“Хлебнай” справай супраць аптымізацыі

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Як казаў адзін знаёмы, заўсёды можна глядзець толькі на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада і… як адлічваюць заробак ці інвестыцыі. На цябе і твой праект. Але, на жаль, сёння разлічваць на дзяржаўную падтрымку сваіх ініцыятыў культработнікам Беларусі наўрад ці варта. Вось таму спонсарскія ці мецэнацкія грошы сёння — гэта досыць важкі “хлеб” для любога апантанага музейшчыка, бібліятэкара, клубніка. І “хлеб” гэты — абсалютна рэальны.

/i/content/pi/cult/572/12550/4-22.jpgТак, сёння мецэнаты ды спонсары ў любой сферы дзейнасці — ад эканомікі да культуры — у пашане. Як паведамляла ў мінулым нумары “К”, днямі прайшла імпрэза, на якой ганаравалі мецэнатаў года. За 2015-ы яны ўклалі ў сферу айчыннай культуры 50 мільярдаў рублёў.

Але гэта толькі вяршыня айсберга. Бо тое, што робяць вядомыя беларускія банкі, арганізацыі і прадпрыемствы ў сферы культуры Мінска, ведае кожны жыхар сталіцы. А вось мецэнацкая і спонсарская падтрымка ў рэгіёнах Беларусі культработнікамі адчуваецца пакуль не так моцна. І што трэба зрабіць дырэктару раённага музея ці бібліятэкі, каб да іх з грашыма завітаў яшчэ адзін Эдвард Вайніловіч ці браты Тышкевічы?

Праўда, у некаторых раёнах Беларусі на гэтае пытанне ўжо знайшлі свой адказ. Напрыклад, дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак выходзіць на спонсараў проста: упарта “грукае” ва ўсе магчымыя і немагчымыя дзверы. І гэта практыка прыносіць свой плён. Скажам, пад адну імпрэзу музейшчкам выдаткаваў грошы ўладальнік сервісу па абслугоўванні аўтамабіляў, пад іншую — кіраўнік крамы канцылярскіх тавараў... За гэта мясцовых мецэнатаў узгадваюць падчас імпрэзаў, паведамляюць пра іх падтрымку ў мясцовых газетах ды па радыё…

Пра прыклад Музея гісторыі Магілёва і яго няўрымслівага дырэктара Аляксея Бацюкова, які знаходзіць дзясяткі неабыякавых людзей для выкупу тых або іншых гістарычных каштоўнасцей, “К” пісала ўжо не раз і не два. Як кажа кіраўнік установы, ён таксама пастаянна звяртаецца да спонсараў і мецэнатаў, адсочвае інфармацыю пра старадрукі, датычныя гісторыі абласнога цэнтра, “піярыць” той ці іншы фаліянт праз медыя, сацыяльныя сеткі, расцяжкі ды ўлёткі на вуліцах горада… Як, натуральна, і ўсіх спонсараў…

Плённа працуюць з мецэнатамі і ў Кобрыне. Скажам, мясцовы дзіцячы забаўляльны цэнтр “Кеша” менавіта дзякуючы ім займеў сотні дзіцячых цацак, як кажуць, на любы густ. А прадастаўлены яны кіраўніцтвам сумеснага беларуска-ізраільскага прадпрыемства “Палессе”. Да слова, шмат дапамагае ў працы з мецэнатамі тое, што ўстанова культуры мае статус юрыдычнай асобы і, натуральна, свой рахунак.

Але, што ні кажы, пра зробленае ў Магілёве, Браславе ці Кобрыне мы згадвалі шматкроць. А вось наконт новых цікавых праектаў, ажыццёўленых дзякуючы спонсарскай падтрымцы або ў рэчышчы дзяржаўна-прыватнага партнёрства, на жаль, апошнім часам не чуваць. Мабыць, тут трэба ўлічыць фактар сённяшняй няпростай эканамічнай сітуацыі ды нераспрацаванасць заканадаўчых нормаў, якія заахвочваюць мецэнатаў да ўкладання ў сферу культуры.

Але найпершая праблема, мяркую, палягае ў іншым: спонсарства і мецэнацтва дасюль не з’яўляецца на Беларусі добрай завядзёнкай, статусна абавязковай для кожнага бізнесмена з сур’ёзнай і паважнай рэпутацыяй. І акцыя “Мецэнат года” сведчыць пра тое пераканаўча: у прызёрах і сёлета, і летась — знаёмыя прозвішчы і твары, вядомыя банкі, прадпрыемствы. А дзе іншыя ўдзельнікі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры і іх новыя праекты?

Але ж паўтаруся: сёння ўсе праекты, зробленыя, так бы мовіць, у сааўтарстве ці ў тандэме “культработнік-бізнесмен”(“мецэнат”), на мой погляд, найбольш рэальныя і ажыццяўляльныя. Прычына тут адна: дзяржаўная падтрымка сферы пастаянна скарачаецца. Скажам, калі яшчэ пару гадоў таму аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) складаў прыкладна 0,5% ад ВУП, дык у 2014 — ужо 0,44%, а ў 2015-м, па папярэдніх даных, — толькі 0,39%.

Вось таму за дзяржаўна-прыватным партнёрствам — перспектыва. Хто гэтага не разумее, рызыкуе застацца на ўзбочыне магістральнага шляху развіцця сферы культуры і, кажучы сённяшнімі словамі, апынуцца пад пагрозай аптымізацыі ды рэарганізацыі… І сапраўды, навошта ўстанова культуры — хоць у райцэнтры, хоць у сельскай мясцовасці, — якая не прапануе новыя праекты, не ладзіць цікавыя мерапрыемствы ды акцыі, у тым ліку — і з дапамогай прыцягнення пазабюджэту? Такія рэаліі сённяшняга складанага эканамічнага жыцця сферы культуры…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"