Прыцягненне роднага

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё
Па заснежанай Оршы мы ехалі ў Цэнтральную бібліятэку імя Пушкіна на сустрэчу з іншай бібліятэкай — зборам кніг, якія падараваў роднаму гораду паэт, празаік, перакладчык Іван Сіпакоў. На сёння ў чытальнай зале, якая носіць назву “Бібліятэка Янкі Сіпакова”, — звыш пяці тысяч экзэмпляраў кніг, перададзеных самім Іванам Данілавічам, а пасля яго смерці — яго жонкай і сынам (“К” згадвала пра імпрэзу ў мінулым нумары).

/i/content/pi/cult/572/12549/5-32.jpgЯк самае каштоўнае сваё багацце падарыў землякам кнігі колішні белагаловы хлопчык з вёскі Зубрэвічы, які застаўся без бацькоў, расстраляных за сувязь з партызанамі. Ці мог уявіць юнак Янка, які мусіў, каб хоць трохі падтрымаць сябе і сёстраў, працаваць паштальёнам у родных мясцінах, што стане вядомым паэтам, што будзе жыць у сталіцы, што любоў да чытання дазволіць яму сабраць шыкоўную бібліятэку колькасцю ў 14 тысяч тамоў?.. Што на імпрэзе, прысвечанай яго 80-годдзю, збяруцца ўдзячныя землякі, і яго пляменніца, завуч ягонай роднай школы Тамара Шачанок, шчыра будзе распавядаць пра свайго дзядзьку, які стаў прыкладам і паходняй ейнага жыцця?.. Што вучні 20-й сярэдняй школы Оршы разам з настаўніцай Аленай Панкратавай будуць цытаваць яго вершы і ўрыўкі з кніг?..

“ Усе мы з хат “ — некалі напісаў Янка Сіпакоў. Гэтыя словы чуў я не раз з вуснаў самых вядомых і слынных людзей нашай краіны. І ў гэтых словах заўсёды гучала не толькі ўдзячная памяць. У іх заўсёды чулася пэўная справаздача перад сабой і землякамі за далейшы шлях у вялікае жыццё, за тое, што паспеў зрабіць добрага чалавек, каб было не сорамна, калі прыедзеш дадому, перад землякамі.

А Івану Данілавічу Сіпакову было што дакласці аднавяскоўцам. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры. Усё зробленае ім у нашай літаратуры цяжка пералічыць: аўтар паэтычных зборнікаў і кніг прозы, эсэ, публіцыстыкі, перакладаў… Але сапраўднымі вышынямі яго творчасці былі і ёсць, безумоўна, кніга вершаў “Веча славянскіх балад” і эсэ-роздум “Зялёны лісток на планеце Зямля”.

І пра гэта ўсё важна і трэба было казаць перад землякамі, бо яна, родная зямля, — не проста месца, дзе чалавек нарадзіўся. Гэта — пачатак усведамлення, хто мы ёсць у свеце, гэта вытокі высокага патрыятызму і гонару за свой куток зямлі .

І тут мне падумалася, што ў Год культуры важна вярнуцца да больш цеснай сувязі паміж землякамі і творцамі, якія пакінулі родныя гнёзды, выйшаўшы ў вялікі свет. Большасць з іх з задавальненнем і трапяткім хваляваннем прыязджае на малую радзіму, натхняецца ад наведвання месцаў дзяцінства і юнацтва. Думаецца, што сустрэчы ў школах, ва ўстановах культуры прынясуць не толькі задавальненне ім, але і карысць юным слухачам, ды і равеснікам таксама.

Прыклад такога цікавага і плённага супрацоўніцтва ёсць у маім родным Полацку, дзе нават заснавалі літаратурныя прэміі ў гонар славутых землякоў. Наколькі я ведаю, такія станоўчыя прыклады можна знайсці і ў іншых гарадах ды райцэнтрах. Але ёсць і іншыя прыклады, калі няўвага ці проста абыякавасць не спрыяюць такім кантактам, не з’яўляюцца дзейсным сродкам выхавання патрыятызму, гонару за родныя мясціны.

Дзякуй аршанскім бібліятэкарам, што яны дапамаглі яшчэ раз нагадаць пра досвед станоўчы.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё