Нехта скрывіцца: “фальклор”…

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё
У першыя дні новага года песень вакол становіцца больш, чым у іншыя поры года. Невыпадкова — святы ж: і Каляды, і Новы год, стары і ўласна новы.

/i/content/pi/cult/569/12471/5-32.jpgЗ экранаў, асабліва расійскіх тэлеканалаў, на нас абрыньваюцца адны і тыя ж знаёмыя “зоркі”, хоць і значна пастарэлыя, і іх маладыя паслядоўнікі, з выбрытымі скронямі, хлапечымі касічкамі, кліпсамі ў вушах і роспісам тату. І цяжка нават часам разабрацца, што і пра што яны спяваюць, але ўсё гучна, на высокім камп’ютарна-акустычным узроўні. І як бедная падчарка, якой амаль няма шанцу паспытаць лёс Папялушкі, прамільгне з тэматычных праграм народная песня, фальклорны абрад. А нібыта ж апошнім часам да народнага фальклору ўвага падвысілася, але хутчэй у мэтах экзотыкі для турыстаў, бо для большасці спажыўцоў масавага тэле- і радыёпрадукту гэта панылая старасветчына. Між тым, і замежныя рок і джаз выраслі якраз з афрыканскага і індзейскага фальклору.

З сучасных айчынных кампазітараў і выканаўцаў вытокамі беларускага народнага мастацтва цікавяцца, на жаль, адзінкі. Але якія ! Такім быў Уладзімір Мулявін, які з сябрамі выязджаў у беларускія вёскі і запісваў народны фальклор. Памятаю, які фурор у свой час выклікала яго кампазіцыя “ Як я ехаў да яе”…

У нядаўнім артыкуле прафесар БДУ, доктар філалогіі Таццяна Шамякіна сведчыць з болем: навуковыя, раней фундамендальныя, дысцыпліны міфалогія і фалькларыстыка на філфаку сталі аднымі з апошніх — яны па выбары студэнтаў: “Фальклор, беларускую культуру для будучых філолагаў практычна закрылі”.

Я неяк заўважыў у прыватнай размове аднаму папулярнаму і вядомаму беларускаму кампазітару, што многія яго калегі пры напісанні твораў цікавяцца чым заўгодна, толькі не беларускай нацыянальнай спадчынай. Ён спачатку здзівіўся і абурыўся, але, падумаўшы, мусіў пагадзіцца.

А ўсё таму, што песня, музычны твор больш буйнога жанру ўсё больш становяцца таварам, як джынсы ці сукенка, і значнасць і поспех у гледачоў выклікае не глыбокае пранікненне ў душу чалавека, не яркасць і меладычнасць, а зусім іншыя якасці, і тады са сцэны можна пачуць: “Все мы бабы стервы”, “Рюмка водки на столе”, “ Я уеду жить в Лондон”. І гэта далёка не горшыя варыянты.

Некалі паэт Адам Русак абураўся, што словы песні “Бывайце здаровы” дзе-нідзе са сцэны называлі народнымі, а кампазітар Мікалай Пятрэнка, калі чуў у застоллі свае “Ручнікі”, тлумачыў, што гэта ён стварыў песню на словы паэткі Веры Вярбы.

Сёлета, у Год культуры, відаць, варта больш пільна, з большай зацікаўленасцю зірнуць на нашу багатую нацыянальную спадчыну, звярнуцца да каранёў.

Некалі я напісаў такі верш:

Убачу ў гарадскім двары

Жалейкі, скрыпкі і цымбалы,

Нібы таемныя сігналы

Спрадвечнай даўняе пары.

Усёй душой адчую зык

Далёкай паўзабытай песні.

А вочы шчырыя музык

Нібыта з фрэсак уваскрэслі…

Нібыта пыл хто з фарбаў сцёр ,

А далей — чысціня такая!..

Зноў нехта скрывіцца: “фальклор”.

А нехта ж слёзы выцірае.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё