Канец “Летапісу”?

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Ці застанецца брэнд дакументальнага кіно?
У дачыненні да беларускага дакументальнага кіно ўжо які год чаканая падстава для зацікаўленай гутаркі — прэс-паказ стужак студыі “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм”, што былі знятыя цягам мінулага года. Якія тэндэнцыі? Чым жыве краіна праз летапіс дзён? Што стварылі мэтры? У якім стане сучасная дакументалістыка, пра якую, як і пра анімацыю, у адрозненне ад кіно мастацкага, гавораць у свеце, прызнаюць, адзначаюць фестывальнымі ўзнагародамі? Карацей, сустрэча правакуе пытанні і, вядома ж, развівае роздум над імі.

/i/content/pi/cult/571/12523/6-1.jpg

Назва адной з нядаўніх стужак "Летапісу" цалкам стасуецца і з характарыстыкай самой студыі.

Але сёлета пярэдадзень чаканага прэс-паказу азмрочыўся чуткамі: вядомая студыя, гісторыя якой налічвае больш за паўстагоддзе, можа спыніць сваё існаванне ў сувязі з запланаванай рэарганізацыяй “Беларусьфільма”. Падраздзяленне — сведчаць ананімныя крыніцы, на якія спасылаюцца калегі і прадстаўнікі кінематаграфічнага цэху, — скасуюць у якасці самастойнай адзінкі ці закрыюць наогул, сыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці. Нюанс тут адзін: тое пакуль што чуткі. Але калі яны маюць пад сабой глебу, што гэта значыць для студыі дакументалістыкі і для айчыннай кінагаліны? Перад тым, як выправіцца, магчыма, на апошнюю справаздачу “Летапісу”, карэспандэнт “К” паспрабаваў разабрацца ў наяўнай інфармацыі.

Ці праўда?

Спачатку чуткі пра закрыццё студыі дакументальнага кіно сталі распаўсюджвацца праз знаёмых журналістаў. Потым пэўная інфармацыя з’явілася ў Інтэрнэце. І, нарэшце, рэакцыя дакументалістаў прымусіла насамрэч сур’ёзна паставіцца да “навіны”: ніхто дакладна нічога не ведаў, але напружанне напярэдадні навальніцы кінематаграфісты схаваць не маглі. Як кажуць, адводзілі вочы. “Дакументаў аб скасаванні студыі не бачыў”, — зазначыў на мае роспыты дырэктар “Летапісу” Уладзімір Мароз і дадаў у дачыненні да бліжэйшай будучыні студыі: “На днях мы здаем дзве стужкі, яшчэ адну дапрацоўваем. А потым — будзем чакаць правядзення конкурсу кінапраектаў. Не магу сказаць, на колькі адзінак будзе будучае спаборніцтва…”

Па словах Уладзіміра Вікенцьевіча, сёння ў штаце падраздзялення — дванаццаць чалавек, шэсць з іх — рэжысёры. Пытаюся: а колькі, да прыкладу, было ў верасні? “У разы больш”, — адказвае ён, праўда, звяртаючы ўвагу на тое, што трэба браць да ўвагі, у тым ліку, і дамоўныя стасункі з пазаштатнымі здымачнымі групамі (яны здымаюць фільм — і дамову з імі закрываюць). Аднак аптымізацыя на “Беларусьфільме”, па яго словах, працягваецца. “Па шчырасці, мне і мая будучыня невядомая”, — заўважае сцэнарыст.

Кацярына Махава, Віктар Красноў, літаральна на днях не працягнулі кантракт з Вольгай Дашук… Звесткі пра тых, з кім развітаўся “Беларусьфільм”, даводзіцца здабываць у айчынных кінаколах, у тэлефанаваннях і пры сустрэчах з рэжысёрамі. Але факты сведчаць: аптымізацыя кінастудыі закранае вядомых творцаў — не тэхнічны персанал. Да ўсяго, літаральна кожны трэці ў калідорах “Беларусьфільма” абмяркоўвае будучыню “Летапісу”. Праверана на сабе: кінастудыя “гудзіць” з гэтай нагоды.

Nо comments

Тым не менш, атрымаць каментарый ад дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігара Поршнева для журналіста галіновай газеты, заснавальнік якой — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, аказалася задачай невыканальнай. Некалькі тэлефанаванняў у прыёмную, пару гадзін у чарзе напасрэдна ў той самай прыёмнай. І вось адказ: “Ігар Валянцінавіч, на жаль, вас не прыме. Ён увогуле зараз не будзе гутарыць з прэсай”. Дзеля справядлівасці адзначу, што людзі да дырэктара, сапраўды, ідуць “ракой”, час, як кажуць, гарачы. Але падобная закрытая пазіцыя ў адносінах да журналістаў, тым больш, галіновага выдання, — думаецца, зусім не на карысць “агульнай абстаноўцы”. Праўда, чамусьці каментарый спадара Поршнева для партала tut.by — усё ж быў дадзены. На жаль, гэтаксама не ўдалося выйсці на начальніка ўпраўлення кінамастацтва Міністэрства культуры краіны Святлану Ярашэвіч — яна выехала на семінар. Не мелі поспеху і іншыя спробы атрымаць аператыўныя каментарыі па тэме… Таму працытуем калег: “Дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў распавёў tut.by, что Міністэрства культуры само ініцыявала аптымізацыю студый унутры “Беларусьфільма”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “пакуль нічога не адбылося і пакуль незразумела, што адбудзецца”, таму адмовіўся “каментаваць чуткі”.

— Ёсць прапанова аптымізаваць вытворчасць на кінастудыі, таму што не бачыцца замоваў. Усе абмеркаванні ідуць на ўзроўні Міністэрства культуры і ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Урада аб аптымізацыі ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася. Пакуль ніякіх рашэнняў не прынята. Я перажываю, што на кінастудыі няма працы, паколькі мы такое ж прадпрыемства, як і ўсе. Нешта зразумела стане пасля пасяджэння Урада па кіно, якое будзе ў лютым”.

Такім чынам, разабрацца ў пэўнай ступені ў тым, што адбываецца, дапамагала інфармацыя, што была агучана на леташняй калегіі Міністэрства культуры па кінематаграфіі. Менавіта на ёй быў зададзены вектар развіцця ўсёй сферы наогул і кінастудыі ў прыватнасці — і далейшыя глабальная пературбацыя апошняй.

З калегіі

У першую чаргу, гаворка на пасяджэнні, дзе мне давялося прысутнічаць і пра якое я пісала ў “К” № 52 за 2015 год, ішла пра істотную рэарганізацыю і аптымізацыю штату “Беларусьфільма” з 500 да 350 чалавек. Адкуль такія радыкальныя меры? 16,1 мільярда рублёў — вось лічба, якой вымяраецца чыстая стратнасць “Беларусьфільма” на студзень-кастрычнік мінулага года. Як зменшыць паказчык? Эканомія, аптымізацыя, рэарганізацыя, актывізацыя супрацоўніцтва па шматлікіх пытаннях… Рашэнне калегіі ўтрымлівае шмат пунктаў, скіраваных на забеспячэнне эфектыўнага развіцця кінематаграфіі. Сярод іх і зніжэнне затрат на аплату прастою мастацка-вытворчага персаналу шляхам правядзення маніторынгу занятасці персаналу ў перыяд дзеяння працоўных кантрактаў, а таксама большае ўкараненне ў шэрагу выпадкаў грамадзянска-прававых дамоваў… Чытаем і той пункт рашэння, які тычыцца дакументальнага кіно: “Да 31 снежня 2015 года правесці ў адпаведнасці з новай структурай аптымізацыю штатнай колькасці работнікаў кінастудыі шляхам аб’яднання структурных падраздзяленняў (студыі “Летапіс” і студыі спецыяльных праектаў “Беларускі відэацэнтр” і стварэнне на іх базе адзінага вытворча-творчага падраздзялення, якое вырабляе фільмы ў неігравой форме і летапісныя матэрыялы…)”.

Атрымліваецца, выкананне гэтых пунктаў мы і можам назіраць зараз. Але вельмі важная заўвага: у рашэнні сказана толькі пра аб’яднанне “Летапісу” і “Беларускага відэацэнтра”, што мае на ўвазе захаванне пэўнай аўтаноміі і ўжо дакладна — брэнда дакументальнага кіно. Але адкуль тады размовы і хваляванні кінематаграфістаў? Пакуль кіраўніцтва студыі маўчыць — можам толькі выказваць гіпотэзы.

Што гэта можа значыць?

Усіх дакументалістаў з “Беларусьфільма”, упэўнена, ніхто звальняць не збіраецца. Але пры скасаванні дакументальнага падраздзялення наогул (нават у аб’яднаным з “Беларускім відэацэнтрам” выглядзе) з якой перыядычнасцю ім будзе прадастаўляцца магчымасць здымаць фільмы? І якім чынам: як разавыя, несістэматычная праекты па пэўным раскладзе? Але без асобнай структуры, асобнага артыкула выдаткаў на дакументальнае кіно яно рызыкуе паўтарыць досвед “Беларускага відэацэнтра”, далучэнне якога да кінастудыі адбылося два гады таму. Была структура, якая мела магчымасць дзейнічаць самастойна, “прабіваць”, а пасля і выйграваць у конкурсе праекты, заяўляць пра сябе і выбіваць фінансаванне. Пасля далучэння — скарачэнне колькасці работнікаў, стужак… І нікога ўжо не здзіўляе, што існаванне ў недалёкім мінулым актыўнай (асабліва за некалькі гадоў напярэдадні скасавання) студыі, мякка кажучы, “пад пытаннем”.

Ну а “Летапіс”… Гэта студыя, якая мае гісторыю даўжынёй у паўстагоддзя, якая з’яўляецца брэндам краіны, месцам працы выбітных беларускіх рэжысёраў. Няўжо яна знікне? Па-шчырасці, верыць у гэта не хочацца. Такое адчуване, бы ўсе нібыта забылі, што славу беларускага кіно ў апошнім стагоддзі і робіць акурат дакументалістыка ды анімацыя, а ігравое кіно ў 2000-х і 2010-х (пакуль) шэдэўра не нарадзіла. Нават хіта. А дакументалістыка гучала ў свеце. Урэшце, калі разважаць у дзяржаўных катэгорыях, менавіта дакументалістыка і здольная прасунуць Беларусь на міжнароднай кінаарэне, пацвярджаючы рэпутацыю кінематаграфічнай дзяржавы. Яна і робіць гэта! І магла б зрабіць яшчэ болей, калі развіваць гэты кірунак, укладвацца ў яго. Але чаму мыслім усё часцей серыяльнымі катэгорыямі? І ці ёсць у нас на гэтым полі яскравы аўтарскі прадукт? Ці робяць нашы серыялы рэпутацыю краіне?

Цікава, што з сітуацыяй вакол “Летапісу”, лічы, усяго айчыннага дакументальнага кіно, мы стаім у Год культуры. Цікава, сапраўды цікава.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"