Кастынг Юматава

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Як пад Мінскам здымаўся фільм “Апошні парад”
Хочацца падзяліцца ўражаннямі пра час, калі давялося на працягу некалькіх дзён працаваць побач з народным артыстам СССР Георгіем Юматавым. Ваеннаслужачыя часткі 04147 аказвалі дапамогу ў здымках фільма. А сама справа нашага жыцця павінна была ўвасобіцца ў стужцы, якая здымалася ў 1984 годзе ў Мінскім вучэбным цэнтры.

/i/content/pi/cult/571/12541/14-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 3.)

Пра традыцыі акцёраў

Адзін эпізод. У першы здымачны дзень трэба па традыцыі “пусціць шапку па кругу” — абмыць пачатак здымак. Звярнуліся да мяне. Здымаю папаху, даю намесніку дырэктара фільма. Ён бярэ, але, убачыўшы дакорлівы погляд Юматава, вяртае і просіць шапку прасцейшую. Далі салдацкую вушанку. Намеснік дырэктара пачынае абыходзіць акцёраў па кругу. У шапку паляцелі купюры па 5, 10 рублёў. Юматаў паклаў 50 рублёў. Я таксама дастаў партманэ, але пачуў уладны голас Георгія Аляксандравіча:

— З ваенных не браць!

Затым адправілі ганца ў краму ў Калодзішчы. А ўжо праз паўгадзіны ў палатцы-грымёрцы ў абстаноўцы, набліжанай да “баявой”, былі пад бравыя воклічы акцёраў выпіты па 100 грамаў. Некаторыя афіцэры запытальна паглядалі на мяне, але сцвярджальнага жэсту не ўбачылі, і ўсё зразумелі. На вучэннях ці службе — “ні-ні”.

Часта пра вядомых акцёраў кажуць, што яны на здымках злоўжываюць. За некалькі здымачных дзён на палігоне і ў гатэлі “Мінск” я ніколі не бачыў, каб Георгій Аляксандравіч ужываў. Толькі часам мог дазволіць пляшачку чэшскага піва. Ды і іншыя акцёры, акрамя першага здымачнага дня, таксама не былі за тым заўважаны.

Абстаноўка на здымках была сяброўская, творчая. Асабліва ў коле беларускіх акцёраў. А гэта — Леанід Белазаровіч (далей ён з’ехаў у Маскву, працаваў над сваім фільмам “Белыя адзенні”), Іван Мацкевіч (знаёмы гледачам па шматлікіх фільмах, зараз працуе ў Горкаўскім тэатры), Аляксандр Аржылоўскі (неяк у пачатку 1990-х я сустрэў яго на стаянцы таксі, павітаўся, сказаўшы, што таксуе, бо работы на студыі няма).

Мае афіцэры звярнуліся з просьбай расставіць тэхніку на палігоне, каб здымкі пачаліся крыху раней. Дзеля чаго раніцай, да прыезду акцёраў і здымачнай групы наша тактычная група была расстаўлена загадзя, — прычым паводле Баявога статута сухапутных войск. Раніцай наступнага дня ў нас усё гатова. Прыязджае група, устанаўлівае апаратуру. Аператар просіць мяне паглядзець у аб’ектыў кінакамеры: замест танкаў, БТР бачу паўтара танка. Аказваецца, тэхніку патрэбна ставіць усутыч — тады карцінка глядзіцца. Аператар Марк Асяпян трымаецца за галаву і кажа, што на перастаноўку пойдзе шмат часу.

Усіх супакойваю і па радыёстанцыі даю каманду на перастаноўку тэхнікі, а на мяжу перахода ў атаку загадваю рухацца на скарочаных інтэрвалах, дыстанцыях. Такім чынам, перасоўка заняла лічаныя хвіліны. Усе задаволены і адразу пачалі здымаць.

Тым не менш, паважаныя гледачы, калі ў кіно бачыце баявую тэхніку ў баявых парадках “усутыч” — не верце. У сапраўдным баі страты будуць вялікія.

Пад канец здымак ваеннаслужачыя сталі задаваць пытанні датычна часу выхаду фільма на экран. Мяне гэта не асабліва цікавіла, бо здымкі — з’ява часовая, а армейскія справа, служба — гэта прафесія. Але ўсё ж запытаўся ў Паўла Любімава пра гэта. Высветлілася, што з Беларусі група з’язджае ў Крым і там працягне здымаць сцэны ўдзелу героя фільма ў баях за паўвостраў. Магчыма, у Крыме мне давялося б паўдзельнічаць у здымках гэтай стужкі, каб у 1976 годзе, пасля заканчэння акадэміі, з’ехаў служыць у Феадосію, але я паехаў служыць на радзіму.

Напрыканцы здымак ад удзельнікаў і кіраўніцтва фільма паступіла прапанова арганізаваць сустрэчу акцёраў з гледачамі — ваеннаслужачымі і членамі іх сямей. У салдацкім клубе сабралі тых, хто жадаў сустрэцца з акцёрамі. Зала была поўная, сыпаліся пытанні да рэжысёра і да акцёраў. Асабліва стараліся жанчыны.

Было зададзена Юматаву і такое пытанне:

— Георгій Аляксандравіч, а якія ў вас зносіны з Ланавым?

І калі Юматаў адказаў, што “З Васем мы сябруем”, зала ўзарвалася апладысментамі.

Пасля сустрэчы быў паказаны фільм “Афіцэры”.

Пасля дэманстрацыі фільма акцёраў запрасілі на гарбату, але ўжо без масквічоў, якія тэрмінова з’ехалі ў Крым. А вось беларускія акцёры далі маленькі імправізаваны канцэрт. Асабліва цудоўна спяваў песні і граў на гітары Леанід Белазаровіч.

Яшчэ пра адзін выпадак. Па маёй просьбе Георгій Юматаў пагадзіўся сустрэцца з камандзірам корпуса генералам Чумаковым. Не пераапрануўшыся, у форме генерала арміі Юматаў (і я побач з ім) выехалі ў штаб корпуса. У прыёмнай камандзіра нас сустрэў ад’ютант, прыняў у Юматава шынель і павесіў на вешалку. Затым усе зайшлі ў кабінет камандзіра корпуса. Размова цягнулася з паўгадзіны. Юматаў ад усёй кінастудыі “Масфільм” падзякаваў генералу за добрую работу на здымках усіх ваеннаслужачых. Калі выйшлі з кабінета, у прыёмным пакоі ўбачылі такую карціну. Каля люстэрка ў шынялі генерала пазіраваў малады афіцэр, які быў выкліканы на гутарку да генерала Чумакова.

Юматаў: — Што, падабаецца?

Лейтэнант: — Так!

Юматаў: — Можа, даць панасіць?

Лейтэнант (без ценю збянтэжанасці): — Так, на тры дні.

Юматаў: — А навошта так надоўга?

Лейтэнант: — За гэты час я сяброў вызначу і ворагаў накажу!

Усе рассмяяліся. А генерал Чумакоў сказаў:

— Не ведаў, што ў корпусе служыць 22-гадовы генерал арміі.

Усе засмяяліся. Юматаў паціснуў лейтэнанту руку і сказаў, папляскаўшы па плячы:

— Малайчына!

Здымачная група з’ехала ў Крым. Уся наша тактычная група цёпла развіталася з прадстаўнікамі кінастудый “Масфільм” і “Беларусьфільм”. Абмяняліся аўтографамі, сувенірамі і вярнуліся да выканання службовых абавязкаў. Удзел у фільме паступова стаў адыходзіць на другі план, забывацца. Але праз некалькі месяцаў, калі я праязджаў па праспекце, побач з кінатэатрам “Кастрычнік” звярнуў увагу на кінаафішу. Там быў партрэт Юматава-Князева і назва фільма.

“Другі раз у Крыме”

У той жа дзень да мяне падышоў афіцэр-разведчык і спытаўся, ці быў я на прэм’еры. Адказаў, што не, бо знаходзіўся на палігоне “Эльба” ў Казахстане. Аказалася, што ўдзельнікам здымак кінастудыя “Беларусьфільм” уручала запрашальнікі на прэм’еру фільма. А наш фільм перайменавалі “Другі раз у Крыме”.

Потым былі тэлефанаванні ад Белазаровіча, Мацкевіча — яны пашкадавалі, што мяне не было на прэм’еры. Я іх запэўніў, што абавязкова пагляджу стужку.

Завітаў да генерала Гайдука і запытаўся дазволу з’ездзіць у кінатэатр.

— Абавязкова, — адказаў генерал, а то кіношнікі правады абарвалі пытаннямі “А дзе наш палкоўнік?”. Было вельмі прыемна такое чуць, разумець, што ў нейкай ступені стаў далучаны да чароўнай сілы мастацтва кіно.

І вось я з сям’ёй у зале кінатэатра “Кастрычнік”. У рассеяным тумане на экране праступаюць абрысы будынку, на даху якога шмат антэн. Пазнаю наш КП на палігоне. Каля ўвахода ахова: сур’ёзная, з аўтаматамі. Гэта нашы разведчкі. Пад’язджаюць машыны, выходзяць старэйшыя афіцэры. Пазнаю акцёраў Мацкевіча, Аржылоўскага і іншых. Групуюцца каля малайцаватага генарал-маёра. Гэта Леанід Белазаровіч. Прыгажун!

Спынілася вялікая да бляску адмытая штабная машына. Узнікла паўза. З’явіўся на экране надпіс: “Другі раз у Крыму”. У галоўнай ролі — Георгій Юматаў.

Дзверца машыны адчынілася. З’явіўся ад’ютант (афіцэр разведбатальёна), а за ім сам “небажыхар” генерал Князеў у суправаджэнні палкоўніка — прадстаўніка генштаба… І тут у зале пачуўся дзіцячы вокліч: “Мама, мама, глядзі — наш тата”. У зале заапладзіравалі. Гэта мая пяцігадовая дачка Юля пазнала мяне. Акрамя маіх родных у зале былі і іншыя сем’і. Хачу падкрэсліць, што ў савецкі час калектыўнае наведванне кінатэатраў было вельмі модным і ўвогуле сяброўства сем’ямі было прынята. Іх аб’ядноўвала кіно...

Як я разумею словы адной беларускай журналісткі, якая сказала: “…Любіць артыста — гэта не толькі скалынаць пляцоўку апладысментамі і крыкамі “Брава” і прымушаць сцэну пахнуць кветкамі, вялікай колькасцю букетаў. Любіць артыста — гэта ў першую чаргу паважаць яго”.

Міхаіл ЧЫГІР, палкоўнік у адстаўцы