Стабільна рэдка

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

"Тэатранэт": глухі дачны пасёлак у перыяд міжсезоння
Інтэрнэт прынята называць то сусветным павуціннем, то сусветным сметнікам. Зрэшты, успрыняцце залежыць ад карыстальніка. Асабіста мне бліжэй вызначэнне “павуцінне”. Але ці адпавядае яму беларуская тэатральная вэб-прастора? Не ставячы за мэту аналіз усяго тэматычнага кантэнту, звярну ўвагу на рэсурсы, якія трапляюць у маё поле зроку. Беларуская тэатральная інтэрнэт-прастора нагадвае глухі дачны пасёлак у перыяд міжсезоння. Гаспадары лецішчаў з’яўляюцца ў сваіх уладаннях стабільна рэдка.

/i/content/pi/cult/571/12517/5-1.jpgЧасопіс

Вось, напрыклад, інтэрнэт-часопіс “Pensne” (лагатып нагадвае растыражыраванае аблічча Канстанціна Станіслаўскага). Відавочна, гэты сайт задумваўся як трыбуна для маладых журналістаў, крытыкаў і будучых тэатразнаўцаў. Тут ёсць раздзелы “Рэцэнзія”, “Інтэрв’ю”, у “Бібліятэцы” размешчаны п’есы сучасных беларускіх аўтараў, а ў “Тэорыі” можна азнаёміцца з аналітыкай пастановак, драматургіі або з разборам асобных роляў. Па стылі выкладання гэтыя тэксты нагадваюць студэнцкія працы або тэксты аўтараў-пачаткоўцаў, якія толькі шукаюць свой стыль. Мяркучы па датах матэрыялаў, часопіс абнаўляецца рэдка. Складваецца ўражанне, што самыя яркія тэатральныя падзеі апошніх трох гадоў прайшлі міма аўтараў. Ці такая спецыяльнасць, як “тэатразнаўца”, паступова вымірае, а заяўленыя аўтары сайта (а гэта — 17 чалавек) пераарыентавалі свае чалавечыя і прафесійныя інтарэсы?.. У любым выпадку, ідэя стварэння праекта падобнага кірунку заслугоўвае “лайку”. Але ці з’явяцца на “трыбуне” новыя “прамоўцы” з арыгінальнымі тэатральнымі нататкамі?

Партал

Яшчэ адзін інтэрнэт-партал — “Тэатральная Беларусь”. Назва красамоўная, змест меню сайта таксама — раздзелы “СМІ пра тэатр”, “Блогі”, “Думкі”. Тут выкладзена інфармацыя аб усіх тэатрах краіны, ёсць раздзелы, звязаныя з тэатральнымі фестывалямі, што праходзяць у Беларусі. Гэты інтэрнэт-партал, у першую чаргу, быў разлічаны на актыўнасць карыстальнікаў, якія могуць пакідаць тут свае нататкі, каментарыі, навіны. Не выключаецца і ўдзел саміх відовішчных устаноў, напрыклад, кіраўнікоў літаратурна-драматычных частак, якія маглі б даваць анонсы спектакляў сваіх тэатраў. Апошняга, на жаль, не адбылося. Адзін з інфармацыйных складнікаў сайта, як мне падаецца, — гэта сучасны тэатр, яго прэм’еры і падзеі, звязаныя з пошукам актуальнай тэатральнай мовы. Абнаўляецца партал па меры з’яўлення гэтых падзей. Апошняе і, магчыма, не бясспрэчнае па змесце абнаўленне “Тэатральнай Беларусі” — рэйтынг самых значных спектакляў 2014 года, у тым ліку замежных, паказаных падчас фестываляў, а таксама Топ-10 лепшых беларускіх спектакляў, складзеныя куратарамі партала Аленай Мальчэўскай і Аляксеем Стрэльнікавым на аснове апытання тэатразнаўцаў, крытыкаў, журналістаў... Камусьці вынікі могуць нават падацца альтэрнатывай папярэдняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі...

Форум

У спісе форумаў talks.by у раздзеле “Мастацтва і культура” ёсць галіна беларускіх тэатралаў. Адна з найбольш рэйтынгавых тэм — “Тэатральны форум Беларусі”. Некалі гэтая пляцоўка была тэатральнай “мекай” і Гайд-паркам адначасова, сумяшчаючы ў сабе рысы і функцыі віртуальнага інфармацыйна-палемічнага клуба. Але гэты перыяд сышоў у мінулае, актыўнасць форуму рэзка знізілася, хіба самы лянотны кіраўнік не паклапаціўся пра афіцыйны сайт свайго тэатра, а ўжо пра сацыяльныя сеткі з іх тэатральнымі супольнасцямі, што значна паскараюць узаемасувязь “тэатр-глядач”, і казаць не варта. Словам, інфармацыя стала больш даступнай, таму патрэба ў дадатковых “пастаўшчыках” або “пасярэдніках” (менавіта такія “ролі” выконвалі заўсёднікі і мадэратары форуму) адпала аўтаматычна. Тым не менш, мне здаецца, гадоў праз дзесяць змест тэм на форумах, гэткі "vox populi", можа стаць прадметам вывучэння для даследчыкаў гісторыі тэатра.

Блогі

Падобная карціна назіраецца і ў супольнасці by-theatre, якая знаходзіцца ў “Жывым Часопісе”. Энтузіязм мадэратараў вычарпаўся, і супольнасць фактычна спыніла сваё існаванне. Урэшце, актыўнасць вэб-карыстальнікаў, якія вядуць свае дзённікі і пішуць пра тэатр, — вельмі нізкая. Таму айчыннай тэатральнай блогасферы, лічы, і не існуе. І калі хто-небудзь з карыстальнікаў размяшчае ў сваім блогу пост аб прагледжаным спектаклі, гэтую нататку варта ўносіць у “чырвоную кнігу” айчыннай тэатральнай блогасферы. Было б фантастыкай выказаць спадзяванне, што тэатразнаўцы, чые імёны на слыху, завядуць блогі і пачнуць дзяліцца з чытачамі сваімі ўражаннямі. Мяркую, што ў іх на гэта няма вольнага часу.

Зноў пра часопіс

Любая справа жыве дзякуючы энтузіязму. Таму жадаю, каб не давялося займаць гэтай якасці і камандзе, якая робіць інтэрнэт-часопіс “Культпрасвет” — некамерцыйнае падраздзяленне тэатральна-канцэртнага агенцтва. У іх асаблівы погляд на асвятленне працэсу (дарэчы, не толькі тэатральнага і не толькі айчыннага, не толькі ў дзяржаўных, але і ў прыватных трупах), і гэты часопіс арганічна дапаўняе нешматлікія друкаваныя СМІ. Можна па-рознаму ставіцца да якасці матэрыялаў, што публікуюцца ў Сеціве, але на дадзены момант гэта адзінае актыўнае і жыццядзейнае інтэрнэт-выданне, аналагаў і канкурэнтаў якому няма. Як доўга будзе жыць “Культпрасвет”? Тут прасочваецца прамая залежнасць ад камерцыйнага поспеху тэатральна-канцэртнага агенцтва і ад жадання падтрымліваць сваё альтруістычнае пачынанне. Прынамсі, пакуль мая стужка навінаў культуры папаўняецца і з крыніц згаданага рэсурсу амаль штодня. Лічу, што падобных праектаў павінна быць значна больш. Гэтак жа, як і людзей, якія думаюць, разважаюць, пішуць і неабыякава ставяцца да тэатра. Толькі адкуль іх узяць і як выгадаваць?

Алег ЧЭЧАНЕЎ, акцёр, рэжысёр

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр