Беларускі Арфей з чырвонай ружай

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Якім ён быў, Уладзімір Мулявін: да 75-годдзя з дня нараджэння Песняра
Ён быў адзін з самых адораных, самых своеасаблівых, жывых і разумова-спагадлівых творчых людзей, якіх можна было сустрэць у нашу эпоху. Своеасаблівасць была ўсё ж найбольш прыкметнай яго рысай. І ў кожным сваім меркаванні, у кожным слове і ў кожнай мелодыі, у кожнай ноце заставаўся самім сабою.

/i/content/pi/cult/568/12461/15-1.jpgАднойчы я спытаў гэтага чалавека, незадоўга да яго смерці: “Што ты адчуваеш унутры сябе як жывы класік беларускай музычнай прасторы канца ХХ стагоддзя?” Ён са здзіўленнем паглядзеў на мяне як на вар’ята і засмяяўся: “Ты што? Жартуеш? Які я класік? Я — проста Уладзімір Мулявін… Я — проста рабочы конік…” І тут я задаў іншае пытанне: “Што для цябе значыць званне Галоўнага Песняра? — “Скажу так. Слова “Пясняр” для мяне не толькі — і нават не столькі назва. Я не хацеў, каб яно калі-небудзь стала гандлёвай маркай. Пясняр — гэта, я шмат разоў тое казаў, вобраз жыцця, вобраз мыслення. Пясняр — гэта Янка Купала. Песняр — гэта Якуб Колас. І Максім Багдановіч. І я стараюся ва ўсім браць прыклад з такіх асоб, каб потым не было сорамна за тое, што я зрабіў у сваім жыцці і ў сваёй творчасці”…

Да свайго сённяшняга 75-гадовага юбілею ён не дажыў, але я заўсёды бачу яго рэальна жывым, прыгожым, добрым, непаўторным, зусім не падобным па чалавечай арганіцы да многіх маіх верных і таленавітых сяброў. І мне да гэтага часу не верыцца, што яго няма. А мо ён насамрэч ёсць, мой добры сябра і амаль аднагодка?..

Спакуслівая перспектыва, ды толькі мала веру я ў варажбу дзяўчыны Ленарман, у нуль-транспарціроўку, у паганскія міфы і рэлігійныя тэксты, у рэінкарнацыю, у версіі Раймонда Моўдзі і Мелвіна Морса. Хаця ў гэтым “нешта” ёсць, і калісьці, у юнацтве, хацеў у гэта верыць. Як пад моцным 
уражаннем ад рамана Джэка Лондана “Утаймавальная кашуля” (“Вандроўнік па зорках”) хацеў верыць у магчымасць існавання нейкага іншага жыцця. І разумеючы, што прыгоды продкаў Стэндзінга ў далёкім мінулым — гэта фантазіі на гістарычныя тэмы, паэтычныя выдумкі пісьменніка, — усё роўна хацелася верыць у містычнае вучэнне пра “перасяленне душ”, вельмі папулярнае ў пачатку мінулага стагоддзя. Ды і сёння не забытае. Па вялікім рахунку, гэта неразгаданая Таямніца, у нетры якой сучасная навука, рэлігія і мастацтва пакуль не могуць пранікнуць, каб канчаткова прывесці яе да аднага назоўніка.

Аднак я веру, што дух чалавека застаецца назаўсёды тут, на Зямлі, прынамсі, пакуль існуе памяць пра яго. І ў мяне, прафана, цепліцца надзея на наасферу, дзе складзіруюцца ўсе нашы разумныя ідэі і ствараецца інтэлектуальны мазаічны партрэт чалавецтва, і, магчыма, адзін фрагменцік у ім будзе выкладзены маімі блізкімі людзьмі. А так у рэальнасці застаюцца карціны, кнігі, ноты, фільмы, архітэктура, помнікі, фальклор , а таксама — удзячная памяць тых, каму пашанцавала ведаць іхніх стваральнікаў. Ды ўсё ж… Усё ж варушыцца ў душы вар’яцкая надзея: а раптам сустрэнемся? Бо адваротнага яшчэ ніхто не даказаў…

Пра ўсё гэта я думаю, зноў і зноў успамінаючы Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна, Валодзю, Мулю, з якім мяне звёў лёс у апошняе дзесяцігоддзе яго неспакойнага жыцця. Да свайго сённяшняга 75-гадовага юбілею ён не дажыў, але я заўсёды бачу яго рэальна жывым, прыгожым, добрым, непаўторным, зусім не падобным па чалавечай арганіцы да многіх маіх верных і таленавітых сяброў. Здаецца, за час нашых шматлікіх сустрэч у дамашніх інтэр’ерах, на прыродзе і ў канцэртных залах я спазнаў Уладзіміра — Асобу — як мае быць: і яго чалавечую ды творчую моц, і яго слабасці па нейкіх параметрах чалавечага быцця, і шмат што іншае.

Але ўсё роўна — штосьці і зараз не дае мне спакою. Здаецца, што далёка не ўсё яшчэ сказана пра гэтага чалавека, нягледзячы на фундаментальныя кнігі пра жыццё і мастацтва Песняра і Чалавека — “Владимир Мулявин. Нота судьбы” (2004) і толькі што выдадзеную — “Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі…”. Да таго ж некаторыя былыя паплечнікі, калегі і тыя, хто проста быў з Валодзем калісьці побач, па розных прычынах так і не паспелі ці не змаглі “агучыць” свае адносіны да Уладзіміра Георгіевіча. Некаторыя “песняры”, якія працавалі з Мулявіным, на жаль, ужо адышлі з жыцця і не пакінулі ўспамінаў пра свайго лідара і сабрата. Але ў маім архіве захаваліся рукапісныя запісы і фрагменты дыктафонных дыялогаў і маналогаў нашых з Валодзем сустрэч, якімі я да сённяшняга дня не скарыстаўся. Яшчэ свежыя і мае ўспаміны, якія з гадамі зусім, што вельмі дзіўна, не ператвараюцца ў нейкія міражы. Усё — быццам бы адбывалася ўчора… Канешне, я мог іх выкарыстаць раней, у іншых сваіх мемуарах, аднак, як кажуць, усяму свой час… У юбілейны год Уладзіміра Мулявіна мне захацелася зноў распавесці пра гэтую Асобу, пра таго, каго я ведаў, магчыма, больш з чалавечага боку, чым з прафесійнага, статуснага. Пра “бацьку” сусветнавядомага вакальна-інструментальнага ансамбля, музыканта, гітарыста, спевака, артыста, кіраўніка-арганізатара ўнікальнага праекта пад назвай “Песняры” напісана і сказана шмат — тут мне дадаць няма чаго. А вось тое, якім ён быў асабіста для мяне як сябра, таварыша, гэта ўжо часткова і “мая тэрыторыя”…

Аднойчы, рыхтуючыся да сур’ёзнай размовы з Мулявіным, я склаў анкету з процьмай пытанняў самай рознай накіраванасці, ажно да вельмі асабістых, надрукаваў іх на сваёй пішучай машынцы (тады камп’ютара ў мяне і блізка не было), і рушыў да Валодзі дадому, на вуліцу Леаніда Бяды, 13. Пакуль нашы жонкі, Святлана Пенкіна і Людміла Крушынская, штосьці гатавалі на кухні, мы з Валодзем селі за вялікім сталом адзін насупраць другога і пачалі працаваць. На ўсе пытанні ён адказваў па-мулявінску спакойна-разважліва і годна, толькі часам шчыра здзіўляўся майму “напору”: “Ты мяне дапытваеш проста як следчы…” І ён па-добраму ўсміхаўся, пагладжваючы вусы, хаця, у прынцыпе, журналістам сваю душу наўпрост не выварочваў. Так што ягоны давер да мяне дарагога каштаваў. За гаворкай я ціхенька пацягваў віно (Валодзя тады быў “у завязцы”), якое тайна ад жонкі змог прынесці з сабой, і шарыкавай асадкай запісваў непасрэдна пад пытаннямі ў анкеце яго адказы. Скончыўшы размову, папрасіў Мулю “завізаваць” кожную старонку. Праз некалькі дзён я перагледзеў анкету, і нечакана для сябе на палях адной з яе старонак убачыў знаёмы мулявінскі почырк (як гэта я раней не заўважыў!?). Дробнымі літарамі было напісана: “як хочацца выпіць…” Калі я потым расказаў яму пра дзіўную “знаходку”, мы абодва доўга смяяліся…

У гэтых успамінах я вырашыў яшчэ раз вярнуцца ў тое незваротнае мінулае, калі Валодзя, непакорлівы і свабодалюбівы, па-дзіцячаму чысты, даверлівы і па-даросламу грэшны, часта падмануты, пакрыўджаны, часам замкнёны ў сабе, мудры і просты, парой жудасна, да знямогі стомлены пасля канцэртаў, але заўсёды “свежы” за рулём аўтамабіля, яшчэ не стаў “легендай”, “помнікам”, “бронзы многопудьем”, “нацыянальным гонарам”. Вярнуцца ў тое мінулае, калі ён належыў толькі свайму дому, на адным з тарцоў якога сёння вісіць мемарыяльная дошка, у тое мінулае, калі ён увесь вольны, але зусім кароткі час аддаваў самому сабе, сваім думкам, сваёй музыцы, сваім родным і блізкім. Тады ледзь развіднеецца, як ён ужо ўскокваў з пасцелі, засоўваў ногі ва ўтульныя сялянскія валёнкі, падараваныя яму Святланай і, спяшаючыся зрабіць глыток кавы, сядаў за фартэпіяна. Адкрыўшы нотны сшытак, пачынаў пісаць, пісаць, пісаць… А потым усё камячыць і выкідваць у сметніцу, нервова зацягвацца цыгарэтай ці распальваць люльку. І зноў, перабіраючы чорна-белыя клавішы, прымаўся за ноты. І так заўсёды, калі быў дома: не на гастролях, не на рэпетыцыях, не на канцэртах, не на прэс-канферэнцыях, не на прыёмах у начальства, — а менавіта дома, у той самай кватэры ў шматпавярховым доме № 13…

Але Лёс так распарадзіўся, што на досвітку 26 студзеня 2003 года пасля яго прозвішча з’явіліся даты, раздзеленыя кароткай рысай. І чалавек перастаў належыць самому сабе. Усё, што ён здзейсніў у жыцці, у творчасці, у чалавечых узаемаадносінах адкрылася наноў, з вычарпальнай глыбінёй, узвышана і чыста.

Такім чынам, дзве даты: 12 студзеня 1941 — 26 студзеня 2003. Здаецца, даўно няма з намі Уладзіміра Георгіевіча. Цэлых 13 гадоў! Урэшце, не. Ён, Чалавек і Галоўны Песняр, і сёння з намі, са мной: у тых жа ўспамінах, у музыцы, у дысках і пласцінках, у магнітафонных запісах, тэлефільмах, спектаклях, інтэрв’ю, у кнігах і фатаграфіях. У тым, што зрабіў Мулявін, так многа і душы, і сэрца, і болю, і надзеі, што хопіць з лішкам і нам, і дзецям, і ўнукам нашым. Яго творчае пасланне людзям адбылося, бо яму было дадзена, даверана, завешчана ўвасобіць у сваім мастацтве геніяльнасць двух народаў — рускага і беларускага — і, што немалаважна, супярэчлівы подых нашага вельмі складанага Часу.

На маёй асабістай палітры памяці засталіся мулявінская апантанасць стваральнасцю, рэдкая добразычлівасць у дачыненні да шчырых людзей, пранізлівая любоў да прыроды, удумлівае прачытанне паэзіі, разумнай прозы, любоў да спорту, хуткай язды на аўтамабілі, словам, захопленасць, зачараванасць жыццём ва ўсіх яго праявах. Высакароднасць, мудрасць, годнасць. І — адзінота выдатнага таленту...

Фінал жыцця аказаўся безвыходна-трагічным. Смерць у 62 гады. І застаўся толькі журботны ўздых, як у Ігара Севяраніна: “Как хороши, как свежи будут розы…” Квітнеючыя і духмяныя чырвоныя ружы, якія так любіў Мулявін. Але ружы ўжо без Песняра…

Па вялікаму рахунку, мы не былі з Валодзем блізкімі сябрамі “не разлей вада” ў звыклым сэнсе гэтага паняцця, бо такіх у яго проста не было. Гэта потым, пасля смерці нашага Арфея, яны раптам выплылі на паверхню: урэшце, так было заўсёды і ўсюды пасля сыходу выдатных, “знакавых” фігур. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Згадаем, колькі “друзей-приятелей” — мемуарыстаў, сярод якіх былі і выпадковыя знаёмыя, і тыя, што “раскаяліся”, праніклі розумам — учорашнія прыгнятальнікі талентаў, з’явіліся хуценька ў Ясеніна, Маякоўскага, Ахматавай, Пастэрнака, Высоцкага, Таркоўскага, Шастаковіча…

Нашы гады з Валодзем — гэта нашы сустрэчы сем’ямі: “чацвёрка плюс адзін”, гэта значыць я, мая Людміла, Уладзімір, яго жонка і аднадумца Святлана і іх наследнік Валерка. Як кажуць, “сябравалі дамамі”, адпачывалі на нашых “фазэндах”, часцей — у мулявінскіх Лапаравічах. Там жа, у двух кроках ад дома, купаліся ў Мінскім моры, адзначалі дні нараджэння "на пленэры” або на ўтульнай верандзе, ганялі гарбату і каву, глядзелі “відзік”, у добрым настроі захапляліся картачнымі гульнямі ў “дурня” і “кінга”, часам хадзілі ў саўну да нашага агульнага сябра-прадпрымальніка, які шмат зрабіў карыснага і добрага для дзеячаў беларускай культуры і мастацтва. Восенню на дачу ў Лапаравічы прыязджалі сваякі, сябры і проста знаёмыя. Прыязджалі з мяхамі і сумкамі, каб сабраць сабе багаты ўраджай антонаўскіх яблык: мулявінская сям’я гэтай карыснай справай не займалася і не даглядала за сваёй велізарнай садова-гароднай дзялянкай, якая дасталася ім ад былога гаспадара “маёнтка”. Таму ўся “плантацыя” пад старымі, але добра пладаноснымі яблынямі была падобная на джунглі густых пустазелляў — пырніка, крапівы, лопуху. А каб сабраць нават яблыкі, што ўпалі, не разадраўшы рукі і твар, неабходны былі і спрыт, і адпаведная экіпіроўка. І лесвіца, канешне. Працэс загатоўкі ўраджаю ішоў заўсёды весела. І усе, у тым ліку мая дачка Магда з мужам, старэйшая дачка Мулявіна Марына таксама з мужам і іншыя “яблычнікі”, былі вельмі задаволеныя. Як і самі наглядальнікі-гаспадары “фазэнды”.

На ўсёй тэрыторыі маёнтка дагледжана была толькі адна пляцоўка, побач з домам. Тут, закрытыя ад вуліцы штыкетнікам з варотамі, па чарзе “адпачывалі” ці чакалі рамонту мулявінскія аўтамабілі — “Волга”, “Мерседэс-Бэнц 420" з дзяржнумарам 0154 РН (той самы, апошні ў жыцці Мулявіна) і песняроўскі мінівэн “Шэўрале”...

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Працяг чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"