А які капітал?

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Парыжскія апладысменты беларусам
Поспех у Парыжы — запаветная мара кожнага мастака. Сёлета яна здзейснілася для Валянціны Шоба з Гродна і Сяргея Парцянкова з Гомеля. Яны ўшанаваны прэміяй Тэйлара на выставе “Art Capital” у выставачным комплексе Гран-Пале.

/i/content/pi/cult/568/12458/13-2.jpgШтогод згаданай прэміяй адзначаюцца жывапісныя і скульптурныя творы. Пад жывапісам маецца на ўвазе тое, што малюецца на паперы пэўнага фармату пастэллю альбо фарбамі на воднай аснове — традыцыйныя акварэль, гуаш, тэмпера, да якіх цяпер дадаўся акрыл. Для скульптуры ў дадзеным выпадку такіх абмежаванняў па фармаце і тэхніцы выканання няма.

У сёлетнім парыжскім салоне бралі ўдзел дзве тысячы мастакоў з сарака краін. Беларусь тут была прадстаўлена ўпершыню. Усяго ў беларускім раздзеле выставы экспанаваліся работы адзінаццаці творцаў. Па словах Валянціны Шоба, перамога ў такім прадстаўнічым конкурсе была, безумоўна, жаданай, але падавалася малаверагоднай. І не таму, што беларускія мастакі чымсьці саступаюць сваім замежным калегам. Наадварот — у сэнсе прафесіяналізму могуць яшчэ і фору даць. Проста ў мастацтве, калі гаворка ідзе пра ацэнку твора, пануе суб’ектывізм і ўсталяваныя стэрэатыпы. Беларусь жа, як нядаўні ўдзельнік арт-супольнасці з яе законамі, наўрад ці магла прэтэндаваць на першынство. І тым не менш, яна апярэдзіла старажылаў салона: прэстыжную прэмію атрымалі адразу два беларускія мастакі. Неверагодна, але факт… Спадарыня Валянціна з гэтай нагоды адзначае цудоўную працу арганізатараў з беларускага боку, якія прыклалі шмат намаганняў, каб прадставіць беларускае мастацтва найлепшым чынам. І першым у гэтым шэрагу яна называе Віктара Альшэўскага — не толькі жывапісца, але і куратара нацыянальнага павільёна.

Для спадарыні Валянціны бадай галоўная выснова з парыжскага салона — тое, што на Захадзе чыстага мастацтва, як мы звыкла яго разумеем, ужо няма. Яе дачка, якая зараз вучыцца на дызайнера, агледзеўшы разам з маці экспазіцыю “Art Capital”, катэгарычна заявіла: “Мы такое робім на другім курсе!” Валянціна лічыць, што пры ўсім юнацкім максімалізме будучы дызайнер пэўную рацыю мае…

Работа, створаная адмыслова для парыжскай выставы, для творчасці Валянціны Шоба не ўласцівая, бо не выклікае станоўчых эмоцый. Па словах аўтара, яна хацела асэнсаваць вайну як псіхічную анамалію. Пачынаецца вайна з палымяных заклікаў абараніць свабоду і веру, а вядзе да вялікай крыві, да пераробкі чалавека ў нелюдзя. Мастачка мяркуе, што, магчыма, яе думкі пра недасканаласць чалавечай натуры набылі актуальнасць на тле канфліктаў у свеце, сведкамі якіх мы з’яўляемся сёння.

На пытанне карэспандэнта “К”, ці не хацела б яна зараз некаторы час пажыць і папрацаваць на Захадзе, каб набыць новы досвед, пашырыць далягляды творчасці, мастачка адказала: “Не”. Ёй утульна жыць і зручна працаваць у Гродне. Ёсць у яе, дарэчы, і майстэрня ў Польшчы: туды яна выбіраецца час ад часу.

Тое, што робіць другі парыжскі лаўрэат Сяргей Парцянкоў, лічыць скульптурай можна толькі ўмоўна. Яно хутчэй адпавядае шырокаму разуменню “пластыка”. З металу, які калісьці быў дэталямі машын і механізмаў, ён робіць фантазіі на тэмы істот, на якіх, відаць, Бог руку набіваў, перш чым ушчыльную заняцца чалавекам. Ягоныя птушкі, рыбы, жывёлы, насякомыя выглядаюць як агрэсіўныя прыхадні з серыялу пра зорныя войны, але ў фаната-“металіста”яны здольныя выклікаць замілаваную ўсмешку.

Мяркуючы па інтэрв’ю спадара Сяргея, да сваіх эфектных, амаль бездакорных у тэхнічным сэнсе работ ён ставіцца без залішняй сур’ёзнасці і ніякай філасофіі пад уласную творчую практыку не падганяе. Ён проста таленавіта робіць тое, да чаго мае схільнасць. Пакуль што яго кампазіцыі былі добра вядомыя ў коле носьбітаў і заўзятараў маладзёжнай субкультуры. Цяпер жа, пасля парыжскага поспеху, і Сяргей Парцянкоў можа разлічваць на шырокі розгалас.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"