Падтрыманне полымя

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г


/i/content/pi/cult/569/12482/12-1.jpgМікалай Скобелеў, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:

— Прысуджэнне прэміі мы разглядаем як аванс і стымул для далейшай работы. Калектыву музея, безумоўна, прыемна, што ягоная праца так высока ацэнена Кіраўніком дзяржавы. Мы маем сілы ды рашучасць і надалей працаваць дзеля ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны.

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ад самага пачатку, ад моманту стварэння знаходзіўся на вастрыні ідэалагічнай барацьбы. Я думаю, усе пагодзяцца, што барацьба гэтая, уласна кажучы, ніколі і не спынялася — хіба што змяняліся яе формы і сродкі. І сёння, пры пэўных зменах палітычных рэалій у свеце, яе вастрыня не зменшылася. Бо не спыняюцца спробы перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны, якая для нашай Радзімы была Вялікай Айчыннай, зменшыць ці нават увогуле праігнараваць велізарны ўнёсак Савецкага Саюза і, адпаведна, Беларусі як яго часткі ў перамогу над фашызмам.

Мы былі і застаёмся байцамі ідэалагічнага фронту. Калі я кажу “мы”, дык маю на ўвазе і работнікаў культуры, і людзей творчых прафесій, і тых, хто непасрэдна працуе ў сферы дзяржаўнай ідэалогіі, кіраўнікоў розных рангаў… Сітуацыя патрабуе, каб мы былі ў адным страі, у звязцы, плячо да пляча. Мы не маем права на памылку. Паглядзіце, чым могуць абярнуцца бязвер’е і бяспамяцтва.

Наш музей і надалей будзе заставацца пляцоўкай для сумеснай працы ўсіх, хто неабыякавы да айчыннай гісторыі і будучыні нашай дзяржавы. Бягучы год абвешчаны Годам культуры. Ад людзей культуры, ад творцаў, ад іх працы дзеля Беларусі сёння, як і раней, у значнай ступені залежыць адзінства народа і стабільнасць дзяржавы. Спецыфіка нашага музея ў тым, што ён адначасова чыннік ідэалогіі і ўстанова культуры. Гэта акалічнасць накладае на нас, музейшчыкаў, асаблівую адказнасць за вынікі нашай працы. Для нас памяць — гэта не захаванне попелу, а падтрыманне полымя.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"