Купала і Колас: магілёўская Адысея

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Да 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.Леніна падрыхтаваў бібліяграфічны паказальнік “Янка Купала, Якуб Колас і Магілёўшчына”.

Класікі цесна звязаны з нашымі роднымі мясцінамі.

Янка Купала трынаццаць разоў наведваў Магілёўшчыну: у савецкі час прыязджаў у Бабруйск, Клімавічы, Магілёў, Горкі, вёскі Горы Горацкага і Александрыя Шклоўскага раёнаў. Яшчэ больш шырокая геаграфія падарожжаў па Прыдняпроўскім краі Якуба Коласа. Зафіксавана ажно пятнаццаць яго прыездаў сюды: у Бабруйск, Быхаў, Горкі, Клімавічы, Магілёў, Мсціслаў, Хоцімск, Шклоў, вёскі Забялышына і Трасціно Хоцімскага, Шыркі Горацкага раёнаў.

Янка Купала і Якуб Колас прымалі ўдзел у літаратурных вечарынах і сустрэчах, прысутнічалі на спектаклях у Магілёўскім абласным драмтэатры, наведвалі навучальныя ўстановы. Янка Купала цікавіўся гісторыяй нашага горада: народнае паданне аб заснаванні Магілёва пакладзена ў аснову яго паэмы “Магіла льва”.

Існуе мноства асобных публікацый, раскіданых па розных друкаваных крыніцах.

Асаблівую цікавасць уяўляюць творы і ўспаміны аб класіках пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў нашага краю, мастакоў і дзеячаў музычнага мастацтва. Таму і такая важная спроба сістэматызаваць гэтыя шматлікія звесткі.

Бібліяграфічны паказальнік “Янка Купала, Якуб Колас і Магілёўшчына” — першае ў мясцовай краязнаўчай бібліяграфіі выданне, створанае з мэтай адлюстравання сувязі народных паэтаў з літаратурным і мастацкім жыццём краю, шырокага ўшанавання памятных мясцін на Магілёўшчыне, звязаных з іх імёнамі. Паказальнік уключае інфармацыю больш чым аб 750-ці дакументах за 1921 — 2007 гг. на беларускай і рускай мовах: гэта кнігі, артыкулы з часопісаў і газет, ноты, выяўленчыя матэрыялы, якія згрупаваны па 7 тэматычных раздзелах. Геаграфічныя звесткі аб знаходжанні Якуба Коласа і Янкі Купалы на Магілёўшчыне змешчаны ў выглядзе табліцы. Для зручнасці карыстання складзены імянны і геаграфічны дапаможныя паказальнікі. Матэрыялы ўзяты як з фондаў абласной бібліятэкі, так і з іншых крыніц.

Тамара КАЛІНІНА,
загадчыца аддзелабеларускай і краязнаўчай
літаратуры Магілёўскай абласной бібліятэкі