Бракуе герояў, замоў, натхнення?

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Меркаванне: запрашаем да дыскусіі
“Можна рабіць памылкі, але нельга будаваць памылкі”, — пісаў Гётэ. Нашае мастацтва добра “адцягнулася” ў распрацоўцы гістарычнай тэмы, напрыклад, у мастацкім кіно пра гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра дакументальнае кіно гаворка асобная — яго здабыткі (а гэта пацвярджае і міжнароднае прызнанне) не часта пабачыш. Як прыклад, дзе сёння паглядзіш фільмы Віктара Дашука па кнізе Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”?

/i/content/pi/cult/571/12530/13-1.jpgШто-што, а зараз гэтае кіно павінна быць “у тэму” і не сыходзіць з экранаў… Што да гістарычнай тэмы ў тэлеэфіры, дык з павагай стаўлюся да праекту “Зваротны адлік”: за тэмы, за матэрыял, за прафесіяналізм.

Урэшце, я да чаго? Нешта заблукалі мы ў пошуках героя. Можа, звялося нешта высокае з нашых генаў праз страшэнныя ліхалецці мінулых стагоддзяў? Нават у самым заўважных будынках апошніх гадоў так і не стварылі залу, прысвечаную нашым героям: Скарыну, Каліноўскаму, Быкаву, Караткевічу і іншым… Але ў нас нарадзілася і апроч названых выгадавалася і духоўна ўзмужнела шмат людзей, што “засвяцілі” ў свеце Беларусь. Адзін Барыс Кіт — якая глыба! Я не магу дыктаваць, але кожны сапраўдны грамадзянін краіны можа працягнуць галерэю Асобаў (Пантэон Асобаў), каго ў большай ці меншай ступені павінен ведаць кожны вучань Рэспублікі Беларусь.

Калі прыгадаць нашу мастацкую школу, то з радасцю канстатуем: мы ўмеем і можам. На апошняй маладзёжнай выставе ў лістападзе 2015 года мяне найбольш уразіў кітайскі выпускнік нашай Акадэміі мастацтваў Шао Сан з карцінай на гістарычную тэму сваёй краіны “Залаты горад”. Рэалістычны жывапіс, паважлівы падыход да дэталяў, якія характарызуюць эпоху. А на суседняй экспазіцыі “Восеньскага салону з “Белгазпрамбанкам”, калі згадаць выстаўленае, панаваў шэраг скрозь суперэфектных, складаных па змесце і выкананні фармальных, збольшага нефігуратыўных твораў. Схемы, рысы, плямы, каларыстычны пошук...

Гістарычная тэма — гэта праца і пазіцыя. І даследаванне. Кожны мастак лічыў за вялікі гонар і адказнасць выканаць замову на гэтую тэму. Кожны з нашых сапраўдных творцаў стварыў для сябе, у сваіх эскізах і праектах, тыя постаці, якія павінны быць запатрабаваны. Гэта як падказка для даследчыка ў кірунках гісторыі мастацтваў. Чым не тэма: “Праекты нерэалізаваных твораў манументальнага мастацтва канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў”.

Нашы настаўнікі-творцы нас навучылі адлюстроўваць рэчаіснасць. Я прайшоў моцную школу позняга сацрэалізму: малюнак, жывапіс, праца з матэрыяламі, кампазіцыя, заданні па якой былі сур’ёзна ідэалагізаваны ці, наадварот, пераходзілі ў бок вясковай пастаралі… Але калі да нас даходзілі рэпрадукцыі твораў аўстрыйца Ходлера ці паляка Матэйкі, то мы абураліся: “Дайце нам мачымасць! І мы так зможам!” Зразумела, гэта быў юнацкі максімалізм, але чаму б не паспрабаваць! На свой дыплом я прапанаваў перарабіць па-новаму фасад музея Вялікай Айчыннай вайны. Гэта прыблізна 400 метраў квадратных: 12 вертыкальных сюжэтаў на месцах ваконных праёмаў — развіццё падзей вайны, выкананае ў мазаіцы са смальты з актыўным выкарыстаннем скульптурнага, з бетону, рэльефа. Не дазволілі…

На памяць злёту прыходзяць манументальныя творы з канкрэтнымі героямі для грамадскіх устаноў, якімі мы маглі б ганарыцца. Роспіс для чыгуначнай станцыі “Беларусь” Юрыя Маліноўскага, роспіс па керамічных блоках для кінатэатра “Гродна” на тэму паўстання Кастуся Каліноўскага (аўтар — Яўген Кузняцоў) ці мазаіка на тэму Курлоўскага растрэлу (Уладзімір Пашкоў)... Але замоўца — дзяржава — у гэтых выпадках выбірае нешта нейтральна-дэкаратыўнае. Ці — гламурна-лубачнае.

Ёсць шэраг высокапрафесійных твораў у рэгіёнах. Але ці едуць да такіх работ людзі? Ці лічаць іх каштоўнасцю? Ці ўваходзяць яны ў кола абавязковага наведвання турыстаў? Тыя ж Ушачы, Азарычы… А колькі мы марылі пра Спеўнае поле? Ну, як у краінах Балтыі! І што? Хто ведае і імкнецца па поклічы сэрца да тых абяцаных сустрэч на Нарачы на святы песні? Ці шмат мэтавых турыстаў? Добра, што ў “Культуры” згадалі і абмеркавалі тую праблему ў рамках “круглага стала”.

Прайшло амаль два гады пасля векавой даты пачатку Першай сусветнай вайны. Хто напісаў “сацыяльны твор”? Зразумела, што толькі для душы зараз не напішаш. Старэйшыя мастакі ў свой час прызвычаіліся да сацзамовы, больш за тое, з гэтага і жылі. Я памятаю, як у Саюзе мастакоў вывешвалі план па напісанні твораў з акрэсленымі сюжэтамі. Падабаецца эскіз савету — возьмеш аванс, напішаш, як трэба, — атрымаеш ганарар. І карціны нармальныя былі. Але… Мяне калісьці пагналі з выстаўкама, зазначыўшы, што мой герой, акцёр тэатра, “не вызначыў сваю грамадзянскую пазіцыю”.

Творчасць на гістарычную тэму сёння амаль нікога не корміць. Мабыць, яшчэ выспявае той заможны клас, які будзе маліцца да дрыжыкаў, дбаць пра памяць свайго мінулага, сваіх родаў. Пакуль жа не ведаю ў нас таго калекцыянера, які збіраў бы галерэю славутасцяў Беларусі.

Можна яшчэ ўлічваць, што мастак неяк не ўпісваецца ў фармат сучаснага грамадства. А суадносіны замоўцы і творцы — адвечная гісторыя. У Жыткавіцкім райспажыўсаюзе вісіць палатно на гістарычную тэму. У залатой раме, памерам 3х2 м: “Ленін сярод сялян”. Я з іроніяй задаў пытанне: “Няўжо Ільіч быў на сярэднім Палессі?”

Ці доўга будзем шукаць герояў? Прыклад: выстава, прысвечаная 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага. Па тэме былі прэзентаваны некалькі дзясяткаў твораў на пачатку экспазіцыі. Астатнія працы ўдзельнічалі толькі для колькасных лічбаў прысутнасці мастакоў у рэспубліканскіх імпрэзах. Няўжо і да Максіма Багдановіча ў гэтым годзе з такой "павагай" прыйдзем?

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог