У ценю гісторыі

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Біяграфія з маленькіх сенсацый
16 снежня гала-канцэртам адзначыў сваё 85-годдзе старэйшы аркестравы калектыў Беларусі — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Іосіфа Жыновіча. Эксклюзіўныя артыкулы на старонках “К” працягваюць знаёміць чытачоў з дырыжорамі, якія ў розныя гады стаялі за яго пультам. Адзін з іх — Васіль Самсонаў, цымбаліст, дырыжор, рэжысёр…

/i/content/pi/cult/570/12490/15-1.jpgБезнадзейна сышоў у мінулае час творчай дзейнасці Васіля Самсонава ў Дзяржаўным аркестры народных інструментаў БССР. Пішу “безнадзейна” таму, што след гэтага музыканта, лічыце, згубіўся, і кожная знаходка, кожны ўзноўлены факт яго біяграфіі для мяне асабіста станавіўся маленькай сенсацыяй.

Васіль Самсонаў быў адным з заснавальнікаў правобраза аркестра — таго першага тузіну музыкантаў, якія ў 1930-м склалі Дзяржаўны ансамбль народных інструментаў. Самыя першыя творчыя крокі ансамбля сталіся пачаткам шляху ў музыцы і для самога Самсонава. А ён ад прыроды быў надзелены музычнымі здольнасцямі і прагай да ведаў. Скажам, стаў цымбалістам-самавукам, уласна, як Жыновіч, Навіцкі, Шмелькін, — усе, хто ў 1920-я — пачатку 1930-х аказаліся першапраходцамі ў цымбальным выканальніцтве. Балазе ў той час адпаведнага класа не існавала як дысцыпліны.

Васіль Архіпавіч нарадзіўся 6 студзеня 1906 года (ці 24 снежня 1905-га па старым стылі, як ён адзначае ў аўтабіяграфіі) у сям’і чыгуначнага рабочага з Магілёва. У 1921-м скончыў школу-дзевяцігодку. У тым жа годзе памірае маці, і з гэтага часу для яго пачынаеца дарослае жыццё: Самсонаў пераязджае ў Оршу і пачынае працаваць кіраўніком музычнага гуртка ў клубе (у 15 гадоў!). На жаль, аўтабіяграфія не прасвятляе, пры якіх абставінах ён набыў пачатковыя музычныя веды, што дазволілі кіраваць самадзейнасцю ў клубе. Магчыма, у той час ён ужо ўмеў граць на нейкіх інструментах, у тым ліку на цымбалах?.. Зразумела адно: з юнацтва ён вызначаўся відавочнымі лідарскімі якасцямі.

У 1927 годзе Васіль Самсонаў быў прызваны ў Чырвоную армію, дзе вучыцца ў Ваенна-ветэрынарнай школе, якую заканчвае ў 1929 годзе і тады ж дэмабілізуецца. Пасля таго ён канчаткова прысвячае сябе музычнай прафесіі і прыкладае вялізныя намаганні, каб атрымаць усебаковую адукацыю, сумяшчаючы вучобу з практычнай дзейнасцю.

У 1929-м Самсонаў паступае ў Мінскі музычны тэхнікум на аддзяленне харавога дырыжыравання. Але яго цікавасць да народнага выканальніцтва, якая праявілася яшчэ ў Оршы, не прамінула дарма. Бо наступная старонка біяграфіі звязана з Дзяржаўным ансамблем народных інструментаў. Па маім меркаванні, акурат падчас вучобы ў тэхнікуме Самсонаў бліжэй пазнаёміўся з выкладчыкам Дзмітрыем Захарам, які ўзначальваў ва ўстанове інструктарскае аддзяленне па народных струнных інструментах і быў непасрэдным стваральнікам і арганізатарам Дзяржансамбля. Захар як тагачасны кіраўнік калектыву і фарміраваў яго склад. Відаць, менавіта з яго лёгкай рукі Самсонаў і апынуўся ў ансамблі. Аднак, гэтаму, напэўна, паспрыяла і жаданне самога музыканта працаваць цымбалістам.

У 1931-м у Мінску была выдадзена невялікая брашура (цяпер мы назвалі б яе буклетам), у якой апавядалася пра гісторыю стварэння Дзяржаўнага ансамбля народных інструментаў. Калісьці я трымала гэты рарытэтны дакумент у руках. Унікальнасць яго і ў тым, што там пералічаны прозвішчы ўдзельнікаў ансамбля, і ў тым, што дзякуючы яму можна даведацца аб тагачасным рэпертуары на прыкладзе апісання аднаго з канцэртаў. Так, напрыклад, у першым аддзяленні артысты Дзяржансамбля выконвалі апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў і п’есы айчынных кампазітараў. У другім — фальклор народаў СССР і класічныя творы. Захар саліраваў на дудцы і ў дуэце дудак, Жыновіч (тады яшчэ Жыдовіч) на цымбалах выконваў Другую рапсодыю Ліста і Парафраз на тэмы оперы Вэрдзі “Травіята”. Салістка ансамбля, будучая зорка Вялікага тэатра оперы і балета Ларыса Александроўская выходзіла на сцэну тройчы: спачатку спявала беларускія народныя песні, потым — арыі з “Фаўста” і “Русалкі” (у той час яна выконвала яшчэ сапранавы рэпертуар), і напрыканцы — рэвалюцыйныя песні (а як жа без іх!), сярод якіх — “Марш ударнікаў” і “Жалезная дапамога”. Вядомы ў той час маскоўскі музыказнаўца Яўген Браўда ў тым “буклеце” адзначаў, што ў склад ансамбля ўваходзяць “выдатныя віртуозы-цымбалісты”.

Пачынаючы з 1930 года, ансамбль шмат гастраляваў. Апроч Беларусі, аб’ехалі з канцэртамі Данбас, выступалі ў Адэсе, Сочы, гарадах Грузіі… Гастрольнае жыццё ў складзе ансамбля для Васіля Самсонава доўжылася чатыры гады. Адначасова ён выкладаў па класе народных інструментаў у Мінскай музычнай школе і працаваў артыстам хору ў Дзяржаўнай студыі оперы і балета, а ў 1933 годзе працягнуў адукацыю, паступіўшы ў Белдзяржкансерваторыю — зноў-такі як харавы дырыжор. Калі ў тым жа 1933-м у Мінску адкрылі оперны тэатр, рэарганізаваная оперная студыя стала асновай трупы. Самсонаў аказаўся ў складзе артыстаў хору. І менавіта ў тэатры яго даваенная кар’ера склалася найбольш удала. Неўзабаве ён пачынае працаваць “загадчыкам хора”, як піша ў аўтабіяграфіі, у хуткім часе (з 1936-га) становіцца загадчыкам рэжысёрскага ўпраўлення і вядучым рэжысёрам, а потым — рэжысёрам-асістэнтам (1938 — 1941 гады). З-за насычанага працоўнага графіка ён вымушаны быў нават пакінуць кансерваторыю! Так што ў тое дзесяцігоддзе, з 1930-га па 1941-ы, Васіль Архіпавіч робіцца прыкметнай постаццю ў Мінску, узрастае яго аўтарытэт як музыканта і творчага лідара.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Камітэт па справах мастацтваў накіроўвае Самсонава на працу ў Алма-Ату, дзе з 1941 па 1943 гады ён працаваў рэжысёрам у Казахскім дзяржаўным оперным тэатры, пасля чаго быў адазваны Саўнаркамам БССР, і з восені 1943-га прызначаны дырэктарам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Пасля вызвалення Мінска ён вярнуўся ў горад разам з іншымі артыстамі. З 1944 года Самсонаў аднаўляе працу ў оперным тэатры як рэжысёр-асістэнт, а неўзабаве яго творчая біяграфія зноў перакрыжоўваецца з гісторыяй аркестра народных інструментаў. З 1 кастрычніка 1944-га Васіль Архіпавіч пачынае працаваць артыстам арганізаванага ў Белдзяржфілармоніі квартэта цымбалістаў, куды ўваходзілі яго даваенныя сябры і паплечнікі Іосіф Жыновіч, Станіслаў Навіцкі і Ханон Шмелькін. Квартэт цымбалістаў выконваў пералажэнні твораў Чайкоўскага, Бетховена, Пракоф’ева, беларускага кампазітара Рыгора Пукста і іншыя творы. “Сумесная ігра цымбалістаў І.Жыновіча, С.Навіцкага, Х.Шмелькіна і В.Самсонава вызначалася высокімі якасцямі, — адзначала ў кнізе “Іосіф Жыновіч” былая артыстка аркестра Зоя Насценка. — Яркая гучнасць, стылістычная дакладнасць ігры, прыгажосць фразы, чоткасць рытму, пранікненне ў мастацкую задуму твора вызначалі іх канцэртную дзейнасць. У выкананні квартэта цымбалаў цудоўна гучалі творы, разнастайныя па характару, тэхнічных цяжкасцях. Разам з імі з канцэртамі ў Маскве выступала народная артыстка СССР Л.П. Александроўская”.

У пасляваенныя гады квартэт цымбалістаў у чымсьці кампенсаваў дзейнасць арганізаванага перад вайной на аснове ансамбля цымбалістаў аркестра народных інструментаў, праца якога яшчэ не была адноўлена цалкам. Але для самога Самсонава зноў прыспеў перыяд, непасрэдна звязаны з далейшай гісторый аркестра, аб чым сведчыць унікальны гістарычны дакумент з архіва Белдзяржфілармоніі. У загадзе № 65 ад 15 мая 1945 года чытаем: “Прызначыць мастацкім кіраўніком і дырыжорам аркестра народных інструментаў тав. Самсонава В. з аплатай 0,5 стаўкі, г.зн., 1000 руб.у месяц з 1.04.1945 г.” Да 8 жніўня 1946 года Васіль Архіпавіч заставаўся на пасадзе мастацкага кіраўніка і дырыжора аркестра і стаў непасрэдным папярэднікам Іосіфа Жыновіча.

Вялікіх намаганняў каштавала высветліць далейшы лёс Васіля Самсонава. Сапраўднай знаходкай аказалася яго асабістая справа ў архіве опернага тэатра, куды я звярнулася па дапамогу. У папцы адшукалася і аўтабіяграфія музыканта. Такім чынам, у Вялікім ён адпрацаваў да 1952 года. Менавіта тады справа была закрыта і перададзена ў архіў. Самсонава выдатна памятае, да прыкладу, спявачка Тамара Ніжнікава. Але ні яна, ні іншыя ветэраны тэатра і аркестра не ведаюць, што стала з Самсонавым далей. Не даў вынікаў і запыт у сталічны архіў-ЗАГС. Па некаторых сведчаннях, Васіль Самсонаў пераехаў у Кіеў…

Вольга БРЫЛОН, музыказнаўца

На здымках: 1. Дзяржансамбль цымбалістаў (злева направа): Іосіф Жыновіч, Канстанцін Сушкевіч, Станіслаў Навіцкі, Ханон Шмелькін, Васіль Самсонаў, Мікалай Плашчынскі, Міхаіл Шчарбо, Ізраіль Герман, Яфім Фрыдман, Дзмітрый Захар. Сярэдзіна 1930-х.

2. Музыканты ансамбля разам з Ларысай Александроўскай. Васіль Самсонаў — другі злева. Пачатак 1930-х.

 

3. Загад аб прызначэнні Самсонава мастацкім кіраўніком аркестра.

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца