Дасягненні — на 30 базавых, грант — на 85

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Як казаў вялікі камбінатар, “з грашыма трэба развітвацца лёгка”. Парада слушная, праўда, яна наўрад ці датычыцца культработнікаў, у якіх заробак на сёння — адзін з самых нізкіх у краіне. І гэта той факт, з якім многія сталыя супрацоўнікі сферы культуры жывуць ужо гадамі і нават дзесяцігоддзямі. Ці можна змяніць дадзены негатыўны трэнд? Пытанне з досыць няпэўным адказам. Бо, кажучы словамі таго ж Астапа Бэндара, “фінансавая бездань — самая глыбокая з усіх”…

/i/content/pi/cult/571/12529/4-22.jpgРазам з тым, адсутнасць жаданага заробку — таксама не прычына для таго, каб сядзець склаўшы рукі і наракаць на лёс. Бо, як вядома, сёння кожнай установе культуры, кожнаму клубніку, бібліятэкару ці музейшчыку можна зарабляць самастойна, шукаючы спосабы і сродкі для падвышэння аплаты працы як з дапамогай бюджэтных, так і пазабюджэтных крыніц…

Пагаворым пра бюджэтную падтрымку. Яна, натуральна, ёсць у кожнай вобласці ды раёне — гэта мэтавыя гранты, творчыя конкурсы, надбаўкі і прэміі для культработнікаў... Без такой падтрымкі структуры сферы культуры рызыкуюць застацца без кваліфікаваных кадраў, без маладых спецыялістаў, без творчых праектаў…

На Міншчыне, па словах першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святланы Баранок, у шэрагу раёнаў кіраўнікі даўно прадугледзелі дадатковыя меры стымулявання культработнікаў праз павышэнне тарыфнай стаўкі згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 29. Акрамя таго, з 1999 года ў рэгіёне ладзіцца абласны конкурс “Творчы Алімп Міншчыны”. У ім могуць прымаць удзел супрацоўнікі арганізацый сферы культуры, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў сферы культуры, установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці, а таксама калектывы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва цягам мінулага года.

Дзякуючы “Творчаму Алімпу…” штогод прысуджаюцца 10 індывідуальных ці калектыўных прэмій у васьмі намінацыях за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва. Кожная прэмія, да слова, складае 30 базавых велічынь — гэта сёння 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Таксама ў рамках конкурсу прысуджаецца грант аблвыканкама на рэалізацыю творчага праекта.

Па выніках работы за 2014 год першае месца ў конкурсе атрымала Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка. Кіраўнік установы Людміла Вітко кажа, што грашовая прэмія была размеркавана сярод бібліятэкараў па прынцыпе “хто як працаваў” і, натуральна, была даволі значнай. Таму цяпер дырэктар Нясвіжскай ЦРБ зусім не здзіўляецца крэатыву сваіх супрацоўнікаў, сярод якіх, да слова, прыкладна 80 працэнтаў — людзі маладога веку.

А вось у 2011 годзе грант Мінскага аблвыканкама “У падтрымку найбольш значных праектаў у галіне культуры і мастацтва” выйграў Старадарожскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей. 85 мільёнаў рублёў — немалыя на той час грошы — пайшлі на стварэнне экспазіцыі, прысвечанай гісторыі дарог і паштовай службы. Сёння яна дзейнічае і складаецца з трох залаў, у якіх адноўлены памяшканні паштмайстарскай, кузні і карчмы…

Дарэчы, як адзначыла Людміла Вітко, летась яны таксама падалі заяўку на ўдзел у конкурсе “Творчы Алімп Міншчыны” — на гэты раз ад імя Нясвіжскай раённай дзіцячай бібліятэкі, і зараз чакаюць вынікаў. Чакаць, дарэчы, засталося не так шмат: як паведаміла “К” Святлана Баранок, камісія па прысуджэнні прэмій і грантаў Мінскага аблвыканкама збярэцца на выніковае пасяджэнне ўжо хутка.

Іншая справа, што пастаянна разлічваць на дзяржаўныя грошы ўстановам культуры сёння не варта. Значыць, трэба пазіраць у бок пазабюджэтнага рубля — ісці са сваімі праектамі і прапановамі да прыватнага бізнесу. Балазе, і заканадаўства ў гэтым цяпер спрыяе: як вядома, напрыканцы мінулага года Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” быў падпісаны Прэзідэнтам нашай краіны.

Праўда, як патлумачылі ў Міністэрстве эканомікі Беларусі, для таго, каб закон запрацаваў напоўніцу, трэба яшчэ прыняць шэраг заканадаўчых актаў. На гэтую працу адведзена каля 6 месяцаў. Што ж, як на мой погляд, самы час для напісання новых творчых праектаў і першых паходаў да бізнесменаў ды кіраўнікоў прыватных арганізацый...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"