Аналіз на перспектыву

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Такім чынам, Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады завяршылася. Першая падобная рэспубліканская праграма ў гісторыі нашай незалежнай дзяржавы за пяць гадоў сваёй дзейнасці здолела зрабіць нямала станоўчага ў самых розных галінах сферы — ад удасканальвання нарматыўнай прававой базы да ўмацавання іміджу нацыянальнай культуры ў краіне і за мяжой. Ход выканання Дзяржпраграмы пастаянна адлюстроўваўся і аналізаваўся ў многіх публікацыях “К”, асабліва — у апошнія месяцы мінулага года. А 14 студзеня вынікі Дзяржпраграмы былі падведзены ў рамках калегіі Міністэрства культуры рэспублікі.

Пра музеі і не толькі

Як нагадаў на пачатку пасяджэння Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, Дзяржаўная праграма “Культура Беларусi” на 2011 — 2015 гады была зацверджана пастановай Савета Мiнiстраў краіны ад 26 снежня 2010 года і накіравана на вырашэнне актуальных праблем культурнага развіцця Беларусі.

Пасля з агульным аналізам вынікаў Дзяржпраграмы выступіў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік. Паводле ягоных слоў, за перыяд з 2011 па 2015 гады ажыццяўлялася работа па рэалізацыі 87 мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы, накіраваных на дасягненне 25 паказчыкаў, якія адпавядаюць 10 яе задачам. Сярод гэтых задач — ахова гiсторыка-культурнай спадчыны, забеспячэнне захаванасці Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і агульнадаступнасці музейных прадметаў, забеспячэнне свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў і бібліятэчных фондаў для розных груп насельніцтва, развіццё прафесійнага мастацтва і некаторыя іншыя.

Напрыклад, як адзначыў Васіль Чэрнік, за перыяд з 2011 па 2015 гады ў музейнай сферы краіны быў зроблены вялізны аб’ём работы. Былі адкрытыя новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей-дача Васіля Быкава, адрэстаўравана паўднёва-ўсходняя частка казармы Цытадэлі Брэсцкай крэпасці.

Новыя музеі за гэтыя пяць гадоў з’явіліся ў рэгіёнах краіны. Скажам, у Брэсцкай вобласці адкрыліся Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў, Гісторыка-мемарыяльны музей “Сядзіба Нямцэвічаў”, археалагічны філіял Мотальскага музея народнай творчасці, філіял “Карцінная галерэя Аляксея Кузьміча ў вёсцы Махро” раённага Музейнага комплексу Напалеона Орды…

Акрамя таго, варта згадаць, што ў многіх музеях вялася работа па стварэнні новых экспазіцый, адбываліся рамонты як музейных залаў, так і будынкаў. І цалкам заканамерна, што ўсе названыя высілкі прывялі да таго, што колькасць наведванняў музеяў краіны ў параўнанні з 2010 годам павялічылася на 43 працэнты.

У сваю чаргу, як зазначыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, згодна з Дзяржпраграмай за гэтыя гады адбываліся рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на дзясятках аб’ектаў гісторыі і культуры. Усе работы можна лічыць выкананымі ў поўным аб’ёме ў межах выдаткаваных сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

Акрамя таго, па словах начальніка ўпраўлення, з 2011 па 2015 гады было ажыццёўлена складанне пераліку нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека ў Беларусі. Вынік работы, праведзенай Інстытутам культуры Беларусі за кошт сродкаў Фонду нематэрыяльнай спадчыны UNESCO, — навідавоку: з’яўленне ў Інтэрнэце сайта “Жывая спадчына Беларусі” (www.livingheritage.by) на беларускай і англійскай мовах, а таксама выданне зборніка “Практычнае кіраўніцтва па ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны”.

І яшчэ. У мінулых публікацыях наконт вынікаў Дзяржпраграмы я неаднойчы згадваў пра значнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадскіх і раённых Дзіцячых школ мастацтваў. Даныя, што прагучалі на калегіі Міністэрства культуры, цалкам пацвердзілі гэтыя высновы. Так, па словах Васіля Чэрніка, пад гэтыя мэты цягам пяці гадоў было накіравана звыш 31,5 мільярда рублёў. Таксама за перыяд з 2011-га па 2015-ы гады адбыліся рамонты 58 будынкаў ДШМ у розных рэгіёнах краіны.

Названыя захады далі магчымасць павялічыць колькасць навучэнцаў ва ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры. Да прыкладу, у параўнанні з 2010 годам колькасць вучняў у раённых і гарадскіх ДШМ павялічылася больш чым на 8 тысяч і ў 2015 годзе склала звыш 113 тысяч чалавек.

Пакуль без Інтэрнэту

У той жа час тыя праблемы, пра якія неаднойчы згадвала ў сваіх публікацыях “К”, таксама былі агучаны падчас пасяджэння. Сярод іх — аб’ёмы камп’ютарызацыі бібліятэк краіны і падключэння іх да сеткі Інтэрнэт. Вось толькі некалькі лічбаў.

Так, па стане на 1 кастрычніка 2015 года камп’ютарызавана 77 працэнтаў бібліятэк, да сеткі Інтэрнэт падключана 66 працэнтаў, электронную пошту маюць 63 працэнты. Мінск, Гродзенская, Магілёўская і Мінская вобласці выканалі ці максімальна наблізіліся да выканання паказчыка (больш за 90 працэнтаў), у той час як Гомельская, Віцебская вобласці паказчык не выканалі (менш за 80 працэнтаў).

Яшчэ адна праблема, пра якую неаднойчы згадвалі ў публікацыях, — скарачэнне кінавідэасеткі і змяншэнне колькасці наведвальнікаў сеансаў. Скажам, згодна з Дзяржпраграмай за пяць гадоў планавалася падвысіць колькасць наведванняў кіна- і відэасеансаў на 20 працэнтаў у параўнанні з 2010 годам. Дык вось, на сёння гэты паказчык цалкам не выкананы: калі пяць гадоў таму колькасць наведванняў склала 14,8 мільёна, дык у 2015 годзе — толькі 13,28 мільёна. Такім чынам, у кінатэатры дзяржаўнай формы ўласнаці стала хадзіць значна менш людзей, чым пяць гадоў таму. Але не трэба забываць, што за гэты час у Мінску ды ва ўсіх абласных гарадах адкрыліся прыватныя ўстановы, у якія, натуральна, завітваюць дзясяткі і сотні тысяч гледачоў на год…

Увогуле за справаздачны перыяд былі выкананы ў поўным аб’ёме 39 мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы, часткова выкананы — 36, не выкананы — 12 мерапрыемстваў. Што да агульнай колькасці паказчыкаў, якія прадугледжаны Дзяржаўнай праграмай, дык з іх выкананы 14, а не выкананы — 11.

Такім чынам, пэўныя вынікі падведзены, а высновы — зроблены. Наперадзе — працяг працы над наступнай Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады, якая, як зазначыў Барыс Святлоў, можа быць прынята Урадам краіны цягам ужо гэтага месяца...І яшчэ. У мінулых публікацыях наконт вынікаў Дзяржпраграмы я неаднойчы згадваў пра значнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гарадскіх і раённых Дзіцячых школ мастацтваў. Даныя, што прагучалі на калегіі Міністэрства культуры, цалкам пацвердзілі гэтыя высновы. Так, па словах Васіля Чэрніка, пад гэтыя мэты цягам пяці гадоў было накіравана звыш 31,5 мільярда рублёў. Таксама за перыяд з 2011-га па 2015-ы гады адбыліся рамонты 58 будынкаў ДШМ у розных рэгіёнах краіны.

Названыя захады далі магчымасць павялічыць колькасць навучэнцаў ва ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры. Да прыкладу, у параўнанні з 2010 годам колькасць вучняў у раённых і гарадскіх ДШМ павялічылася больш чым на 8 тысяч і ў 2015 годзе склала звыш 113 тысяч чалавек.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"