Магілёў, Віцебск, Гомельшчына, Мір...

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г


/i/content/pi/cult/569/12481/11-1.jpgМагілёў / “Аналаг Google”

Правядзенне маладзёжных тэматычных вечарын у бібліятэках Магілёва пакрысе становіцца традыцыйным. Зусім нядаўна юнакі і дзяўчаты весяліліся на гангстэрскай рэтра-вечарынцы ў стылі 1920-х, а падлеткам была прапанавана магчымасць занурыцца ў свет містычных літаратурных трылераў і наведаць бібліяпрыцемкі… А нядаўна Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Карла Маркса запрасіла ахвотных на “Вечар напярэдадні Каляд”.

Ахвотныя рэгістраваліся ў сацыяльных сетках. А пропускам служыла навагодняя цацка. Святочная атмасфера панавала ўжо на ўваходзе: кожны госць мог прайсці па імправізаванай чырвонай дарожцы. Бібліятэкары ж сталі на час папарацы.

Жартаўлівы аўкцыён прапаноўваў праверыць веды ў галіне кінематаграфіі. Па канкрэтных рэчах трэба было згадаць назву фільма. Парасон, да прыкладу, быў “ключом” да стужкі пра Мэры Попінс. Тут жа разыгрываліся падарункавыя сертыфікаты на “Індывідуальнае інфармаванне дырэктара бібліятэкі цягам месяца”, “Абслугоўванне на абанеменце без чаргі”, “Эксклюзіўную экскурсію па бібліятэцы з наведваннем сховішча-склепа”…

Для аматараў інтэлектуальных гульняў і заблытаных гісторый быў арганізаваны квэст-рум. Для пошуку адказаў на загадкі можна было пакарыстацца “аналагам Google” — трыццаццю тамамі Вялікай савецкай энцыклапедыі.

А была яшчэ літаратурная эрудыт-гульня “25-ы кадр”, якая прымусіла згадваць цытаты з любімых навагодніх фільмаў. Дарэчы, словы “Бабу-Ягу збоку браць не будзем: выхаваем у сваім калектыве” з якой стужкі?

Не менш яркім падаўся і майстар-клас па вырабе бальных убранняў з… газет. І як вы лічыце, якой тэме будзе прысвечана наступная бібліятэчная вечарына?

Алена АСТАПАВА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦГБ імя Карла Маркса

 

Гомельшчына / У музеі земляка

Гомельскі гісторыка-краязнаўчы музей правёў у аграгарадку “Пакалюбічы” сустрэчу, прысвечаную 87-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка Івана Сяркова.

Ураджэнец гэтай вёсачкі, ён стварыў трылогію пра сваё ваеннае дзяцінства, якой зачытвалася не адно пакаленне. Цяпер аповесці “Мы з Санькам у тыле ворага”, “Мы — хлопцы жывучыя” і “Мы з Санькам — артылерысты” зноў перавыдадзены адным зборнікам, але паспрабуйце набыць кнігу! Як прызнаўся сын пісьменніка Андрэй, здолеў знайсці ў Гомелі толькі адзін экзэмпляр. І ў бібліятэках аповесці, як правіла, на выдачы, у чытачоў. Дарэчы, у свой час трылогія выдавалася на рускай, украінскай, балгарскай, армянскай, літоўскай, латышскай мовах. У 1974 годзе быў зняты мастацкі тэлефільм “Мы — хлопцы жывучыя”.

Цяпер ва ўсіх прыхільнікаў творчасці Івана Сяркова ёсць цудоўная магчымасць сэрцам дакрануцца да ім перажытага — у пакалюбіцкім музеі (доме творцы) адкрылася фотавыстава “Шляхам жыцця”, на якой прадстаўлены здымкі з сямейнага архіву пісьменніка. Змешчаны тут і шэраг яго рэчаў, скажам, улюбёны скураны дыпламат, падараваны на адным з пісьменніцкіх з’ездаў, з якім хадзіў на работу тагачасны галоўны рэдактар Гомельскай абласной студыі тэлебачання Іван Сяркоў (працаваў тут з 1961 па 1989 год).

У экспазіцыі прадстаўлены рукапісы пісьменніка, накіды творчых планаў. Тут можна ўбачыць узнагароды пісьменніка — медаль “За доблесную працу”, ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, кнігі-падарункі сяброў — Івана Шамякіна, Янкі Брыля.

Тамара Кручэнка

Фота аўтара

 

Віцебск / Новая традыцыя горада

Начныя клубы, кавярні з музыкай “па галаве”… У гэтым ужо няма інтрыгі ды святочных эмоцый. А сапраўднае чарадзейства — гэта “Венскі баль”, які прайшоў у Віцебску.

Як патрапіла да нас вытанчаная традыцыя еўрапейскіх краін — ладзіць гэткую дзею напярэдадні навагодніх свят? Прапанавала ідэю настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эла Каржыцкая. А рэалізаваны праект у Віцебскай абласной філармоніі.

Цягам трох месяцаў мы — вучні старшых класаў Віцебскай гімназіі № 2 — вучыліся танцаваць вальс. Нашы старанні пераўтварыліся ў феерычную падзею, калі час нібыта спыніўся ў радасным захапленні. А ў горада, у нашай гімназіі з’явілася новая традыцыя. Дзякуй усім, хто дапамог нам зрабіць цуд!

Карына МЯЛЕШКА, навучэнка Віцебскай гімназіі № 2


Мір / Пад гукі фанфараў

8 студзеня ў Партрэтнай зале Мірскага замка адшыкаваў традыцыйны баль. Сёлета госці ўрачыстасці адчулі гасціннасць замкавага ўладара — князя Вітгенштэйна.

Пад гукі фанфараў і ўзнёслы паланэз велічны князь (яго ўвасобіў акцёр тэатра і кіно Дзяніс Паршын) і яго чароўная супруга (дырэктар Музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга Папко) адкрылі мерапрыемства.

Дзейнічалі майстар-класы па танцах XIX стагоддзя, прайшлі гістарычныя і літаратурныя віктарыны, салонныя гульні. Для дам і кавалераў была арганізавана фотазона. Ахвотныя маглі прыняць удзел у начной экскурсіі па замкавых залах.

Выступалі таксама ансамбль “Класік-Авангард” і шоу-балет “Феерыя”.

Наш кар.