Свавольны перамантаж не паводле аўтара

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Ці рэжуць па жывым, ці расцягваюць да хранаметражу...
Першапраходцамі ў сумнай справе "рэзаць па жывым" мультыплікацыйныя фільмы было тэлебачанне. Але ў наш час, калі апрыёры ставіцца аўтарскае права і воля аўтара, такія дзеі выглядаюць, прынамсі, недарэчна. Іншая справа — фармат, але ён нярэдка апынаецца па-над творчай задумай...

/i/content/pi/cult/572/12551/4-1.jpgСапраўды, за савецкім часам у праграмах накшталт “Калыханкі” і “Спокойной ночи, малыши” на анімацыйную стужку пасля ўсіх рэпрыз з мядзведзікам Топам альбо Хрушам і Сцяпашкам заставалася хвілін пяць. Стужка магла мець большы хранаметраж, і тады рэдактары без аніякіх дакораў уласнага сумлення проста адсякалі “лішняе”. На думку рэжысёра-аніматара, дацэнта кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Тумелі, гэтым была закладзена першая міна пад стаўленне да волі аўтара ў анімацыйнай стужцы. Зараз жа мультыплікацыя ўсё часцей становіцца ахвярай свавольнага перамантажу тэлевізійшчыкаў ды пакутуе ад межаў, што вызначаюцца навязанымі тэлефарматамі.

Мінус кадр у тэлекарму

У масавым усведамленні мастацтва, прызначанае дзецям, знаходзіцца, на жаль, дзесьці на мяжы не зусім сур’ёзнага, недастаткова важкага. Узяць хаця б становішча з дзіцячымі тэатрамі, якія з савецкіх часоў атрымлівалі меншае фінансаванне ў параўнанні з “дарослымі” калектывамі, а іх артысты — заробак, меншы за калег. З анімацыйным кіно, на жаль, тая ж гісторыя: некаторым падаецца, што можна ўлезці ў стужку з перамантажом, маўляў, непаўналетняя аўдыторыя не заўважыць нестыкоўкі. Я ўжо не кажу пра відавочнае: такі гора-рэдактар забывае, што фільм з’яўляецца цэласным аўтарскім творам — інакш кажучы, інтэлектуальнай уласнасцю…

— Як я высветліў, тэлеканалы купляюць фільмы з правам перамантажу, — тлумачыць сітуацыю Міхаіл Тумеля. — Звычайна гэта робіцца, каб купіраваць сцэны насілля, іншыя непажаданыя для трансляцыі моманты. Такім чынам, тэлевізійшчыкі маюць сваёй мэтай узняць парог допуску гледача да свайго прадукту. Але ў дзіцячым фільме, які ўжо атрымаў класіфікацыю +0 альбо +6, сцэн згаданага кшталту па вызначэнні не будзе!

Рэжысёры ўжо прызвычаіліся да такой хітрасці, як паскоранае пракручванне цітраў, маўляў, каму патрэбна, няхай у запісе на паўзу ставіць і чытае. Хоць, па вялікім рахунку, гэта таксама парушэнне закону аб аўтарскім праве… Але нядбайныя тэлерэдактары часам ідуць далей, трактуючы права на перамантаж на сваю карысць.

Нядаўна ў аднаго такога супрацоўніка не стыкаваліся часткі эфіру і, каб умясціцца ў зададзеныя межы, ён… павыразаў шэраг кадраў з пазначанай ў сетцы яго канала новай японскай стужкі “Чабурашка” (адзін з мастакоў у гэтай карціне — Міхаіл Тумеля)! Пад нажніцы не патрапіў папулярны баявік ці трылер, бо фанаты вялікага кіно адразу ўзнялі б “хвалю”. Мультыплікацыйныя стужкі крыху менш ведаюць не без недарэчнага: “Калі для дзяцей, то апрыёры несур’ёзна”. Вось анімацыя і становіцца пакутнікам…

Скрыні зніклі, а стандарт?

Калісьці стандарты мелі тэхнічнае тлумачэнне. Як распавёў спадар Тумеля, у эпоху плёначнага кіно адна частка фільма павінна была мець памер каля 385 метраў (прыкладна 10 хвілін) — такі аб’ём рулона плёнкі змяшчаўся ў металічнай скрыні з разлікам на тое, каб паміж ім і каробкай яшчэ мог зайсці палец кінамеханіка.

Зразумела, ніхто не забараняў рабіць фільмы з некалькіх частак. Дарэчы, праблем з пракатам з-за “рознафарматнасці” не ўзнікала. Стужкі рознай працягласці і тэматыкі (побач маглі стаяць дыдактычная карціна і авангардны твор з краін сацлагера) аб’ядноўваліся для шырокага пракату ў мультзборнікі. Мой суразмоўца памятае тыя паказы з дзяцінства: іх круцілі ў сталічных і вясковых кінатэатрах. Цікавы фармат заспела і я. Але на пачатку новага стагоддзя мультзборнікі практычна зніклі з пракату, рэдкія спробы сталічных кінатэатраў стварыць нешта падобнае праходзяць амаль незаўважанымі большасцю мінчан. Можа, таму пытанне да айчынных аніматараў “А дзе пабачыць вашы фільмы?” якое дзесяцігоддзе застаецца актуальным…

Здавалася б, найноўшыя тэхналогіі павінны былі ліквідаваць праблему стандарту. А вось і не. Лічбавыя стужкі трапілі ў пастку жорсткай лінейкі тэлевяшчання. “Як я разумею, прасцей фарміраваць сетку вяшчання, калі яна складаецца з дакладна прагназаваных цаглінак пэўнага фармату, — выказаў здагадку спадар Міхаіл. — Мяркую, за ўзор браўся замежны варыянт патыднёвай тэлевізійнай развёрсткі з разлікам на мультыплікацыйныя серыялы. На Захадзе існуе стандартная працягласць адной серыі — 13 хвілін (бывае і адзінаццаць, калі неабходны дадатковы хронаметраж на рэкламу). Адпаведна, узнікаюць стужкі, працягласць якіх кратная трынаццаці (3 хвіліны 15 секунд; 6 хвілін 30 секунд; 26 хвілін і гэтак далей). З камерцыйнымі серыяламі ўсё зразумела: яны першапачаткова ствараюць прадукт пад гэтыя стандарты. Але нельга такога кшталту прадзюсарскія параметры прымяняць да аўтарскай анімацыі! Яна нібы ў пракруставым ложы: яе ці рэжуць па жывым, ці расцягваюць да неабходнага хронаметражу…”

Сустрэчная хваля

Напрыканцы 1990 — у пачатку 2000-х айчынныя аніматары імкнуліся падладзіцца пад патрэбы тэлеканалаў. Нават на студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільма” пры фарміраванні плана пачалі ўлічваць фармат у 6,5 і 13 хвілін. Уласна кажучы, усе сучасныя праекты адпавядаюць гэтай лінейцы — той жа мультсерыял Аляксандра Ленкіна “Рыбка па імені Нельга”. Але не да ўсяго матэрыялу можна падыйсці з агульнай меркай. У якасці прыкладу мой суразмоўца прыводзіць тыповы выпуск айчыннага серыяла пра беларускія гербы “Аповесць мінулых гадоў”. Шэсць гісторый з шасці абласцей краіны аб’ядноўваюцца ў 13-хвілінную адзінку. З улікам заставак і цітраў на кожны тэматычны фрагмент выдаткоўваецца каля 1 хвіліны 45 секунд.

— Але насычанасць падзеямі розная: у кагосьці перыпетый столькі, што ледзьве не скарагаворкай прамаўляць прыходзіцца, а ў іншай гісторыі і паўхвіліны хапіла б… Да таго ж, агульнасць драматургічнага графіка выклікае манатоннасць і схематычнасць, — падкрэслівае суразмоўца. — Анімацыя сама па сабе канцэнтрат. Я бачыў па рэакцыі дзяцей на фэстах: яшчэ адзін выпуск з шасці насычаных сюжэтаў яны так-сяк адольваюць, калі ж паставяць два выпускі запар, атрымліваецца перагрузка. Было б куды лепш увогуле пераманціраваць іх так, каб паказваць міні-серыю паасобку. Гэта як прыправа ў супе: адзін кубік яшчэ няблага, а шэсць — ужо перабор…

Рэжысёр упэўнены: кожная стужка мае права на індывідуальную працягласць. Гэта як песня, якая гучыць столькі, колькі ў ёй ад пачатку закладзена. У сувязі з гэтым мой суразмоўца прыгадаў сваю працу ў другім айчынным праекце “Музычная скарбонка”, у фармаце якога неабходна было ўкласціся пад саўндтрэк — беларускую народную песню “Як служыў жа я ў пана”. Як ні імкнуўся рэжысёр разам з кампазітарам “уціснуцца” ў прапанаваныя 3 хвіліны 15 секунд — нічога не атрымалася. У выніку аўтары вырашылі “плясаць” ад песні. І хоць каманда ўклалася ў выдадзенае Міністэрствам культуры фінансаванне (нягледзячы на тое, што хронаметраж карціны павялічыўся ўдвая), пры сдачы работы ўзніклі складанасці: давялося пісьмова тлумачыць, чаму так сталася…

— Але я быў гатовы вырашаць шматлікія арганізацыйныя пытанні, — тлумачыць ён сваё рашэнне, — бо памятаў аб іншым “фарматным” эксперыменце, калі гэтая ж песня “Як служыў жа я ў пана” ў 2004 годзе “нацягвалася” да патрабаваных тады 10 хвілін. Для гэтага рэжысёр Валодзя Пяткевіч рабіў музычныя ўстаўкі, якія, на жаль, зламалі ўнутраную структуру песні... Як ні круці, анімацыя — мастацтва, залежнае ад часу. Для яго такія хітрыкі не праходзяць бясследна.

Паміж аніматарам і гледачом

Зразумела, развагі на тэму, ці ісці за фарматам, тычацца не толькі Беларусі. У тым жа знакамітым расійскім серыяле “Гара самацветаў” хронаметраж у 11 хвілін знівеляваў многія казкі. Па словах спадара Міхаіла, калі можна было б аўтарам памяняцца (напрыклад, аддаць “лішнія” хвіліны калегу) — можа, і лепш атрымалася б, але такія дамовы парушаюць стройную сістэму стратэгічнага планавання і патрабуюць больш высілак на “ўтрускі”, узгадненні, перамовы… Відавочна, пытанне пры любым раскладзе ўпіраецца ў фігуру пракатчыка. Толькі ён можа забяспечыць, каб карціна ў поўным фармаце і ў добрай якасці дайшла да спажыўца.

Зразумела, на рынку прасцей выжыць буйным гульцам, таму надвор’е будуць рабіць камерцыйныя серыялы. Але і для аўтарскай анімацыі ёсць выйсце. Так, пракат для кароткаметражных стужак амаль памёр — з’ява, знаёмая не толькі Беларусі, але і Расіі, Брытаніі, Францыі. Спадар Міхаіл шмат працаваў у Еўропе і бачыў, як гэта кампенсуецца: тамтэйшыя дастаткова багатыя культурныя каналы выкупляюць гатовую работу, а то і замаўляюць праекты. Бывае, калі бюджэт будучай карціны занадта важкі, аб’ядноўваецца некалькі “тэлекнопак”.

— Я не здымаю з творцаў адказнасць перад гледачом, упэўнены, што неабходна трымаць руку на пульсе. Самавыяўленне — гэта добра, аднак патрэбна камунікацыя паміж людзьмі мастацтва і чыноўнікамі, якія павінны накіроўваць грошы на магістральныя рэчы, — упэўнены Тумеля. — На мой погляд, рэгулюючая справа дзяржавы заключаецца ў тым, каб не знікала культура.

Пры ўсім жаданні рэжысёр не можа быць адначасова гандляром. Колькі ўжо “К” узнімала тэму становішча айчыннай анімацыі — і кожны раз размова прыходзіла да аднаго і таго ж: ёй бы паветра неабходныя спецыялісты, якія могуць зладзіць эфектыўны постпрадакшн. Аўтарская анімацыя дойдзе да гледача, калі менеджар будзе стала вывучаць патрэбы аўдыторыі, дамаўляцца аб выпуску дыскаў, шукаць рынкі збыту прадукцыі і гэтак далей. На яго плечы лягуць пытанні рэдактуры дыскаў (бо кожны раз на вокладках неверагодная колькасць недарэчнасцяў пры ўказанні аўтараў і іх прозвішчаў), тыя ж пытанні перамантажу: адсачыць захоўванне аўтарскіх праў, калі неабходна — узняць зыходнікі, гукавыя дарожкі.

Верагодна, частка праблем знялася б, калі “Беларусьфільм” выкладваў стужкі ў Сеціва (на сваім сайце ці на афіцыйным канале ў відэасервісе). Дарэчы, гэта магло б дапамагчы зняць напружанне з падладжваннем пад фармат. Мы ж маем сітуацыю, калі анімацыю і не прадаюць, і не выкладваюць… Зрэшты, спадар Міхаіл прыгадаў, як у Магілёве на “Анімаёўцы” калісьці прэзентавалі чатыры дыскі з беларускімі мультфільмамі: і дзе іх можна зараз купіць? Прасоўванне і распаўсюджванне кінапрадукцыі — асобная высокапрафесійная праца. І нібыта маем у краіне менеджараў на гэтай дзялянцы, алё плёну ад іх працы шырокай аўдыторыі не заўважна. Мо пакуль?...

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"