Для каго святло?

№ 6 (1236) 06.02.2016 - 12.02.2016 г

Трактоўкі дызайнерскіх ліхтарняў: беларуская версія
У памяшканні Беларускага саюза дызайнераў адбылася выстава пад назвай “Ліхтарт”. Паводле задумы арганізатараў, яе экспазіцыя мусіць прадэманстраваць творчы патэнцыял тых, хто стала задзейнічаны ў сферы “кіраванага святла” (так прафесіяналы называюць вытворчасць аб’ектаў і сістэм штучнага асвятлення) альбо час ад часу робіць арыгінальныя ліхтарні як арт-аб’екты. Менавіта ў рамках выставы “К” вырашыла правесці сваю чарговую экспертызу.

/i/content/pi/cult/572/12544/14-1.jpgГэты “Ліхтарт”  — другі. Першы ладзіўся пазалетась. Вынікам той імпрэзы стала адкрыццё ў адным са сталічных гандлёвых цэнтраў аддзела, дзе можна набыць аўтарскія ліхтарні нашых дызайнераў. Магчыма і гэты “Ліхтарт” стане рэкламай для мясцовых адмыслоўцаў штучнага святла. Акрамя аб’ектаў, дзе дамінуе функцыянальны чыннік, і якія можна ўключыць у разетку, ёсць на выставе пластыка накшталт скульптуры, выявы накшталт жывапісу, інсталяцыі, фотакампазіцыі і проста прышпільныя рэчы — неакрэсленага прызначэння.

Аддаючы належнае фантазіі і прафесіяналізму ўдзельнікаў “Ліхтарту”, скажу, што ў мяне ад выставы засталося ўражанне нейкай недагаворанасці, неўцямнасці. Выстава нагадала мне час, калі ва ўмовах татальнага дэфіцыту на ўсё маскоўскі часопіс “Техника — молодёжи” прапагандаваў як варты пераймання досвед адмыслоўцаў, якія з падабранага па сметніках жалеззя саматужна рабілі нейкія прылады, машыны і механізмы. Гэта было нейкае падабенства дызайну, але не дызайн. Бо дызайн — гэта не мастацкая (у дадзеным выпадку — тэхнічная) самадзейнасць. Канчатковая мэта дызайн-дзейнасці — не рэч у адзінкавым экзэмпляры, але — тыраж. Вось і на “Ліхтарце”, на маю думку, толькі лічаныя асобнікі можна давесці да прамысловых узораў. Гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, але ў чымсьці яно супадае з думкамі прафесіяналаў “кіраванага святла”, з якімі я меў гутарку на выставе.

Ігар САЛАЎЁЎ, кіраўнік дызайн-студыі:

— Мне на гэтай выставе прыйшлася даспадобы ліхтарня ў выглядзе “павука”. Яна тэхналагічная, сучасная і мае рысы нацыянальнай самабытнасці. Гэта ўзор скарыстання новых тэхналогій, дапасавання іх да ўжо вядомай тэмы. У дадзеным выпадку замест саломы скарыстаны метал. Мяркую, што зараз гэта актуальна. Праўда, з гледзішча масавай вытворчасці рэч патрабуе далейшай прапрацоўкі. Трэба даводзіць да ладу вузлы стыкоўкі асобных модуляў (зараз яны проста запаяныя). Гэта нармальна пры стварэнні ўнікальнага ўзору, а пры масавай вытворчасці — дорага і нетэхналагічна.

Большасць прадстаўленых тут аб’ектаў можна аднесці да арт-дызайну. Гэта значыць, што яны зыходна задумваліся як унікальныя, не разлічаныя на тыражаванне. Арт-дызайн паводле вызначэння супрацьстаіць нейкім брэндам. Ён і дызайн прамысловы — дзве тэндэнцыі, якія мусяць суіснаваць паралельна і забяспечваць шматаблічнасць нашага матэрыяльнага асяроддзя. Брэнды заўжды былі і будуць, і мы, робячы сваё, якое трактуем як унікальнае, не маем мэты ды і магчымасці выцесніць брэнды з рынку і побыту. А вось нешта дапасаваць да ўжо створанага і раскручанага — цалкам рэальна. Пры мэтанакіраванай працы на падставе новых узораў можа быць створаны і новы брэнд. Ёсць, дарэчы, і прыклады такога шляху развіцця.

Гэта выстава сведчыць, што ў беларускага дызайну добры патэнцыял. Але гэта і так вядома. Нямала нашых прафесіяналаў з’язджае за мяжу і там някепска ўладкоўваецца. Яны працуюць у Германіі, Францыі, Амерыцы і дасягаюць там пэўных вяршынь. Альбо тут, у Беларусі, працуюць на замежныя брэнды. Хацелася б, зразумела, каб творчыя здольнасці нашых дызайнераў рэалізоўваліся дома і на беларускім матэрыяле. Ды каб беларускі дызайн стаў запатрабаваным на радзіме, павінна змяніцца сітуацыя не столькі ў дызайне, як вакол дызайна. Найперш тут мусяць наладзіцца сталыя бізнес-стасункі паміж дызайнам і мясцовымі вытворцамі. Пакуль жа яны спарадычныя…

На жаль, не даводзіцца казаць пра беларускі дызайн як пра з’яву, прынамсі — як пра масавую з’яву. Маем хіба асобныя праявы. Збольшага — у рэчышчы арт-прасторы. А вось калі казаць пра дызайн прамысловы, калі рэч робіцца для масавай вытворчасці, тут роля спецыяліста амаль непрыкметная.

Асабіста я вяду студыю, якая сярод іншага праектуе вулічнае асвятленне. Са свайго досведу магу сцвярджаць, што праблемы нашага дызайну маюць у аснове не толькі выключна эканамічны чыннік. Тут не апошняя рэч псіхалогія працы, наяўнасць пэўных адмоўных і адсутнасць пэўных станоўчых традыцый. Многія кампаніі, па вялікім рахунку, знаходзяцца на стадыі выжывання, і ім рабіць інвестыцыі ў нейкія праекты не надта выгадна. Бо гэта выглядае як неапраўданая рызыка.

Экспазіцыя “Ліхтарту”  — не выстава-продаж. Гэта тое, што робяць самі для сябе. Ці проста ўвасобленае жаданне адчуваць сябе хоць на нейкі час часткай творчай супольнасці. Выставіў сваю работу, на іншых паглядзеў… Тусоўка, інакш кажучы. Зрэшты, гэта таксама патрэбна.

Юрый ГАРАНОЎСКІ, дырэктар святлотэхнічнай кампаніі:

— Па гэтай экспазіцыі відаць, што інфармацыйная “паляна”, на якой можна сілкавацца ідэямі, пашырылася. У Сеціве шмат чаго — і мэбля, і ліхтарні, і побытавыя прылады... Дызайнеру часам застаецца толькі абраць узор, які адпавядае ягонай тэме, і стылістычна яго адаптаваць. Першае, што кінулася мне ў вочы: перавагу мае той, хто сядзіць на сучасных тэхналогіях, мае доступ да прамысловага абсталявання і якасных матэрыялаў. Вось гэта крыжападобная лямпа — фактычна вытворчая распрацоўка. Дык яна і глядзіцца, бо ў аўтара была магчымасць давесці яе да ладу не саматужна, а на вытворчым абсталяванні. Дызайнеру зрабіць тэхнічна і тэхналагічна дасканалую рэч у сваёй майстэрні даволі праблематычна. Гэта звычайная для нас сітуацыя, але наўрад ці яе можна лічыць нармальнай. Вось я, напрыклад, маю патрэбу ў нейкім метале, нейкім профілі. Я хачу купіць, але не магу. Дзе гэта ўзяць? Ну людзі і ідуць на сметнік, як і раней. І са здабытага там, з вадаправодных труб ці іншага металалому нешта лепяць. На Захадзе інакш. Калі займаешся керамікай, дык пайшоў і купіў якую заўгодна гліну, пігменты, печку. У нас жа, каб зрабіць нешта вартае, трэба працаваць на заводзе. Вось і ідзе дызайнер на вытворчасць, каб мець доступ да матэрыялаў і тэхналогій. Так было за савецкім часам, так, у прынцыпе, засталося і зараз. У пэўным сэнсе “Ліхтарт” адлюстроўвае рэальны стан матэрыяльнай базы нашага дызайну і ўвогуле стаўленне да яго.

Фірма, дзе я працую, прафесійна займаецца асвятленнем і прадстаўляе нямецкі брэнд: іх абсталяванне стаіць, да прыкладу, на славутай вежы Доха ў Катары. Там 1700 ліхтарняў і яшчэ ніводная лямпа не згарэла — а пабудавана вежа ў 2012-м! А заходзіш у сталічны гіпермаркет, які пабудаваны год-два таму, і бачыш, што павыгаралі цэлыя асвятляльныя секцыі. Дарэчы, добрыя рэчы замежнай вытворчасці да нас рэдка даходзяць. На рынак ідзеш — адзін і той жа брэнд, кітайскі, у пяці сотнях кіёсках. А калі штосьці вартае да нас трапляе, дык яно недаступнае па цане.

Зноў скажу: людзі сёння бачаць больш. Тое, пра што чыталі нам на курсах гісторыі мастацтва ці дызайну, у Германіі можна пабачыць ледзь не ў крамах. А каб у нас нешта падобнае ўвасобіць, трэба шмат часу змарнаваць на тое, каб знайсці матэрыял пад сваю ідэю. Што датычыцца мяне, дык я ў выйгрышным стане: магу ляпіць з таго, што зроблена, распрацавана лабараторыямі Германіі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"