Ляцеў гусік у гняздо

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

"Тэатранэт": глухі дачны пасёлак у перыяд міжсезоння
Сучасная Беларусь вядомая сваімі спартыўнымі дасягненнямі. А ці было месца для праяўлення фізічных здольнасцей людзей у нашай традыцыйнай народнай культуры? Гэтаму прысвячалася свята “Спорт, гульні і забавы ў беларускай вёсцы” ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

/i/content/pi/cult/571/12516/13-2.jpgБольшасць сучасных зімовых спартыўных гульняў мае карані ў народных забавах і аналагі ў іншых краінах. Дарэчы, многія з іх знайшлі адлюстраванне на палотнах “мужыцкага” галандскага мастака XVI стагоддзя Пітара Брэйгеля Старога — на іх прысутнічае і кёрлінг, і гульня, падобная да хакея, і катанне на каньках ды санках… І калі звестак, датычных кёрлінгу, на Беларусі няма, то ўсе астатнія зімовыя забавы, паказаныя Брэйгелем, у тым ці іншым выглядзе практыкаваліся і на нашых землях.

Лыжы выкарыстоўваліся раней у вясковым асяродку паляўнічымі, а канькі заставаліся гарадской забавай. А падчас мерапрыемства можна было ўбачыць традыцыйныя зімовыя забавы, напрыклад, даволі пашыраную на вёсцы гульню гусік — гэта далёкі родзіч хакея. Гралі ў гусіка на лёдзе ці добра ўтрамбаваным снезе. Кожны з гульцоў меў кіёк, раздвоены на адным канцы, і невялічкі прадмет, звычайна драўляную плашку ці кавалак лёду, — гусік. Крэслілася круглая пляцоўка, па перыметры якой кожны гулец у адвольным месцы выкопваў сабе ямку — “гняздо”. Першы ўдзельнік выходзіў на цэнтр пляцоўкі, клаў свайго “гусіка” і вяртаўся да “гнязда”. Там ён тры разы грукаў кійком па лёдзе. Пасля трэцяга ўдару ўсе гульцы са сваіх месцаў скіроўваліся да цэнтра пляцоўкі з мэтай загнаць кійком гусіка ў “гняздо”. Як толькі ў некага тое атрымлівалася, свайго гусіка выстаўляў наступны гулец, і гульня працягвалася. Перамагаў той, хто загнаў больш гусікаў у сваё 
“гняздо”.

Значнае месца сярод зімовых гульняў і забаваў займалі тыя, мэтай якіх было паказаць мужчынскую моц. Больш за тое, некаторыя з іх маюць глыбокія карані, і раней, хутчэй за усё, уваходзілі ў сістэму ваеннага выхавання. Удзельнікі знаходзілі ці рабілі снежную гару, яе схілы залівалі вадой, пасля дзяліліся на 2 каманды: адна гару абараняла, другая — штурмавала. Па сутнасці, тут у гульнёвай форме адпрацоўваецца тактыка штурму ды абароны сярэднявечнага ўмацавання.

Беларусы маюць сваю нацыянальную барацьбу — быркі. Існавала шмат розных варыянтаў: недзе супернікі браліся пад пахі, недзе за паясы, недзе “накрыж” — адна рука на плячо, іншая на тулава, але сэнс быў той самы — паваліць суперніка на зямлю. Яшчэ адна зімовая гульня з элементамі барацьбы — пабелка. Ляпіўся вялікі снежны шар, усе ўдзельнікі браліся за рукі і станавіліся вакол яго. Мэта — не расчапляючы рук “пабяліць” суседа, то бок наштурхнуць яго на ком, каб на адзенні засталіся сляды ад снегу. Пабелены чалавек выбываў з гульні. Калі заставаліся два апошнія гульцы, яны станавіліся адзін насупраць іншага абапал снежнага кома, браліся за рукі і імкнуліся ўсцягнуць адзін аднаго на шар. Гулялі зімой і ў перацягванне каната: між камандамі будаваўся снежны мур, а перамагала тая каманда, якая здолела нацягнуць супернікаў на яго.

Як і цяпер, вялікую папулярнасць сярод зімовых забаваў мела гульня ў снежкі. Прычым існавала вялікая колькасць разнастайных гульняў на трапнасць. Так, у верабейках галоўнай мэтай было выбіць снежкамі ўсе прадметы — “верабейкі” з пляцоўкі. Карона — своеасаблівы сімбіёз снежкаў з бейсболам. Робіцца снегавік, якому на галаву кладзецца карона (любы невялікі прадмет). На адлегласці 10 крокаў ад снегавіка ў некалькіх месцах робяцца пляцоўкі з загадзя падрыхтаванымі снежкамі. Мэта — збіць снежкамі карону. Першы ўдзельнік кідае сняжок і бяжыць да наступнай пляцоўкі. Другі ўдзельнік мусіць паспець кінуць сняжок за той час, пакуль першы бяжыць. Трэці — пакуль бяжыць другі і гэтак далей. Перамагае той, хто саб’е карону. Ва ўсіх гэтых гульнях маглі паўдзельнічаць госці музея.

Падчас свята наведвальнікі змаглі ўпершыню ўбачыць унікальную экспазіцыю спартыўнага двара вясковага народнага вучылішча. Справа ў тым, што ў апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя ў народных вучылішчах пачалі ўводзіцца заняткі гімнастыкай для фізічнага выхавання навучэнцаў. Лічылася, што гімнастычныя практыкаванні садзейнічалі развіццю ў дзяцей спрыту, мужнасці, загартоўвалі імунітэт і, нарэшце, падрыхтоўвалі да ваеннай службы. Заняткі праводзіліся ў двары школы і былі падзелены на страявыя і вольныя практыкаванні, практыкаванні з рухомымі і нерухомымі прыладамі (нахільная лесвіца, бервяно, паралельныя брусы, прыстасаванні для скачкоў у вышыню, у шырыню і глыбіню, трапецыя). Па праграме, зацверджанай міністрам народнай асветы, для ніжэйшых навучальных устаноў рэкамендавалася праводзіць заняткі ў пазакласны час не менш за тры гадзіны на тыдзень. Магчыма было праводзіць заняткі на вялікім перапынку ці падчас урока для актывацыі ўвагі дзяцей. Калі ў школах адсутнічала пляцоўка для заняткаў, іх маглі праводзіць на свежым паветры на пустцы, лужку або пад дахам гумна. На двары школы былі паказаны спартыўныя прылады, вырабленыя па старых чарцяжах.

На музейным свяце ўсе ахвотныя змаглі пакатацца вярхом на кані, што лічыцца вельмі карысным для здароўя, а таксама на санях, што вельмі ўздымае настрой. У зімовы дзень удалося пачаставацца гарачым узварам — традыцыйным напоем, звараным з сухафруктаў і зёлак з мёдам.

Аляксей ДРУПАЎ, Ігар ІВАНОЎ,  супрацоўнікі музея

Фота Марыны ВАРАБЕЙ