Драйв на сцэне СДК

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Танцавальныя вечарыны ў трэндзе: пасёлак Крупскі
У “К” № 43 за мінулы год надрукаваны артыкул Антаніны Маламы “І ўсё ж “пракаціла” пра першую танцавальную вечарыну ў СДК пасёлка Крупскі Крупскага раёна (не блытаць з райцэнтрам Крупкі!). Мы вырашылі прасачыць за развіццём падзей і наведалі ўжо чацвертую, калядную, вечарыну 10 студзеня.

/i/content/pi/cult/570/12513/7-1.jpg

Удзельнікі танцавальных вечарын у Крупскім могуць "засвяціцца" і на Рэспубліканскім турніры "Мяцеліца". / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Спадарыня Антаніна, пераехаўшы спачатку ў Крупскі з Мінска на лета, засталася зімаваць. Пакідае хату толькі падчас моцных маразоў і паездак на заняткі Школы традыцыйнага мастацтва гурта “Guda”, дзе ўдасканальвае танцавальныя навыкі пад кіраўніцтвам этнахарэографа Міколы Козенкі. Антаніна двойчы станавілася лаўрэаткай конкурсу “Мяцеліца”, выступала разам з танцавальнай суполкай “Guda” ў Польшчы, Літве і Латвіі, не кажучы пра родную краіну. Бачачы яе ў танцы, маладзейшыя жанчыны цікавяцца: “Колькі ж ёй год? І калі яна пачала займацца танцамі?”

Вось з такім багажом спадарыня Антаніна вырашыла зрабіць трошкі цікавейшым сваё ўласнае і грамадскае жыццё ў Крупскім. Вечарыны адбываюцца раз на месяц, звычайна ў першыя выходныя. Вельмі рэкамендуем наведаць для пераймання вопыту!

Чацвёртым разам, калядным часам

10 студзеня ў Крупскі з’ехаліся танцоры з суседняга Бабра і не такіх ужо блізкіх Мінска ды Барысава. Імпрэза распачалася калядаваннем: хадзілі па пасёлку, дурачыўся Мядзведзь, памірала Каза і Доктар пытаўся: “Лекаваць, ці хай жыве?”… Людзі выходзілі з хат, казалі, што даўно ў іх не было такіх вясёлых Калядаў! Дзеці праваджалі калядоўшчыкаў да канца сваёй вуліцы. Затым паказалі абрад калядавання на сцэне ў Доме культуры і танчылі да апошняй электрычкі.

Да гасцей у Крупскім ужо прызвычаіліся: чакаюць з гарачай гарбатай і вясковымі пачастункамі. Гэтым разам на стол пайшло і накалядаванае. Ужо не здзіўляюцца, што моладзь у вольны час цягнецца дзве гадзіны з Мінска і забаўляе людзей задарма. З’явілася разуменне, што традыцыйны танец — гэта рэч у сабе, можа жыць не толькі на сцэне. А на вечарыне народных танцаў бывае нашмат весялей і больш драйву, чым на звычайнай дыскатэцы.

Наведвальнікі з мясцовых далучаюцца да танцаў не з “добраахвотна-прымусовымі” запрашэннямі, а таму, што ім цікава, весела. Моладзь паступова знаёміцца са старажыламі. Магчыма, наступным разам на вечарынах і тыя пакажуць свае варыянты танцаў, што памятаюць з маладосці.

Меркаванні і ўражанні

Дырэктар Крупскага СДК Антаніна Драніца рада, што ўстанова набірае папулярнасць: раней газеты шмат пісалі пра мясцовыя дыскатэкі, цяпер СДК вядомы як асяродак, прыхільны да фальклору. Пры ўстанове дзейнічаюць народныя калектывы “Крупчанка” і “Крупчаняты”. З мясцовым матэрыялам складана: пасёлак стаіць на чыгунцы, шмат прыезджых жыхароў, а старажылаў засталося вельмі мала.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крупскага райвыканкама Таццяна Мельнік далучылася да танцаў. “Калядаванне для нас — з’ява не новая, у нашых вёсках людзі калядуюць, ведаюць песні. Таму сустракалі калядоўшчыкаў з паразуменнем, не здзіўляліся. А вось этнадыскатэка для нашага раёна — гэта свежая ідэя. Я спадзяюся, яна прыжывецца, да нас будзе і надалей прыязджаць моладзь, той жа ансамбль “Guda”. Можа, у нас утворыцца і свой калектыў народнага танцу. У нас любяць польку, танчаць яе дасюль на вяселлях, юбілеях”, — падзялілася ўражаннямі Таццяна Іванаўна.

Антаніна Малама радуецца, што танцоры прыязджаюць у Крупскі, не лянуюцца, не страчваюць цікаўнасці пасля першых імпрэз. Паступова завязваюцца знаёмствы з мясцовымі жыхарамі. Са старэйшымі можна пагутарыць, “як даўней жылі”, павучыцца вышыванню.

Трэнды

Прыемна, што танцавальны рух набірае абароты: у гэты ж дзень праходзіла вечарына ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна, арганізаваная мясцовым гарманістам Віктарам Шыпковым, які адвучыўся ў Мінску і вярнуўся на малую радзіму. Таму ў танцораў ды музыкаў нават быў выбар, куды паехаць. Раз на два тыдні па серадах праходзяць вечарыны ў Маладзечне (шукайце ў сацыяльных сетках суполку “Вячоркі на Лібава-Роменскай”). Сярод арганізатараў значацца Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна, Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і капэла “На таку”. Амаль увесь мінулы сезон танчылі ў Ракаўскім доме фальклору. Было некалькі вечарын на Клічаўшчыне. Часам капэла “На таку” далучаецца да семінараў работнікаў культуры, прысвечаных танцам.

Таму можна смела казаць, што крупскія вечарыны ў трэндзе. І трэнд гэты нароўні з папулярнасцю курсаў беларускай мовы, самай рознай “вышыпрадукцыі” сведчыць аб узрастанні ролі беларускай (у тым ліку традыцыйнай) культуры ў сучасным грамадстве. А можа, трэнду ўжо і да сталай характарыстыкі недалёка?

Мінск — Крупскі — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"