З драўлянага сюжэта

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Асноўнымі дэкаратыўнымі элементамі аздаблення замкавых памяшканняў у свеце, у тым ліку і ў Мірскім замку, з’яўляліся прадметы мэблі, у першую чаргу сталы, крэслы, скрыні для адзення і захоўвання каштоўнасцяў.

/i/content/pi/cult/568/12460/14-2.jpgНаогул, найстаражытныя з куфраў, што захаваліся, былі выраблены ў Старажытным Егіпце. Скрыні ўпрыгожвалі багатым своеасаблівым арнаментам, выкананым у тэхніцы паглыбленай разьбы. У аздабленні часта сустракаецца раслінны матыў, напрыклад, лаза са змешчанымі сярод завіткоў фігурамі жывёл і людзей. Паступова ў арнамент усё часцей уключалі элементы антычнай архітэктуры. Сюжэты ўскладняліся, перавага аддавалася выяве чалавека. Скрыні рабілі вялікімі (даўжынёй да 2 метраў) або маленькімі (50 — 60 сантыметраў).

У зборах музея “Замкавы комплекс “Мір” знаходзіцца куфар XVII стагоддзя са шматфігурнай сцэнай на біблейскі сюжэт “Сусана і старцы”. Паводле падання, у Вавілоне жыў Іякім, які ажаніўся на Сусане, вельмі прыгожай і богабаязнай дзяўчыне. Ён быў вельмі багатым і меў каля дома сад, куды прыходзілі іудзеі. Два старцы былі пастаўлены суддзямі, каб ліквідаваць беззаконне ў Вавілоне. Яны ўвесь час праводзілі ў доме Іякіма, куды да іх і завітвалі ўсе, хто меў спрэчныя пытанні. Калі апоўдні народ сыходзіў, Сусана спускалася ў сад свайго мужа для шпацыру. За ёй назіралі старцы. Аднойчы, калі на дварэ стала горача, Сусана ў суправаджэнні дзвюх служанак захацела памыцца ў садзе. Там нікога не было, акрамя двух старцаў, што схаваліся. Сусана папрасіла служанак, каб прынеслі ёй алею, мыла і замкнулі браму ў сад. Калі служанкі выйшлі, старцы прыбеглі да Сусаны і пачалі ўпрошваць яе пабыць з імі. Сусана ім адмовіла, закрычаўшы моцным голасам. На што мужчыны таксама закрычалі. Адзін з іх пабег і адчыніў сад. Тыя, хто знаходзіўся ў доме, збегліся на крык. Старцы распавялі спалоханым, што служанкі былі адасланыя таму, што ў Сусаны быў юнак.

На наступны дзень, калі сабраўся народ да яе мужа Іякіма, прыйшлі і абодва старцы. Сусана гучна звярнулася па дапамогу да Бога, і Гасподзь пачуў яе. Калі Сусану прывялі на смерць, ён паслаў святы дух юнака Данііла для высвятлення ісціны. Той паклікаў аднаго са старцаў і спытаў, пад якім дрэвам ён бачыў юнака і Сусану. Першы адказаў, што пад масцікавым. Затым Данііл, выдаліўшы аднаго старца, папрасіў прывесці другога і задаў яму тое ж пытанне. Старац адказаў, што бачыў каханкаў пад зялёным дубам. Такім чынам атрымалася высветліць праўду. Сусана была выратавана, а Данііл стаў з таго дня вялікім прарокам. Старцы ж за сваю хлусню паплаціліся жыццём.

Юлія БЯЗНОСІК, супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”

Фота Вікторыі НАРБУТОВІЧ