Секвестр мо і не падасца пагрозлівым...

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Калегія Міністэрства культуры Беларусі, дзе аналізаваліся вынікі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі”, завяршылася, але пакінула па сабе і шмат пытанняў.

/i/content/pi/cult/570/12494/4-22.jpgМабыць, адно з галоўных: што будзе з фінансаваннем наступнай Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады? Нагадаю, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2010 года № 1905 “Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады” на фінансаванне запланаваных мерапрыемстваў былі прадугледжаны сродкі ў памеры 1 355,7 мільярда рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 673,9 мільярда рублёў, мясцовых бюджэтаў — 676,3 мільярда рублёў, іншых крыніц — 5,5 мільярда рублёў.

Дык вось, як адзначыў падчас студзеньскай калегіі ўжо 2016 года намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, па папярэдняй ацэнцы фактычныя выдаткі на Дзяржпраграму з улікам інфармацыі абласных галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі складуць 859,8 мільярда рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 378,5 мільярда рублёў, мясцовых бюджэтаў — 450,8 мільярда рублёў, іншых крыніц — 30,5 мільярда рублёў. Выкананне па бюджэтных сродках, такім чынам, склала 61,4 працэнта, з улікам пазабюджэтных сродкаў — 63,4 працэнта.

Даволі красамоўныя лічбы, асабліва з улікам таго факта, што інфляцыя ў Беларусі за пяць гадоў, на жаль, не стаяла на месцы і, натуральна, запланаваныя яшчэ ў 2010 годзе ў кансалідаваным бюджэце грошы на фінансаванне Дзяржпраграмы за гэты час займелі іншую вартасць не са знакам “плюс”. Але, як бачна, нават іх у поўным аб’ёме сфера культуры так і не атрымала.

Таму сёння пытанне пра фінансаванне наступнай Дзяржпраграмы падаецца лагічным, бо працягваецца эканамічны крызіс у свеце, а таксама на двух суседніх з намі рынках — расійскім і ўкраінскім, ад якіх вельмі залежыць і эканоміка Беларусі. Між тым, яшчэ ў снежні мінулага года ў Расіі было прынята рашэнне аб секвестры (скарачэнні выдаткаў) федэральнага бюджэту прыкладна на 10 працэнтаў, і гэта, як плануецца, сэканоміць бюджэту каля 700 мільярдаў расійскіх рублёў і не закране так званых публічна-нарматыўных абавязацельстваў, заробкаў бюджэтнікаў і грашовага забеспячэння вайскоўцаў. Не выключаны падобныя крокі і ў нас. Менавіта пра гэта казаў нядаўна міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі ў тэлеінтэрв’ю. Ён адзначыў, што прапановы па карэкціроўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016 — 2020 гады будуць падрыхтаваны ў студзені бягучага года.

— Сёння мы працуем з 20 дзяржаўнымі праграмамі, каб увязаць іх з праграмай пяцігодкі, — адзначыў Уладзімір Зіноўскі.

Пры гэтым міністр эканомікі звярнуў увагу на сацыяльную арыентаванасць Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, запэўніўшы, што нават у выпадку ўразання датацый для рэальнага сектара эканомікі не пацерпяць такія сферы, як адукацыя і ахова здароўя, захаваецца сацыяльная абарона для малазабяспечаных грамадзян ды пенсіянераў.

Са сказанага вышэй вынікае, што будучая Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады таксама можа быць прафінансавана не ў поўным аб’ёме ці яе фінансаванне будзе скарочана.

Таксама не варта забывацца і на інфляцыю. Летась яна склала 12 працэнтаў, на гэты год у рэспубліканскім бюджэце планаваўся такі самы паказчык. Але і гэтыя лічбы могуць быць перагледжаны. Пра гэта таксама казаў Уладзімір Зіноўскі:

— Мы гатовы да пэўных пераўтварэнняў, падтрымкі нашых прадпрыемстваў, але тым не менш мы завязаны на эканоміку нашых суседзяў, — канстатаваў, сярод іншага, ён. — На сёння мы можам казаць, што інфляцыя будзе вырашана двухзначнай лічбай… Мы робім пэўныя разлікі… Урад разам з Нацыянальным банкам працуе ў гэтым кірунку.

Галоўнае, на мой погляд, выйсце для культработнікаў — не столькі разлічваць выключна на бюджэтнае фінансаванне, а больш шчыльна ўзаемадзейнічаць з прыватнымі арганізацыямі, шукаць спонсараў і мецэнатаў, прычым не толькі айчынных, але і замежных. Што ні кажы, а гэта рэальны і, да слова, ужо не раз апрабаваны многімі работнікамі сферы культуры шлях для рэалізацыі сваіх творчых праектаў і крэатыўных ідэй... Толькі пры такой умове слова “секвестр” для культработнікаў Беларусі ў 2016 годзе не будзе здавацца ні пагрозлівым, ні жахлівым.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"