Замест скульптуры, з тэхналогіямі

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Валерый КАЛТЫГІН, мастак, кераміст, кіраўнік Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль”
Зараз у Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць мая персанальная выстава “Рэпліка. Керамапластыка”. Рыхтуючыся прадставіць свае творы грамадзе, асабліва ў фармаце персаналіі, мастак асэнсоўвае зробленае за пэўны перыяд. А рэвізія работ цягне за сабой рэвізію поглядаў на жыццё і мастацтва.

/i/content/pi/cult/570/12495/5-1.jpgУ чарговы раз акрэсліваеш, што для цябе жыццёва важна, што другасна, без чаго можаш увогуле абысціся. Гэта як азірнуцца назад, каб скарэктаваць шлях наперад. Хтосьці можа падумаць, што для тых, хто шчыруе ў галіне “дэкаратыўна-прыкладнога” мастацтва, стратэгічнасць мыслення — рэч калі і не залішняя, дык, прынамсі, не абавязковая. Маўляў, для аздаблення побыту трэба сачыць за модай, а не замарочвацца на філасофію. Тым больш, тая ж кераміка больш чым якое іншае мастацтва грунтуецца на імправізацыі. Але на чыстай рэфлексіі творчасць не пабудуеш, на адной інтуіцыі далёка не заедзеш. У сур’ёзнай справе мусіць быць сэнсавы стрыжань.

Асабіста для мяне такім стрыжнем з’яўляецца асэнсаванне правінцыйнасці як псіхалагічнага стану і духоўнай з’явы. Так здарылася, што, калі не разглядаць час вучобы ў Мінску, дык усё маё жыццё прайшло ў правінцыі — Антопаль, Быхаў, Бабруйск… Але пры гэтым як мастак прасторы для самарэалізацыі я меў і маю не менш за сваіх сталічных калег. Правінцыйны рытм жыцця больш адпавядае маёй натуры, чым тлум мегаполіса. У мястэчках, у малых і адносна невялікіх гарадах людзі яшчэ не забыліся, што пад асфальтам — зямля. На карані свае не забыліся. Мне з імі цікава. Прытым што я маю патрэбу час ад часу выпраўляцца ў вялікі свет — сябе паказаць, на іншых паглядзець, даведацца пра новыя павевы ў мастацтве і новыя тэхналогіі.

Беларуская кераміка, калі казаць пра фарміраванне школы, прайшла ў сваім развіцці некалькі стадый. Адбывалася гэта на маіх вачах. Быў час, калі керамісты адштурхоўваліся ад народных узораў і арыентаваліся на функцыянальнасць. Ужытковасць пераважала над дэкаратыўнасцю. Потым у пашане была абстрагаваная ці цалкам абстрактная форма, якая разглядалася як самадастатковая каштоўнасць. Цяпер жа наша і не толькі наша кераміка развіваецца, як мне падаецца, у бок асацыятыўнасці. І на гэтым этапе яна здольная вырашаць задачы, якія раней лічыліся замацаванымі за скульптурнай пластыкай.

І яшчэ відавочны рух керамікі ў бок высокіх тэхналогій. І тут у нас з’яўляюцца праблемы… Справа ў тым, што пры адсутнасці сучаснага абсталявання (у суседзяў, у прыватнасці, у расіян яно ўжо ёсць) мы рызыкуем страціць і напрацаваны патэнцыял, і заваяваныя пазіцыі, і, адпаведна, перспектывы. Надыходзяць часы, калі на адной нацыянальнай самабытнасці альбо арыгінальнай стылістыцы ўжо не ўтрымаешся, трэба яшчэ і выкананне, якое адпавядае сучасным эстэтычным стандартам. Я маю на ўвазе новыя выразныя магчымасці, якія стварае абпал пры тэмпературы 1400 градусаў. У нас, як я ўжо казаў, увогуле няма такіх печак. А значыць канкурыраваць нам будзе ўсё цяжэй і цяжэй.

У нашай керамічнай вытворчасці ды і ў творчай практыцы мастакоў пераважаюць сёння так званыя халодныя тэхналогіі. Гэта калі пігмент наносіцца на ўжо гатовы выраб, і эфект палівы ствараецца не высокатэмпературным абпалам, але халоднай хімічнай рэакцыяй. Канешне, прафесіянал і на падставе таннай тэхналогі зробіць нешта вартае. Але імітацыя — яна і ёсць імітацыя…

Сёння беларуская керамічная школа трымаецца на энтузіязме мастакоў. Але, дбаючы пра будучыню, не кепска было б мець таксама і матэрыяльную базу, якая адпавядала б сучасным патрабаванням.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"