пра таленавітую моладзь. Бо ўсе цудоўна разумеюць: наўрад ці мэтазгодна пасылаць сваіх алімпійскіх чэмпіёнаў выкладаць фізкультуру ў сельскіх школах, а для нацыянальнай зборнай “прыкупляць” спартсменаў з-за мяжы.

Так і ў музыцы: у кожнага — свая сфера, свае функцыі. Галоўнае — каб кожны быў на сваім месцы і выконваў свае абавязкі прафесійна і з творчай ініцыятывай.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ Фота Юрыя ІВАНОВА