Прыбытак за свой кошт

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

У “К” № 25 за 2013 год быў размешчаны артыкул Яўгена Рагіна і Кастуся Антановіча “Вятрак чакае “млынара”. Гаворка ў ім ішла і пра наш Раённы цэнтр рамёстваў, што месціцца ў аграгарадку “Русіно” Баранавіцкага раёна. У прыватнасці, вызначаліся нашы планы: зарабіць за год 16 мільёнаў пазабюджэтных рублёў, рэгулярна праводзіць абрад традыцыйнага вяселля, адкрыць Дом абрадаў, распачаць работу народнага тэатра “Батлейка”… Прайшло два гады. Мы паспелі шмат здзейсніць. Калі ў 2014-м РЦР зарабіў у бюджэт 47 мільёнаў, дык на сёння гэты паказчык дасягнуў 57 мільёнаў рублёў.

/i/content/pi/cult/570/12514/7-2.jpgПазалетась за ўласныя сродкі зроблены сайт centrremeselrusino.by для інфармавання насельніцтва пра дзейнасць і паслугі РЦР. З рэкламнай жа мэтай створаны буклеты і календары, гліняныя шыльдачкі ручной работы з адлюстраваннем нашага млына і пазнакай сайта. Інфармацыя і рэкламная прадукцыя накіравана ў школы, ЗАГСы і вясельныя салоны горада, турфірмы, і не толькі Баранавічаў. На стварэнне сеціўнага рэсурса, падкрэслю, ні бюджэтныя, ні пазабюджэтныя сродкі не спатрэбіліся, акрамя аплаты за хостынг і даменнае імя.

Сіламі супрацоўнікаў РЦР адрамантаваны і абстаўлены Дом абрадаў, які не дзейнічаў два гады. Работы выкананы зноў жа без выдаткавання бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў аддзела ІРКСМ: да ладу даведзена печка, якая абкладзена пліткай, адшліфавана і пафарбавана падлога, набыты стол і лаўкі.

Паколькі мы прыраслі матэрыяльнай базай, з’явілася магчымасць увядзення шэрагу новых паслуг: абрадаў з элементамі традыцыйнага вяселля і вяселля еўрапейскага. Сродкі са спецыяльнага рахунку пайшлі толькі на закупку тканіны для афармлення памяшкання. Паслуга прадстаўленняў батлейкі ўведзена ў маі 2015-га. Хатку і лялькі таксама зрабілі работнікі РЦР. Тэатр працуе ў Доме абрадаў, які змяшчае 40 — 45 гледачоў. Менавіта тут мы знаёмімся з гасцямі РЦР, тут ладзяцца і вясельныя фотасесіі.

Вясельны абрад ладзіцца наступным чынам. Маладых перад Домам абрадаў сустракаюць дзве дзяўчыны і хлопец у нацыянальных строях. Маладыя праходзяць пад ручніком. Потым іх чакаюць выпрабаванні. Малады робіць венік, правейвае крупы, меле зерне. Маладая таўчэ зерне ў ступе, прасейвае муку, тчэ пояс-абярэг, прасуе ручнік. Разам яны засцілаюць калыску.

У Доме абрадаў маладых садзяць на кажух, “каб багатымі былі, каб шмат дзетак нарадзілі”. Яны п’юць з аднаго кубка, каб усё жыццё ісці па адной дарозе. Напрыканцы вядучыя ахвяруюць маладым ляльку “Багач” (каб не пераводзіліся грошы), ляльку “Дзесяціручку” (каб з любым клопатам упраўляліся), ляльку “Неразлучнікі” (каб дзяліць гора і радасць)…

У 2014 годзе зроблены і Дом Дзеда Мароза. Ягоная “рэзідэнцыя” створана таксама без выдаткавання дзяржаўных грошай. Яна размешчана за будынкам цэнтра. Тэрыторыю мы расчысцілі, зрабілі разную хатку, дзе ёсць адмысловы трон. Пачалі ладзіць навагоднія ранішнікі. З 20 снежня 2014-га па 20 студзеня 2015-га мы зарабілі на гэтых мерапрыемствах 24 мільёны рублёў.

Раней была актыўна задзейнічана тэрыторыя, якая знаходзіцца перад РЦР. Тут, як вядома, месціцца наш вятрак, тут жа — “Даліна багоў” са скульптурамі беларускіх міфалагічных персанажаў. Цяпер усе нашы гектары эфектыўна працуюць на агульны вынік.

Павялічылася, натуральна, колькасць наведвальнікаў. Калі ў 2013 годзе, да прыкладу, было абслужана без малога дзве тысячы чалавек, дык на канец 2015-га платныя паслугі аказаны ўдвая большай колькасці гасцей.

Вывад хачу зрабіць наступны. У 2013 годзе асноўнай нашай паслугай былі экскурсіі. Пасля ўвядзення новых відаў паслуг пазабюджэтная дзейнасць значна актывізавалася. Рэклама прыцягнула ў РЦР дзяцей і моладзь. Далучэнне іх да традыцыйных рамёстваў Баранавіччыны, мясцовай гісторыі стала больш сістэмным. І, самае важнае, мы абышліся пры гэтым без бюджэтных укладанняў!

Ірына ЖЫТКО, мастак РЦР, вёска Русіно