Кароль смеху. Канешне ж, у чорным чаравіку

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

З П’ерам Рышарам пра Беларусь і Францыю, прыроду гумару і кахання, смак віна і густ у кіно, пра “Цацку” і “Іронію лёсу…”
Сталыя чытачы нашай газеты ўжо заўважылі, што часам героямі інтэрв’ю ў рубрыцы “Рэдакцыя плюс…” становяцца не толькі дзеячы беларускай культуры. Згадайма хаця б гутарку з лідарам украінскага гурта “Акіян Эльзы” Святаславам Вакарчуком. Мы маем спадзяванне, што вам цікавыя такія сустрэчы, і будзем старацца практыкаваць іх надалей. А сёння на пытанні журналістаў выдання адказвае адзін з найвялікшых сучасных французскіх акцёраў, чые талент і майстэрства прызнаныя ва ўсім свеце, улюбёнец савецкай і постсавецкай публікі П’ер РЫШАР, які 19 лютага прадставіць у сталіцы свой монаспектакль “П’ер Рычард III”. Так, гэта той самы высокі бландзін, прыняты за мацёрага суперагента; журналіст, які стаў для распешчанага падлетка цацкай; няўдака-рабаўнік, што спрабаваў дзеля дачкі абчысціць банк; настаўнік-“батанік”, якi шукаў сына, і іншыя крыху бязладныя грамадзяне. Карыстаючыся цяперашнім слэнгам, большая частка кінематаграфічных персанажаў, сыграных ім, — тыповыя лохі. І нягледзячы на тое, што былі ў яго біяграфіі кінаролi людзей зусім іншага кшталту, што вядомы ён як сур’ёзны рэжысёр і акцёр тэатра, для пераважнай колькасці гледачоў Рышар застаецца артыстам, амплуа якога і заключаецца ў тым, каб весяліць. Перайначваючы тэкст арыі Містара Ікс, заўсёды быць клоўнам — лёс яго: лёс караля смеху...

/i/content/pi/cult/570/12487/8-1.jpg“Віват, кароль!..”

— Монаспектакль, з якім вы прыедзеце ў Мінск, называецца па-каралеўску — “П’ер Рычард III”. Гэта значыць, каралём французскай акцёрскай школы П’ер Рышар сябе адчувае?..

— Што вы, я ніколі не адчуваў сябе каралём! Ніякім! А мой новы спектакль — гэта простая, кранальная, збольшага аўтабіяграфічная гісторыя пра П’ера Рышара, і таму яна называецца “П’ер Рычард III”. Але гэта і іранічная гісторыя, таму атрымаўся “П’ер Рычард III”! (Мабыць, назва пастаноўкі і сапраўды заключае ў сабе нейкую іранічную двухсэнсоўнасць: няпоўныя імя і прозвішча акцёра пішуцца на французскай мове “Pierre Richard”, знакамітая ж п’еса Шэкспіра пра караля Англіі называецца “Рычард III”. — А.К.) У спектаклі я, натуральна, распавядаю пра сябе, але самае галоўнае — кажу пра ўлюбёных сяброў-акцёраў, пра найвялікшых сцэнарыстаў і рэжысёраў. Дзялюся з гледачом шчасцем, якое мне давялося перажыць, сыграўшы з гэтымі выдатнымі людзьмі ў тэатры і кіно, судакрануўшыся з творчасцю выбітных сучаснікаў. Карацей, цэлая эпоха кіно вачыма французскага 
акцёра!

— Стыў Вазняк, сузаснавальнiк карпарацыі “Apple”, неяк заўважыў: вельмі рэдка паняцці “добры чалавек” і “таленавіты чалавек” спалучаюцца ў адной асобе. Ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем?

— Ха-ха-ха!.. Вось ужо сапраўды: людзі, якія сустракаліся на маім шляху, часцей за ўсё былі менавіта такімі!

— Вам прыемна, што ў пошукавым радку Інтэрнэта, калі ўводзіш імя П’ер, сістэма адразу выдае ваша прозвішча?

— Мне гэта зусім абыякава. Што мне па-сапраўднаму прыемна, дык гэта ўвага прыхільнікаў, якія падыходзяць да мяне ва ўсіх частках свету і радуюцца нашым сустрэчам. Вядома, яны бачаць ува мне “таго прыдурка з фільма”, але я ўсё роўна люблю іх, і наша любоў узаемная.

— Вы па праве ўжо шмат гадоў увасабляеце французскую культуру, мастацтва. На вашу думку, якія гады былі найлепшымі ў гэтым сэнсе для вашай краіны?

— Французскае мастацтва, культура ў цэлым заўсёды квітнелі. Эпохі здараліся розныя, але ва ўсе часы тэатр, балет, жывапіс, скульптура і кіно з’яўляліся і з’яўляюцца візітоўкай нашай краіны.

— Як лічыце, ці выканалі вы сваю акцёрска-рэжысёрскую місію за столькі гадоў працы на сцэне і ў кіно?

— Няхай пра тое мяркуюць гледачы...

— А ці не было ў вас калі-небудзь жадання плюнуць на ўсё і (цалкам заслужана) спачываць на лаўрах?..

— Я не ўмею адпачываць. А больш дакладна так: мой любімы адпачынак — з кніжачкай, у чытанні новай п’есы ці зноў атрыманага сцэнарыя. Не забывайцеся, што за доўгія гады акцёрства я стаў залежным ад смеху маіх дарагіх гледачоў. Я не магу развітвацца з імі надоўга!

“Трэба быць смешным для ўсіх...”

— У чым, на ваш погляд, прырода смешнага? Ці падобная яна да прыроды кахання, любові ў шырокім сэнсе?

— Прырода і смешнага, і сумнага ляжыць у плоскасці такога пачуцця, як каханне (як і ўся прырода светабудовы). А для таго, каб смяшыць людзей, трэба іх любіць і, вядома ж, проста неабходна любіць тую прафесію, якая, у тым ліку, дазваляе чалавеку развесяліць публіку. Смяшыць людзей для мяне — наркотык, і я не магу пазбавіць сябе магчымасці сустрэчы з гледачом, які, на шчасце, заўсёды смяецца, бачачы мяне на экранах тэлевізараў, кінатэатраў або на сцэне.

— А ці паўставала перад вамі пытанне складанасці ці нават немагчымасці выйсці з такога шматкроць апрабаванага амплуа смешнага, шалапутнага чалавека?

— Разумееце, мне вельмі моцна пашанцавала ў жыцці: я займаюся менавіта тым, што больш за ўсё люблю рабіць. Я люблю ўсіх сваіх “шалапутаў”. Фільмы “Высокі бландзін у чорным чаравіку”, “Цацка”, “Няўдачлівыя”, “Уцекачы” — прадметы майго асаблівага гонару не толькі з-за сваёй неверагоднай папулярнасці ў свеце. (На Кубе, напрыклад, мяне сустракалі з плакатамі “Віва Запата Негра!” ("Няхай жыве Чорны Чаравік!”), а ў Тайландзе дагэтуль клічуць “Пiньён — чалавек, з якім усё здараецца".) Гэтыя фільмы дарагія майму сэрцу таму, што яны былі сярод першых, у якіх я сыграў свае галоўныя ролі. Вам вядома, мяркую, што я позна трапіў у кіно — мне было ўжо 34 гады. Гэтымі карцінамі, сваёй папулярнасцю і кар’ерай у кіно і тэатры я абавязаны майму сябру Іву Рабэру. Паўтаруся, мне дарагія ўсе мае ролі, я ўсе іх памятаю. І заўсёды са мной тыя пачуцці шчасця і жадання абняць увесь свет, калі я бачу, як на мае работы, на мяне рэагуе 
глядач!

— У такім выпадку, які фільм з удзелам П’ера Рышара вы ў першую чаргу параіце паглядзець таму, хто, па неверагодным збегу абставінаў, не знаёмы з вашай творчасцю?

— Гм... Я сур’ёзна стаўлюся да выбару роляў у фільмах, а таму магу рэкамендаваць... усе фільмы з маім удзелам!

“Толькі я цацка...”

— Ці падтрымліваеце вы адносіны з партнёрамі па пляцоўцы? Напрыклад, з тым жа хлопчыкам з “Цацкі”? Ваш дуэт з ім быў выдатным ансамблем!

— Вядома ж, падтрымліваю! З многімі з іх мы сталі сапраўднымі сябрамі, як з Жэрарам Дэпардзьё. (Дарэчы, я шмат распавядаю пра яго і пра нашы сумесныя прыгоды ў “П’еры Рычардзе ІІІ”.) Але, на жаль, той хлопчык, пра якога вы спыталі — Фабрыс Грэка, не стаў акцёрам. Ды і ў фільм ён трапіў выпадкова, паколькі быў сынам знаёмага аднаго з членаў здымачнай групы, а тая роля стала для яго ў кіно адзінай, наколькі я ведаю.

— Многія акцёры не жадаюць сваім дзецям акцёрскай прафесіі, лічачы яе залішне цяжкай. Ці варта ў такім выпадку імкненне дзіцяці стаць артыстам прыпыняць “на карані”?

— Прафесія артыста сапраўды вельмі цяжкая, але асабіста я ніколі не ціснуў на сваіх сыноў. А вось у пару майго дзяцінства і юнацтва сям’я спрабавала аказваць на мяне ўплыў у гэтым сэнсе і ціснула, калі я выбраў-такі прафесію акцёра, на думку сваякоў, непрыдатную для мяне. Я ж перакананы, што ні ў якім разе нельга перашкаджаць дзіцяці, якая б мара ў яго ні была.

— А маладым акцёрам дасцё некалькі парад ад мэтра?..

— Любоў, шчырасць і працавітасць — вось тры кіты акцёрскай прафесіі, з майго пункта гледжання. Вось на што і маладыя, і людзі сярэдняга ды сталага веку, задзейнічаныя ў нашай прафесіі, павінны ніколі не забывацца.

— У фільме “Цацка” ваш герой па капрызе сына мільянера становіцца жывой цацкай для гэтага дзіцяці. А з якімі капрызамі рэжысёраў вы сутыкаліся ў сваiм артыстычным жыццi?

— ...Мне незвычайна шанцавала з рэжысёрамі! Усе яны былі і застаюцца неверагоднымі, казачнымі людзьмі... І, вядома ж, не без дзівацтваў...

/i/content/pi/cult/570/12487/9-1.jpg“Кіно — чароўны сон, салодкі сон...”

— Па вашым меркаванні, кіно зараз — гэта ўсё яшчэ мастацтва ці, хутчэй, ужо бізнес? І ці ёсць месца камерцыі ў творчасці?

— Гэта складанае філасофскае пытанне... З аднаго боку, кіно — выдатковая вытворчасць, а з іншага — найтонкае яднанне акцёраў і гледачоў. Вядома ж, сапраўдная творчасць павінна прыносіць не толькі радасць усім, але і даваць магчымасць бязбеднага існавання для акцёраў. Але ў аснову камерцыю я ніколі не ставіў.

— У савецкай камедыі рэжысёра Эльдара Разанава "Іронія лёсу, або З лёгкай парай!", знятай у сярэдзіне 1970-х, “паміж кадраў” узнімаліся і сацыяльныя праблемы, напрыклад, нізкі заробак савецкіх настаўнікаў і лекараў. А ці гучалі вострыя сацыяльныя пытанні, характэрныя для Францыі, у тых камедыях, дзе здымаліся вы? Ці месца такім тэмам у камедыйным жанры?

— Так, на мой погляд, камедыя ў кінематографе — лепшы спосаб выявіць праблемы грамадства. Узяць хоць бы фільм “Цацка”, пра які мы шмат сёння згадваем з самых розных нагод.

— Цікава даведацца пра ваша стаўленне да кiнарэмейкаў...

— Сярод іх сустракаюцца вельмі ўдалыя. Хоць часцей за ўсё шэдэўр застаецца шэдэўрам, а рэмейк не заўсёды яму адпавядае, што вытлумачальна. Чаму? Бо рэмейкі робяць толькі на вельмі паспяховыя карціны.

“Люблю я макароны...”

— Для чаго акцёры адкрываюць уласны бізнес: стамляюцца ад кар’еры і змяняюць прафесійную галіну альбо гэта эканамічная “падушка бяспекі”?

— Мяркую, і тое, і другое. Да таго ж, у некаторых маіх калег-сяброў па цэху ёсць проста дар да бізнесу, вось і ўсё.

— Ёсць ён і ў вас...

— Вы маеце на ўвазе вінаробства? Пачну з таго, што я проста люблю добрае віно. Што ж непасрэдна да бізнесу — гэта сур’ёзны праект: я стаў уладальнікам вінаграднікаў у 1986 годзе і атрымаў поспех. Мы вырабляем віно “Шато Бэль Эвэк”, якое экспартуецца ў Бельгію, Швейцарыю, Чэхію і Славенію. Вось ужо тры гады існуе спецыяльны турыстычны маршрут Барселона-Каркасон. Ведаю дакладна, што турысты з СНД з задавальненнем прыязджаюць пакаштаваць майго віна!

— Вінароб не можа не быць гурманам, так?

— Праўда, я люблю смачна паесці.

— А кухню якой краіны вылучаеце, акрамя французскай? І ці любіце гатаваць?

— Мне падабаецца розная кухня. Калі мы бываем з жонкай у Бразіліі, то атрымліваем асалоду ад ежы гэтай краіны, у Італіі з задавальненнем ем італьянскае, у славянскіх краінах радуюся вашым цудоўным кулінарным шэдэўрам. І вы адгадалі: у мяне ёсць мноства самых розных рэцэптаў, я захоплены кулінар!

“Не змаглі зарасці гэтыя сцежкі...”

— Вы знялі ў свой час фільм пра Чэ Гевару. Ці не маеце ахвоты стварыць нешта пра іншых знакавых постацей, дапусцім, пра Тадэвуша Касцюшку — гераічную постаць Беларусі і Амерыкі?..

— Нечаканае, але вельмі цікавае пытанне... А чаму б і не, зрэшты?! Гэта цікавы персанаж. Я падумаю…

— Перад паездкамі ў іншыя краіны вы, напэўна ж, праглядаеце пра іх якую-небудзь інфармацыю ў Інтэрнэце. Калі “так”, то што вам запомнілася са звестак пра Беларусь?

— На жаль, як правіла, у мяне зусім няма часу нават на беглы прагляд Інтэрнэта, а таму я мала што ведаю пра вашу краіну... Не-не, мабыць, мне запомніўся мой спектакль "Страсці па Рышару", паказаны ў Беларусі ў 2001 годзе: глядач прыняў мяне шыкоўна... І, вядома, Другая сусветная вайна. Я нарадзіўся ў 1934 годзе, той цяжкi і страшны час памятаю дрэнна. На шчасце, мая сям’я не пацярпела ў вайну. І я шаную подзвіг народа, які выратаваў Еўропу ад карычневай чумы. Подзвіг і беларускага народа...

— Ці ёсць у вашым райдары замежных гастроляў абавязковы пункт аб наведванні мясцовага тэатра, які ўвасабляе канкрэтную нацыянальную сцэнічную традыцыю, або іншых культурных аб’ектаў?

— Графік гастроляў заўсёды вельмі напружаны, і ў мяне амаль ніколі не застаецца часу на наведванне мясцовых славутасцяў. Хоць, выступаючы ў Маскве, неяк пабываў на спектаклі “Вячэра з прыдуркам” з Генадзем Хазанавым.

— Але хаця б сувеніры прывозіце з “творчых камандзіровак”?

— А як жа! Самыя розныя. А яшчэ прыхільнікі дораць мне дзіўныя падарункі.

— Вы бліскуча сыгралі ў карціне Наны Джарджадзэ “Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара”. Ці стала для вас Грузія бліжэйшай пасля гэтай стужкі? І ці не змянілася ў сувязі з гэтым ваша стаўленне да краін, якія ўваходзілі ў склад СССР?

— Краіны былога Савецкага Саюза даўно сталі для мяне роднымі, Грузія — не выключэнне. Я збіўся з рахунку маіх тураў і паездак у іх. Тлумачэнне таму вельмі простае: я прылятаю сюды, як да сябе дадому, а ніхто ж, пагадзіцеся, не лічыць, колькі разоў ён вяртаўся дададому! Упершыню я прыехаў у Савецкі Саюз, калі памяць не падводзіць, у 1972 годзе, пасля выхаду фільма “Высокі бландзін у чорным чаравіку”. Ён стаў гэтак папулярны, што мне “давялося” абляцець з ім увесь свет. Савецкі глядач таксама не застаўся ў баку і захоплена вітаў стужку на Маскоўскім кінафестывалі. З тых часоў мы неразлучныя з маёй самай — дакладна кажу! — адданай публікай.

— Як вы думаеце, ці актуальныя гастролі ўсходнееўрапейскага (славянскага) тэатра ў Заходняй Еўропе? Ці варта прамоўтарам укладаць грошы ў такія праекты?

— Я знаёмы з многімі акцёрамі са славянскіх краін, усе яны — прыгожыя, ва ўсіх іх ёсць такая знакамітая ў свеце славянская душа! Я не проста думаю, а перакананы, што поспех такім праектам спадарожнічаў бы!

— Ужо некалькі гадоў запар Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, некаторыя нашы прыватныя кінакампаніі ўдзельнічаюць у працы беларускага павільёна на Канскім кінафестывалі, дэманструючы там для прафесійнай публікі беларускія фільмы. Можа, вы ведаеце, ці паўплывала такая актыўнасць на пазнавальнасць беларускага кіно, беларускай культуры ў Францыі?

— Час маёй прысутнасці на Канскім фестывалі заўсёды абмежаваны, і яго не хапае на тое, каб хоць у нейкіх падрабязнасцях даведацца пра тое, што там адбываецца. Гэта вельмі сумна, таму што на фестывалі сустракаюцца проста цудоўныя фільмы, пра якія я даведваюся постфактум. Таму, на жаль, нічога пра тое, што вас цікавіць, я сказаць не магу.

Як вы зразумелі, хутчэй за ўсё і ў гэты свой прыезд у Мінск Рышар наўрад ці наведае Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы альбо якую іншую сталічную ўстанову культуры. Але гарачы прыём публікі, упэўнены, яму і ягонаму монаспектаклю гарантаваны. Значыць, П’ер зноў павязе да сябе на радзіму часцінку беларускай душы, і краіна наша зойме яшчэ большае месца ў вясёлым і спагадным сэрцы гэтага чалавека!

Пытанні задавалі Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Алег КЛІМАЎ, Таццяна МАТУСЕВІЧ, Наталля ОВАД, Яўген РАГІН, Аліна САЎЧАНКА, Ілья СВІРЫН, Сяргей ТРАФІЛАЎ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"