Кубак кавы з прыкметамі будучыні

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Аляксей ШЫНКАРЭНКА, куратар культурных праектаў
Мае апошнія на сёння праекты — “Архіў сведкі вайны”, што прадстаўляў Беларусь на Венецыянскім біенале, праект “Вайна вайне” ў Калініградзе ды іншыя — былі заснаваны на ўзаемадзеянні з аўдыторыяй. Безумоўна, фатаграфія з’яўлялася іх асновай, але менавіта кантакт з наведвальнікам — тое, што значна пашырала межы і выводзіла на іншы ўзровень. З гэтага ўзаемадзеяння, стасункаў і нарадзілася ідэя кавярні як куратарскага праекта.

/i/content/pi/cult/571/12534/5-3.jpgЧаму кавярня? Таму што гэта самая зручная форма камунікацыі. Паміж чалавекам і чалавекам, госцем і яго ўражаннямі, якія могуць быць увасоблены не толькі ў прапанове кубачка кавы. Да прыкладу, ты завітваеш выпіць эспрэса, але можаш паглядзець фатаграфіі, музейныя прадметы, экспазіцыю з нагоды пэўнай тэмы, пагутарыць з барыста наконт таго, што ўбачыў. У выніку кліент атрымлівае не толькі танізуючы напой, але і “спажыву” для розуму, узаемадзеянне, што вылучае яго з руціны і пакідае нейкі след.

Гэтым адчуваннем кантакту, адкрытай камунікацыі з гледачом мяне і ўзрушыла Венецыянскае біенале, дзе я як куратар праекта сустракаў наведвальнікаў у Нацыянальным павільёне. Прычым стасункі маглі адбыцца і не ў рабочыя гадзіны. Ты застаўся ў павільёне ўвечары, каб вырашыць свае справы, але бачыш праз акно чыюсьці цікавасць — і адгукаешся на яе. Адкрываеш павільён і ладзіш персанальную экскурсію. У Беларусі гэтага моцна не стае — адкрытага кантакту ўстаноў культуры з людзьмі. З аднаго боку, каб пайсці ў музей ці галерэю, наведвальніку трэба настроіцца самому і падстроіцца пад пэўны фармат — паглядзець афішу, купіць білет і гэтак далей, з іншага — самі культурныя інстытуцыі вымушаны падтрымліваць гэты прыняты рэжым узаемадзеяння. А вось кавярня… Яна здольная крочыць далей і прапанаваць форму стасункаў, якая ўтрымлівае, у тым ліку, і момант нечаканасці.

Для мяне з самага пачатку было важна стварыць асяродак, у якім былі б адчувальныя прыкметы будучыні. Я заўважаю, на жаль, у нашай гарадской прасторы гэта захрасанне ў мінулым па многіх параметрах. І таму новае месца акурат і бачылася такім, дзе чалавек будзе зараджацца новым імпэтам, пракладаць сцяжынкі да пэўных мадэляў будучыні. У чым гэта выяўляецца? Скажам, інтэр’ер, які заўжды будзе мяняцца, сыходзячы з настрояў часу. Мы самі ловім актуаліі і падтрымліваем іх у артэфактах, якія паказваюцца людзям. Але гэта сустрэча будзе адбывацца без знаёмага пафаса кшталту “вы прыйшлі ў музей”.

Сёння мы зладзілі, можна сказаць, пілотны праект першай “выставы” ў кавярні, створанай акурат па названых крытэрыях, — кафэ “Культура”. Слова “выстава” я бяру ў двукоссе, бо хацелася б пазбягаць знаёмых фарматаў. Тым не менш, экспазіцыя “Сімвалы зімовых святаў” складаецца з арыгінальных артэфактаў — навагоднія цацкі, упрыгожанні, якія прадаставіў нам Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Гэта ўсё, падкрэслю, арыгіналы. Былі размешчаныя ў кавярні і адмысловыя тэксты да музейных прадметаў, якія тлумачаць пэўную канцэпцыю. Так, культура экспанавання для мяне прынцыповае пытанне, але насамрэч мы прапаноўваем наведвальнікам хутчэй тэму для стасункаў: ад персанальнага ўражання да ўзаемадзеяння, інтэрактыву. Па сутнасці, гэта пасыл, які можна абмеркаваць за тым самым кубачкам кавы. І гэты кубачак у нашым выпадку — свайго кшталту плата за атрыманне тых самых эмоцый, мастацкіх уражанняў.

Здаецца, ані музей, ані кавярня ў звыклым разуменні — але гэтага дзіўнага ўражання і хацелася дасягнуць. Бо будучыня, мне падаецца, — гэта і ёсць штосьці нявызначанае, але тое, што падштурхоўвае ўбачыць па-новаму знаёмыя рэчы.

Ці не баюся я, што функцыянальная задача кавярні пераломіць яе канцэптуальны складнік? Гэта пытанне, насамрэч, вылучае многія праблемныя кропкі. Але трэба ламаць састарэлае стаўленне да падобных устаноў як выключна да кропак харчавання. Кавярня — гэта, у тым ліку, і асяродак для стасункаў людзей. На гэтым я і раблю акцэнт як куратар. Можам згадаць культавыя рэстараны, кафэ, дзе збіраўся мастацкі свет — парыжскія “Дэ Флор”, “Ратонда”; узнавіце тыя ж англійскія пабы, вядомыя сваёй атмасферай. Дарэчы, wi-fi-вечарынкі сталіся сур’ёзным канкурэнтам падобных устаноў. І я чуў пра тое, што ў Вялікабрытаніі нядаўна была прынятая праграма ў падтрымку англійскіх пабаў менавіта як месцаў сацыяльных камунікацый.

У нас жа пакуль гэта культура толькі зараджаецца. І мне самому цікава, якое месца на гарадской культурнай карце займе наша кавярня, тым больш, што яе назва — “Культура” — да многага абавязвае…

Фота прадастаўлена героем матэрыяла

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"