Хто на змену?

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Беларусы замежжа: касцюмы, ноты, інфармацыя
Як паведамляла “К”, у сярэдзіне снежня ладзіліся майстар-класы для кіраўнікоў творчых калектываў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў свету. Частка імпрэз адбылася ў Інстытуце культуры Беларусі, частка прайшла на базе вядомых беларускіх калектываў аматарскай творчасці і ў шэрагу ўстаноў культуры і адукацыі краіны. Карэспандэнт “К” пагутарыў з прадстаўнікамі некаторых дэлегацый пра актуальныя пытанні для суполак.

/i/content/pi/cult/570/12505/2-1.jpgТамара ЯШЫНА, намеснік старшыні савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі:

— Як я лічу, дадзеныя мерапрыемствы нам вельмі патрэбны: мы атрымліваем не толькі тую інфармацыю, што падрыхтавалі арганізатары, але і карысную метадычную літаратуру, завязваем кантакты, знаёмімся з Беларуссю. Досвед, атрыманы падчас падобных курсаў, — эксклюзіўны. Дарэчы, Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі існуе ўжо больш за 15 гадоў і ўключае ў сябе сотні беларускіх арганізацый. Сёння ў нас пражываюць каля 500 тысяч беларусаў, месцы іх кампактнага пасялення ёсць у Новасібірскай, Омскай, Іркуцкай, Калінінградскай абласцях, у Рэспубліцы Башкірыя. І ў многіх кутках Расіі нашы суайчыннікі да сённяшняга дня захавалі традыцыйныя элементы беларускай культуры, мову. Таму, на маю думку, падобныя майстар-класы можна было б зладзіць асобна для прадстаўнікоў беларусаў Расіі і асобна для іншых суполак землякоў з замежжа. Спадзяюся, так калі-небудзь і будзе.

Сярод нашага яркага досведу назаву фестываль “Купальскае лета на Доне”, які не першы год ладзіцца ў Растоўскай вобласці. Ён даўно выйшаў за рамкі рэгіянальнага фальклорнага свята і з’яўляецца значнай падзеяй, стаўшы сімвалам сяброўства народаў, што жывуць на Доне. Арганізатарам мерапрыемства выступае нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Растоўскай вобласці, дзе па афіцыйных даных пражываюць каля 30 тысяч этнічных беларусаў! Калі мы пачыналі, у культурнай акцыі ўдзельнічала каля 4 тысяч чалавек, апошні ж фэст сабраў блізу 8 — 10 тысяч удзельнікаў з самых розных куткоў Растоўскай вобласці, Краснадарскага края і, натуральна, Беларусі. Пару месяцаў таму ў нас адбыўся І з’езд беларусаў Карэліі — у Петразаводску. Землякі цяпер арганізаваліся ў буйны цэнтр, які буяе ініцыятывамі і новымі ідэямі. Наогул, мы актыўна працуем з Міністэрствам культуры Беларусі і ведаем, што нам заўсёды дапамогуць і падтрымаюць нашы прапановы.

І апошняе. На жаль, у Расіі ды, мяркую, і ў іншых краінах свету вельмі складана знайсці інфармацыю пра тое, што адбываецца ў культурным жыцці Беларусі, якія тут ладзяцца фестывалі, культурныя імпрэзы і акцыі... Мяркую, было б няблага, каб гадавы план тых або іншых культурных мерапрыемстваў размяшчаўся, скажам, на сайце Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. І, канешне, загадзя... Тады мы змаглі б сфарміраваць заяўку на ўдзел…

Людміла АННУС, кіраўнік беларускага таварыства “Сябры” (г. Нарва, Эстонія), член Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі:

— На сайце Пасольства Беларусі ў Эстонскай Рэспубліцы можна знайсці інфармацыю пра дзясятак беларускіх суполак. На жаль, актыўнай дзейнасцю сярод гэтых таварыстваў займаюцца далёка не ўсе. І што самае галоўнае — да нас вельмі слаба ідзе моладзь. Фактычна, сёння наша суполка існуе ў замкнутым асяроддзі, там маецца шэраг сталых членаў — у сярэднім 50-гадовага веку, — а вось абнаўлення і прытоку сіл, зацікаўленых у развіцці беларускай культуры і мовы ў Эстоніі, мы пакуль не заўважаем. І гэта сапраўды праблема. Вырашаць яе трэба неадкладна, што мы і робім. Нядаўна прайшліся па мясцовых гарадскіх школах, садках, каб адшукаць хлопчыкаў і дзяўчат з беларускімі каранямі ды зацікавіць іх нашай дзейнасцю. Ініцыятыва дала пэўны плён: сёлета наша таварыства папоўнілася трыма новымі маладымі асобамі…

Да працы на перспектыву абавязвае статус: нядаўна таварыству “Сябры” споўнілася 16 гадоў! У горадзе нас ведаюць, да нас завітваюць на мерапрыемствы. Бо мы ўдзельнічаем ва ўсіх агульнагарадскіх святах у Нарве, а таксама ладзім свае акцыі ў многіх паселішчах Эстоніі. Сябруем з горадам-пабрацімам Нарвы — беларускім Барысавам, двойчы там выступалі са сваімі канцэртамі і вельмі рады партнёрству.

Таксама наладзілі кантакты з беларусамі Санкт-Пецярбурга, часта бываем у сяброў з Латвіі і Літвы. Скажам, нядаўна пабывалі ў Даўгаўпілсе, паўдзельнічалі ў беларускім кірмашы.

Таццяна ЛЯВУСІК, сябра беларускага грамадскага аб’яднання “BELLARUS” (Неапаль, Італія):

— Арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана не так даўно — толькі напрыканцы 2010-га. Сёння пры “BELLARUS” існуе акадэмічны хор, які выконвае беларускія, рускія, украінскія народныя песні і выступае з канцэртамі не толькі ў Неапалі, але і ў іншых гарадах Апенінскага паўвострава... Напрыклад, сёлета нас запрасілі на адкрыццё выставы “Марк Шагал. Каханне і жыццё” ў манастыры Брамантэ ў Рыме. Так што нашу суполку ў Італіі ведаюць вельмі добра.

Асноўныя нашы праблемы, зразумела, матэрыяльныя. Асабліва не хапае сцэнічных касцюмаў, таму шыем іх сабе самі. Праўда, нам вельмі дапамагае Ганаровае консульства Беларусі ў Неапалі ды Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Так, менавіта дзякуючы Консульству мы часам можам аплачваць транспартныя выдаткі свайго калектыву, а з РЦНК нам нядаўна перадалі адзін камплект сцэнічнага касцюма ў нацыянальным стылі, метадычныя дапаможнікі, літаратуру.

Алена ПІШЧЫКЕНЕ, кіраўнік беларускага фальклорнага ансамбля “Світанак” Вісагінскага культурнага цэнтра (Літва):

— Наш горад маленькі, але, нягледзячы на гэта, у Вісагінасе існуюць ажно тры арганізацыі беларусаў, а пры культурным цэнтры працуюць тры беларускія калектывы. Акрамя “Світанка”, гэта дзіцячы ансамбль “Таночак” ды яшчэ адзін фальклорны ансамбль “Сузор’е”. Нядаўна мы зладзілі ў нашым паселішчы фестываль нацыянальных культур, на якім выступілі як мясцовыя беларускія музычныя калектывы, так і ансамблі іншых нацыянальных суполак. Спадзяюся, у наступныя гады наш фэст набярэ большы размах. Тады, натуральна, будзем чакаць, што да нас прыедуць і калектывы з Беларусі. Праўда, спачатку трэба вырашыць пытанне са спонсарамі ды мецэнатамі нашай імпрэзы… Спадзяемся, што ў правядзенні фэсту нам зможа паспрыяць і Міністэрства культуры Беларусі.

Жанна БУЙНІЦКАЯ, сябра беларускага таварыства “Мара” (Ліепая, Латвія):

— У Латвіі сёння беларускія таварыствы і суполкі існуюць у шмат якіх гарадах. І амаль пры кожным такім таварыстве ёсць беларускі ансамбль. Ёсць ён, натуральна, і ў нас. Так, нашаму ансамблю беларускай песні “Пралеска” сёлета споўнілася 15 гадоў. Што вельмі радуе — дык гэта тое, што ў нас, у адрознене ад многіх калег, ёсць змена. Да нас прыходзяць дзеці і нават унукі сталых сяброў таварыства. Канешне, нам цяжка: спачатку мы завучваем беларускія словы паводле транскрыпцыі, потым слухаем песню ў навушніках, а ўжо толькі пасля распачынаем рэпетыцыі. Але ўсё адно імпэт у нашых хлопчыкаў і дзяўчат ёсць, ім гэта цікава. Таму мы вельмі спадзяемся, што з цягам часу гэтыя дзеткі ўвальюцца ў нашу “Пралеску” і будуць далей прапагандаваць беларускую культуру ў Ліепаі.

Натуральна, нам не хапае нот, музычных твораў, музычнай літаратуры, а таксама дыскаў з беларускімі песнямі, якія мы маглі б выконваць у сваіх калектывах. Мяркую, дзякуючы вось такім майстар-класам мы зможам атрымаць усю неабходную інфармацыю. Праўда, хацелася б, каб падобныя мерапрыемствы для беларусаў замежжа ладзіліся часцей і на пастаяннай аснове.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"