Тры моры тэатра з Гродна

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Згадваючы гісторыю Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, нельга не назваць імя Ігара Пятроўскага, якога не стала дзесяць гадоў таму. Менавіта ён у 1980-х як новы мастацкі кіраўнік і дырэктар трупы (з 1984-га па 1991-шы) скалануў рэпертуарную аднатыпнасць, раскрыў творчыя магчымасці і пацвердзіў жыццяздольнасць калектыву.

/i/content/pi/cult/568/12459/14-1.jpgІ вось прыходзіць Пятроўскі…

А перыяд гэты, больш як трыццаць гадоў таму, для Гродзенскага абласнога драмтэатра стаўся даволі складаным. Змяняліся галоўныя і чарговыя рэжысёры, трупу пакінула частка сапраўды добрых акцёраў, на якіх трымалася істотная частка рэпертуару. Калектыў перажываў часы, калі не задавальнялі ні ўзровень рэжысуры (і насамрэч часцяком невысокі), ні рэпертуар, што не даваў магчымасці падтрымаць рэпутацыю трупы. А тэатр пакрысе губляў свой прэстыж у горадзе. І свайго гледача. Фарсіраванню падзей у 1984-м мог бы паспрыяць пераезд тэатра ў новы будынак. І сапраўды, уваходзіны падаравалі не толькі новы дом і новую сцэну, але і надзею на цікавыя творчыя сустрэчы ды новыя таленавітыя спектаклі.

І вось прыходзіць Ігар Пятроўскі. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны з апошняга прызыву, які на ўсё жыццё загартаваў характар у паветраным дэсанце. За яго плячыма навучанне ў Маскве і Ленінградзе, служба рэжысёрам у тэатрах Казані, Таліна, Валгаграда, Калінінграда, Львова, Кішынёва, Уладзівастока, Арла, Ліепаі, шэраг пастановак у тэатрах Кіева, Ленінграда, Адэсы, Душанбэ, Грознага... Менавіта Ігар Сяргеевіч з нястрымнай энергіяй займаецца пошукам цікавых акцёраў, чарговых рэжысёраў, выхаваннем свайго гледача.

Каля паловы трупы складалі выхаванцы беларускай тэатральнай школы, астатняя частка — запрошаныя Пятроўскім акцёры з розных куткоў савецкай краіны: ад Кішынёва да Вільнюса, ад Калінінграда да Уладзівастока. У выніку нараджаецца новы творчы калектыў — працаздольны, з багатымі патэнцыйнымі магчымасцямі. На гродзенскай сцэне сустрэліся прадстаўнікі розных тэатральных школ, але Ігару Сяргеевічу ўдалося стварыць калектыў адзінай эстэтычнай сістэмы, творчы ансамбль, здольны вырашаць любыя задачы. Ён любіў сваіх акцёраў. Вось што ён сам казаў: “Самая ўдзячная, але і самая складаная праца ў тэатры ў акцёра. Ён выносіць на сцэну не словы аўтара і не нашы рэжысёрскія прыдумкі, а сваё сэрца, нервы, усю сваю істоту, ён творыць мастацкі вобраз. Асабліва я люблю акцёраў, якія прыўносяць у працу сваю сатворчасць, грамадзянскі тэмперамент. А сёння гэта асабліва важна — суаднесці сваё мастацтва з праўдай і велізарнымі задачамі, пастаўленымі перад намі”.

Кажуць акцёры…

Тэатр штогод паказвае свае спектаклі ў гастрольных турах па ўсім Савецкім Саюзе. Як прыгадвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр тэатра Мікалай Емяльянаў, Пятроўскі штогод вазіў трупу на поўдзень, і доўжылася гэта па два — тры месяцы, замаўляў вагоны, каб ездзілі цэлымі сем’ямі: “Ён быў майстрам тэатральнай справы, выдатным кіраўніком. Запрашаючы цікавых рэжысёраў і акцёраў, “выбіваў” для іх кватэры. Чалавек быў магутны, заўсёды дамагаўся свайго”.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Волкава адзначае, што Пятроўскі быў чалавекам моцнай волі, нялёгкага характару, які дасканала ведаў тэатральную справу: “Ён вырашаў самыя складаныя справы ў жыцці тэатра і акцёраў. Тэатр натуральна віраваў! Гэта быў залаты час для калектыву, у гісторыі якога, дзякуючы Пятроўскаму, засталося шмат акцёрскіх і рэжысёрскіх перамог”.

Артыстка Алена Красікава прыгадвае, што Ігар Сяргеевіч любіў акцёраў, здолеў згуртаваць вакол сябе не толькі трупу, але і ўвесь калектыў. “Працавалі ўсе дружна, адначасова на дзвюх сцэнах. Уся трупа была стала занятая. Пры Пятроўскім быў творчы ўздым і росквіт тэатра!” — кажа візаві.

Тры моры і “Тры ўзросты…”

Артыст і рэжысёр тэатра Аляксандр Глотаў таксама распавядае пра пік росквіту тэатра з бясконцымі гастролямі: “За адно лета трупа тэатра наведала тры моры — Мінскае, Балтыйскае і Чорнае. За год выпускалася больш за дзясятак спектакляў. Фінансавы план удвая перавышаў план Купалаўскага тэатра! Уражвала і тое, што Ігар Сяргеевіч запрашаў на пастаноўкі знакамітых рэжысёраў — Сіманава, Карагоцкага, Аглобліна і іншых”.

Кампазіцыю па няскончаных п’есах Марыны Цвятаевай зрабіў для тэатра народны артыст СССР Яўген Сіманаў. Называецца яна “Тры ўзросты Казановы”. Пасля пастаноўкі ў тэатры імя Яўгена Вахтангава рэжысёр узнавіў яе на гродзенскай сцэне. І гэта дало магчымасць запрасіць для ўдзелу ў нашым спектаклі народнага артыста СССР Васіля Ланавога.

Развіваецца ў гродзенцаў і сяброўства з Беластоцкім тэатрам імя Аляксандра Венгеркі. Прычым не толькі рэгулярна праводзяцца абменныя гастролі: так, галоўны рэжысёр гродзенскай трупы, заслужаны дзеяч мастацтваў Татарстана і Абхазіі Ігар Пятроўскі паставіў у польскім тэатры спектакль “Выбар” паводле рамана Юрыя Бондарава, які ішоў і на гродзенскай сцэне. Затым калектывы абмяняліся выканаўцамі ў спектаклях.

І візітоўка!

Своеасаблівай візітоўкай тэатра стаў спектакль “Князь Навагрудскі”, створаны Ігарам Сяргеевічам у жанры гістарычнай драмы. Па сутнасці, п’еса стваралася ў сценах тэатра, а рэжысёр здолеў аб’яднаць у працы над спектаклем людзей, творча адораных. Ды такім чынам, каб унёсак кожнага стаў неад’емным ад агульнай задумы! Уменне Пятроўскага з’яднаць музыку, святло, сцэнаграфію і пантаміму ў адзінае складанае эмацыйнае дзейства не пакінула абыякавым гледача.

За гады ў Гродзенскім абласным драмтэатры не было, відаць, спраў і клопатаў, да якіх так ці інакш не меў бы дачынення нястомны Пятроўскі. Ён увесь час арганізоўваў, кіраваў, хадайнічаў, раіў, засядаў як дэпутат гарадскога савета, прэзідэнт Асацыяцыі творчых саюзаў “Хутар”, член Рады камітэта абароны міру, Саюза тэатральных дзеячаў БССР. Ён Майстар, які меў вялікі вопыт і аўтарытэт, быў выдатным кіраўніком і проста чалавекам, бясконца закаханым ў Тэатр.

Леакадзія МАКСІМОВІЧ, літаратурны рэдактар тэатра