Хор “навыраст” для новага спеўнага

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Спяваць заўжды ды паўсюль і бачыць вынікі агульных намаганняў
Пытанні развіцця харавых спеваў у Беларусі пастаянна былі ў цэнтры ўвагі Міністэрства культуры краіны. У снежні міністр Барыс Святлоў узнагародзіў удзельнікаў фіналу агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча” і цырымоніі “Малітва за Беларусь”. Пасля ўручэння грамат адбыўся гала-канцэрт калектываў з усёй рэспублікі. Папярэднічаў падзеям “круглы стол” у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па стане і праблемах развіцця вакальна-харавога мастацтва, адукацыі і выхавання з удзелам дзеячаў культуры і мастацтва з усіх рэгіёнаў, прадстаўнікоў міністэрстваў культуры і адукацыі, абласных галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. На старонках “К” — матэрыялы адкрытай дыскусіі.

Алена Куракіна, першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт:

— Цяперашняя сустрэча невыпадкова адбываецца ў зале, якая носіць імя народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР, прафесара Віктара Роўды. Гэтыя сцены літаральна прасякнутыя харавымі спевамі. Менавіта тут ледзь не штодзень адбываюцца рэпетыцыі харавога калектыву нашай Акадэміі, праходзяць канцэрты і дзяржаўныя іспыты харавых дырыжораў. Наша навучальная ўстанова прыкладае ўсе намаганні, каб падтрымаць, замацаваць і развіць нацыянальныя традыцыі харавых спеваў у іх узаемадзеянні са здабыткамі найбольш адметных сусветных спеўных школ.

Ірына Дрыга, першы намеснік міністра культуры Беларусі:

— Нагадаю, год таму адбылася калегія Міністэрства культуры, прысвечаная харавому мастацтву, з удзелам тагачаснага прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча, прадстаўнікоў міністэрстваў культуры, адукацыі, іншых зацікаўленых устаноў. Па выніках калегіі быў зацверджаны рабочы план мерапрыемстваў, значная частка якіх на сёння рэалізавана. Вялікі дзякуй Міністэрству адукацыі, якое прыслухалася да пажаданняў грамадскасці. Зараз вырашаюцца пытанні аб вяртанні ў школьную праграму дысцыпліны “Сусветная мастацкая культура”, пачынаючы з пятага класа, аб увядзенні профільнай падрыхтоўкі, куды ўваходзяць і прадметы мастацка-эстэтычнага ўхілу, на другой і трэцяй ступенях навучання ў сярэдняй школе, аб захаванні і развіцці харавых калектываў ва ўстановах адукацыі (на сёння іх каля 270). Акрамя факультатыўных заняткаў, ёсць магчымасць займацца ў дзіцячых калектывах па-за школай (іх у нас 91). У мэтах папулярызацыі музычнай класікі Міністэрства адукацыі рэкамендавала школам, дзе ўсталяваны ўнутраныя радыёвузлы, трансляваць па іх, у тым ліку, вакальна-харавыя творы.

Па тых прапановах, што былі выказаны ўдзельнікамі калегіі, Інстытутам культуры Беларусі дапрацаваны тыпавы вучэбны план па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне” ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У музычныя ВНУ прыцягнуты да выкладання вядучыя оперныя салісты Ніна Шарубіна, Настасся Масквіна, Алена Шведава і іншыя вядомыя дзеячы. Праводзяцца майстар-класы з удзелам лепшых спецыялістаў. У Акадэміі музыкі павялічана колькасць вучэбных гадзін па дысцыпліне “Сольныя спевы”. Шмат робіцца для аматарскіх вакальных ансамбляў і харавых калектываў. Ва Універсітэце культуры адбыліся тэматычныя семінары-практыкумы для іх кіраўнікоў. У абласцях былі арганізаваны семінары па пытаннях творчай дзейнасці такіх згуртаванняў. Вакальна-харавыя канцэртныя выступленні пастаянна ладзяцца ў рамках разнастайных фестываляў і іншых мерапрыемстваў. Каля трох тысяч аматарскіх калектываў прынялі ўдзел у абласных аглядах-конкурсах да 70-годдзя Перамогі і з мэтай пацвярджэння статусаў “народны” і “заслужаны”.

Адной з найбольш рэзанансных падзей, ажыццёўленых Міністэрствам культуры пры падтрымцы Мінгарвыканкама і іншых устаноў, стала правядзенне Рэспубліканскай акцыі “Харавое веча”. Цягам усяго года яно адбывалася ў рэгіёнах, выніковае ж мерапрыемства было прымеркавана да Дня горада Мінска і прайшло ля Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Вялікая падзяка ўсім калектывам, якія прынялі ў ім удзел, а таксама дацэнту Акадэміі музыкі Тамары Слабодчыкавай, якая выступіла галоўным ініцыятарам, натхняльнікам і арганізатарам, здолеўшы зрабіць усё на самым высокім узроўні. Як і прадугледжвалася планам, у Мінскай вобласці прайшоў таксама фестываль харавога мастацтва “Спеўнае поле”. Калектывам вылучаліся бюджэтныя сродкі на пастаноўку новых нумароў, удзел у фестывалях.

Іншая справа, наколькі нашы пажаданні адпавядаюць дзяржаўным магчымасцям. Але імкнуцца да лепшага ніколі не позна, таму сёння мы разгледзім магчымасці вырашэння яшчэ некаторых праблемных пытанняў. Гэта і працягласць навучання музыцы і спевам у сярэдняй школе, і аднаўленне школ з харавым ухілам, і стварэнне харавых калектываў ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў, і фінансава-арганізацыйная падтрымка правядзення акцый кшталту “Харавога веча”, каб яно не засталося разавым мерапрыемствам, а мела далейшы працяг. Дадам, што пасля яго ўзрасла цікавасць да харавых калектываў, іх сталі часцей прыцягваць да ўдзелу ў гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах.

Па жаданні вышэйшага кіраўніцтва харавыя калектывы былі задзейнічаны ва ўрачыстасцях з нагоды інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Жывое харавое гучанне, як можна было пераканацца ў час гэтых і іншых мерапрыемстваў, уключаючы “Малітву за Беларусь”, утвараюць ні з чым не параўнальнае эмацыйнае поле, яднаюць людзей у адзіным парыве.

Усе сённяшнія прапановы будуць фіксавацца. Па выніках дыскусіі будуць падрыхтаваны рэкамендацыі дзяржаўным установам.

Раіса Сідарэнка, намеснік міністра адукацыі Беларусі:

— Міністэрства адукацыі, безумоўна, разумее сваю ступень адказнасці за развіццё харавых спеваў у краіне, адчувае змены, выкліканыя скарачэннем вучэбных гадзін на дысцыпліны эстэтычнага ўхілу. Мы вельмі ўдзячныя Міністэрству культуры, без дапамогі якога было б немагчыма вярнуць у школы такую дысцыпліну, як “Сусветная мастацкая культура”. Але трэба прымаць рэальнасць такой, якая яна ёсць. Цяперашняя колькасць харавых калектываў — зусім не малая, асабліва ў параўнанні з 1990 гадамі. Узгадваю сярэднюю школу № 71 у мінскай Курасоўшчыне, дзе ўсе 20 гадоў, як я там працавала, быў музычна-харавы ўхіл. Гэта дапамагала вырашаць многія пытанні, бо не сакрэт, што шлях да самых складаных падлеткаў вельмі часта пралягае праз мастацтва. Школы “з ухілам” (а мы і цяпер іх так называем) у большасці сваёй захаваліся. Але найперш менавіта тыя, дзе выкладанне вялося не фармальна, не дзеля дадатковых гадзін у працоўнай нагрузцы, а праз любоў да музыкі і спеваў, прывітую і перададзеную дзецям. Цяперашняя факультатыўная сістэма таксама мае свае плюсы. Адна справа, калі вучань ідзе ў клас за адзнакай. І зусім іншая — калі ён вучыцца дзеля самой радасці творчасці, стасункаў з аднадумцамі. Такі вынік павінен быць самым важным, бо вярнуць моладзь да класікі — задача прыярытэтная, ускладнёная канкурэнцыяй з боку таго ж Інтэрнэта. Зараз выбудоўваецца мадэль узаемадзеяння паміж сярэднімі школамі і профільнымі вучэбнымі ўстановамі сярэдняга і вышэйшага звёнаў. Гэта дапаможа ў працы прадстаўнікам усіх узроўняў. Нагадаю, што на сёння эстэтычнай адукацыяй розных спецыяльнасцяў ахоплена 57 тысяч 300 навучэнцаў. Гэта, безумоўна, мала, але дазваляе спадзявацца на далейшы рост.

Тамара Слабодчыкава, дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Акадэміі музыкі:

— “Харавое веча” стала вынікам шматгадовых намаганняў не аднаго пакалення. Рух да такіх харавых святаў закладаўся самой абрадавай сферай жыцця, развіваўся ў дзейнасці Рыгора Шырмы, Генадзя Цітовіча, Віктара Роўды, атрымаў шырокае распаўсюджанне ў культуры краін Балтыі, дзе гэткія масавыя харавыя традыцыі пануюць ужо больш як 150 гадоў. Невыпадкова ў 2003 годзе балтыйскае свята песні і танца было аб’яўлена UNESCO шэдэўрам і ўключана ў Спіс духоўнай спадчыны чалавецтва. На пытанні, як атрымліваецца арганізавана збіраць па 40 тысяч удзельнікаў, жыхары краін гэтага рэгіёна адказваюць, што гэта вынік супадзення двух жаданняў — народа і дзяржавы. Як бачым, у нас гэтыя два жаданні ёсць. Значыць, у будучыні можам спадзявацца на такі ж магутны разгорт.

Сярод плюсаў цяперашняга “Харавога веча” — найперш, энтузіязм спевакоў і кіраўнікоў (калі хто і супраціўляўся спачатку, дык потым гэта было забыта), жаданне садзейнічаць, дапамагаць, цярплівасць да некаторых нязручнасцяў, непазбежных у такой маштабнай працы, грунтоўнае стаўленне да падрыхтоўкі праграмы, аб’яднаных рэпетыцый. Па-другое, разнастайныя прыклады мастацкага сінтэзу, пашырэння, узбагачэння рэпертуару, спрыяльныя для развіцця культуры ўвогуле. Гэта і папаўненне сімфанічных праграм харавымі творамі, аркестроўкі якіх былі зроблены для сумеснага з хорам выканання, і ўзаемадзеянне паміж сабой розных дырыжораў — аркестравых і харавых, кіраўнікоў прафесійных калектываў і аматарскіх. А яшчэ пашырэнне складу ўдзельнікаў за кошт народных згуртаванняў, бо на ранейшых такіх святах былі задзейнічаны толькі акадэмічныя хоры. Па-трэцяе, “… Веча” выявіла шмат маладых хормайстраў, дало ім магчымасць прадэманстраваць шырокай грамадскасці свае здольнасці і перспектывы. Нарэшце, свята выклікала выключна пазітыўныя водгукі прысутных! Але ж былі і мінусы. Сярод іх — дрэнная рэкламная работа, недахоп увагі з боку СМІ, адсутнасць тэлетрансляцыі і ўвогуле відэазапісу, а таксама некаторыя збоі ў працы адміністратыўных органаў, калі не ўсе калектывы своечасова атрымлівалі афіцыйныя запрашэнні і іншыя распараджэнні, каб паспець вырашыць пытанні з паездкай. Таму на будучае належыць загадзя планаваць дату і тэму падобных святаў, каб больш было часу для падрыхтоўчай працы. Прапановы такія. Па-першае, прыняць і зацвердзіць “Харавое веча” як нацыянальны форум свята харавой песні. Па-другое, стварыць пры Міністэрстве культуры каардынацыйны савет у складзе пяці-сямі чалавек, куды ўвайшлі б прадстаўнікі міністэрстваў культуры, адукацыі, галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама хормайстры, зацікаўленыя творчыя людзі, якія выбудавалі б стратэгію развіцця і ўкаранення культурна-адукацыйнай работы на аснове музычна-спеўнага мастацтва ў самых шырокіх слаях грамадства, не баяліся б эксперыментаваць, але заставаліся б максімальна адказнымі за мастацкі вынік.

Сваё выступленне я назвала б музычным тэрмінам “Al fine da capo”, што азначае “ад канца да пачатку”. А пачатак — у школе. Калі сёння не распачаць меры па выпраўленні сітуацыі, дык наступнага “Харавога веча” можа і не быць.

Святлана Герасімовіч, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт БДАМ, кіраўнік узорнага хору “Раніца” СШ № 145 горада Мінска:

— Сапраўды, стала шмат рабіцца для таго, каб вярнуць музыку і спевы ў школу. Але некаторыя праблемы засталіся. У прыватнасці, прадмет “Мастацтва”, прызначаны для 5 класа, больш скіраваны на жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а тэкст выкладзены настолькі складана, што часам незразумелы і даросламу. Не вельмі зацікаўлены школы і ў тым, каб адраджаць харавыя калектывы. Прычыны называюцца розныя: і залішні клопат, і адсутнасць добрых педагагічных кадраў, бо тую ж “Музыку” ў 1 — 4 класах часта выкладаюць “па сумяшчальніцтве”, не ўсе школы ахвотна прымаюць на працу прафесійных хормайстраў, здольных паспяхова працаваць з дзецьмі. А між тым, для гэтага можна было б прыцягваць студэнтаў Акадэміі музыкі і Універсітэта культуры і мастацтваў, навучэнцаў старэйшых курсаў музычных каледжаў — у якасці педагагічнай практыкі. Карысць ад гэтага была б усім. Калі ў школах стварыць хары на аснове тых жа малодшых класаў, у якіх прадугледжана “Музыка”, дык пазней такія калектывы маглі б “перарасці” малодшы ўзрост сваіх удзельнікаў — і застацца ў пятых, шостых, сёмых класах, калі ў дзяцей яшчэ няма мутацыі голасу. Так паступова заспявалі б і старшакласнікі, бо любоў да харавых заняткаў і выступленняў ім ужо была прывіта. Узгадаем гісторыю: 1919 год, паўсюль разруха, голад. Але на Першым з’ездзе настаўнікаў прымаецца рашэнне аб правядзенні ўрокаў спеваў двойчы на тыдзень — нароўні з чытаннем, пісьмом, арыфметыкай. Мы адыйшлі ад прынцыпа ўсеагульнага музычнага (і ў тым ліку харавога) выхавання. Застаўся іншы падыход: хто пажадае, выхоўвае сябе духоўна, а хто не пажадае… Будзем рэалістамі: ці многа ў цяперашнім свеце тых, хто жадае духоўна ўдасканальвацца? Чаму для вывучэння, напрыклад, біялогіі, астраноміі не патрабуецца пажаданне — іх вывучаюць усе? Пры цяперашнім становішчы мы выхоўваем рацыяналістаў, а часам проста меркантыльных людзей, якія ўсё гатовы перавесці ў лічбы прыбыткаў-выдаткаў, не разумеючы сапраўднай вартасці духоўных каштоўнасцей.

Раіса Сідарэнка:

— У перспектыве сусветная мастацкая культура будзе выкладацца да 10 класа. Што менавіта апынецца ў гэтай праграме — будзем абмяркоўваць разам з вамі. Але павінна быць сувязь з музыкай і маляваннем, якія выкладаюцца да 4 класа. Штосьці атрымалася, штосьці — не, таму будуць уносіцца адпаведныя карэктывы.

Цудоўная прапанова — ствараць хары малодшых класаў і “ўзрошчваць” іх надалей. Бо працягнуць урокі музыкі і спеваў пасля 4-га класа мы пакуль не можам: ёсць абмежаванні па максімальнай вучэбнай нагрузцы на навучэнца, і ў рамках наяўнага тыпавога вучэбнага плана ўвесці дадатковы прадмет немагчыма — толькі праз выхад ва ўстановы дадатковага выхавання дзяцей і моладзі. Паміж школамі і такімі ўстановамі наладжваецца супрацоўніцтва. Апошнія паступова прыйдуць у школы. Мадэлі могуць быць самымі рознымі, але ёсць і складанасці. Па сённяшніх заканадаўчых нормах выкладчыкі пры гэтым страцяць у грошах, што зусім не справядліва. Таму шукаем выйсце, якія нарматыўныя акты трэба скарэктаваць.

Тамара Сярнова, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка:

— Прымусіць школу заспяваць фактычна немагчыма. Трэба, каб спачатку заспяваў яе дырэктар. Дарма спадзявацца, што бацькі захочуць, каб музіцыравалі іх дзеці. Бо мы страцілі тое спеўнае пакаленне, якое, адпаведна, прывучала да таго ж і сваіх дзяцей. Цяперашнія бацькі заматываваны на матэрыяльным прыбытку, а не на духоўным развіцці. Што ж датычыцца прадмета "Сусветная мастацкая культура", дык музыка там прысутнічае хіба як дадатковы дапаможны элемент, не больш за тое. За ўвесь год у 5 класе (а гэта 35 гадзін) прапануецца ўключыць музыку на ўроку толькі чатыры разы. Прычым не паслухаць, не праспяваць, а намаляваць — “Дзяўчыну з валасамі колеру ільну” Дэбюсі. На 9 уроку дзеці павінны параўнаць вобраз мора ў Айвазоўскага і Рымскага-Корсакава. Як яны гэта зробяць, калі не прывучаны ўспрымаць класіку? Музыка як асобны раздзел прадугледжана ў 7 класе, але гэта позна! І яшчэ. Сёння бацькі вымушаны вадзіць дзяцей асобна на танцы, асобна — на музыку, у іншыя гурткі. Але калі ў сям’і не адно дзіця, а некалькі, дык ажыццявіць гэта фізічна немагчыма. Сучаснай маці куды зручней прывесці дзіця ранкам у школу і ведаць, што яно атрымае там усе неабходныя веды.

Раіса Сідарэнка:

— Дзякуй за водгук. Мы наўмысна рассылалі падрыхтаваныя праграмы, эскізы, вучэбныя сшыткі па СМК (падручнікаў пакуль няма), каб атрымаць зваротную сувязь і ўлічыць прапановы.

Вольга Зюзянкова, намеснік дырэктара СШ № 1 горада Мінска:

— Школа, якую я прадстаўляю, мае багатыя традыцыі. Яна стала першай, дзе ў 1967-м была арганізавана харавая студыя, а ў 1971-м — атрымана званне школы з харавым ухілам. Па нашым шляху пайшлі іншыя, што і прывяло да разгорту падобных навучальных устаноў у краіне. Таму нас не могуць не хваляваць праблемы існавання харавых калектываў. Мы захавалі і ўхіл, і хары. На сёння ў нас працуе восем хароў начальнай школы, узорны хор “Дружба” і фальклорны ансамбль “Вясёлка”. Усё гэта трымаецца на энтузіязме саміх педагогаў. Бо казаць пра нейкую высокую матывацыю вучняў, на жаль, цяжкавата, адносіны да факультатыўных заняткаў не заўсёды сур’ёзныя. Па цяперашніх праграмах прадмета “Хор” у нашых школах увогуле няма. Ён складае толькі частку “Харавога класа”. Калі раней было па дзве гадзіны на тыдзень у малодшых класах, па тры — надалей, дык за гэты час яшчэ можна было штосьці развучыць. Калі часу меней, гэта праблематычна. Таму далёка не ўсе харавыя калектывы, што існуюць у краіне, насамрэч з’яўляюцца канцэртнымі адзінкамі. Неабходна ўнесці змяненні ў метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі факультатыўных заняткаў эстэтычнай накіраванасці. Трэба асобна вылучыць гадзіны на хор і аркестр (там, дзе яны існуюць), надаць ім абавязковае наведванне — з фармулёўкай “замацаванне навыкаў, атрыманых на занятках па харавым (аркестравым) класе”. Сёння, каб захаваць харавыя калектывы, мы аддаем ім гадзіны, прызначаныя для вакальнага ансамбля. Але ансамбль можа складацца і з трох чалавек, хор жа вымушае працаваць з куды большай колькасцю вучняў — 40 — 60. А гэта розныя рэчы. У 10 класе хор увогуле не прадугледжаны, пераемнасць з наступнымі прыступкамі адукацыі перапыняецца. І такая дэталь. У пасведчанні аб базавай адукацыі пазначаецца, што вучань “паспяхова прайшоў курс факультатыўных заняткаў” па нейкай дысцыпліне. Але што такое “паспяхова”? Хтосьці наведваў клас з пераменным поспехам, а іншы стаў лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Калі гэта магчыма, апошніх трэба вылучаць — хаця б фармулёўкай “засвоіў на высокім узроўні”, упісанай у пасведчанне.

Алена Абрамовіч, кіраўнік хору хлопчыкаў ДМШМ № 19 горада Мінска:

— З 2006 года ў краіне існуе Асацыяцыя хароў хлопчыкаў. Такое з’яднанне калектываў дапамагае ўбачыць тыя агульныя рысы, якія вылучаюць нашых хлопчыкаў ад звычайных. Нашы больш тонкія па сваёй духоўнай арганізацыі, з павагай ставяцца адно да аднаго, у іх больш цікавасці да вучобы — у той жа агульнаадукацыйнай школе. На мой погляд, прыярытэтным з’яўляецца стварэнне такіх калектываў не ў музычных і іншых профільных школах, а ў звычайных агульнаадукацыйных. Бо ў тых жа школах мастацтваў вучацца пераважна дзяўчынкі. А яшчэ калі выкрэсліць тых, хто пасля 3-га класа, крыху засвоіўшы інструмент, пачынае граць у аркестры (і, адпаведна, не ходзіць на хор), дык і ўвогуле нікога не застанецца. У звычайных школах — сітуацыя супрацьлеглая. Хлопчыкі часта не ведаюць, куды сябе падзець. А ўдзел у такім хоры надае ім упэўненасці, гонару за сваю працу, развівае пачуццё калектывізму і партнёрства. Прыцягальнымі для хлопчыкаў могуць быць і змешаныя хары, дзе шмат дзяўчынак. Яшчэ адна акалічнасць на карысць звычайнай школы — большая працягласць навучання, дзякуючы чаму харавы калектыў становіцца больш стабільным, лепей навучаным, дасягае лепшых вынікаў на конкурсах і фестывалях. Увогуле ж, кіраўнікам усіх калектываў трэба клапаціцца пра канцэртныя выступленні. Бо гэта не толькі надае імпэту ўдзельнікам, але і рэкламуе калектыў, папулярызуе самі харавыя спевы. Тыя ж хары хлопчыкаў маглі б на грамадскіх пачатках паспяваць, да прыкладу, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, каб наведвальнікі далучаліся да вядомых ім песень. Давайце пачнём з сябе! І самі зробім крок насустрач патэнцыйнай публіцы.

Спевы трэба вярнуць у школы да сёмага класа ўключна. Бо калі імі займаюцца толькі да чацвёртага, дык набытыя навыкі не паспяваюць замацавацца, і ўсе ранейшыя заняткі становяцца дарэмнымі. У якасці эксперыменту я прапанавала б увесці харавыя спевы ў некалькіх школах. Бо перш чым абіраць нейкую дысцыпліну, вучні павінны мець пра яе хоць якое ўяўленне. Інакш — як жа выбіраць тое, чаго не ведаеш, не разумееш? Ну, а хормайстрам не перашкодзілі б веды па псіхалогіі, каб вырашаць самыя складаныя сітуацыі.

Вера Каханоўская, кіраўнік хору навучэнцаў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага:

— У музычных каледжах добра адпрацавана сістэма прафарыентацыйнай работы, наладжана сувязь паміж сярэднім вучэбным звяном і пачатковым. Таму нам лепш бачна, як апошнім часам у абітурыентаў рэзка знізіўся агульнакультурны ўзровень, звузіўся кругагляд. А калі іх запытваюць, якія песні яны вучылі ў школе, дык узгадваюць хіба гімн — і больш нічога. Ды ўсё ж летась мы правялі наступны эксперымент. Нашых навучэнцаў, якія праходзяць практыку ў школах, у якасці кантрольнага ўрока папрасілі зладзіць выступленне тых школьных харавых калектываў, з якімі яны працавалі, — ад кожнага па дзве песні. Прыйшлі бацькі дзяцей, родныя, знаёмыя — давялося перайсці ў вялікую залу. Атрымаўся не проста паўнавартасны канцэрт — сапраўднае харавое свята! Дапамагае нам і дзейнасць нашага Маладзечанскага народнага маладзёжнага опернага тэатра, у спектаклях якога ўдзельнічаюць салісты і калектывы каледжа. Такой і павінна быць папулярызацыя спеваў і класікі!

Інэса Бадзяка, загадчык кафедры харавога дырыжыравання Акадэміі музыкі, кіраўнік хору студэнтаў:

— Выкладчыкі нашай кафедры шмат удзельнічаюць у журы разнастайных аглядаў, конкурсаў, фестываляў. Акрамя таго, сама кафедра арганізавала з 2009 года Адкрыты конкурс харавых дырыжораў — першы ў нашай краіне. Ён праводзіўся ўжо тройчы, і Міністэрства культуры прапаноўвала ўключыць яго ў рэестр міжнародных. Чацвёрты будзе прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння Віктара Роўды.

Хацелася б, каб ён атрымаў і фінансавую падтрымку, бо ўсе ранейшыя праходзілі адно на базе Акадэміі музыкі. У 2010, 2012, 2015 гадах праводзіліся конкурсы харавых дырыжораў і сярод сярэдніх навучальных устаноў, з кожным разам набіраючы большую колькасць удзельнікаў. Раз у два гады на кафедры праходзіць навукова-практычная канферэнцыя, ёсць і іншыя мерапрыемствы. Па ініцыятыве кафедры з 2006 года мы праводзім творча-адукацыйны праект “Харавыя старонкі ХХ стагоддзя”, у рамках якога адбыліся канцэрты, лекцыі, майстар-класы харавых дырыжораў з Расіі, Балгарыі, Даніі, Польшчы, Швейцарыі, плануецца прыезд з Латвіі. Пры падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшага рангу, чым і займаецца Акадэмія музыкі, адной з асноўных праблем застаецца неабходнасць вярнуць асістэнтуру-стажыроўку — за кошт меншага набору ў аспірантуру, таму дадатковых грошай на гэта не спатрэбіцца. Была падрыхтавана дакументацыя, на пасяджэнні ў Міністэрстве адукацыі ўсе нормы па асістэнтуры-стажыроўцы былі ўнесены ў праект Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, але потым яны адтуль зніклі. Трэба даць магчымасць творчым асобам працягваць сваю творчую адукацыю, а не займацца навуковай дзейнасцю і дысертацыямі, якія не пакінуць часу на ўдасканаленне выканальніцтва.

Раіса Сідарэнка:

— Зараз разглядаецца новая рэдакцыя Кодэкса. Мы ўдакладнім гісторыю гэтага пытання.

Наталля Міхайлава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Беларусі:

— За апошні год матэрыяльнае становішча прафесійных калектываў не змянілася. Маладыя спецыялісты атрымліваюць па 2 мільёны 100 тысяч рублёў, артыст вышэйшай катэгорыі — 3 мільёны. Чаму артысты хору атрымліваюць значна менш, чым артысты аркестра? Аптымізацыя, праведзеная ў філармоніі, нічога ў грашовым выяўленні нам не дала. Патрабуе дапамогі канцэртна-гастрольная дзейнасць. За 2015 год сума, вылучаная на гэта Міністэрствам культуры, склала 4 мільёны рублёў. За гэтыя грошы мы можам выехаць у Заслаўе, не больш за тое. Іншыя выезды ажыццяўляліся дзякуючы акцыі “Мы разам!”, падтрымцы ўладаў тых куткоў, куды мы выпраўляліся. Публіка прагне яркіх праграм з элементамі шоу, на гэта таксама патрабуюцца сродкі, бо павінны быць рэжысура, харэаграфія, сцэнічныя строі. Карыстаемся прынцыпам “сам сабе рэжысёр”. Але ж артысты павінны і выглядаць адпаведна, і голас берагчы — на гэта таксама сродкі патрэбны. Што ж да наступных “Харавых веча”, дык чаму б нам не замахнуцца на “Мінск-арэну”? Было б зручней усім — і тым жа слухачам.

Ірына Дрыга:

— Пытанні павышэння заробку разглядаліся, работа ў гэтым кірунку вядзецца. Што ж да гастроляў, дык у 2016 годзе будзе праводзіцца акцыя “Адраджэнне”, прымеркаваная да 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы. Наконт “Харавога веча” — магчыма, яго трэба ладзіць не штогод, а раз на два гады, каб больш часу было на падрыхтоўку. А ў прамежках ладзіць харавыя асамблеі на раённым, абласным узроўнях, каб калектывы маглі выступіць. Дый на святах горада, іншых мерапрыемствах могуць і павінны быць харавыя спевы. На такія выступленні можна накіроўваць і спецыялістаў, якія будуць весці адбор лепшых калектываў — для таго ж “Харавога веча”.

Ларыса Іконнікава, кіраўнік хору навучэнцаў Гродзенскага музычнага каледжа, хору Гродзенскай капэлы і хору ветэранаў:

— Нам пашанцавала, бо ў Гродне жыве цудоўны кампазітар і святар Андрэй Бандарэнка, які дапамагае харавому руху не толькі сваімі новымі творамі, але і прафесійнымі парадамі, правядзеннем фестываляў “Каложскі дабравест”. Маючы адпаведны рэпертуар, у якасці сцэнічных пляцовак можна выкарыстоўваць храмы, касцёлы, сінагогі. Падзялюся і вопытам правядзення тэатралізаваных праектаў з удзелам хору, якія ладзіць выкладчыца нашага каледжа Святлана Калчанава. У тым жа “Яўгеніі Анегіне” ўдзельнікі атрымалі новыя для сябе навыкі сцэнічнага руху.

Валерый Аўраменка, дацэнт Акадэміі музыкі, кіраўнік заслужанай харавой капэлы Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў:

— Пасля грандыёзнага “Харавога веча” паўсталі яшчэ і пытанні самога стану аматарскіх харавых калектываў. Іх колькасць значна скарацілася. Па справаздачах Рэспубліканскага дома народнай творчасці, на чэрвень 1946 года (пасляваенны час, разруха) у Беларусі працавала 930 калектываў акадэмічнага кірунку. На сёння іх значна менш, зніклі многія хары буйных прадпрыемстваў. Што ж да харавых святаў накшталт “… Веча”, дык першыя з іх, заснаваныя выключна на аматарскіх калектывах, прайшлі ў 1980 годзе ў Магілёве, Гомелі і Маладзечанскім раёне. Далей былі і іншыя буйныя святы, у тым ліку сярод школьнікаў. Аматарскія калектывы сёння таксама вымушаны працаваць ва ўмовах самаакупнасці, таму іх выезды часцяком ажыццяўляюцца за кошт саміх удзельнікаў. Ці ж гэта спрыяе іх развіццю? Я ўжо 33 гады працую ў заслужанай харавой капэле Палаца культуры прафсаюзаў. Імкнучыся амаладзіць склад, за два апошнія гады мы праслухалі каля сотні чалавек, адабралі ж — не больш за 15, бо галасы сапсаваны эстраднай “папсой”. Гэта таксама не можа не трывожыць — адсутнасць самой спеўнай культуры нават сярод тых, хто хацеў бы спяваць.

Святлана Сергяюк, начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Рэспубліканскай вышэйшай школы:

— Харавы рух павінен разглядацца не толькі як мастацкая з’ява, але і як ідэалагічнае пытанне, як частка нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на развіццё калектывізму. Харавыя калектывы павінны з’явіцца ў кожнай ВНУ, для гэтага патрэбна адпаведная метадычная рэкамендацыя, прапісаная афіцыйна.

Ірына Дрыга:

— Падводзячы некаторыя вынікі, адзначу, што харавыя калектывы сёння аб’ядноўваюць амаль 70 тысяч удзельнікаў. 41 працэнт такіх хароў — дзіцячыя. Так, ёсць некаторая тэндэнцыя скарачэння хароў і ансамбляў, але гэта звязана з аптымізацыяй сярод устаноў культуры клубнага тыпу, якая, у сваю чаргу, абумоўлена колькасцю насельніцтва ў асобных населеных пунктах. 869 калектываў (а гэта 14 працэнтаў) маюць статусы народных ці ўзорных. Заслужанымі аматарскімі з’яўляюцца 42 калектывы. Але праблемы маюцца, і цяперашняя дыскусія павінна дапамагчы ў іх вырашэнні.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"