Ваўкавышчына, Бераставіца, Маларытчына, ВІцебшчына

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г


/i/content/pi/cult/568/12455/11-1.jpgВаўкавышчына / Па матчыным рэцепце

Важным атрыбутам вясельнай традыцыі на Ваўкавышчыне з’яўляюцца караваі Яўгеніі Прохар, якія вылучаюцца традыцыйнай манерай і памяркоўнасцю аздобы. Больш за 60 гадоў Яўгенія Міхайлаўна выпякае вясельныя караваі па рэцэпце, які яна атрымала ад сваёй матулі Алены Іванаўны Данік.

А вось каравайніцы Валянціна Поўх ды Тамара Карнацэвіч дапаўняюць свае караваі сучаснымі элементамі: рознакаляровымі кветачкамі вялікіх і маленькіх памераў, лебядзямі, якія сімвалізуюць сямейную вернасць. На “паверхах” караваю размяшчаюцца музыкі, сваты, маладыя…

Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання быццам падобныя. Аднак кожная з жанчын валодае ўласнымі сакрэтамі, што робяць іх караваі адметнымі і запамінальнымі.

Арэал распаўсюджання элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне” ўключае вёскі Майсеевічы, Новая Ятвезь, Мацвееўцы, гарпасёлак Краснасельскі.

Кожная сям’я Ваўкавышчыны імкнецца замовіць караваі ручной работы. Праз тое ён не страціў і сваю сакральную функцыю. Сёння, як і некалі, ён з’яўляецца сімвалам, які “праграмуе” жыццё маладой пары на добры лад. Сімволіка каравая надзвычай багатая: ён — сімвал дабрабыту і багацця, шлюбнага саюзу, даўгалецця і добрай долі.

Наш кар.


Бераставіца / Рыхтуем лаўрэатаў

Навучэнцы класа духавых інструментаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Віктар Сідаркевіч і Ілья Казлоўскі нядаўна бралі ўдзел ў VIII Міжнародным фестывалі-конкурсе мастацтваў “Санкт-Пецярбургскія калядныя асамблеі”. Нашы музыканты з поспехам выступілі адразу ў дзвюх намінацыях: эстрадна-джазавага выканальніцтва і інструментальнага мастацтва. Яны прывезлі на дваіх тры дыпломы лаўрэата першай ступені, адзін — другой.

Іх конкурсная праграма была не па ўзросце складаная. Але вучняў старанна рыхтаваў наш настаўнік Вадзім Антоненка. Ён падабраў менавіта той рэпертуар, які яскрава раскрыў музычныя і выканальніцкія здольнасці хлопцаў. Не менш прафесійным быў акампанемент канцэртмайстра Галіны Архіпавай.

А конкурс досыць прэстыжны. Адзінаццаць гадоў ён праходзіць ў межах праекта “Віват-талент” — маштабнай конкурснай праграмы з шырокай палітрай рознажанравых фестываляў. Сёлета ў “…Асамблеях” брала ўдзел больш за 60 калектываў і 350 салістаў і дуэтаў Кітая, Славакіі, Ірландыі, Францыі, Японіі, ЗША… Беларусь была прадстаўлена Мінскам, Брэстам і Вялікай Бераставіцай.

Пераканана, што падрыхтоўка лаўрэатаў міжнародных конкурсаў для любой навучальнай установы — дакладны паказчык эфектыўнасці навучальнага працэсу і прафесіяналізму выкладчыцкага складу.

Ірына БАЕР, дырэктар Бераставіцкай ДШМ


Маларытчына / Зноў у СССР?

На Беларусі шмат музеяў, але прыватных сярод іх — мала. Тым не менш у нашым раёне такі ёсць. Знаходзіцца ён у вёсцы Макраны і створаны намаганнямі мясцовага краязнаўцы Сцяпана Бурштына, які працуе спецыялістам па кормавытворчасці СВК “Макраны”. Месціцца музей ва ўласным доме Сцяпана Канстанцінавіча.

Міні-музей гісторыі СССР займае невялічкі пакой на другім паверсе. Месца для экспанатаў, якія размяшчаюцца тэматычна, адведзена не так і багата. Аднак гэта не замінае прасачыць асобныя этапы існавання колішняй дзяржавы.

Са з’яўленнем новых экспанатаў тэматычныя межы музея пастаянна пашыраюцца. У ім можна цяпер пабачыць матэрыялы па чатырох асноўных раздзелах: “Ваенная гісторыя”, “Этнаграфія”, “Летапіс калгаса”, “Гісторыя маёй сям’і”. У калекцыі, напрыклад, газеты, датаваныя 1921 годам, кнігі, выдадзеныя пасля 1930-га, самавары, адзін з першых савецкіх тэлевізараў… Асаблівы гонар Сцяпана Бурштына — 23 савецкія фотаапараты, сорак мужчынскіх галаўных убораў, 120 шэўронаў, якія сабраны з шасці краін, а таксама — чатыры пераходныя сцягі. Цяпер Сцяпан Бурштын захапіўся зборам знакаў пагранічных войскаў.

Музей Сцяпана Бурштына адкрыты для ўсіх. Пазнаёміцца з экспазіцыяй мог ужо не адзін дзясятак чалавек. Бываюць тут на экскурсіях і вучні бліжэйшых школ. Некалькі разоў прыязджалі ў музей краязнаўцы з Брэста, Пінска. Наведвалі музей госці з Расіі, Польшчы, Германіі, Украіны…

Сцяпан Бурштын актыўна супрацоўнічае па краязнаўчых пытаннях не толькі са школамі і бібліятэкамі, але і з Палескім дзяржаўным універсітэтам, Кіеўскай грамадскай арганізацыяй “Таварыства ветэранаў разведкі ваенна-марскога флоту”. Ён таксама з’яўляецца членам гісторыка-патрыятычнага клуба “Пошук” з Пінска.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара

 

Віцебшчына / Дзякуй за якасць!

Напярэдадні Новага года мы з сынам-пяцікласнікам Мілаславам гасцілі ў сваякоў з аграгарадка “Копці” Віцебскага раёна. Яны і запрасілі нас на сустрэчу з зоркамі беларускай і расійскай эстрады, што мелася адбыцца ў мясцовым Доме культуры.

Са сцэны нас віншавалі Дзед Мароз (Дзмітрый Кавалеўскі) і Снягурка (Таццяна Німалан). А потым на сцэну выходзілі, скажам, Надзея Кадышава, Кацярына Шаўрына, Алсу, Сяргей Звераў, Юрый Шатуноў, Верка Сярдзючка, Ксенія Сітнік, Ала Пугачова, Эдзіта П’еха… Артыстычнае пераўвасабленне ў зорак зрабілі Тамара Трыфанава, Таццяна Доўгая, Тамара Спірына, Ліза Нікіціна, Валерыя Рабчынская, Святлана Абаімава, Максім Ратомскі, Валерыя Мяркур’ева, Настасся Абаімава, Святлана Асон, Людміла Бальшакова.

Апладысменты не сціхалі. Напрыклад, падабенства Валянціны Корбан да Нані Брыгвадзэ было ва ўсім: і ў знешнім выглядзе, і ў голасе, і ў манеры выканання шырока вядомай песні “Снегапад”.

Добра выступаў харэаграфічны калектыў “Юла”. Прызнаюся шчыра, не мог адвесці вачэй ад кожнага руху ў танцы юнай Крысціны Андросавай. А дырэктар Дома культуры Наталля Сакалова парадавала танцам “Я зачаравала цябе”.

У канцэрце ўдзельнічалі самадзейныя артысты рознага ўзросту: ад малодшых школьнікаў (вакальная студыя “Карамелькі”) да тых, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку (вакальная студыя “Сузор’е”). На эмоцыі гледачоў станоўча ўплывалі светлавое і музычнае афармленне кожнага нумара, лагічная завершанасць праграмы. Дзякуй, работнікі культуры, за высокую якасць вашай працы!

Аляксей СОЛАХАЎ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржпедуніверсітэта імя Івана Шамякіна