Ноч, кніга, фільм

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Год культуры працягвае радаваць нефармальнымі ініцыятывамі. Вельмі хочацца, каб яны не знікалі цягам усяго 2016-га. Будзем спадзявацца на лепшае. А гэтым разам аўтарам крэатыву выступіў фестываль “velсom Smartfilm”, які правёў у Мінску Ноч бібліятэк. Бязмежна задаволеныя і здзіўленыя наведвальнікі Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна і Навуковай бібліятэкі БНТУ разыходзіліся ці не запоўнач.

/i/content/pi/cult/571/12524/6-2.jpg

Тамара Лісіцкая падчас чытанняў у Навуковай бібліятэцы БНТУ. / Фота прадастаўлена ўстановай

Не магу не адзначыць, што фестываль мабільнага кіно “velсom Smartfilm” — з’ява сама па сабе самадастатковая. І невыпадкова ён адбыўся гэтым разам у названых бібліятэках. Падавалася, што той ноччу сярод кніжных паліц аказаліся ці не самыя знакамітыя мінчане. Арганізатары імкнуліся аб’яднаць родную мову, літаратуру і кіно. І нават у самай аддаленай сельскай бібліятэцы сёння добра ведаюць, што такое буктрэйлер. Менавіта гэтая тэма была абрана на фестывалі вядучай.

А колькасць наведвальнікаў вымяралася сотнямі. Многім хацелася пабачыць і пачуць, як чытаюць беларускія творы, класічныя і не вельмі, эстрадныя спевакі, акцёры тэатра і кіно, тэлевядучыя, спартсмены і паэты з празаікамі… Урэшце, гэтая дзея і павінна адбывацца менавіта сярод кніжных паліц. Прынамсі, усё выглядала досыць арганічна. А зафіксаванае на смартфон пранікнёнае чытанне і станавілася буктрэйлерам — пераканаўчай рэкламай твораў Яна Баршчэўскага, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Маўра, Святланы Алексіевіч і многіх іншых нашых бліскучых літаратараў. Апаноўвае здзіўленне, чаму ўсё гэта не было прыдумана раней!.. І вельмі шкада, што на мерапрыемствах, дзе чакала безліч майстар-класаў, не прысутнічалі сельскія бібліятэкары. Мерапрыемства не патрабуе вялікіх капіталаўкладанняў, а знакамітых людзей хапае паўсюль. Хто сказаў, што старшыня райвыканкама ці кіраўнік сельгасвытворчасці ў аграгарадку не чытае і абыякавы да культуры? А плойма мясцовых літаратараў — хіба не знакамітасці мясцовага маштабу?

На першы погляд Пушкінская бібліятэка выглядае тут нібыта пасіўным здатчыкам уласных памяшканняў у фестывальную арэнду. Але так толькі падаецца. Супрацоўнікі абласной бібліятэкі вучыліся смеласці ў рэалізацыі нефармальных творчых праектаў, чытачы — у чарговы раз пераконваліся, што старэйшая бібліятэчная ўстанова сталіцы — што б там ні казалі — сталіцы вельмі патрэбная.

— Вы паглядзелі б, колькі нашы чытачы прынеслі настольных гульняў! — дзялілася ўражаннямі дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі Аксана Кніжнікава. — Літаральна ўсе сталы былі занятыя. Ці ж гэта не доказ нашай запатрабаванасці? Чытачам любога ўзросту патрэбна месца сталых і цікавых зносін. А такім месцам наша “Пушкінка” была заўжды.

Пагаджаюся. Дзясяткі студэнцкіх пакаленняў выраслі і пасталелі ў залах гэтай бібліятэкі. Яна стала, на мой погляд, сімвалам дабрыні ды ўзаемадапамогі. Сапраўды, выбраць кнігу і адразу скіравацца дахаты, калі вакол столькі аднадумцаў, — занадта спрошчаны варыянт паводзін. Згадайма, урэшце, Экзюперы, які самай выключнай раскошай называў раскошу чалавечых зносін. Дык вось, публіка той бібліятэчнай ноччу не проста вучылася, а раскашавала. Дарэчы, і “velсom” для “Пушкінкі” выглядаў не спонсарам (грошы калі спатрэбіліся, дык толькі на чай з бутэрбродамі), а хутчэй аднадумцам, разумным і дальнабачным.

І не з адных вуснаў прагучала, што такое начное яднанне бібліятэкараў, прадстаўнікоў бізнесу ды чытачоў павінна стаць штогадовым. Прынамсі, Ноч бібліятэк не падалася менш цікавай у параўнанні з традыцыйнай ужо Ноччу музеяў.

Яўген РАГІН


Калі адна з магутных тэлекамунікацыйных карпарацый Беларусі абрала для свайго фестывалю мабільнага кіно тэму буктрэйлераў, стала зразумела: абысціся без бібліятэк і іх дапамогі не атрымаецца. Такім чынам і выспела ідэя “Ночы бібліятэк”, адным з удзельнікаў якой стала Навуковая бібліятэка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Многія назвалі яе першай у гісторыі горада. Дык не!

Мінулай вясной сінхронна з расійскімі калегамі кніжніца БНТУ — як лідар моды ў бібліятэчнай сферы сталіцы цягам апошніх гадоў — распачала, маем спадзеў, традыцыю. Таксама “БібліяНоч” адбылася тады і ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы. Гэта інфармацыя — для парадку, каб усе ведалі, што рахунак для падліку быў адкрыты, як той казаў, не ўчора. А зараз час звярнуцца да Навуковай бібліятэкі БНТУ па іх вопыт, назіранні і заключэнні наконт мерапрыемстваў, папулярных ва ўсім свеце і новых у нас.

Сакрэт таго, як праз адну бібліятэку за 8 — 10 гадзін (а гэта сумарны лік “Начэй…” 2015 і 2016 гадоў) прайшло каля трох тысяч чалавек, заключаецца ў кадрах. Намеснік дырэктара ўстановы Іна Юрык лічыць, што людзі незаменныя ёсць, і гэта, у тым ліку, супрацоўнікі кніжніцы БНТУ. За некалькі гадоў працы Вольга Вовк, Вікторыя Хоміч ды іншыя іх калегі арганізавалі вялізную колькасць цікавых праектаў, наладзілі сувязь з безліччу арганізацый і асоб, зарэкамендавалі сябе сярод журналістаў і сучасных літаратараў. Аказалася, што грамадзе цяпер за гонар дапамагаць гэтай бібліятэцы, падтрымліваць яе ініцыятывы. Таму першае, што трэба зарабіць, гэта не грошы, а аўтарытэт, якому давяраюць.

Такім чынам, у 2015 годзе падтрымаць “БібліяНоч” згадзіўся шэраг кампаній розных кірункаў дзейнасці, якія забяспечылі бібліятэку БНТУ усім, пачынаючы ад паліграфічай прадукцыі да майстар-класаў па напісанні крэатыўных тэкстаў і каліграфіі. “Для нас важныя некалькі момантаў такіх мерапрыемстваў: не займацца дылетанцтвам, а запрасіць прафесіянала для пэўнай місіі і зрабіць удзел у падзеі бясплатным”, — кажа спадарыня Юрык. Сама ўстанова таксама прапануе праграму для наведвальнікаў, а спрыяльнікам — яшчэ і інфармацыйную падтрымку. Фактычна, бібліятэка пазбегнула аднабокава выгаднага “спонсарства”, якога многія баяцца. Але атрымала той варыянт, што многія чакаюць, ды не ведаюць, як дасягнуць раўнавагі ў стасунках з партнёрамі.

Сёлета красавіцкая “БібліяНоч” ва ўніверсітэце таксама планавалася і плануецца, але адмовіцца ад супрацоўніцтва з аператарам мабільнай сувязі бібліятэка проста не магла. Гэта яшчэ адзін сакрэт — не губляць магчымасцей, якія да цябе прыходзяць. У гэтым выпадку — спонсарскія. Прыцягненне медыяперсон да імпрэзы ўзяла на сябе кампанія “velcom”, які і ўсе фінансавыя пытанні, бібліятэка ж БНТУ прадаставіла плошчы, аўдыторыю і мерапрыемствы ў рамках вечара. Канцэпцыя засталася “вэлкомаўская”, лейтматывам ночы аказаліся “буктрэйлеры”, аднак не абмінулі ўвагай і кнігі беларускіх і замежных аўтараў.

Падаецца, канцэпт “Ночы бібліятэк” з боку саміх ужо дасведчаных у гэтай справе ўстаноў культуры мы прыадкрылі. Засталося хіба ўвасобіць яго ў жыццё ўсім ахвотным. А Год культуры дае на такія дзеі “зялёнае святло”.

Аліна САЎЧАНКА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"