Вопыт адной ДШМ

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Адной з шасці ДШМ на Валожыншчыне з 2009 года кіруе Юлія Мякінка. Гэтая школа працуе ў Ракаве. Мястэчка старадаўняе, са сваімі традыцыямі. Адной з іх — толькі 25 гадоў. Роўна столькі споўнілася згаданай установе.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Адамовіч кажа, што маладая Юлія Мякінка не перастае яго здзіўляць ініцыятыўнасцю і выніковасцю дзейнасці. Я вырашыў пагутарыць з дырэктарам Дзіцячай школы мастацтваў (зацікавіла кіраўніцкая кухня) і вось што высветліў.

Дырэктару ДШМ камфортна, бо сярэдні ўзрост выкладчыкаў — 33 гады. Прафесіяналамі паспелі ўжо стаць, а кансерватарамі — гады не дазваляюць. Што робіць кіраўнік дзеля пастаяннага амаладжэння педкалектыву? Не цураецца запрашаць на невялічкую колькасць гадзін вочнікаў-старшакурснікаў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. І тыя пагаджаюцца! Ад “жывой” практыкі грэх адмаўляцца. Нават пры адсутнасці гарантаванага 
жытла.

Штогод у настаўніцкім складзе ДШМ — адзін-два такія студэнты. І застаюцца ж у Ракаве! Бо творчая атмасфера тут заўсёдная. А калі яшчэ ўсе калегі — маладыя ды да працы задзірыстыя…

Тым не менш, а што з жыллём? Не без старанняў дырэктара школа пераехала нядаўна ў будынак рэканструяванай канторы мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі. Стары будынак, як усе спадзяюцца, будзе пераўтвораны ў інтэрнат для маладых спецыялістаў. Дзеянні паслядоўныя і натуральныя.

Чым яшчэ бярэ Ракаўская ДШМ? Пасля рэканструкцыі будынка з’явілася магчымасць адкрыць клас выяўленчага мастацтва. Цяпер з 99 вучняў трынаццаць — юныя мастакі. Музычныя традыцыі, безумоўна, больш сталыя. Тут ёсць народны інcтрументальны калектыў педагогаў “Ars Longo”. За віртуозамі дарослымі назіраюць школьнікі. І не проста назіраюць: дзейнічаюць тры інструментальныя, два харавыя і адзін вакальны дзіцячыя калектывы. Іх колькасць, па меркаванні дырэктара, — паказчык якаснай працы ўстановы. Як і ўдзел у прэстыжных конкурсах.

Сёлета, да прыкладу, дзіцячыя хор ды інструментальны ансамбль едуць на фестываль у Сочы. Для таго, каб дзеці не надта думалі пра набыццё білетаў ды пражыванне за мяжой, “Ars Longo” ў наступным месяцы дае дабрачынныя канцэрты ў Ракаве і Мінску. У гэтым — пэўная самадастатковасць педагогаў і вучняў.

А клас выяўленчага мастацтва толькі з’явіўся. Але юныя мастакі ва ўсю цягнуцца за музыкантамі, даказваюць сваю значнасць. Пачынае атрымлівацца. Шмат, да прыкладу, зроблена ў сцэнаграфіі агульных сцэнічных мерапрыемстваў. А сур’ёзныя перамогі — наперадзе. Што гэтыя перамогі трэба ўключаць у планы будзённай дзейнасці, вучыла Юлію яе першая музычная настаўніца і першы дырэктар Ракаўскай ДШМ Ірына Старасценка. Ці не самае галоўнае ў нашай культуры — гэта вернасць сталым традыцыям.

Юлія Мякінка імкнецца быць у курсе ўсіх рэспубліканскіх спраў, звязаных з развіццём пачатковай мастацкай адукацыі. Зрабіць гэта няцяжка, бо менавіта ў Ракаве праходзіць адкрыты рэгіянальны фартэпіянны конкурс імя кампазітара канца ХІХ стагоддзя Міхаіла Грушвіцкага. І менавіта ў Ракаў з’язджаюцца музыканты-педагогі ці не з усёй Беларусі. Чым не нагода для абмену досведам?

Дарэчы, у Ракаве пройдзе красавіцкімі днямі ўжо пяты па ліку такі конкурс. Падрыхтоўка да яго распачата яшчэ летась.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"