Вясковая сталіца роднага слова

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

На ўздзенскім гербе — Кірыла і Мяфодзій — святая двойца праваслаўнай славеснасці. 19 пісьменнікаў выйшла з гэтых мясцін. А настаўнікаў — і не пералічыш. Культура ды асвета — тутэйшыя прыярытэты, на якіх і грунтуецца духоўнасць Уздзеншчыны. Кірыла і Мяфодзій пазіралі на нас з мясцовага герба скрозь сонейка Слова. А мы з начальнікам аддзела культуры Уздзенскага райвыканкама Алай Карповіч аглядалі новы помнік тром мясцовым воінам-інтэрнацыяналістам, што не вярнуліся на Радзіму з Афганістана. Скрозь прасветліну маленькай зорачкі на абеліску мы бачылі родную зямлю Кандрата Крапівы і Паўлюка Труса, крыж на месцы разбуранай царквы, асвечаны Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам…

Нам засталася спадчына

 
На пытанні “К” адказвае намеснік старшыні Уздзенскага
райвыканкама Яўген Шкель.

— Яўген Аляксандравіч, зямля ваша багатая на таленты. Адкуль вытокі такой урадлівасці?

— У спеўнасці і датклівасці беларускай душы. Паэты і празаікі, мастакі і навукоўцы, што паходзяць з Уздзенскага краю, добра вядомы не толькі на Бацькаўшчыне. Узяць, да прыкладу, Фадзея Булгарына, які нарадзіўся ў паселішчы Пёрышава, калі землі нашы ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай.
Сам Пушкін пісаў пра пісьменніка, што ён уваходзіць у малы лік тых літаратараў, “коих порицание или похвалы могут быть и должны быть уважаемыми”... Сярод нашых землякоў — і жывапісцы, і скульптары, і акцёры.
Да таго ж, маем нямала цудоўных архітэктурных помнікаў, звязаных, напрыклад, з дзейнасцю асветніка Сымона Буднага, вядомага навукоўца Якуба Наркевіча-Ёдкі... А нашаму сельскагаспадарчаму ліцэю — больш за 50 гадоў! Так што ў аграгарадкі прыходзяць высокакультурныя, адукаваныя маладыя спецыялісты. Гэтак жа, як і тыя, хто пачынае працу ў сферы культуры.

— Дарэчы, якія асаблівасці мае культасветработа раёна?

— Уздзеншчына ў апошні час стала месцам правядзення самых розных рэгіянальных і абласных святаў: фестывалю духавых аркестраў “Майскі вальс”, абласнога свята гумару “Я пякучка-крапіва”, рэгіянальнага свята тканых паясоў “Умельцы”... Сеня сферу культуры раёна прадстаўляюць 49 устаноў: 27 бібліятэк, 20 клубаў, дзіцячая школа мастацтваў, Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей.

— Як райвыканкам дапамагае ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры?

— Бюджэтныя сродкі склалі амаль 2 мільярды рублёў. На рамонты клубаў было выдаткавана больш за 182 мільёны, вялася камп’ютэрызацыя сельскіх бібліятэк. 174 мільёны рублёў выдзелена на набыццё духавых музычных інструментаў і сцэнічных касцюмаў. Больш за 67 мільёнаў рублёў накіравана на завяршэнне рамонту школы мастацтваў.

— Ведаю, што мінулы год быў багатым і на творчыя дасягненні...

— Так. Двум калектывам Уздзеншчыны прысвоены званні “народны” і “ўзорны”. Вызначыліся вакальна-інструментальны ансамбль “Дыяс” і харэаграфічны калектыў “Вясёлка”.
На абласным фестывалі “Лазовы прут” у межах “Славянскага базару ў Віцебску” кіраўнік аматарскага аб’яднання Літвянскага СДК Аўрора Паўлава заняла другое месца, на фестывалі-конкурсе “Беларуская лялька” ў Слуцку кіраўнік народнай студыі “Скарбніца” Хатлянскага сельскага дома культуры Святлана Шчэрбач уганаравана першым месцам, а хор школы мастацтваў заняў трэцяе месца ў абласным аглядзе харавых калектываў.

— Старшыня райвыканкама Пётр Фёдаравіч Пожах надае вялікую ўвагу будаўніцтву аграгарадкоў. А ці ёсць магчымасць у маладога спецыяліста сферы культуры нароўні з іншай сельскай інтэлігенцыяй атрымаць у аграгарадках сучаснае жыллё?

— Пётр Фёдаравіч — энтузіяст сваёй нялёгкай справы. Аграгарадкі — толькі частка, хоць і адна з асноўных, у ягонай дзейнасці. Аграгарадкі “Дзешчанка”, “Зенькавічы”, “Сямёнавічы” і многія іншыя — цэласныя архітэктурныя і сацыяльна-культурныя ансамблі. Ну як тут абысціся без маладых спецыялістаў?! Клопат пра змену — адзін з нашых прыярытэтаў. Натуральна, што і спецыялісты са сферы культуры абавязкова трапляюць у спіс навасёлаў. Жылля з года ў год у нас будуецца ўсё больш і больш. А кіраўніцтва раёна цудоўна разумее важнасць якаснага ўздыму сельскай культуры... Цяпер такі час, што любая дзяржпраграма, якая мае прыярытэт у развіцці сяла, не можа абыходзіцца без развіцця і гэтай сферы.

Тыдзень тэатра, музыкі і кіно

Разам з начальнікам аддзела культуры Уздзенскага райвыканкама Алай Карповіч мы аглядаем Цэнтр культуры, які знаходзіцца ў памяшканні старадаўняга касцёла Святога Крыжа.
Ала Мікалаеўна нарадзілася ў Ленінградзе. Але па волі лёсу прыехала ў Беларусь на радзіму аднаго з бацькоў. 15 гадоў таму пачала першыя крокі ў асваенні прафесіі. Цяпер узгадвае, як уразіла яе беларуская зямля, Уздзеншчына. Сапраўды, ці можна не ўкладваць у справу душу, калі ведаеш, што непадалёк, у вёсцы Кухцічы, Сымон Будны заснаваў калісьці друкарню, вучыў мясцовы люд культуры і пісьменнасці праз біблейскае Слова...
Даводзілася быць у Кухцічах шмат гадоў таму, калі пісала пра знакамітага механізатара Шавеля, але пра Буднага тады проста не ведала. Вось дык Кухцічы! І шлях ад Буднага да Шавеля плённы на самыя розныя творчыя здабыткі і адухоўлены высакароднымі памкненнямі продкаў і іх спадкаемцаў.
Касцёл Святога Крыжа пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Менавіта ў ім і размешчаны Уздзенскі цэнтр культуры. Ягоны дырэктар Марыя Шыцікава прыехала ва Узду па размеркаванні. Працавала 10 гадоў загадчыцай аўтаклуба, потым — дырэктарам метадычнага цэнтра.
— У нас цяпер 6 народных і ўзорных калектываў,— распавядае Марыя Мікалаеўна. — Ёсць народны хор ветэранаў вайны і працы, народны ансамбль народнай песні “Зборная субота”, узорны тэатр “Усмешка”, узорны лялечны тэатр “Церамок”, вакальна-інструментальны ансамбль “Дыяс”, які ўзначаліў пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.Глінкі малады спецыяліст Дзмітрый Буднік. Гэты калектыў таксама займеў званне народнага. У кожнага ансамбля — сваё аблічча, свае творчыя планы. Напрыклад, “Зборная субота” — удзельнік шматлікіх раённых і абласных конкурсаў, дыпламант абласнога фестывалю “Напевы зямлі маёй” у Пухавічах. У ансамблі— 12 чалавек, усе яны работнікі Цэнтра культуры.

— Памяшканне ЦК — старадаўняе. Няўжо і дыскатэкі тут ладзяцца?

— Не. У кінатэатры для гэтага ёсць прыстасаваная зала. Дарэчы, танцавальныя вечары ў нас досыць змястоўныя: дзі-джэй Аляксандр Траяноўскі — вельмі дасведчаны чалавек. У сваю каманду зусім нядаўна прынялі яшчэ аднаго маладога спецыяліста — рэжысёра Аляксандра Васільева, які скончыў Мінскі каледж мастацтваў і ўзяў на сябе правядзенне маладзёжных святаў. Напрыклад, у Таццянін дзень наладзіў незвычайны студэнцкі сэйшн. Былі праграмы, прымеркаваныя да пачатку вясны, да 8 Сакавіка. Карацей, працуе хлопец вельмі цікава і плённа. Менавіта гэтыя маладзёжныя праграмы і вылучаюць дзейнасць нашых культасветработнікаў. З прыемнасцю канстатую: маладыя спецыялісты змаглі праявіць сябе з самага лепшага боку і працуюць у абстаноўцы ўзаемаразумення і сяброўства. У зале збіраецца да 300 юнакоў і дзяўчат, а для нашай невялікай Узды гэта вельмі шмат...
Якраз у тыя дні, калі я наведвала райцэнтр, у мясцовым Цэнтры культуры праходзіў Тыдзень тэатра, музыкі і кіно. У зале быў аншлаг. Дзеці прыйшлі на чарговы спектакль любімай “Усмешкі”. І кожны дзень дзеці не прыхоўвалі шумнай радасці. І вось музычны спектакль “Мурашка Мая”. Гукарэжысёр Алег Каламіец настройвае апаратуру. Затым гасне святло, і зала імгненна сціхае...
За мінулы год Гарадскі цэнтр культуры зарабіў на платных паслугах больш за 50 мільёнаў рублёў. Што яшчэ тут можна дадаць?

Салют, “Дыяс”!

Малады хлопец адразу выклікаў сімпатыю. Гэта ён стварыў адмысловы вакальна-інструментальны ансамбль з адметным рэпертуарам. Дзмітрый Буднік — і піяніст, і гітарыст. Ён сабраў вакол сябе колішніх аднакласнікаў. Удзельнікі “Дыяса” пачалі пісаць і тэксты, і музыку. Дарэчы, Дзіма і не думаў заставацца ў Мінску пасля музвучылішча: як прызнаецца хлопец, вельмі цягнула ў родную Узду. Тут і праявіліся напоўніцу таленты юнака.
— Заўжды хацеў жыць і працаваць толькі ў родным горадзе. Я тут нарадзіўся, скончыў агульнаадукацыйную і музычную школы... У гурце граем, у асноўным, меладычны рок... Музыка аб’ядноўвае людзей: нядаўна ездзілі ў Растоў-на-Доне і з тамтэйшага фестывалю прывезлі Гран-пры.
У ЦК увага да ансамбля — першаступенная: набылі сучасную апаратуру, стварылі ўсе ўмовы для самастойнай творчай дзейнасці юнакоў, таму і аддача ад іх вельмі важкая. Без “Дыяса” не абыходзіцца ніводзін канцэрт.
— У нас яшчэ чатыры падлеткавыя вакальна-інструментальныя ансамблі, — працягвае Дзіма гаворку пра структуру “Дыяса”, вакол якога на вачах утвараецца самы сапраўдны эстрадны тэатр. — Маладыя хлопцы самі пачалі прыходзіць да нас, прапаноўваць свае ідэі, часам вельмі цікавыя. Як было іх не падтрымаць?!
Два гады запар “Дыяс” бярэ ўдзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, нават выступае на асобнай пляцоўцы. А Дзіма Буднік працягвае займацца не толькі музычнымі, але і сацыяльнымі праектамі: адзін з апошніх “Моладзь супраць СНІДу”.

Як вучань стаў дырэктарам

У райцэнтры цудоўная дзіцячая школа мастацтваў. Дырэктар Васіль Шышко сам калісьці яе скончыў і вярнуўся ва Узду пасля Мінскага музычнага вучылішча, а потым і кансерваторыю “прайшоў” па класе баяна.
— Цяпер у школе 268 навучэнцаў і 25 выкладчыкаў, — паведамляе Васіль Віктаравіч. — Дзейнічаюць тры аддзяленні: музычнае (духавыя, ударныя, народныя інструменты і клас фартэпіяна), выяўленчае і харэаграфічнае.

— Шмат таленавітых дзяцей?

— Два прэзідэнцкія стыпендыяты: Валодзя Якубоўскі — трубач, дамрыстка Ірына Хабарава. Ёсць і лаўрэат Міжнароднага конкурсу “Музыка надзеі” Саша Вітко. Усе — з унікальнымі данымі...
Як лічыць дырэктар, школа мастацтваў не толькі дае пачатковую музычную адукацыю, але і адкрывае таленты. А для многіх музыка становіцца прафесіяй: юнакі і дзяўчаты паступаюць ва Універсітэт культуры і мастацтваў, у музычныя вучылішчы. Ды і ў самой школе мастацтваў багата выкладчыкаў, якія калісьці тут вучыліся.
Васіль Шышко ўсё жыццё — сярод таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Школу па праве лічыць сваёй: “У гэтых сценах нават не заўважыў, як ссівеў”. Мы прайшліся разам па школьных калідорах і класах. Аура тут незвычайная — спрэс творчая: з аднаго боку гучаць цымбалы, з другога — піяніна, у харэаграфічнай зале — чарговая рэпетыцыя, у класе выяўленчага мастацтва — новы ўрок...

Знакамітая вёска Нізок

Пасля аграгарадкоў, вельмі маляўнічых і сучасных, мы вырашылі наведаць унікальную вёску Нізок, вядомую па летапісах XVI стагоддзя. Адкуль пайшла такая назва?
Раней вёска стаяла на ўзгорку. Ударыла маланка — засталося ад яе вогнішча, а людзі схаваліся пад горку, у нізінку. Адсюль і “Нізок”.
Захавалася старадаўняя забудова: вёска ўзводзілася “пад шнур”, з другой гаспадарчай пабудовы паводле Валочнага статута 1557 года.
Рог бліжняга дома бачны суседу. Сто хат у вёсцы, а знакамітасцей, лічы, больш, чым дамоў. Адзін Кандрат Крапіва — бліскучы драматург і дасціпны байкапісец — чаго варты! Адсюль, з Нізка, і Паўлюк Трус, і нашы сучаснікі — мастак Уладзімір Ткачоў, які нядаўна атрымаў медаль Францыска Скарыны, і Ліда Арабей, што выдала днямі кніжку ўласных дзённікаў. Дарэчы, і выдатны акцёр Віцебскага Коласаўскага тэатра Анатоль Трус — таксама родам адсюль.
А ў мясцовай бібліятэцы — музей неўміручага беларускага Слова.
Роспісы паводле біблейскіх сюжэтаў зрабіў тут малады мастак Уладзімір Курдзюкоў.
Рэйсавы аўтобус з Узды ў Нізок ходзіць двойчы на дзень, што, згадзіцеся, вельмі зручна: заехаў зранку ў вёску, спрычыніўся да хараства і ў другой палове дня — дахаты. А ў Нізку заўжды ёсць што паглядзець: літаратурныя святы вяскоўцы ладзяць не толькі ў Музеі Слова, але і на вуліцы.
Вось такі турыстычны маршрут на радзіму слынных творцаў.

Тут пануе ганчарства

Маім экскурсаводам стала дырэктар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Лухверчык, якая паказала мне “Хату ганчара”:
— Тут нашы дзеці далучаюцца да мясцовых абрадаў і традыцый. Ганчарства ў вёсках Уздзеншчыны — справа звычайная. Навуковы супрацоўнік Аляксандр Шамшэня дае хлопчыкам і дзяўчынкам першыя ўрокі традыцыйнага рамяства, вучыць бачыць у гліне гармонію і прыгажосць...
Хата як хата: драўляны зруб з невялічкімі сенцамі і печчу. Пахне, як у дзяцінстве дома ў дзядулі. Абраз у чырвоным куце, канапа, стол, ручнікі... На стале — гліняныя цацкі, старая лямпа, а над печчу — бярозавыя венікі.
Студыя “Скарбніца” працуе стыльна. Вось кошык-халадзільнік для захоўвання мяса, сплецены з лазы. А вось сявалка, упрыгожаная старажытным ручніком. За кожнай рэччу — навука сялянскага ладу жыцця, наша гісторыя.
— Гэта частка гісторыка-краязнаўчага музея, — тлумачыць яго дырэктар. — Плануем пашырыць яе да ўладкавання поўнага сялянскага падворка. Праект ужо ёсць.
— Мне падабаецца гэтая ідэя, — уключаецца ў размову начальнік аддзела культуры Ала Карповіч. — Будзе яшчэ адна прывабная экскурсія і для вяскоўцаў, і для турыстаў-гараджан.

Старадрук у сейфе

Дырэктар Уздзенскай ЦБС Клаўдзя Рогава распавядае:
— Хоць і зачынілі дзе-нідзе бібліятэкі ў працэсе аптымізацыі культасветустаноў, але інтарэсы чытачоў ані не пацярпелі. Іх у нас — 12 тысяч. Ёсць пры ЦБС прававы клуб: на любое пытанне — хуткі і дакладны адказ. Працуюць клубныя фарміраванні сямейнага адпачынку і пажылых людзей.
Натуральна, ёсць куткі нашых землякоў-пісьменнікаў. Кніжкі — з дарчымі надпісамі... Для маладых сем’яў стварылі літаратурна-мастацкую гасцёўню, дзейнічае і літаратурнае аб’яднанне “Нёманец”. Ёсць і такое, чаго нідзе няма: жывая скульптура— грыбы баравічкі ля дзіцячай бібліятэкі...
Клаўдзя Антонаўна распавядае пра платныя камп’ютэрныя паслугі. Гэта і Інтэрнет, і праграма “Эталон”.
За год па ЦБС здолелі зарабіць 6,3 мільёна рублёў. Выдаюццатут кніжкі мясцовых пісьменнікаў: рыхтуецца выданне Алы Шыбко — настаўніцы, якая друкуецца ў рэспубліканскіх літаратурных часопісах, а на чарзе — кніга Тамары Каляда.
У кніжным фондзе — 85 тысяч асобнікаў. Ёсць рэдкія выданні Кандрата Крапівы, Петруся Глебкі, Паўлюка Труса і іншых. А самы унікальны старадрук захоўваецца ў бібліятэчным сейфе. Гэта прыжыццёвае выданне 1847 года пра навукоўца Якуба Наркевіча-Ёдку, якое падарыў ЦБС зямляк Уладзімір Кісялёў.

 Вольга ЯГОРАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Узда — Мінск

Фота аўтара