Перш чым патрабаваць ад культуры…

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Мазырскія хронікі з Міколам Козенкам
У Мазыры нас прымалі як родных — і прадстаўнікі выканаўчай улады, і тых устаноў культуры, якія мы пазначылі для наведвання. Апекавалі, але вельмі ненавязліва, размаўлялі, не прыхоўваючы цяжкасцяў, і літаральна “заразілі” (прынамсі, мяне) сваёй любоўю да горада. А Міколу Козенку, які нарадзіўся ў вёсцы Целяпуны, што прылягае непасрэдна да Мазыра, і “заражаць” не патрабавалася: усё тут яму знаёмае, улюбёнае. Менавіта з вядомым этнахарэографам, этнахарэолагам, рэжысёрам, прадзюсарам, выкладчыкам кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, навуковым і мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагiня”, які праходзіць у гарадскім пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне, я і выправіўся ў камандзіроўку.

/i/content/pi/cult/568/12454/10-1.jpgНа кантролі

У краязнаўчы музей Мікола Козенка заўжды хадзіў з задавальненнем ці то з аднакласнікамі, ці то з сябрамі дзяцінства. Улюбёным быў аддзел, прысвечаны ваеннай тэматыцы. Падабалася і разглядаць здымкі старога Мазыра — таго, што назаўжды знік у мінулым. Пазней паўстала цікавасць да прадметаў, якія нясуць этнічны дух: строі, паясы. Сёння ў структуру ўжо Аб’яднанага краязнаўчага музея ўваходзяць, апроч аднайменнай установы, гістарычны цэнтр “Мазырскі замак”, Музей народнай культуры Мазыршчыны “Палеская веда”, Музей-майстэрня Мікалая Пушкара, Выставачная зала і Музей партызанскай славы ў вёсцы Раманаўка.

Малодшы навуковы супрацоўнік Наталля Салавей правяла для нас экскурсію па “Мазырскім замку”, на кампактнай, дагледжанай тэрыторыі якога музей і знаходзіцца. Цяпер тут стала дзейнічаюць тры экспазіцыі (у залах археалогіі, прыроды і баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў), праходзяць зменныя выставы.

— Нейкіх глабальных праблем у нашай працы няма, — зазначае Наталля Віктараўна. — Але наведвальнікам хацелася б, каб у музеі быў аддзел аб Мазыры часоў Вялікай Айчыннай вайны. З-за браку плошчаў пакуль не можам адвесці яму месца. Да таго ж, ён патрабуе стварэння навуковай і мастацкай канцэпцыі, у рэшце рэшт, — грошай. І ўсё ж пытанне гэтае, мяркую, у найбліжэйшай будучыні вырашыцца станоўча.

Спадарыня Салавей не аднесла да надзённых праблем тое, што галаўному музею і яго філіялам не зашкодзіла б дадатковае памяшканне, у якім захоўваліся б іх фонды. (Прычым так захоўваліся, як мае быць: каб нідзе не працякала, каб нічога не тлела, а моль не тачыла рэчы.) Справа ў тым, што пытанне трымаюць на кантролі. Сярод бягучых клопатаў супрацоўнікаў — утрыманне комплексу ў належным стане: цэнтр размешчаны на ўзгорку, а, значыць, магчымыя апоўзні. Большая частка аб’ектаў — драўляныя, і пад уздзеяннем надвор’я яны непазбежна пакутуюць.

Не ў трэндзе справа

З ранняга дзяцінства наш герой адчуваў цягу і да танцаў, і да музыкі. Мама набыла яму баян, які наш герой пачаў асвойваць спярша “для сябе” ў мазырскай школе-інтэрнаце. (Бацька Міколы Козенкi загінуў, калі сыну споўнілася шэсць, і маці, якая выхоўвала пяцёра дзяцей, вымушана была аддаць хлопчыка ў гэтую ўстанову.) Там ён цягам года атрымліваў першыя навыкі харэаграфічнага мастацтва (таксама парада мамы). Дзесяцігадовым Козенка прыйшоў у Палац культуры “Будаўнік”, дзе стаў займацца танцамі ў тамтэйшым ансамблі, а паралельна — баянам у музычнай студыі. У будучыні ён уяўляў сябе ў адной з дзвюх прафесій, але мама мудра палічыла, што захапленні захапленнямі, а жыццёвы шлях трэба выбіраць той, які сапраўды будзе карміць. Ды ўсё ж Мікола не пайшоў у той жа пінскі мяса-малочны тэхнікум, а спыніўся на харэаграфіі...

Пра ПК “Будаўнік” у горадзе кажуць як пра флагман культуры. “Кашу” тут заварваюць народныя калектывы — ансамбль гарманістаў “Мазырскія гармонікі”, ансамбль народнай песні “Мазыранка”, вакальны ансамбль “Розгалас”, вакальны ансамбль эстраднай песні “Медуніца”, а таксама ансамбль “Класічныя гітары”, пяць рок-гуртоў, клубы раманса, спартыўна-бальнага танца, паэзіі... А “ядуць” тую “кашу”, нахвальваючы і просячы дабаўкі, не толькі гараджане. І за межамі Мазыра ведаюць мясцовых творцаў. Яны прадстаўлены на святах агульнадзяржаўных, конкурсах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Адзначаючы ж свой народны ансамбль песні і танца “Паляшучка”, дырэктар Палаца культуры Ірына Федчанка заўважае: у маштабах краіны народнае танцавальнае мастацтва прапагандуецца недастаткова.

— Яго трэба нават у нечым навязваць, тлумачыць, што гэта наша, традыцыйнае, спрадвечнае, вечнае, а па радыё і тэлебачанні з раніцы да вечара рэкламуюць папсу, як быццам вечная — яна, — кажа візаві. — І пад такiм націскам цяжка растлумачыць моладзі, дзе сапраўднае, а дзе, скажам так, імгненнае. Азірнуцца не паспеем, як народныя танцы апынуцца занесенымі ва ўмоўную “чырвоную кнігу”…

Развіваючы тэму “моладзь і культура”, Ірына Аляксееўна прызналася, што некаторыя калектывы “Будаўніка” працягваюць трымацца за кошт тых, каму за 30, і прыток свежых сіл не аказаўся б лішнім. (“Граць на акардэоне ў музычных школах раёна амаль не вучаць”, — праінфармавала нас спадарыня Федчанка). А дзе юнакі і дзяўчаты “адрываюцца”, дык гэта на дыскатэках у ПК. (Факт адметны ў святле таго, што сёння цікавасць да традыцыйных дыскатэк у краіне не тая, “што раньш было”.) Стаўленне да моладзі, якая прыходзіць працаваць у сферу, у дырэктара палаца крытычнае: маўляў, вось так зараз навучальныя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў?.. І, разам з тым, кіраўнік як бы апраўдвае “змену”: “Перш чым нешта патрабаваць ад культуры, ёй трэба даць цалкам канкрэтнае — фінансы”...

Каментуючы “трэнд “беларускасці”, наша суразмоўца сказала, што нацыянальная культура займае асаблiвае месца ў працы ПК. Прытрымлівацца моды тут нават няма патрэбы. Слова ж “трэнд” у дачыненні да нацыянальнай культуры спадарыні Федчанка не падабаецца. Але з конкурсамі, на якіх практычна ўсе дзеці спяваюць сусветныя хіты на арыгінальных мовах, а беларускай песні там няма, нешта трэба рабіць.

Новыя лялькі для ўзорнага тэатра лялек “Бураціна” робіць яго ж мастак, ён латае і старыя. Тое зразумела: выраб і рамонт “на баку” каштуюць немалых грошай. І “дамарослага” майстра Ірына Аляксееўна нахвальвае: “Атрымліваецца ў яго нават лепш, чым у тых, хто ў гэтай справе адмыслоўца”.

А яшчэ “Будаўнік” перыядычна дае прытулак трупе Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа, якая паказвае ў ПК свае пастаноўкі. Будынак МДТ згарэў у лютым 2013 года, і пакуль няма дакладных дат новых улазін...

“Танцавальны самвыдат”

У бібліятэкі Мiкола Козенка наведваўся ў юнацтве нерэгулярна (акрамя той, што была пад рукой — у школе-інтэрнаце, дзе наш герой бываў, натуральна, часцей). Зімой гуляў у хакей і бегаў на лыжах, летам — футбол, але галоўнае — дапамога маме па гаспадарцы. Падпрацоўваў і ў калгасе. Вясной — пасяўная. Летам ды восенню — уборачная. Але знаходзіўся час і для кніг (не толькі тых, што ўваходзілі ў школьную праграму). У дзяцінстве аддаваў перавагу, скажам, “Міколку-паравозу” Міхася Лынькова, часопісам “Мурзілка”, “Бярозка”. Сталеючы, Мікола перайшоў да твораў, якія фармавалi яго ўжо як асобу: “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча, “Скрыпка беларуская” Цёткі. Зараз чытае “Мяжу” Андрэя Федарэнкі. Прафесійнай жа харэаграфічнай літаратуры ў бібліятэках наогул было мала, па беларускай харэаграфіі — яшчэ менш. Складана і працаёмка гэта — пісаць пра танцы і прафесійна, і жывой мовай.

...Прасторныя, зіхоткія чысцінёй памяшканні Цэнтральнай бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна. (Асабліва мяне ўразіў пакой, дзе насельніцтву аказваюць платныя паслугі (сканар, капіравальны апарат, дзе ўсё з выгляду новае, сучаснае) і сектар інфармацыі, які прапануе спецыяльныя бібліятэчныя паслугі.) І супрацоўнікі — адухоўленыя, добразычлівыя і, вядома, закаханыя ў сваю працу. Намеснік дырэктара Мазырскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганна Кухарава даводзіць да нас “чарт” найбольш запатрабаваных айчынных пісьменнікаў: Батракова, Лісіцкая, класікі (тых, што чытаюць школьнікі і студэнты). Беларускамоўныя кнігі попытам карыстаюцца — такім жа, як і па ўсёй краіне. Далучаюць да іх наведвальнікаў, праводзячы дэкады беларускай і краязнаўчай літаратуры. Нейкі час пасля iх заканчэння аддача ад мерапрыемстваў адчуваецца, а на 2016 год да іх дадасца яшчэ адзін праект па папулярызацыі такіх твораў. Да таго, што бібліятэкі сёння становяцца збольшага інфармацыйна-забаўляльнымi ўстановамi, у ЦБ ставяцца з разуменнем і практыкуюць унутраныя “святочныя” і выязныя мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне чытацкай аўдыторыі.

А хвалюе “пушкiнцаў” пытанне камплектавання: не ў тым аб’ёме, у якім хацелася б, набываецца для яе самая розная літаратура, не ўсякае дарагое і “хітовае” выданне могуць яны сабе дазволіць — фінансы спяваюць рамансы і ў гэтым аспекце. Аптымізацыя, натуральна, кранула і ЦБ: так, функцыі гардэробшчыка выконвае тэхнічны служачы...

Кнігі па харэаграфіі, дарэчы, у бібліятэцы мы знайшлі. Сітуацыя з імі… скажам так, не змянілася: і сёння адпаведныя падручнікі і папулярныя выданні рэдка сустрэнеш што ў бібліятэках, што ў крамах.

— Мы — тыя, хто выкладае, ставіць танцы, — як правіла, малюем і апісваем іх самі — рухі, паставы і гэтак далей. Вось і вучым па такім “самвыдаце”, — канстатуе Мікола Аляксеевіч. — Ці па тым, што было напісана па гэтай тэме ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Наклад жа сучасных і адносна сучасных выданняў, метадычак, у якіх хоць неяк прадстаўлены беларускія танцы, вельмі невялікі. Добра, што ў нас ёсць Інстытут культуры Беларусі, які нешта робіць у гэтым кірунку.

“Нармальны боршч”, — як сказаў бы мой знаёмы кулінар. XXI стагоддзе на двары — з усімі наступствамі. А сакрэты нацыянальнага танцавальнага мастацтва перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў тым ліку і ранейшым шляхам — архаічным, вусным: як адна бабуля распавяла, як адзін дзядуля казаў, пасля ўсё гэта намалюецца... А можа, сапраўды такая папяровая літаратура сёння не патрэбная, калі ёсць Інтэрнэт, у якім дэманстратары раскладуць любы танец на пэўныя па? Урэшце, трэба і тое, і іншае, перакананы Мікола Аляксеевіч, але відэаматэрыялаў па беларускай харэаграфіі таксама амаль няма...

...І некалькі абзацаў пра “Берагiню”

Козенка са шкадаваннем заўважыў, што за ўсе гады існавання фестывалю “Берагіня” не так шмат, як хацелася б, мазырскіх выканаўцаў і калектываў удзельнічала ў яго мерапрыемствах менавіта ў Акцябрскім (у асноўным іх можна было ўбачыць у рамках форуму на іншых пляцоўках). Чаму? Па словах этнахарэографа, паводле афіцыйных дакументаў, нельга павялічыць агульную колькасць удзельнікаў фэсту, а кожная вобласць можа быць прадстаўлена на ім пэўным лікам.

Аксіёмай з’яўляецца тое, што народная культура мае патрэбу ў падтрымцы на дзяржаўным узроўні. Але такой, якой яна ёсць сёння, лічыць Мікола Аляксеевіч, недастаткова. Так, на яго думку, неабходна асобная ўстанова, гэткі асобны цэнтр беларускай культуры, які б на практыцы каардынаваў па ўсёй краіне працэсы, якія адбываюцца ў аматарскай творчасці, звязаныя з нематэрыяльнай культурнай спадчынай. Такая структура была, кажа Козенка, — Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, але некалькі гадоў таму яго расфарміравалі. Разам з гэтым аказаліся парушанымі многія сувязі паміж тымі, хто займаўся традыцыйнай культурай на месцах, прыпыненыя ці спыненыя наогул некаторыя цікавыя праекты. Як адбіваецца тое на народнай культуры? Таму ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў як могуць выкручваюцца, каб паставіць канкрэтны народны танец у першаснасці. Адна з прычын — не стае студэнтаў: не прагне моладзь прысвяціць сваё жыццё такому мастацтву. А потым па тэлевізары пад выглядам аўтэнтыкі нам паказваюць “шоу” з фольк-адценнем. “А як фінансуецца народная культура?” — задае пытанне Козенка і сам жа на яго адказвае:

— Асноўнае фінансаванне двух апошніх форумаў “Берагіня” лягло на плечы вобласці і раёна, а фестываль мае статус рэспубліканскага… І як ужо мясцовыя ўлады выходзілі са становішча?.. Я, як яго аўтар і кіраўнік, за свой кошт абзвоньваў удзельнікаў “Берагiнi”. Гэта нармальна?..

Але ў песімізм Мікола Аляксеевіч не ўпадае. У планах правядзенне ў рамках мерапрыемства ў розных рэгіёнах навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйная культура і дзеці” (гэты праект ужо быў апрабаваны), акцыі “Народная проза”, конкурсу танцавальных пар, фестывалю аўтэнтычнага мастацтва... Праўда, некаторым гэтым планам... каторы год...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"