Можна вас на кракавяк?

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Заўжды з прыязнасцю згадваю аграгарадок “Козенкі”, што непадалёк ад Мазыра. Тут дзейнічае не толькі шыкоўны эколага-культурны цэнтр, пра крэатыў супрацоўнікаў якога я шмат пісаў на старонках “К”. Ёсць яшчэ не менш цікавы РДК, якім з 1988 года кіруе Мікалай Туравец — пераможца, між іншым, леташняга абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства. Калі Мікалай Васільевіч бывае ў Мінску, завітвае да нас у рэдакцыю. І заўжды “частуе” нас цікавымі навінамі.

Гэтым разам гаворка пайшла пра “Вясковую хату”. Але без пэўнай перадгісторыі тут проста не абысціся. У тутэйшым Доме культуры ёсць эстрадна-бальны калектыў “Шанц”, у якім дзеці займаюцца з чатырох гадоў. Танцоры калектыву сталі лаўрэатамі леташняга рэспубліканскага агляду-конкурсу, што праходзіў у Мінску. Мамы не захацелі адставаць ад сыноў ды дачок і разам з імі выступілі ўжо ў некалькіх канцэртных праграмах. Цяпер арганізаваны сумесныя рэпетыцыі бацькоў і дзяцей.

Славіцца ў РДК і народны ансамбль народнай музыкі “Радуніца”. Да слова, калектыў стаў на Гомельшчыне першаадкрывальнікам так званага змяшанага жанру. У рэпертуары “Радуніцы” — песні і музыка мясцовага краю, іншых раёнаў, абласцей ды краін, а таксама — танцы. І выступае “Радуніца” так, што ногі самі танчаць. “Аднойчы прыйшла 84-гадовая бабуля з кавенькай, — расказаў Туравец. — Паслухала наша гучанне, адклала ў бок тую кавеньку і ў скокі так пусцілася, што маладыя пазайздросцілі!”

Інакш кажучы, у Козенках неяк спакваля і нечакана распачаўся танцавальны бум. Дырэктару мясцовага РДК Мікалаю Тураўцу засталося толькі скіраваць працэс у патрэбнае рэчышча. Так з восені і ўзнікла імправізаваная “Вясковая хата”. Кожную суботу танцавальная зала РДК аздабляецца ручнікамі, вышыванкамі, посцілкамі. Танцавальная вечарына пачынаецца ў 18.30 і доўжыцца да 21-й гадзіны. Гучыць толькі жывая музыка: баян, гармонік, барабан, цымбалы, кантрабас.

Госці “Хаты” — усе ахвотныя. Танцоры ў асноўным дарослыя, векам ад 50 да 70 гадоў. “Па серадах, — працягвае дырэктар РДК, — распачалі для іх своеасаблівыя танцавальныя курсы”. Але і маладыя завітваюць у “Вясковую хату” ўсё часцей. Не дзіва: на непадманныя эмоцыі сёння — востры дэфіцыт. Пачалі прыходзіць на рэпетыцыі па серадах, завітваюць, натуральна, і на суботнія танцы. Словам, не адстаюць!

Сцэнарыяў у мерапрыемства няма. Усе ўжо ведаюць, што цягам вечара можна і патанчыць, і паназіраць за танцорамі, і па чарзе штосьці праспяваць, прачытаць верш ці байку. А калі граеш на гармоніку, калі ласка: можна і тут прадэманстраваць выканальніцкі талент. Танцы, у асноўным, старадаўнія: кракавяк, карапет, падыспань, нарэчанька, полька, вальс…

Зразумела, атмасфера ў “Вясковай хаце” — самая спрыяльная для нязмушанага раскрыцця ўласных магчымасцяў. Таму на танцы прыходзяць ужо не толькі з Козенак, але і з іншых вёсак раёна ды з Мазыра.

Вось так арыгінальныя творчыя праекты і ўзнікаюць. На першы погляд — з нічога. Пры больш дасканалым разглядзе разумееш: не, каб не “Шанц” з “Радуніцай”, ніякіх прычын для “пабудовы” “Вясковай хаты” і не з’явілася б. А з нічога толькі нічога і атрымліваецца.

Штосьці вельмі ў Козенкі захацелася. Сапраўды, даўно там не быў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"