Аб’екты культуры — у першую чаргу

№ 14 (832) 05.04.2008 - 11.04.2008 г

Выязная прэс-канферэнцыя “Пра асноўныя мерапрыемствы Міністэрства культуры РБ у сакавіку — красавіку 2008 года” адбылася 1 красавіка ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. З журналістамі сустрэлася кіраўніцтва Міністэрства на чале з міністрам культуры Уладзімірам Матвейчуком.

— Дзяржаўнае фінансаванне галіны культуры павялічваецца з кожным годам, — канстатаваў У.Матвейчук.

Міністр пачаў размову з пытання камплектавання бібліятэк сацыяльна значнай літаратурай. Летась яе было набыта больш чым на 1 мільярд 700 мільёнаў рублёў. У.Матвейчук падкрэсліў, што і далей трэба аказваць садзейнічанне выдавецтвам, набываючы ў іх энцыклапедычныя выданні, дзіцячую літаратуру.

Найбольш значнай падзеяй сакавіка стала наведванне Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам Опернага тэатра, а сярод найважнейшых культурных мерапрыемстваў мінулага месяца У.Матвейчук назваў Міжнародны дзень тэатра, правядзенне Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”, працяг Рэспубліканскага фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла”.

Першы намеснік міністра культуры У.Рылатка, які на днях вярнуўся з Масквы, распавёў пра стварэнне беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра, аб чым, нагадаем, “К” пісала ў мінулым нумары. У склад калектыву ўвайшлі 30 навучэнцаў ліцэя пры Беларускай акадэміі музыкі і каля 60-ці юных музыкантаў з розных краін, якія атрымліваюць адукацыю ў Расіі. Адкрыццём для ўсіх стаў віяланчэліст Іван Карызна, які выконваў Варыяцыі на тэму ракако П.Чайкоўскага. Ёсць дамоўленасць з Пастаянным Камітэтам Саюзнай Дзяржавы аб правядзенні аркестравых майстар-класаў і гастролей аркестра ў гарадах Беларусі і Расіі.

Начальнік упраўлення мастацтваў Міхаіл Казловіч паведаміў, што ў праграме гэтага тыдня ў сталіцы і рэгіёнах — святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. А 11 красавіка ў Санкт-Пецярбургу павінен адбыцца вялікі канцэрт беларускіх калектываў (выступяць “Сябры”, “Песняры”, “Харошкі”, Тэатр песні Ірыны Дарафеевай, Ксенія Сітнік і іншыя).

У Міжнародным музычным фестывалі “Мінская вясна” сёлета возьмуць удзелартысты з 15 краін. У яго рамках адбудзецца міні-фестываль фартэпіянных дуэтаў, на якім выступяць і выканаўцы з Белдзяржфілармоніі Валерыя Баравікова і Наталля Котава.

З тэатральнымі прэм’ерамі пазнаёміў журналістаў галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Уладзімір Купрыенка. У красавіку тэатры краіны парадуюць дарослых і юных гледачоў 11-цю новымі спектаклямі. Сярод іх — “Млын” А.Дударава ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа, “Сыходзіў муж ад жонкі” С.Злотнікава ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, “Не судзімы будзеце” Я.Галавацкага ў Мінскім абласным драматычным тэатры, “Мыйдадзір” у Беларускім тэатры лялек... У Год В.Дуніна-Марцінкевіча тэатры актыўна ўключаюць у рэпертуар яго п’есы. Так, “Пінскую шляхту” ў красавіку пакажа Гомельскі абласны драматычны тэатр.

Упершыню, як абвясціў начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства Міхаіл Кажура, пройдуць Дні культуры Беларусі ў Сірыі (14 — 17 красавіка, Дамаск), Егіпце (18 — 22 красавіка, Каір, Александрыя) і Туркменістане (23 — 25 красавіка, Ашгабат). Жыхары гэтых краін убачаць балет “Лебядзінае возера”, выстаўку 25 работ 5-ці вядучых беларускіх мастакоў, фільмы “Я памятаю” і “Шчыт Айчыны”. У Туркменістане таксама адбудзецца канцэрт з удзелам “Песняроў”, “Верасоў”, салістаў оперы, Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, Іны Афанасьевай і іншых.

Галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Людміла Страпко гаварыла пра будаўніцтва культурнай сеткі ў раёнах. Сёлета па рэспубліцы плануецца адкрыць 32 сельскія комплексныя ўстановы культуры, не менш чым 66 мабільных устаноў культуры, 4 дамы рамёстваў (замест 3-х раней запланаваных), не менш чым 19 філіялаў і класаў дзіцячых школ мастацтваў, камп’ютэрызаваць з падключэннем да Інтэрнета 160 бібліятэк у аграгарадках. На базе 25-ці аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны плануецца стварыць адпачынкавыя цэнтры, этнаграфічныя комплексы. Зараз вядуцца работы на 17-ці такіх аб’ектах. “Штогод будзем адкрываць у краіне і па адной школе народнай творчасці”, — паведаміла Л.Страпко.

Міністр падкрэсліў важнасць арганізацыі працы галіны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. У рамках фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла” ўстановы культуры, як ужо паведамляла “К”, у аграгарадках сёлета атрымалі апаратуры на 180 мільёнаў рублёў, закуплена апаратура яшчэ на 220 мільёнаў рублёў. Аднак У.Матвейчук засяродзіў увагу журналістаў яшчэ і на тым, што застаюцца неадрамантаванымі 60 сельскіх аб’ектаў культуры, бо некаторыя мясцовыя кіраўнікі плануюць іх рамонт у апошнюю чаргу, — такога стаўлення да культурных патрэб вясковых жыхароў не павінна быць.

Гэтую тэму працягнуў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства Віктар Рымашэўскі: дасюль добраўпарадкавана 696 аб’ектаў у 666 аграгарадках, сёлета плануецца завяршыць 51 аб’ект.

10 — 11 красавіка адбудзецца ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура. Навука. Творчасць”. Яе арганізуе Міністэрства культуры разам з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, Белдзяржуніверсітэтам культуры і мастацтваў, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеем. З праграмай канферэнцыі прысутных пазнаёміла доктар мастацтвазнаўства, прарэктар па навуковай працы БДАМ Кацярына Дулава. Чакаецца, што на гэтым навуковым форуме выступяць 130 вядучых навукоўцаў, педагогаў, культурных дзеячаў з 8-мі краін-удзельніц.

Размеркаванне выпускнікоў ВНУ культуры прааналізаваў намеснік начальніка ўпраўлення навучальных устаноў і кадраў МК Анатоль Мукалаў.

Міністэрства і далей будзе накіроўваць маладых спецыялістаў пераважна ў рэгіёны, дзе адчуваецца вострая патрэба ў кадрах. Такое размеркаванне атрымалі каля 70% сёлетніх выпускнікоў Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў.

Выпускнікі Акадэміі мастацтваў таксама павінны размяркоўвацца на працу па ўсёй Беларусі. Лепшыя накіраваны на мастацкі камбінат Беларускага саюза мастакоў. З гэтага года да спецыяльнасцей “жывапіс”, “скульптура”, “манументальнае мастацтва” дадаецца педагагічная кваліфікацыя, якая дае магчымасць выкладаць у дзіцячых школах мастацтваў, ССНУ культуры. Дызайнеры запатрабаваны на буйных прадпрыемствах краіны.

Перспектывы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры акрэсліў яго дырэктар Сяргей Вечар (на пачатку года “К” знаёміла з імі чытачоў).

У.Матвейчук падзякаваў прадстаўнікам СМІ за рэгулярнае асвятленне культурных праектаў, якія ажыццяўляюцца ў краіне, і выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва.

 Святлана ІШЧАНКА