Навука для практыкі

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Віктар ЯЗЫКОВІЧ, прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
31 студзеня — Дзень беларускай навукі. Любы сучасны ўніверсітэт (а ў нашага саракагоддзе ўжо за плячыма) мае глыбокую навуковую аснову адукацыйнай дзейнасці. Кірунак даследаванняў — вывучэнне, ацэнка і прэзентацыя беларускай нацыянальнай культуры ў сусветнай супольнасці.

/i/content/pi/cult/571/12533/5-2.jpgНашы навуковыя школы прымнажаюць дасягненні айчыннага бібліятэка- і кнігазнаўства, культуралогіі, мастацтва- і музеязнаўства, тэорыі, методыкі і арганізацыі сацыякультурнай дзейнасці. Спецыялісты бралі ўдзел у навуковым забеспячэнні Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Расціслаў Бузук, які летась абараніў доктарскую дысертацыю, узначаліў творчы калектыў па стварэнні мультымедыйнай анталогіі “Гарадская мастацкая культура XXI стагоддзя (на матэрыяле асноўных відаў і жанраў нацыянальнай прафесійнай і аматарскай творчасці)”. Праца ўнікальная. У яе ўвайшлі раздзелы па актуальных тэндэнцыях мастацкай культуры Мінска, Гродна, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Брэста. Зразумела, што анталогія з аўтарскай ацэнкай, эстэтычным аналізам і рэкамендацыямі прызначана для ўстаноў сферы культуры і адукацыі, а таксама тых, хто забяспечвае іміджавае пазіцыянаванне творчай сферы.

Цікава развіваецца кафедра мастацтва эстрады, якую ўзначальвае Ірына Дарафеева. Даследчая дзейнасць тут вельмі шчыльна і арганічна спалучаецца з адукацыйным працэсам. У выніку пад кіраўніцтвам прафесара Ірыны Смірновай створаны электронныя рэсурсы з энцыклапедычнымі звесткамі пра дзеячаў беларускай эстрады і сціслы тлумачальны слоўнік. Намалявана дакладная карціна развіцця гэтага кірунку нацыянальнага мастацтва цягам мінулага стагоддзя. Тэкставая аналітыка пацвярджаецца аўдыёзапісамі.

Адно з заданняў Дзяржпраграмы было наступным: “Распрацаваць метадалогію фіксацыі і рэпрэзентацыі з’яў нематэрыяльнай спадчыны”. Нашы навукоўцы дзейнічалі тут разам з калегамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У створаны пад кіраўніцтвам Тамары Варфаламеевай інфармацыйны рэсурс увайшлі раздзелы, прысвечаныя традыцыйнаму народнаму тэкстылю, этнапедагогіцы, традыцыйнаму ткацтву, вышыўцы, песеннай творчасці, касцюму, харэаграфіі і сакральнай геаграфіі.

Загадчык кафедры этналогіі і фальклору Вячаслаў Калацэй ініцыяваў і ўзначаліў падрыхтоўку электроннага выдання “Капэла беларускай смыковай і дударскай музыкі”. Навуковым калектывам падрыхтаваны камплект тэхналагічнай ды канструктарскай дакументацыі для прамысловай вытворчасці народных інструментаў (дуды-мацянкі, альтэрні, традыцыйнай скрыпкі, басэтлі, традыцыйнага барабана). Цудоўны прыклад таго, як навуковая работа стварае падставу для практычнай творчасці!

Але ж нас цікавіць не толькі даўніна. Пад кіраўніцтвам прафесара Веры Пракапцовай распрацавана канцэпцыя сучаснага сінтэзу мастацтваў, падрыхтаваны адпаведны інфармацыйны рэсурс і рукапісы навукова-метадычных дапаможнікаў.

Сучасныя музеязнаўчыя тэхналогіі і іх укараненне ў рэгіянальных музейных установах, у тым ліку стварэнне адпаведных сайтаў — вынік дзейнасці навуковай групы, што ўзначаліла прафесар Марыя Бяспалая.

Актыўны ўдзел нашы навукоўцы прынялі і ў выкананні Дзяржпраграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. Адзін з навуковых праектаў праграмы ўзначаліла доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская.

Наперадзе — далейшая праца па ўкараненні навуковых распрацовак. Іх вынікі выкарыстоўваюцца не толькі ў межах універсітэта, яны адкрытыя для іншых арганізацый і ўстаноў культуры, адукацыі, для выдавецтваў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"