“Фотапластычная” палітра

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

“Земную жизнь пройдя до половины…” — гэтыя першыя радкі “Боскай камедыі” Дантэ хачу аднесці да Юрыя Іванова, бліскучага Маэстра мастацкай фатаграфіі, нашага “культураўскага” фотакарэспандэнта, выстаўка якога 3 красавіка адкрылася ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

 /i/content/pi/cult/156/1252/Ivanov.jpg

Пра выдатнае мастацтва Юрыя Сяргеевіча цёплыя словы на вернісажы гаварылі Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль Рубінаў, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, Герой Беларусі, генеральны канструктар аўтамабільнай тэхнікі Міхаіл Высоцкі, народны артыст СССР Ігар Лучанок, акадэмік архітэктуры Леанард Маскалевіч, народны артыст Беларусі Віктар Чарнабаеў, мастак і пісьменнік Сяргей Давідовіч і інш.

Вернісаж прайшоў святочна і цёпла. Экспазіцыя, хаця і невялікая па аб’ёме, увабрала ў сябе многае: карані і кроны нашага жыцця, духоўную спадчыну Айчыны, вобразы выдатных прадстаўнікоў нацыянальнай культуры, мастацтва, навукі, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў краіны, абліччы простых людзей — працаўнікоў зямлі, пейзажы Радзімы, прыкметы сучаснасці і “скрыжалі” гісторыі.

Творчы шлях Юрыя Іванова даўжынёй у паўстагоддзя — гэта шлях чалавека, для якога “занатаваныя імгненні” — не проста фатаграфія: гэта цудоўная “фотапластычная” палітра нашага жыцця, нашай гісторыі, нашага быцця. І ў гэтым яму няма роўных. Ён майстар. Ён мастак. Ён творца.

Сярод гасцей на вернісажы былі многія знаныя дзеячы культуры, мастацтва, навукі, журналісты, прадстаўнікі розных дзяржаўных і грамадскіх структур.

У заключным слове Юрый Іваноў сардэчна падзякаваў усім прысутным за такую вялікую ўвагу да яго выстаўкі, якую арганізавала Міністэрства інфармацыі, і запэўніў, што ён і надалей будзе працаваць гэтак жа шмат. Тварыць для людзей, якім і належыць яго мастацтва.

Барыс КРЭПАК
На здымку: першы намеснік міністра інфармацыі РБ
Лілія Ананіч, Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі,
Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль
Рубінаў і міністр інфармацыі Рэспублікі
Беларусь Уладзімір Русакевіч (справа)
віншуюць Юрыя Іванова з фота-
вернісажам.
Фота Канстанціна ДРОБАВА